Новае ў навучанні

20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)

НЕ ІНТЭГРАЦЫЯ, А ІНКЛЮЗІЯ

На БДПУ – флагман педагагічнай адукацыі ў Беларусі – ускладзена пачэсная і разам з тым адказная місія па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, якія адпавядаюць самым актуальным патрабаванням часу. Дзейнасць у гэтым напрамку прадугледжвае рашэнне шэрагу надзённых педагагічных задач, сярод якіх адно з ключавых месцаў займаюць пытанні інклюзіўнай адукацыі – уключэння ўсіх дзяцей, незалежна ад іх фізічных, псіхічных, інтэлектуальных і іншых асаблівасцей, у агульнае адукацыйнае асяроддзе. Планамерная дзейнасць у гэтым напрамку дае свой плён, заўважны не толькі на рэспубліканскім, але і на еўрапейскім узроўні.

IMG_4896

Пра давер да БДПУ сведчыць цеснае супрацоўніцтва з такой аўтарытэтнай арганізацыяй, як Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ). Чарговым крокам да збліжэння стала наведванне яго прадстаўнікамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Сустрэча адбылася 9 кастрычніка ў межах афіцыйнага візіту ў Беларусь рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі – спадарыні Афшан Хан. У склад дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі рэгіянальных офісаў з 24 краін свету. Такая прадстаўнічасць, бясспрэчна, дэманструе высокую ступень зацікаўленасці сусветнай супольнасці ў вопыце нашай установы адукацыі. Тым больш, што гэтым разам універсітэт прымаў гасцей на этапе прызнання БДПУ ў статусе базавай арганізацыі дзяржаў СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Важнасць міжнароднага супрацоўніцтва падкрэсліў у прывітальным слове рэктар БДПУ А. І. Жук. Ён адзначыў, што Беларусь вядзе актыўную працу па ўкараненні практык інклюзіўнай адукацыі, і запрасіў замежных калег да арганізацыі сумесных адукацыйных, навуковых і сацыяльных праектаў на карысць агульнай мэце. Таксама Аляксандр Іванавіч выказаў словы шчырай падзякі ЮНІСЕФ у асобе Рашэда Мустафы Сарвара за аказанне падтрымкі ў стварэнні Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі.

Знаёмства са здабыткамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ і міжнародны абмен вопытам працягнуліся падчас пасяджэння рэгіянальнай групы, на якім абмяркоўваліся стан і перспектывы інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Змястоўным і інфарматыўным было выступленне рэгіянальнага саветніка ЮНІСЕФ па пытаннях адукацыі Філіпа Тэста-Фэры. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на важнасці незвароту да сістэмы інтэграцыі і імкненні да сістэмы інклюзіўнасці. Ідэі, выказаныя ў выступленні, знайшлі водгук у прысутных, у тым ліку іх падтрымала і развіла дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ В. В. Хітрук. Яна акрэсліла перспектыўныя напрамкі дзейнасці Інстытута, здольныя зрабіць Рэспубліку Беларусь унікальнай краінай, у якой распрацоўка мадэляў інклюзіўнай адукацыі можа стаць узорам і прыкладам для іншых. Удзельнікі сустрэчы прадэманстравалі шчырую зацікаўленасць узнятай тэмай і запрасілі да дыскусіі выкладчыкаў-практыкаў і студэнтаў Інстытута.

Падчас пасяджэння рэгіянальнай групы грунтоўныя паведамленні змяняліся ўдумлівымі пытаннямі, якія адразу ж знаходзілі кампетэнтныя адказы. І ў гэтай атмасферы ўзаемапаразумення і жадання быць карыснымі адчуваўся толькі адзін недахоп – недахоп часу. Напрыканцы сустрэчы замежныя госці падзякавалі беларускім калегам за цёплы прыём і выніковую працу па рашэнні складаных адукацыйных і педагагічных задач, а таксама выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва. Думаецца, што вынікі такога канструктыўнага партнёрства не прымусяць сябе доўга чакаць і ўжо ў хуткім часе праявяцца новымі дасягненнямі ў сферы інклюзіўнай адукацыі.

Ірына МЯЦЕЛІЦА


20 кастрычніка 2017 года № 12 (1200)

У НАГУ З ЧАСАМ

Адкрыццё Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі ў БДПУ – падзея надзвычайнай важнасці для развіцця нашага ўніверсітэта, якая дазволіць студэнтам і выкладчыкам выкарыстоўваць у працы навучальны патэнцыял сучасных тэхнічных дасягненняў. У дзень свайго нараджэння, 21 лістапада, alma mater атрымае ўнікальны аб’ект для ўсіх, хто цікавіцца IT-тэхналогіямі і перадавымі інжынернымі сістэмамі.

Цэнтр робататэхнікі

Неабходнасць стварэння і функцыянавання ва ўніверсітэце падобнага рэсурснага цэнтра прадыктавана самім часам. Гэта добра разумее рэктар БДПУ А. І. Жук, які бачыць у адукацыйнай робататэхніцы аснову фарміравання новага спецыяліста для галін эканомікі з дынамічным развіццём. Канчатковае бачанне таго, якім павінен быць цэнтр, склалася ў кіраўніка нашай установы пасля наведвання Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта. У выніку гэтай рабочай паездкі першапачатковая задача «адкрыць лабараторыю» трансфармавалася ў больш магутную і ўніверсальную – «стварыць Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр». Безумоўна, канцэпцыя функцыянавання такога аб’екта не магла быць распрацавана без удзелу фізіка-матэматычнага фа культэта. Яго дэкан С. І. Васілец слушна адзначае, што адукацыйная робататэхніка набывае ўсё большую значнасць і актуальнасць: разуменне феномену інфармацыйных тэхналогій, веданне законаў тэхнікі дазволяць вучню гнутка рэагаваць на прафесійныя запатрабаванні часу.

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да адкрыцця цэнтра, а таксама якія тэхнічныя навінкі будуць чакаць наведвальнікаў за яго дзвярыма, расказаў прарэктар БДПУ А. А. Юшчык: «На сённяшні дзень актыўна вядуцца работы па распрацаваным праекце. Цэнтр будзе аснашчаны самым сучасным навучальным і камп’ютарным абсталяваннем, робатамі ЛЕГА, МРобатамі, 3D-прынтарам, прыладамі для правядзення доследаў па прыродазнаўчых навуках і інш. У значнай ступені гэтаму спрыяе спонсарская падтрымка, якую БДПУ аказвае „Прыёрбанк“».

Бясспрэчна, ажыццяўленне такога прагрэсіўнага праекта адыграе неацэнную ролю ў падрыхтоўцы сучасных педагогаў, здольных працаваць з навучэнцамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Плануецца, што на базе Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра студэнты БДПУ будуць навучацца інавацыйным адукацыйным тэхналогіям, а школьнікі змогуць наведваць заняткі і вучыцца творча прымяняць свае веды ў рэальным жыцці.

P. S. Сёлета ў Мінску прайшоў 5-ы адкрыты турнір па адукацыйнай робататэхніцы. Рэдакцыя «Н» спадзяецца, што ўжо ў наступным, 2018-м, годзе разам з рэспубліканскімі СМІ будзе асвятляць удзел у ім каманды нашага ўніверсітэта.

Наш кар.


4 мая 2017 года, № 6 (1194)

МАЙСТАР-КЛАС — ДЛЯ КОЖНАГА З НАС

У Інстытуце псіхалогіі БДПУ завяршыўся інавацыйны праект «Фестываль майстар-класаў». Мерапрыемства, якое сабрала больш за 250 удзельнікаў, выклікала вялікі рэзананс не толькі сярод студэнтаў і супрацоўнікаў, але і за межамі ўніверсітэта.

Фестываль майстар-класаў

У праекце прынялі ўдзел 18 вядучых спецыялістаў Рэспублікі Беларусь у галіне аказання практычнай псіхалагічнай дапамогі больш чым з 10 арганізацый: адукацыйных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, цэнтраў псіхалагічнай дапамогі і інш. На працягу 3 дзён майстар-класы наведалі больш за 250 чалавек, сярод якіх былі студэнты, магістранты, аспіранты, супрацоўнікі ўніверсітэта, а таксама спецыялісты ў галіне псіхалогіі, сумежных дысцыплін і проста асобы, якія цікавяцца псіхалогіяй.

