Пад знакам cесіі

23 чэрвеня 2015 года, № 9 (1164)

2_1

Адна з галоўных задач універсітэта – клопат пра тое, каб студэнты ў поўным аб’ёме засвойвалі вучэбныя праграмы, набывалі практычныя ўменні і навыкі. Гэта грунтоўны падмурак, без якога немагчыма станаўленне педагога-прафесіянала. Экзаменацыйная сесія дазваляе падсумаваць вынікі сумеснай работы студэнтаў і выкладчыкаў, праверыць эфектыўнасць прымяняемых формаў і метадаў навучання. Адзнака ў залікоўцы – не проста фармальны паказчык паспяховасці, а своеасаблівы складнік індывідуальнага рэйтынгу будучага настаўніка.

2_2
2_3

Чэрвень у самым разгары, а значыць, хутка ў БДПУ завяршыцца перыяд іспытаў. Для студэнтаў выпускных курсаў гэта апошняя сесія, падчас якой яны здаюць самыя галоўныя экзамены – дзяржаўныя. Пажадаем ім годна вытрымаць заключную ўніверсітэцкую праверку на прафесійную прыгоднасць, а ўсім танкаўцам – лёгкіх білетаў, выдатных адзнак і незабыўнага лета!


19 чэрвеня 2012 года, № 9 (1110)

Майстар-клас ад выдатнікаў

Першы летні месяц ва ўсіх студэнтаў БДПУ праходзіць пад знакам сесіі. Хтосьці вытрымлівае гэтае выпрабаванне з горда ўзнятай галавой і прыемнымі для вока адзнакамі ў залікоўцы, а для некаторых здача экзаменаў становіцца сапраўднай праблемай. Як паказвае практыка, паводле паспяховасці на іспытах студэнтаў умоўна можна падзяліць на тры групы: выдатнікі, якія бліскуча здаюць усе дысцыпліны, «сераднякі», што звычайна добра адказваюць толькі па тых прадметах, якія ім падабаюцца, і аўтсайдары, якім любы экзамен падаецца непасільнай ношай. Прычым хвалююцца і перажываюць прадстаўнікі ўсіх вышэйназваных катэгорый, бо сітуацыя, у якой цябе правяраюць і ацэньваюць, сама па сабе некамфортная. Мы вырашылі высветліць, у чым жа сакрэт « выдатнай» сесіі, і звярнуліся да тых студэнтаў, якія з зайздроснай рэгулярнасцю атрымоўваюць у свае залікоўкі адзнакі не ніжэй за «восем». Аказалася, што многія з іх доследным шляхам выпрацавалі свой аптымальны спосаб падрыхтоўкі і здачы любога экзамену. Калі вы яшчэ не карыстаецеся ўласнай методыкай – прыслухайцеся да парадаў профі!

***

Мая сістэма падрыхтоўкі да іспытаў дастаткова спецыфічная, бо я маю ад прыроды не вельмі добрую памяць на лічбы, фармулёўкі і розныя класіфікацыі, якія часцей за ўсё даводзіцца завучваць. Таму галоўнае для мяне – зразумець, знайсці сэнс, лагічныя сувязі, структураваць усю інфармацыю ў адзіную сістэму. Пры такім падыходзе складана прадказаць загадзя, колькі гадзін спатрэбіцца на падрыхтоўку таго або іншага пытання, колькі тэм я здолею вывучыць за пэўны адрэзак часу, ці паспею ў прынцыпе адолець усю праграму (такое таксама здараецца). Аднак для мяне знаходжанне сэнсавых апорных пунктаў уяўляецца больш істотным, чым ахоп усяго аб’ёму матэрыялу.

Важным складнікам псіхалагічнай падрыхтоўкі да адказу з’яўляецца абстрагаванне ад асобы самога выкладчыка, нягледзячы на тое што яго суб’ектыўныя адносіны да вас могуць паўплываць на канчатковы вынік. Я прытрымліваюся таго меркавання, што сама нясу адказнасць за ўсе свае дзеянні або бяздзейнасць. Абвінавачваць некага ў кепскіх адносінах да сябе проста, аднак непрадуктыўна.

Пры падрыхтоўцы да адказу непасрэдна на экзамене неабходна адразу пабудаваць пэўную структуру: у такім выпадку слабая арыентацыя ў канкрэтным пытанні можа быць згладжана за кошт звязнасці ўсіх фактаў. Не апошнюю ролю адыгрывае і маўленне, на што многія выкладчыкі звяртаюць асаблівую ўвагу. Экзамен – гэта хутчэй праверка асабістых сіл і тых рэсурсаў, што крыюцца ў кожным з нас. Ведаць усё немагчыма, адказваць ідэальна таксама не заўсёды атрымліваецца. Аднак любая няўдача можа навучыць нас быць больш моцнымі. Галоўнае – верыць у сябе, разлічваць на ўласныя сілы і не баяцца браць адказнасць за тое, што з табой адбываецца.