Фестываль даў магчымасць усім жадаючым зарыентавацца ў сучасных напрамках псіхалагічнага кансультавання і псіхатэрапіі. Падчас правядзення майстар-класаў былі прадстаўлены асноўныя напрамкі аказання псіхалагічнай дапамогі (кагнітыўна-біхевіяральная тэрапія, гештальт-падыход, НЛП-падыход, экзістэнцыяльная псіхатэрапія, сістэмная сямейная псіхатэрапія, адлерыянская псіхатэрапія і інш.). Кожны ўдзельнік змог наведаць майстар-класы па найбольш цікавых для яго тэмах і пашырыць кругагляд у галіне псіхалагічных ведаў

Праект Інстытута псіхалогіі на кі раваны на фарміраванне ва ўдзель нікаў станоўчых установак да псіхалагічнай дапамогі і дзейнасці псіхолага-практыка, азнаямленне з найбольш папу лярнымі, запатрабаванымі, эфектыў нымі метадамі псіхалагічнай дапамогі і пашырэнне кругагляду ў галіне псі халагічных ведаў. Гэта была добрая магчымасць пазнаёміцца з рознымі аўтарскімі методыкамі, практыкамі асобаснага развіцця і самаўдасканалення і абраць свой шлях.

Ірына ГРОМАВА, загадчык вучэбна-практычнай лабараторыі клінічнай псіхалогіі і псіхалагічнага кансультавання


31 сакавіка 2017 года № 4 (1192)

БЕЗ МОЎНЫХ БАР’ЕРАЎ АДКРЫТЫЯ ЎСЕ ДЗВЕРЫ

Адразу дзве структуры БДПУ ў перыяд 20–27 сакавіка рэалізавалі аднолькавыя па задуме ініцыятывы. Інстытут псіхалогіі – інавацыйны праект «Псіхалогія без моўных бар’ераў: тыдзень англійскай прафесійнай лексікі», магістратура – «Тыдзень замежнай мовы». Нашы калегі не толькі адчулі найноўшыя тэндэнцыі, якія сфарміраваліся ў нацыянальнай сістэме вышэйшай адукацыі, а і аператыўна адрэагавалі на іх. І гэта зразумела: у педагагічным універсітэце працуюць і вучацца сапраўдныя наватары!

Новае ў навучанні

У першы дзень англамоўных адукацыйных мерапрыемстваў загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Н. Л. Пузырэвіч прачытала для студэнтаў 2-га курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» лекцыю па дысцыпліне «Крызісная псіхалогія», а супрацоўнікі кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці – дацэнт Ю. А. Паляшчук і выкладчык Т. А. Ніфантава правялі заняткі па дысцыпліне «Псіхалогія» для замежных студэнтаў 2-га курса філалагічнага факультэта. Выкладанне суправаджалася двухмоўнай прэзентацыяй, што спрыяла засваенню вучэбнага матэрыялу студэнтамі з розным узроўнем валодання замежнай мовай.

Другі дзень у рамках Тыдня пачаўся з лекцыі па асновах кагнітыўна-паводніцкага падыходу ў псіхатэрапіі, якую прачытаў дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў. Слухаць лекцыі на англійскай студэнтам 2-га курса не ў навіну: з пачатку семестра начытка па дысцыпліне ажыццяўляецца выключна на мове міжнароднай навуковай камунікацыі. І вось праз паўтара месяца будучыя псіхолагі адзначаюць, што ў цэлым узровень разумення і авалодання прафесійнымі тэрмінамі ў іх павысіўся.

Новае ў навучанні 1

Падтрымалі калег з Інстытута псіхалогіі і выкладчыкі кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Н. І. Дрыбас, В. В. Бірукоў, Ж. Я. Паўлава, В. Б. Казакевіч, Н. М. Варанец. Яны каардынавалі самастойную падрыхтоўку першакурснікаў да конкурсу мультымедыйных праектаў What Influences Child Development? Студэнты атрымалі каласальны вопыт у працэсе пошуку, аналізу і сістэматызацыі інфармацыі ў галіне практычнай псіхалогіі, а таксама станоўча ацанілі практыкаарыентаваную форму працы.

У рамках праекта старшы выкладчык кафедры псіхалогіі адукацыі Т. М. Шырокава правяла семінарскія заняткі Theories of Personality in Egopsychology, а выкладчык кафедры псіхалогіі адукацыі І. А. Бяспалава арганізавала прагляд кароткаметражных фільмаў на англійскай мове.

Падчас Тыдня адбыўся майстар-клас «Сучасная кагнітыўна-паводніцкая тэрапія», які правёў дырэктар Інстытута псіхалогіі Д. Р. Дзьякаў. Запланаваны для магістрантаў, ён выклікаў цікавасць у больш шырокай аўдыторыі. Пачуць пра спецыфіку кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі на англійскай мове прыйшлі студэнты дзённай і завочнай формаў атрымання адукацыі, магістранты спецыяльнасці «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя», аспіранты і супрацоўнікі Інстытута.

Праект завяршыла лекцыя выкладчыка кафедры псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці Д. М. Тушынскага Attention and Memory, падчас якой студэнты філалагічнага факультэта азнаёміліся з класічнымі і сучаснымі тэорыямі пазнавальных працэсаў.

Юлія СТРОГАЯ, намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі

* * *

Тыдзень замежнай мовы прайшоў і ў магістратуры БДПУ. У яго рамках дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гістарычнага факультэта І. Ю. Нікіціна прачытала магістрантам лекцыю на англійскай мове «Навука ў сістэме сацыяльных каштоўнасцяў» па вучэбнай дысцыпліне «Філасофія і метадалогія навукі».

Два дні праводзілі заняткі для магістрантаў на англійскай мове і супрацоўнікі кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Дацэнт ІПКіП БДПУ Г. А. Забароўскі прачытаў магістрантам лекцыю «Растравая і вектарная графіка: тыповыя задачы, інструменты, метады». Загадчык кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі фізіка-матэматычнага факультэта С. І. Чубараў і старшы выкладчык Г. Г. Бялоўскі правялі лабараторныя на тэму «Апрацоўка выявы ў рэдактары Photoshop».

Па дысцыпліне «Замежная мова» заняткі на тэму «Сістэма і сацыякультурныя асаблівасці падрыхтоўкі магістрантаў у Беларусі і за мяжой» правялі дацэнт кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Н. Г. Алоўнікава, старшы выкладчык С. Р. Клімчанка і выкладчык Л. В. Вікторка. У перапынках студэнты таксама стараліся размаўляць на англійскай мове.

Віктар ЗАЙЦАЎ, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення

P. S. Прыемна, што і студэнты, і магістранты, і выкладчыкі падтрымалі ідэю правядзення заняткаў на англійскай мове, а таксама выказалі сваю зацікаўленасць у працягу праектаў.


7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)

ЗАГАВАРЫ́, КАБ Я ЦЯБЕ ЎБАЧЫЎ…

Валоданне замежнай мовай для актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках Балонскага працэсу можна смела называць не проста важным, а неабходным. Тым больш, што моўная кампетэнтнасць у сістэме вышэйшай адукацыі – не толькі сродак зносін, а часта і інструмент навучання. Таму наш універсітэт дбае пра якасную філалагічную падрыхтоўку студэнтаў і павышэнне адпаведнай кваліфікацыі выкладчыкаў. Адзін з найбольш дзейсных спосабаў у гэтым напрамку – удзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці. Так, на працягу мінулага года больш за 140 выкладчыкаў і каля 50 студэнтаў прынялі ўдзел у замежных міжнародных канферэнцыях, стажыроўках, семінарах, форумах і іншых мерапрыемствах у Літве, Ізраілі, Германіі, Італіі, Харватыі, Швецыі, Казахстане, Арменіі, Польшчы і інш. Гэта выдатная магчымасць не толькі азнаёміцца з перадавым вопытам калег, але і прайсці моўную практыку. І за два месяцы 2017 г. ёй паспелі ўжо скарыстацца многія танкаўцы.

* * *

У студзені дэкан факультэта пачатковай адукацыі Н. У. Ждановіч прайшла стажыроўку ў Вышэйшай школе выкладчыцкага складу і адукацыі (ESPE) Акадэміі Ліёна, з якой БДПУ звязвае дагавор аб супрацоўніцтве.

Мэтай наведвання Французскай Рэспублікі стала вывучэнне вопыту краіны па стварэнні адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу. Акрамя таго, Наталля Уладзіміраўна прыняла ўдзел у мерапрыемствах Тыдня дашкольнай адукацыі і дзяцінства і даведалася, як арганізаваны адукацыйны працэс у дзіцячых садках і пачатковых школах Францыі.

На 2_Акадэмичная мабильнасць 2

Карысна было пабачыць, якія ўмовы створаны для самастойнай работы студэнтаў, як аснашчаны аўдыторыі, кабінеты і лабараторыі Вышэйшай школы. Дарэчы, бібліятэка ў ESPE з’яўляецца актыўным адукацыйным асяроддзем. Там арганізуюцца выстаўкі, праводзяцца лекторыі і інш. Наталля Уладзіміраўна азнаёмілася са зместам адукацыйнага працэсу на розных ступенях атрымання педагагічнай адукацыі, праектнай дзейнасцю і ўзаемадзеяннем Вышэйшай школы з заказчыкам кадраў – Дэпартаментам адукацыі. А яшчэ сустрэлася з рэктарам Акадэміі Ліёна Fran oise Moulin Civil, выкладчыкамі і студэнтамі ўстановы.

* * *

Загадчык кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі ІПКіП Э. У. Шалік і дацэнт гэтай жа кафедры Ю. У. Захарава наведалі Рэспубліку Польшча ў рамках міжнароднай праграмы прафесійнай мабільнасці «Асаблівасці інклюзіўнай адукацыі ў краінах Еўропы», якую арганізаваў для беларускіх педагогаў цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Адзін з семінараў – «Асаблівасці трансфармацыі сістэм вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу. Інклюзія людзей з інваліднасцю» – праходзіў на факультэце педагогікі і псіхалогіі ўніверсітэта ў Беластоку. Другі – «Міжнародная палітыка ў галіне інклюзіўнай адукацыі» – на базе педагагічнага факультэта Варшаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Падчас семінараў былі разгледжаны: сучасная парадыгма гуманістычнай адукацыі і яе культурна-гістарычны аспект, пытанні аптымізацыі вышэйшай адукацыі Еўропы ў кантэксце Балонскага працэсу, асаблівасці інклюзіі людзей з інваліднасцю ва ўніверсітэце. Таксама былі абмеркаваны аспекты эфектыўнага партнёрства ў структуры вышэйшай адукацыі.

На 2_Акадэмичная мабильнасць

Акрамя семінараў адбыліся візіты ў шэраг навучальных устаноў – інтэграваны дзіцячы сад № 26 у Беластоку, дзе прысутныя пазнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу для дзяцей дашкольнага ўзросту, і пачатковую школу № 143 у Варшаве, якая мае сваю спецыфіку інтэграванага навучання ў I–VI класах.

* * *

Мабільнымі ў БДПУ з’яўляюцца не толькі выкладчыкі, а і студэнты.

Удзельнікамі праграмы Erasmus+ сталі Ілля Аляксашын, прадстаўнік факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Біялогія і хімія»), і Ганна Корвін-Кучынская з факультэта эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць – «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка»). Беларускія студэнты правядуць паўгода ў Педагагічным універсітэце горада Лінц зямлі Верхняя Аўстрыя. Ілля прысвеціць гэты час вывучэнню дысцыплін педагагічнага профілю, а Ганна – прадметаў, аналагічных тым, што вывучаюць у другім семестры яе аднагрупнікі ў БДПУ.

На заканчэнне трэба дадаць, што ўдзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці не толькі садзейнічае павышэнню прафесійных кампетэнцый і пашырэнню кругагляду ў абранай сферы дзейнасці, а і з’яўляецца выдатным спосабам набыцця навыкаў камунікавання на замежнай мове. Аднак у шэрагу выпадкаў уменне кантактаваць, у прыватнасці, па-англійску становіцца найпершай умовай пры наладжванні навуковых або вучэбных стасункаў. Напрыклад, вы плануеце прачытаць даклад, лекцыю і нават цэлы курс па дысцыпліне на замежнай мове, прыняць удзел у міжнародным адукацыйным праекце або ў праграме ўключанага навучання. Пры наяўнасці сур’ёзнай матывацыі ўдасканаліць свае веды па замежнай мове можна не выходзячы за сцены БДПУ. Такую магчымасць выкладчыкам універсітэта прадастаўляе ІПКіП на курсах павышэння кваліфікацыі «Замежная мова як сродак прафесійнай камунікацыі педагога», а студэнтам – цэнтр дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва» на вучэбных курсах па англійскай, літоўскай, польскай, азербайджанскай, кітайскай і нямецкай мовах. Выбар за вамі!


20 верасня 2016 года, № 10 (1182)

СТАРТАВАЎ Рэспубліканскі эксперыментальны праект «Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі (2016–2019 гг.)». Пятнаццаць устаноў адукацыі з розных абласцей краіны (сярэднія агульнаадукацыйныя школы і гімназіі, у якіх адкрыты профільныя класы педагагічнай накіраванасці) атрымалі статус эксперыментальных пляцовак. Кіраўнікі праекта – А. І. Жук, рэктар БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар, і А. В. Пазняк, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

ПАБАЧЫЎ свет «Штогоднік БДПУ 2014/2015». У ім знайшлі адлюстраванне асноўныя пытанні і рашэнні Савета і рэктарата ўніверсітэта, вынікі адукацыйнай, выхаваўчай, навуковай і сацыяльнай дзейнасці, асветлены міжнародныя сувязі аlma mater, прадстаўлены лепшыя выпускнікі і супрацоўнікі. Зборнік змяшчае дайджэст найважнейшых падзей з жыцця БДПУ, сярод якіх святкаванне 100-га довага юбілею, візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, адкрыццё інтэрактыўных класаў, залы рэдкай кнігі, юбілейны зорны паход і правядзенне марафону перадсвяточных і святочных мерапрыемстваў, фестываляў, сустрэч і канферэнцый, стварэнне профільных педагагічных класаў.

Рыхтуецца да друку другі штогоднік, у якім усе структуры і падраздзяленні ўніверсітэта даюць справаздачу аб праведзенай працы за 2015/2016 навучальны год. Выданне пабачыць свет напярэдадні Дня ўніверсітэта – 21 лістапада.

У РАМКАХ 7-га этапу Фестывалю моладзевай вузаўскай навукі ў БДПУ 28 верасня адбудуцца дэбаты па педагагічнай футуралогіі «Школа заўтрашняга дня ў кантэксце ўстойлівага развіцця грамадства» сярод навучэнцаў педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Загадзя фарміруюцца каманды і арганізуецца самастойная пошукава-даследчая работа вучняў па стварэнні кейса дэбатаў – сістэмы навуковых канцэпцый, фактаў, гіпотэз, прагнозаў, аргументаў і контраргументаў, інфармацыйнай падтрымкі для доказу праўдзівасці свайго тэзіса. У дыскусійным абмеркаванні навучэнцы педагагічных класаў прадставяць альтэрнатыўныя стратэгіі развіцця школы будучыні.


26 мая 2016 года, № 7 (1179)

ЦЬЮТАРСТВА Ў БДПУ: ДАПАМОГА Ў ДЗЕЯННІ

Цьютарскае суправаджэнне адукацыйнага працэсу сёння становіцца арганічнай часткай сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі будучага настаўніка і ўяўляе сабой цэлы комплекс мерапрыемстваў па ўзаемадзеянні старшакурснікаў са студэнтамі малодшых курсаў, мэта якога – павышэнне паспяховасці ў вучобе, актывізацыя самавыхавання, развіццё адказнасці і ініцыятывы. Вопыт нашага ўніверсітэта ў гэтай сферы дзейнасці быў абагульнены падчас семінара «Студэнцкае цьютарства ў БДПУ: пачатак і перспектывы», які правёў рэктар БДПУ А. І. Жук.

Цьютарства 2

Калі першакурснік пачынае сваю вучобу ва ўніверсітэце, ён сутыкаецца з іншым жыццём, якое значна адрозніваецца ад школьнага. І, вядома, у яго ўзнікаюць цяжкасці з адаптацыяй да адукацыйнага працэсу ў новых умовах. Як правіла, ён не зусім гатовы да навучання, заснаванага на поўнай самастойнасці, да неабходнасці працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, рацыянальна размяркоўваць свой час і сілы і г. д. Таму на факультэце дашкольнай адукацыі ў дапамогу першакурснікам была распрацавана цьютарская праграма «Старэйшы сябар».