Ірына ПЕКША, факультэт псіхалогіі

***

Што дапамагае мне вучыцца на «выдатна»? Раней я не задумвалася над гэтым пытаннем. Думаю, што для мяне вельмі значным аказалася чытанне не столькі навукова-метадычнай, колькі мастацкай літаратуры, а таксама прац, прысвечаных пытанням філасофіі і гісторыі. Плюс наведванне тэатральных пастановак, выставак, абмеркаванне з сябрамі хвалюючых пытанняў, зносіны з цікавымі людзьмі… Натхняе разгляд навуковых праблем як свайго роду «дэтэктыву», задачкі, для рашэння якой патрабуецца штодзённая праца. Гэта значыць, што важна, па словах Антуана дэ Сент-Экзюперы, навучыцца мастацтву маленькіх крокаў.

Марыя ПУГАЧ, факультэт спецыяльнай адукацыі

***

Падрыхтоўку да сесіі я пачынаю яшчэ з першых дзён семестра: настройваю сябе на вучэбную дзейнасць, уважліва слухаю выкладчыкаў на лекцыях, рыхтуюся да семінараў, бо чым больш інфармацыі ўдаецца засвоіць, тым больш упэўнена студэнт адчувае сябе на іспытах. Маімі галоўнымі памочнікамі ў вучобе з’яўляюцца адказнасць і працавітасць. Мне вельмі падабаюцца прадметы, якія нам выкладаюць, – без зацікаўленасці цяжка было б прымусіць сябе нешта вучыць. А самае галоўнае – у мяне ёсць жаданне здаваць экзамены на «выдатна».

Перад кожным іспытам я складаю план: за які час і ў якім аб’ёме мне трэба паўтарыць матэрыял. Таксама пішу апорныя словы да кожнага пытання, каб было лягчэй паўтараць, а на іспытах – успамінаць. А каб дакладна і ўпэўнена адказваць, я звычайна прагаворваю ўсё перад тым, як ісці да экзаменатара. Калі вам да гэтага часу не ўдалося здаць сесію на «выдатна», праявіце больш стараннасці і ўпартасці – усё атрымаецца!

Лізавета ДУХОВІЧ, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій

***

Вось некалькі простых правілаў паспяховай здачы іспытаў. Не марнуй часу – ідзі адказваць у першых шэрагах, пакуль ты свежы і бадзёры! Іначай проста стомішся стаяць у калідоры, хвалявацца і выслухоўваць падрабязнасці ад шчаслівых таварышаў, якія ўжо атрымалі адзнаку. Калі бярэш білет, у першы момант здаецца, што ты нічога не ведаеш, і пачынаецца паніка. Сядзь і глыбока падыхай. Гэта простае практыкаванне дапаможа табе сабрацца.

Цяпер, калі ты ўжо вярнуў здольнасць думаць, накідвай на ліст усё, што датычыць пытання ў білеце, – усё, што памятаеш, некалі бачыў або чытаў па гэтай тэме. Не імкніся, каб адразу ўсё было складна і лагічна, проста запішы свае абрывістыя веды на паперы. А пасля складзі план адказу. Гэта спадабаецца выкладчыку, ён зразумее, што ты аналізаваў матэрыял, а не проста бяздумна зубрыў на памяць.

Што рабіць, калі табе задалі пытанне, адказу на якое ты не ведаеш? Адразу не здавайся, пачынай лагічна разважаць на зададзеную тэму. Можа здарыцца так, што выкладчык дапаможа табе дадатковымі пытаннямі. А калі ты зусім не арыентуешся, лепей скажы як ёсць, але тут жа папрасі спытаць у цябе штосьці іншае. Толькі не маўчы, як партызан на допыце: гэта выглядае па-дзіцячы і смешна. Твая мэта – паказаць выкладчыку, што ты дасведчаны і зацікаўлены ў яго прадмеце, аднак, натуральна, не можаш ведаць усяго

Спадзяюся, гэтыя няхітрыя парады дапамогуць вам навучыцца здаваць экзамены без праблем і залішніх перажыванняў

Сяргей ПАЗУХІН, факультэт прыродазнаўства

Матэрыялы рубрыкі падрыхтавала Таццяна Бохан


21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)

АД СЕСІІ ДА СЕСІІ…

Чэрвень у самым разгары. Студэнты чакалі яго з нецярплівасцю: па-першае, засумавалі па цёплым сонейку, а па-другое, наперадзе – канікулы! Аднак два месяцы адпачынку трэба яшчэ заслужыць. На працягу вучэбнага семестра будучыя педагогі старанна здабывалі веды ў аўдыторыях і бібліятэках, удасканальвалі прафесійныя ўменні і навыкі падчас практык… Засталося толькі пацвердзіць сваю кампетэнтнасць, здаўшы экзаменацыйную сесію.