Агульнапрынята лічыць цьютарам спецыяліста, які суправаджае навучэнца або студэнта ў працэсе індывідуальнага навучання. Нашыя цьютары (а гэта 12 студэнтак 4-га курса) бачылі сваю асноўную задачу ў працы па адаптацыі студэнтаў да працэсу навучання, па ўключэнні першакурснікаў у грамадскую і валанцёрскую дзейнасць. Дарэчы, распрацаваная праграма атрымала дыплом 1 ступені на конкурсе праектаў «Маладзёжныя ініцыятывы для развіцця БДПУ».

Для ацэнкі нашай працы ў красавіку было праведзена апытанне першакурснікаў. Яно паказала, што 70 % рэспандэнтаў задаволены дзей насцю цьютараў, 95 % лічаць яе неабходнай, 62 % уцягнуты ў актыўнае студэнцкае жыццё. Таму ў наступным навучальным годзе мы плануем пашырыць працу цьютараў па аказанні дапамогі першакурснікам у вучэбнай дзейнасці.

Цьютарства 3

На кожным факультэце БДПУ цьютарская дзейнасць мае свае адметнасці. Таму бліжэйшым дарадцам і памочнікам студэнтаў з малодшых курсаў было вельмі цікава сабрацца разам, абмяняцца вопытам і набыткамі, падзяліцца цяжкасцямі, абмеркаваць праблемы. Такім месцам сустрэчы стаў семінар. У ім прынялі ўдзел студэнты-цьютары, выкладчыкі, адказныя за іх працу на факультэтах, прарэктары, дэканы і намеснікі дэканаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Несумненна, гэта было карысна. Цікава было даведацца, напрыклад, што на філалагічным факультэце цьютарская праца ажыццяўляецца па розных напрамках як з беларускімі студэнтамі, так і з замежнымі. З імі вядзецца індывідуальная і групавая работа, у тым ліку і па азнаямленні грамадзян іншых краін з нашай нацыянальнай культурай.

Мне як будучаму педагогу цьютарства дапамагло развіць арганізатарскія здольнасці, набыць неацэнны вопыт узаемадзеяння, што павысіла прафесійную матывацыю і кампетэнтнасць. Плануючы паступаць у магістратуру БДПУ, я разглядаю магчымасць напісання магістарскай дысертацыі на тэму, звязаную з арганізацыяй цьютарскай падтрымкі студэнтаў ФДА.

Ксенія ПРУШАК, студэнтка 4-га курса факультэта дашкольнай адукацыі

P. S. Па выніках работы семінара рэктар БДПУ А. І. Жук даручыў дэканам факультэтаў пашыраць практыку студэнцкага цьютарства і матэрыяльна заахвочваць навучэнцаў, якія займаюцца гэтым відам дзейнасці. Таксама Аляксандр Іванавіч даў указанне распрацаваць праграмы цьютарскага суправаджэння, падрыхтаваць да выдання адпаведны вучэбна-метадычны дапаможнік і арганізаваць пастаянна дзеючы семінар-практыкум для студэнтаў-цьютараў.


17 верасня 2015 года, № 11 (1166)

1_4

БДПУ і яслі-сад № 35 «Вясёлка» г. Мінска заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта першы ў рэспубліцы вопыт цеснага ўзаемадзеяння ВНУ з установай дашкольнай адукацыі. Тым не менш 8 верасня на базе ясляў-сада пачала дзейнічаць эксперыментальная пляцоўка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, на якой у хуткім часе будуць апрабавацца новыя тэхналогіі і якая стане месцам правядзення студэнцкіх педагагічных практык.

Дашкольнай установе былі перададзены тэлевізар і дзіцячыя веласіпеды. Урачыстае мерапрыемства завяршылася… стартам. Выхаванцы садка рушылі ў свой першы велапрабег.


21 мая 2015 года, № 7 (1162)

ДБАЕМ ПРА СУЧАСНАСЦЬ, КЛАПОЦІМСЯ ПРА БУДУЧЫНЮ

Ідэя ўстойлівага развіцця – адна з асноўных праблем сучаснага грамадства – заклікана забяспечыць будучым пакаленням узровень эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту не горшы, чым у нас з вамі. Актуальныя пытанні гэтай канцэпцыі вырашаюцца сёння ў фармаце тэматычных перагаворных пляцовак. Нягледзячы на тое, што найноўшыя тэхналогіі дазваляюць партнёрам ажыццяўляць перамовы на адлегласці, жывы адкрыты дыялог па-ранейшаму застаецца найбольш эфектыўным спосабам узаемадзеяння. Сёлета пляцоўкай для такога дыялогу стаў БДПУ: 14–15 мая на базе ўніверсітэта адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор». Арганізатарамі мерапрыемства, акрамя нашай alma mater, выступілі асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і зарэгістраванае аб’яднанне Wissenschaftsladen Bonn eV (ФРГ).

2_5

У ходзе мерапрыемства адбыліся чатыры сесіі, сустрэчы праводзіліся ў фарматах групавога ўзаемадзеяння, Worldcafe, праектнай майстэрні. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі важныя канцэптуальныя пытанні аб ролі адукацыі ў экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці і сацыяльным развіцці рэгіёнаў, а таксама ў развіцці чалавечых рэсурсаў. Падчас працы ў групах было прапанавана вызначыць актуальныя праблемы забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны і рэгіёнаў, а таксама магчымасці адукацыі ў пераадоленні гэтых праблем. Пасля ў ходзе агульнай дыскусіі ўдзельнікі акрэслілі асноўныя напрамкі ўзмацнення ўплыву адукацыі на працэсы ўстойлівага эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага развіцця.

Найбольш значны вынік канферэнцыі ў тым, што былі сфарміраваны ініцыятыўныя групы па стварэнні тэматычных перагаворных пляцовак па прыярытэтных напрамках інтэграцыі практык адукацыі. Гэта дае падставу спадзявацца, што выпрацаваныя ўдзельнікамі форуму прапановы будуць рэалізоўвацца ў дзейнасці канкрэтных навучальных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

2_6

Уражаннямі ад мерапрыемства падзялілася кіраўнік праекта «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор» Н. М. Кашэль: «Канферэнцыя ахапіла шырокую мэтавую аўдыторыю – гэта прадстаўнікі міністэрстваў, партнёрскія арганізацыі, установы адукацыі Беларусі і бліжэйшага замежжа. Сёння БДПУ дбае пра павышэнне статусу настаўніка і прэстыжу педагагічнай адукацыі. На канферэнцыі абмяркоўваліся прапановы вырашэння гэтых задач». А дэкан факультэта прыродазнаўства Н. У. Навуменка падкрэсліла важнасць і актуальнасць пастаўленых пытанняў, бо яны «маюць непасрэдныя адносіны да праблем узаемадзеяння навакольнага асяроддзя і чалавека. Далейшае ўстойлівае існаванне і развіццё чалавецтва немагчыма без захавання балансу прыроды і грамадства».

Такім чынам, БДПУ, выступаючы актыўнай тэматычнай пляцоўкай, умацоўвае партнёрскія стасункі і ўдзельнічае ў вырашэнні не толькі адукацыйных, але і актуальных эканамічных, экалагічных і сацыяльных праблем сучаснага грамадства.

Крысціна ТАРАНОВІЧ


30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)

АПРАБАЦЫЯ ІНАВАЦЫІ

У падрыхтоўцы будучага настаўніка важнае месца адводзіцца перайманню перадавога педагагічнага вопыту. Сёння дзякуючы сучасным камп’ютарным тэхналогіям гэты працэс можна зрабіць максімальна рацыянальным і даступным. Паназіраць за формамі і метадамі працы лепшых педагогаў краіны, атрымаць з першых вуснаў кампетэнтныя адказы на праблемныя пытанні — гэтыя і іншыя магчымасці прадастаўляюць нам заняткі ў рэжыме анлайн. У сярэдзіне красавіка ў БДПУ на базе лабараторыі педагогікі і педінавацый прайшла апрабацыя гэтай інавацыйнай формы правядзення заняткаў.

2_2

Дацэнт кафедры педагогікі Л.А. Казінец прачытала для студэнтаў 5-га курса гістарычнага факультэта анлайн-лекцыю «Развіццё творчага патэнцыялу асобы як прадмет навуковага пазнання і вопыту». Спачатку пяцікурснікі азнаёміліся з тэарэтычнымі аспектамі праблемы, а пасля паназіралі за яе практычнай рэалізацыяй у працы настаўніка гісторыі гімназіі № 22 г. Мінска А.Э. Свідзінскага з шасцікласнікамі. Госць у рэжыме анлайн адказаў на пытанні студэнтаў. Гісторыкі пацікавіліся, якімі магчымасцямі ў развіцці творчага патэнцыялу вучняў валодае класна-ўрочная сістэма навучання, як уплывае інфармацыйнае грамадства на фарміраванне крэатыўнай асобы, а таксама папрасілі расказаць пра найбольш эфектыўныя формы і метады працы, якія выкарыстоўвае перадавы настаўнік.

«Выкладчыкі маюць багаты вопыт правядзення інавацыйных заняткаў па педагогіцы, – адзначыў загадчык кафедры педагогікі І.І. Цыркун. – Яны часта дэманструюць на лекцыях фрагменты ўрокаў лепшых настаўнікаў рэспублікі, праводзяць заняткі з удзелам педагогаў-практыкаў. Студэнты наведваюць курсы па асваенні сучасных адукацыйных тэхналогій, якія дзейнічаюць на базе сталічнай гімназіі № 22 г. Мінска.

Сёння мы ўзялі курс на павышэнне якасці заняткаў па педагагічных дысцыплінах. І важны крок у гэтым напрамку – анлайн-лекцыі. Калі і надалей мы будзем развіваць і пашыраць узаемадзеянне са школамі, такія формы стануць традыцыйнымі. А пакуль гэта першая спроба. Яна аказалася паспяховай дзякуючы зладжанай сумеснай працы кафедры, лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый і настаўнікаў-практыкаў гімназіі № 22 г. Мінска. Дарэчы, на базе гэтай установы ўжо 5 гадоў функцыянуе філіял нашай кафедры».

Вераніка МАНДЗІК


16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)

АКАДЭМІЧНАЯ МАБІЛЬНАСЦЬ У ДЗЕЯННІ

Сёння акадэмічная мабільнасць стала неабходнай умовай удасканалення прафесійных кампетэнцый выкладчыкаў ВНУ. У сучаснай сістэме вышэйшай адукацыі запатрабаваны спецыялісты, якія не толькі ажыццяўляюць эфектыўную педагагічную дзейнасць у рамках нацыянальнай праграмы, але і пераймаюць інавацыйныя ідэі з замежнага вопыту. У сувязі з гэтым набываюць актуальнасць такія формы акадэмічнага абмену сярод прафесарска-выкладчыцкага складу, як сустрэчы, адкрытыя лекцыі і майстар-класы на падставе дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве.З Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам БДПУ звязвае даўняе партнёрства і моцнае сяброўства. У рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі 2 красавіка адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў нашай alma mater з прафесарам кафедры псіхалогіі развіцця расійскага ўніверсітэта, доктарам педагагічных навук, доктарам псіхалагічных навук Аляксандрам Ільічом САВЕНКАВЫМ. Пасля мерапрыемства карэспандэнт «Н» паспеў пагутарыць з госцем.

4_2

– Аляксандр Ільіч, чым асабіста для Вас цікавы БДПУ?

– Візіты ў розныя ВНУ неабходны любому спецыялісту, які імкнецца як да прафесійнага, так і да асобаснага развіцця. Сустрэчы і ўзаемадзеянне з новымі людзьмі заўсёды выніковыя, даюць магчымасць абмяняцца інфармацыяй, арганізаваць сумесныя даследчыя праекты. БДПУ як вядучы педагагіч-ны ўніверсітэт Беларусі валодае вялікім адукацыйным і навуковым патэнцыялам.

– Ці можаце Вы назваць асаблівасці беларускай студэнцкай і выкладчыцкай аўдыторыі?

– Студэнты і выкладчыкі БДПУ, несумненна, адрозніваюцца ад сваіх расійскіх калег. Тут іншая атмасфера, і гэта адчуваецца пры ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. Адзначу толькі, што з прадстаўнікамі БДПУ заўсёды прыемна і камфортна працаваць.

4_3

– Як Вы ацэньваеце сістэму вышэйшай педагагічнай адукацыі ў нашых краінах?

– На мой погляд, як беларуская, так і расійская сістэмы вышэйшай адукацыі не заўсёды паспяваюць своечасова адказваць на актуальныя выклікі сучаснага грамадства. Веды, якія студэнты атрымліваюць у ВНУ, губляюць сваю актуальнасць на момант атрымання дыплома. Таму педагогам неабходна вырашаць задачы, звязаныя з тым, каб сістэма адукацыі не толькі ішла ў нагу з часам, але і працавала на апераджэнне.

Гутарыла Крысціна ТАРАНОВІЧ


 27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)

ЭКСПЕРЫМЕНТ МОЖА БЫЦЬ ДЫНЫМIЧНЫМ!

Калі ўвесь свет ідзе па шляху мабільнасці, навука проста абавязана быць звышманеўранай. Пераадолець стацыянарнасць звыклых лабараторый дапамагаюць партатыўныя і кампактныя прыборы і прыстасаванні, іншымі словамі, «кішэнныя» лабараторыі. Вось ужо больш за 20 гадоў лідарам і наватарам у галіне такой мабільнай прыродазнаўча-навуковай адукацыі з’яўляецца кампанія «Fourier Education», якая распрацавала і актыўна ўкараняе ў навучальны працэс прыборы рэгістрацыі дадзеных. Так званая лабараторыя Фур’е з’явілася ў нашым універсітэце дзякуючы ўдзелу ў праграме TEMPUS. Яе выкарыстанне ў інтэрактыўных класах «Хімія» і «Біялогія» дае студэнтам магчымасць засвойваць веды на якасна новым узроўні.

3_2

З выкарыстаннем рэгістратара дадзеных лабараторыі Фур’е NOVA LINK і праграмнага забеспячэння MultiLab 4.0, якія дапаўняюць звычайны ноўтбук, у інтэрактыўным класе «Хімія» для студэнтаў першага курса прайшлі заняткі па дысцыпліне «Агульная і неарганічная хімія». Для правядзення лабараторнай работы «Вызначэнне цеплыні растварэння солі» старшы выкладчык хіміі А. М. Міцкевіч выкарыстала новае вучэбнае абсталяванне. Вымярэнне тэмпературы з высокай дакладнасцю праводзілася пры дапамозе датчыка з фіксацыяй дыяпазону ад –40° С да +140° С. Праграмнае забеспячэнне MultiLab 4.0 дазволіла не толькі аформіць паказчыкі змянення тэмпературы ў працэсе растварэння солі ў вадзе ў выглядзе табліцы, але і правесці графічную апрацоўку вынікаў вымярэнняў. Табліцы і графікі праецыраваліся на інтэрактыўную дошку Promethean у рэжыме рэальнага часу, што павышала нагляднасць эксперымента і прадастаўляла магчымасць імгненнай ацэнкі вынікаў работы і калектыўнага абмеркавання.

Неабходна адзначыць, што выкарыстанне магчымасцей MultiLab і датчыкаў лабараторыі Фур’е адкрывае новыя перспектывы ў выкладанні хімічных дысцыплін. MultiLab – гэта комплексная праграма для збору, дэманстрацыі і аналізу эксперыментальных дадзеных, а таксама для прагляду доследаў падчас іх правядзення або ў відэазапісе. Бясспрэчная перавага праграмнага прадукту – магчымасць праводзіць матэматычную і графічную апрацоўку вынікаў эксперымента. З дапамогай рэгістратара дадзеных NOVA LINK студэнты могуць зразумець абстрактыя навуковыя прынцыпы, а таксама ўявіць многія паняцці і спалучыць іх з рэальнасцю. Выкарыстанне праграмнага забеспячэння дазваляе імпартаваць і экспартаваць дадзеныя тэкставага фармату, а таксама перамяшчаць атрыманыя матэрыялы ў Microsoft Office Excel.

Новае абсталяванне выклікала жывую цікавасць у студэнтаў-хімікаў, бо такія кампактныя лабараторыі кардынальна змяняюць уяўленні аб правядзенні навуковых даследаванняў. На занятках разбураюцца стэрэатыпы пра манатоннасць навуковай дзейнасці: аказваецца, эксперымент можа быць «жывым», актыўным і дынамічным. Ёсць падставы меркаваць, што сённяшнія ўдзельнікі доследу, студэнты-першакурснікі, у будучым самі стануць ініцыятарамі, наватарамі і ў галіне навуковых даследаванняў, і ў сферы адукацыі.