1_500x485

Для кожнага студэнта сесія – гэта без перабольшвання цэлая веха ў жыцці, своеасаблівая адзінка вымярэння вучэбнага часу, момант ісціны і адпраўны пункт для далейшага падарожжа ў краіну педагагічнай навукі. Нездарма першакурснікаў залічваюць у студэнцкае братэрства толькі пасля таго, як яны вытрымаюць першыя іспыты. Падчас экзаменаў хапае ўсяго: і камічнага, і трагічнага. Для кагосьці гэта латарэя (пашанцуе – не пашанцуе), аднак для большасці ўсё ж магчымасць праверыць свае здольнасці, паразмаўляць з выкладчыкам на роўных, паказаць сваю дасведчанасць і эрудыцыю.

Кульмінацыяй навучання ва ўніверсітэце з’яўляюцца, безумоўна, дзяржаўныя экзамены. Для пяцікурснікаў гэта не проста іспыты, а вельмі адказная і ганаровая місія. Пацвярджаць сваю «прафесійную прыгоднасць» даводзіцца не толькі перад універсітэцкімі выкладчыкамі, але і перад старшынёй экзаменацыйнай камісіі (а на гэтую пасаду запрашаюцца вядучыя спецыялісты рэспублікі).

Па ўніверсітэце крочыць летняя сесія-2011. Годна вытрымаўшы іспыты, большасць студэнтаў будзе набірацца сіл перад наступным навучальным годам. А ў выпускнікоў пачнецца новы этап іх жыцця – самастойная прафесійная дзейнасць. Пажадаем першым выдатнага адпачынку, а другім – поспеху на ніве педагагічнай працы.

Вераніка МАНДЗІК


24 лютага 2011 года, №2 (1086)

Вашу залікоўку, калі ласка!

Завяршылася зімовая экзаменацыйная сесія 2010–2011 навучальнага года. Вынікі атэстацыі студэнтаў за семестр традыцыйна падводзяцца ў канцы лютага, так што інтрыга захоўваецца да апошняй «запазычанасці”. Паспяховасць будучых педагогаў з’яўляецца адной з найважнейшых характарыстык адукацыйнай дзейнасці ўніверсітэта, па якой можна меркаваць і пра дасягнутыя поспехі, і пра існуючыя праблемы. Менавіта вынікі сесіі даюць уяўленне як пра студэнцкія здольнасці да пэўных навук, так і пра ступень складанасці вывучаемых дысцыплін.

Паспяховасць першага семестра бягучага навучальнага года характарызуецца наступнымі паказчыкамі. У зімовай экзаменацыйнай сесіі ўдзельнічала 8368 студэнтаў 1–5 курсаў дзённай формы атрымання адукацыі, што складае 99,4 % ад агульнай колькасці патэнцыяльных удзельнікаў іспытаў. На сесію не з’явіліся 54 студэнты (0,6 %).

2_500x375

Паказчык абсалютнай паспяховасці (працэнт студэнтаў, якія атрымалі па выніках экзаменаў адзнакі не ніжэй за 4 балы) па ўніверсітэце роўны 84,82 %, што на 2,55 % вышэй у параўнанні з папярэдняй сесіяй. Самы высокі ўзровень абсалютнай паспяховасці — 97,6 % — на факультэце эстэтычнай адукацыі. У наступнай за ім пяцёрцы лідзіруюць факультэты буларускай і рускай філалогіі (95,4 %), дашкольнай адукацыі (94,71 %), фізічны (93,82 %), гістарычны (92,85 %), ФСПТ (88,98 %). Самы нізкі паказчык абсалютнай паспяховасці — на факультэце пачатковай адукацыі (69,56 %).

Паказчык якаснай паспяховасці (працэнт студэнтаў, якія атрымалі па выніках экзаменаў адзнакі «6» і вышэй) па ўніверсітэце складае 41,13 % ад агульнай колькасці студэнтаў, якія прымалі ўдзел у сесіі. Самы высокі яго ўзровень — 63,84 % — на факультэце эстэтычнй адукацыі. У лідарах таксама факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій (59,32 %), беларускай і рускай філалогіі (49,12 %), спецыяльнай адукацыі (46,87 %), гістарычны (46,65 %), матэматычны (37,33 %). Апошні ў рэйтынгу якаснай паспяховасці з паказчыкам 18,91 % фізічны факультэт.

Колькі ж студэнтаў БДПУ атрымалі «дзявяткі» і «дзясяткі»? Іх у нас 386. Гэта — 4,6 %. Лідарам у дадзенай катэгорыі з’яўляецца гістарычны факультэт. Працэнт студэнтаў факультэта, якія атрымалі найвышэйшую ацэнку ведаў і кампетэнцыі, роўны 9,95 %. Найменшы паказчык зноў на фізічным факультэце — 1,35 %.

Лепш за ўсіх ва ўніверсітэце «адвучыўся” пяты курс. Паказчык паспяховасці выпускнікоў склаў 95,5 %. Самыя нізкія вынікі — у першакурснікаў (73 %).

Трэба заўважыць, што сярэднія паказчыкі не дазваляюць выкрыць сапраўдныя прычыны нездавальняючай паспяховасці студэнтаў. Таму задача факультэтаў заключаецца ў неабходнасці дэталёвага разгляду праблем, што ўзнікаюць у працэсе прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў.

А. ЛЕШЫК, намеснік начальніка ВМУ