А. ТРАБЯНОК, выкладчык кафедры хіміі


17 лютага 2015 года, № 2 (1157)

РЭПАЗІТОРЫЙ: КАРЫСНА АПРЫЁРЫ!

Электроннае навучанне паклала пачатак новай сусветнай з’яве – smart education. Гэта гнуткае навучанне ў інтэрактыўным адукацыйным асяроддзі з дапамогай кантэнту ўсяго свету. У нашым універсітэце робіцца шмат для таго, каб веды сталі даступнымі. Падрабязна пра гэта ведае адказны за вядзенне рэпазіторыя БДПУ загадчык аддзела аўтаматызацыі бібліятэкі Таццяна Васільеўна МАСЛЁНАК.

– Рэпазіторый БДПУ пачаў функцыянаваць ва ўніверсітэце з лістапада 2014 г. Гэта адкрыты электронны архіў дакументаў навуковага, адукацыйнага, нарматыўнага прызначэння, які створаны прафесарска-выкладчыцкім складам, работнікамі структурных падраздзяленняў нашай установы. Знайсці яго можна на сайтах БДПУ, бібліятэкі ўніверсітэта ці па адрасе elib.bspu.by.

– Якія матэрыялы змяшчае рэпазіторый?

– Перш за ўсё гэта навуковыя публікацыі выкладчыкаў нашага ўніверсітэта (манаграфіі, артыкулы, зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, сімпозіумаў), а таксама вучэбныя матэрыялы (ВМК, навуковыя і навукова-метадычныя дапаможнікі, практыкумы, трэнінгі, метадычныя ўказанні па выкананні кантрольных работ і арганізацыі самастойнай работы, тэставыя заданні для самаправеркі і самакантролю і г. д.), на адкрыты доступ да якіх даў дазвол аўтар.

– Ці значыць гэта, што студэнты могуць азнаёміцца з поўным тэкстам патрэбнага навуковага ці вучэбнага матэрыялу?

– Так. Больш за тое, абсалютна любы карыстальнік інтэрнэт-прасторы можа азнаёміцца з прадстаўленымі дакумен тамі і абсалютна бясплатна спампаваць іх без дадатковай рэгістрацыі. Да таго ж рэпазіторый з’яўляецца зручным сродкам навуковай і вучэбнай дзейнасці. Калі раней студэнт мог атрымаць неабходныя электронныя матэрыялы толькі ў бібліятэцы ці на кафедры, то зараз нават завочнік аказваецца пастаянна далучаным да адукацыйнага працэсу, бо мае пастаянны доступ да ўсіх вучэбных матэрыялаў.

– Колькі дакументаў змяшчае рэпазіторый БДПУ?

– Сёння ён утрымлівае больш за 2500 запісаў. У яго напаўненні ўдзельнічаюць усе факультэты,
агульнаўніверсітэцкія кафедры і структурныя падраздзяленні. Напрыклад, гістарычны факультэт, які пачаў работу з першых дзён адкрыцця рэпазіторыя, сёння пераадолеў рубеж у 390 запісаў. Шчыльна да гістарычнага факультэта набліжаецца факультэт беларускай і рускай філалогіі з колькасцю запісаў больш за 270. І завяршае тройку лідараў факультэт псіхалогіі з колькасцю запісаў больш за 240. Вядома, нельга параўноўваць факультэты, дзе працуе шмат выкладчыкаў, з невялікімі агульнаўніверсітэцкімі кафедрамі. Тым не менш, можна адзначыць кафедру асноў медыцынскіх ведаў, якая за тыдзень павялічвае колькасць дакументаў прыкладна на 35 запісаў. Сярод структурных падраздзяленняў лідарства належыць аспірантуры і дактарантуры – больш за 120 дакументаў.

– Якія магчымасці адкрывае рэпазіторый для выкладчыка?

– У сучасным лічбавым свеце ўжо немагчыма абыходзіцца толькі друкаванымі метадамі апублікавання, бо працы не
заўсёды выдаюцца своечасова або наогул могуць не пабачыць свет на папяровым носьбіце. Рэпазіторый жа забяспечвае доступ да інфармацыі па ўсім свеце ў сціслыя тэрміны. Адкрыты доступ узмацняе навуковы ўплыў вучонага, павялічвае яго прафесійныя камунікацыі. Аўтар атрымлівае тры істотныя плюсы: павышэнне індэкса цытавання работ, размяшчэнне іх у віртуальнай прасторы на працяглы тэрмін, захоўванне аўтарскіх правоў.

Для ўніверсітэта рэпазіторый становіцца якасным рэсурсам падтрымкі навуковай актыўнасці супрацоўнікаў, павышэння рэйтынгу, крыніцай хуткага абмену інфармацыяй па даследаваннях.

– Як Вы лічыце, ці можна сёння вучыцца, выкарыстоўваючы толькі традыцыйныя папяровыя выданні?

– Вядома, не. Адукацыя, заснаваная толькі на кнігах, не здольная даць поўны аб’ём неабходных ведаў. Пастаянна павялічваецца доля адукацыйнага кантэнту, які размешчаны на вэб-рэсурсах Інтэрнэту і наогул ніколі не трапіць у друк. Выкарыстанне матэрыялаў, што знаходзяцца ў адкрытых адукацыйных рэсурсах, павышае якасць працэсу навучання.

– Калі мы зазірнём у будучае, ці знойдзецца там месца рэпазіторыю?

– Абавязкова. Узгаданае намі smart, або «разумнае», навучанне прадугледжвае аб’яднанне ВНУ і іх
прафесарска-выкладчыцкага складу з мэтай сумеснай адукацыйнай дзейнасці ў сетцы Інтэрнэт на падставе агульных стандартаў, стварэння і выкарыстання адукацыйнага кантэнту.

– Дзякуй за размову!

Гутарыла Вераніка МАНДЗІК


 

17 лютага 2015 года, № 2 (1157)

ПЕДАГАГІЧНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ЗАЎТРАШНЯГА ДНЯ

У рамках універсітэцкага праекта «Электронная адукацыя» ў БДПУ ствараецца мультысэрвіснае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе (МІАА). Першым крокам на шляху яго рэалізацыі стала ўстаноўка магутнага сервера і спецыяльнага праграмнага абсталявання. Наступны этап завяршыўся ў канцы 2014 г.: да адзінай сеткі былі падключаны інтэрактыўныя кабінеты біялогіі, матэматыкі, фізікі і хіміі, аснашчаныя паўнафарматнымі электроннымі дошкамі, мультымедыйным праектарам і камп’ютарам з камплектам лічбавых інструментаў і рэсурсаў для правядзення заняткаў.

str2_1

Дзякуючы стварэнню сістэмы МІАА ўжо сёння можна сцвярджаць, што ў вучэбным працэсе заўважна актывізавалася выкарыстанне сеткавых версій вучэбных курсаў і праграм кантролю якасці засваення учэбнага матэрыялу, падручнікаў і даведнікаў. Рэалізаваны аддалены доступ да фондаў электроннай бібліятэкі ўніверсітэта. З дапамогай рэпазіторыя БДПУ мы дапаўняем інфармацыйна-адукацыйную прастору медыяцэнтрамі, электроннымі бібліятэкамі калектыўнага карыстання іншых устаноў адукацыі.

Укараненне МІАА БДПУ ўзбагачае традыцыйныя методыкі новымі эфектыўнымі візуальна-нагляднымі сродкамі навучання. Маецца на ўвазе мультымедыйны праектар, інтэрактыўная дошка, графічны планшэт, дакумент-камера, лічбавы мікраскоп. Пералічанае абсталяванне дазваляе не толькі ўзмацніць візуалізацыю пры рабоце з картамі, слайдамі і відэа, але і рэалізаваць франтальную дэманстрацыю дробнай маторыкі (напрыклад, маніпуляцыі з рэактывамі падчас хімічнага доследу, правядзенне фізічнага эксперыменту і г. д.). Асаблівую цікавасць для студэнтаў уяўляюць віртуальныя лабараторныя практыкумы па біялогіі і хіміі.

Выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій, камп’ютарных лабараторый, пошукавых сістэм пашырае магчымасці студэнтаў у сферы навукова-даследчай дзейнасці пры зборы, аналізе і апрацоўцы інфармацыі. У выніку будучыя настаўнікі ствараюць творчы прадукт, які можа быць вынесены на абмеркаванне падчас анлайн-канферэнцый і чат-дыскусій, а ўзамен атрымліваюць магчымасць пачуць розныя меркаванні, уступіць у адукацыйную камунікацыю з суб’ектамі дыстанцыйнага навучання.

str2_3

Значнае пашырэнне інфармацыйнага аду-кацыйнага асяроддзя, кантактаў з калегамі іншых ВНУ, у тым ліку замежных, доступ да сусветных інфармацыйных баз здольны забяспечыць выкладчыку магчымасць праектаваць працэс навучання з выкарыстаннем прынцыпова новых тэхналогій. У студэнтаў, у сваю чаргу, павышаюцца матывацыя да вучобы, творчы складнік і адукацыйная прадуктыўнасць. А ўсё гэта вядзе да стварэння ў нашым універсітэце педагагічных тэхналогій заўтрашняга дня.

Валерый ЗЕЛЯНКЕВІЧ, прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце


18 верасня 2014 года, № 13 (1148)

ПАДРЫХТАВАЦЬ ДАСТОЙНУЮ ЗМЕНУ

Прафесійнае вызначэнне – адзін з самых важных выбараў у жыцці любога школьніка. Больш за сто дзесяцікласнікаў сталічнай гімназіі № 20 дзякуючы БДПУ ўжо зрабілі важны крок у гэтым напрамку: 1 верасня яны сталі вучнямі педагагічных класаў фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знакавай падзеі, адбылося напярэдадні Дня ведаў пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і, вядома ж, выкладчыкаў і студэнтаў нашага ўніверсітэта.

1_500x481

Дваццатая мінская гімназія была абрана невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1990-я гг. на базе тады яшчэ СШ № 176 ужо дзейнічалі педкласы. Іх вопыт у прафарыентацыі вучняў аказаўся вельмі прадуктыўным: зараз у роднай навучальнай установе працуюць настаўнікамі 10 выпускнікоў, што атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДПУ.

Што ж чакае новаспечаных навучэнцаў профільных класаў, акрамя заканамерна павялічанай колькасці гадзін на вывучэнне матэматыкі, фізікі, мовы і літаратуры? Падрабязны адказ на гэтае пытанне даў падчас выступлення рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ўніверсітэт акажа дапамогу як навучэнцам педагагічных класаў, так і настаўнікам, якія ў іх працуюць. Вядучыя спецыялісты БДПУ будуць выкладаць гімназістам асобныя тэмы на паглыбленым узроўні, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтаваць да алімпіяд, конкурсаў, знаёміць з асновамі педагогікі і псіхалогіі. З’явяцца школы юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Вучням дапамогуць выявіць і развіць іх здольнасці, а галоўнае – умацаваць інтарэс да прафесіі педагога.

Важнасць менавіта апошняга аспекту ў падрыхтоўцы будучых студэнтаў-педагогаў адзначыў падчас адкрыцця памятнага знака аб супрацоўніцтве БДПУ і гімназіі № 20 намеснік міністра адукацыі В. А. Будкевіч: «Упэўнены, што вопытныя выкладчыкі, педагогі-вучоныя, студэнты змогуць не толькі на словах, а і на справе раскрыць хараство прафесіі, яе самыя лепшыя, высакародныя грані». Васіль Антонавіч падкрэсліў, што адкрыццё педкласаў – не разавая акцыя, а хутчэй першая ластаўка ў сістэме мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі школьнікаў да выбару настаўніцкай прафесіі

Усім вучням профільных класаў і іх настаўнікам А. І. Жук уручыў унікальнае выданне – кнігу «Педагогіка ў афарызмах і выслоўях».

Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, падрыхтаваным таленавітымі танкаўцамі. Яны на ўласным прыкладзе паказалі гімназістам, якое разнастайнае і цікавае жыццё чакае іх у БДПУ. І гэта толькі пачатак!

Вераніка МАНДЗІК


 

29 мая 2014 года, № 10 (1145)

МАЙСТАР-КЛАС АД ЛЕПШАГА НАСТАЎНІКА СЛАВЕСНАСЦІ

На факультэце пачатковай адукацыі адбыўся майстар-клас «Методыка чытання з прыпынкамі як адзін са шляхоў да творчасці», які правяла Іна Рычардаўна Віннік – настаўнік-метадыст рускай мовы і літаратуры ДУА «Сноўская сярэдняя школа», абсалютны пераможца міжнароднага конкурсу «Лепшы настаўнік славеснасці замежжа» (2013), фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» (2014) і, што немалаважна, – выпускніца БДПУ.

2_500x636

Грамадства заўсёды прад’яўляла да настаўнікаў высокія патрабаванні. Сучасны педагог, без сумнення, павінен ведаць і любіць свой прадмет, прывіваць інтарэс да яго вучням. Акрамя таго, настаўніку неабходна быць мабільным, умець знаходзіць самае важнае ў бурнай плыні інфармацыі, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, мець здольнасці да самаадукацыі і самаразвіцця. Таму студэнты павінны пераймаць вопыт прафесіяналаў, адкрываць для сябе новыя гарызонты педагагічнай дзейнасці.

Унікальная магчымасць пазнаёміцца з майстрам сваёй справы, творчым, апантаным настаўнікам славеснасці прадаставілася студэнтам 4-га курса факультэта пачатковай адукацыі. Госця падзялілася сваім педагагічным вопытам, звязаным з выкарыстаннем тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках літаратуры, у прыватнасці, метаду чытання з прыпынкамі.

Студэнты самі здолелі праверыць эфектыўнасць тэхналогіі, паколькі з самага пачатку сталі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Здавалася б, чытаць умеюць усе, але данесці твор так, каб задумацца, каб захацець зазірнуць «у глыб» старонак, – гэта, напэўна, не заўсёды па сілах нават будучым філолагам. А майстар-клас па методыцы чытання ад прафесіяна- ла – гэта сапраўды здорава!

Трэба адзначыць і цікавы пачатак сустрэчы, калі Іна Рычардаўна раскрыла парасон і прызначыла яму месца на другім плане дзейства. Затым незвычайнае з’яўленне класічных галёшаў, якія абсалютна гарманічна ўклаліся ў жаночую сумку. А віртуальныя мышкі, з дапамогай якіх усе прысутныя адначасова змаглі кіраваць інтэрнэт-рэсурсам, — няўжо гэта не знаходка для будучых педагогаў?!

Майстар-клас нікога не пакінуў абыякавым, а атрыманыя веды захацелася паспрабаваць прымяніць на практыцы, бо «ўсё, што прайшло праз эмоцыі, становіцца трывалым навыкам». Работа сапраўднага настаўніка накіравана на ўсебаковае развіццё асобы вучня. Выкарыстанне новых цікавых метадаў работы павышае эфектыўнасць засвойвання вучэбнага матэрыялу дзецьмі і робіць справу педагога яшчэ больш яркай, займальнай і разнастайнай.

Студэнты факультэта выказваюць шчырую ўдзячнасць Іне Рычардаўне і спадзяюцца на далейшыя сустрэчы.

Наталля БУКОЎСКАЯ, студэнтка 401-й групы ФПА


 

10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

Пра надзённае – кампетэнтна

З 25 лютага па 1 сакавіка факультэт псіхалогіі прымаў ганаровую госцю – прафесара Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта, афіцыйнага каардынатара дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве паміж БДПУ і ФДУ, кіраўніка Італьянскай асацыяцыі псіхалогіі грамадства Патрыцыю МЯРЫНГАЛА. У рамках візіту студэнты праслухалі лекцыю “Псіхалогія рызыкоўных паводзін: захапленне азартнымі гульнямі” і паўдзельнічалі ў рабоце навуковага семінара “Якаснае даследаванне ў псіхалогіі: арганізацыя, правядзенне, транскрыбіраванне”.

3_500x350

Па словах Патрыцыі Мярынгала, на сённяшні дзень праблема захаплення азартнымі гульнямі з’яўляецца вельмі актуальнай у краінах Еўропы. Гэта абумоўлена перш за ўсё тым, што ў перыяд эканамічнага крызісу ў многіх людзей пагоршылася матэрыяльнае становішча, у выніку чаго яны звярнуліся да азартных гульняў.

Падчас праведзенага італьянскімі псіхолагамі даследавання высветлілася, што многія маладыя людзі захапіліся азартнымі гульнямі не як сродкам для забавы, паляпшэння настрою, а з мэтай павышэння свайго эканамічнага статусу за кошт выйгрышу ў латарэях, казіно, гульнявых аўтаматах. Аднак, як правіла, у выніку частых пройгрышаў адбываецца не ўмацаванне матэрыяльнага становішча, а, наадварот, яго пагаршэнне, узнікненне запазычанасці. Акрамя таго, у людзей, якія пакутуюць гульнявой залежнасцю, парушаецца ўключанасць у сацыяльныя працэсы, адбываюцца змены ў кагнітыўнай сферы, успрыняцці рэальнасці, а таксама з’яўляецца псіхафізіялагічная сімптаматыка, характэрная для асоб, што ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы.

Прафесар адзначыла, што да фактараў, якія ўплываюць на працягласць гульні, адносіцца прысутнасць іншых людзей, якія пасіўна або актыўна ўключаюцца ў дзеянне. Так, калі чалавек адзін, ён гуляе даўжэй, калі ж ёсць назіральнікі – заканчвае хутчэй. Калі ж група ўдзельнічае ў працэсе (падказвае, каментуе, падтрымлівае), то працягласць гульні непрадказальная: можа як рэзка павялічвацца, так і скарачацца.

Сёння італьянскія псіхолагі працуюць над прафілактыкай дадзенай залежнасці сумесна з факультэтам інфармацыйных тэхналогій Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны распрацоўваюць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць фіксаваць час знаходжання чалавека ў гульні, колькасць страчаных у яе працэсе грошай, а таксама паведамляць гэтыя звесткі. Такім чынам, даследчыкі высветляць, ці здольна такая інфармацыя ўплываць на самарэгуляванне паводзін, на жаданне, здольнасць спыніць гульню.

Падчас семінара будучыя псіхолагі пазнаёміліся з метадалогіяй і дызайнам якаснага даследавання, з прыкладамі вырашэння сацыяльна-псіхалагічных задач практычнага характару, што грунтуюцца на прэзентаваным прафесарам метадзе.

Святлана ПРЭСНЯКОВА, студэнтка 4-га курса факультэта псіхалогіі, член СНДЛ “Актуальныя праблемы сацыяльнай псіхалогіі”


 

27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)

МАГІСТРАТУРА БДПУ: АД ВЫТОКАЎ ДА СУЧАСНАСЦІ

Вось ужо на працягу дваццаці гадоў БДПУ ажыццяўляе падрыхтоўку магістраў. Другая ступень вышэйшай адукацыі – не толькі дзверы ў вялікую навуку, магчымасць удасканаліць свае даследчыя навыкі і ўменні, але і важны крок у прафесійным станаўленні, асобасным развіцці.

Слова «магістр» паходзіць ад лацінскага magister, што азначае «начальнік, настаўнік». У сярэдневякоўі так называлі выкладчыка «сямі вольных мастацтваў» ва ўніверсітэтах. У дарэвалюцыйнай Расіі званне «магістр» было ўведзена ўказам Аляксандра I ад 24 студзеня 1803 г. «Аб уладкаванні вучылішчаў». Гэтая ступень прысвойвалася па ўсіх універсітэцкіх спецыяльнасцях, акрамя медыцынскіх. Тады ж было ўведзена званне доктара, а пазней і кандыдата. Магістр займаў прамежкавае становішча паміж кандыдатам (асоба, якая скончыла ўніверсітэт на «выдатна») і доктарам. Магістарская ступень давала права займаць пасаду тытулярнага саветніка (9-ы клас згодна з «Табелем аб рангах»).

У Рэспубліцы Беларусь вопыт падрыхтоўкі магістраў складае два дзясяткі гадоў. У БДПУ (тады – Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага) уся работа па шматузроўневай сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў пачалася ў 1992 г. з распрацоўкі адпаведнай Канцэпцыі. Дакумент грунтаваўся на абагульненні здабыткаў шэрагу краін свету (Расіі, Англіі, Германіі, ЗША) і на гістарычным вопыце педагагічных навуковых устаноў Беларусі. Праз два гады пасля шырокага абмеркавання гэтай канцэпцыі сярод навукова-педагагічных кадраў рэспублікі і разгляду на калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь быў падпісаны загад ад 04.08.1994 г. № 225 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб шматузроўневай сістэме вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Рэктарат БДПУ правёў папярэднюю работу і звярнуўся ў Міністэрства адукацыі з прапановай распачаць пры кафедры педагогікі падрыхтоўку магістраў. У выніку з верасня 1994 г. наша alma mater атрымала дазвол на ажыццяўленне навучання па другой ступені вышэйшай адукацыі.

Першы набор у магістратуру нашай установы склаў 15 чалавек і ажыццяўляўся па адной спецыяльнасці – «Педагогіка».

Пачынаючы з адкрыцця ў 1994 г. і па цяперашні час навучанне ў магістратуры БДПУ прайшлі 1912 чалавек (па вочнай форме атрымання адукацыі – 1191, па завочнай – 721).

У 2013/2014 навучальным годзе ў магістратуру паступілі 152 чалавекі.

Навучанне ў магістратуры ў 2014 г. будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі II ступені (зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 02.02.2012 № 110).

Падрыхтоўка ў магістратуры ажыццяўляецца па вочнай і завочнай формах атрымання адукацыі. Яе тэрмін складае ад 1 года (вочна) да 1,5 года (завочна).

Пачатак навучання ў магістратуры БДПУ – 1 верасня.

Падрыхтоўка магістрантаў ажыццяўляецца па індывідуальным плане работы, які распрацоўваецца ў адпаведнасці з вучэбным планам па пэўнай спецыяльнасці другой ступені. Ён арыентаваны на актыўную самастойную працу студэнтаў і ўключае пералік вывучаемых дысцыплін, аб’ём вучэбнай нагрузкі, праграму падрыхтоўкі дысертацыі, практыкі, навукова-даследчую дзейнасць, формы і тэрміны справаздачы па кожным названым раздзеле плана. Выніковая атэстацыя на другой ступені праводзіцца ў форме абароны дысертацыі.

Прыём у магістратуру ў 2014 г. будзе ажыц-цяўляцца па 18 спецыяльнасцях на конкурснай аснове па выніках уступных іспытаў. Тэрміны прыёму дакументаў – з 27 чэрвеня па 5 ліпеня.

Асаблівасць набору ў магістратуру-2014 заключаецца ў тым, што асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю першай ступені па іншых спецыяльнасцях, могуць таксама ўдзельнічаць у конкурсе з улікам вынікаў здачы дадатковага экзамену. Напрыклад, атрымаўшы вышэйшую адукацыю першай ступені па спецыяльнасці «Матэматыка», можна прэтэндаваць на паступленне ў магістратуру, скажам, па спецыяльнасці «Псіхалогія». Для гэтага неабходна здаць 2 экзамены – дадатковы і ўступны па псіхалогіі.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў – з 8 па 10 ліпеня, залічэнне – да 17 ліпеня.

Запрашаем у магістратуру выпускнікоў БДПУ-2014 і мінулых гадоў, а таксама спецыялістаў, якія скончылі іншыя ВНУ.

Больш падрабязную інфармацыю пра магістратуру можна атрымаць на сайце www.bspu.unibel.by ці па тэл.: 200-71-12, 200-15-49, 226-56-25.

Віктар ЗАЙЦАЎ, начальнік навукова-метадычнага ўпраўлення


 

27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)

«МАБІЛЬНАСЦЬ – ПАТРАБАВАННЕ ЧАСУ»

У гэтым пераканаліся ўдзельнікі Міжнароднай праграмы прафесійнай мабільнасці работнікаў адукацыі, арганізаванай Цэнтрам міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Таварыствам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі «GIFW» (Германія) пры падтрымцы Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Мэта праекта – пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне прафесійнай адукацыі, абмен вопытам з зарубежнымі калегамі, устанаўленне больш цесных кантактаў з адукацыйнымі ўстановамі розных краін.

4_500x407

Тыдзень, праведзены ў складзе беларускай дэлегацыі, якую ўзначальваў намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В. А. Будкевіч, аказаўся надзвычай пазнавальным. Мы мелі магчымасць дэталёва азнаёміцца з нацыянальным заканадаўствам Германіі і Францыі ў галіне навучання, разнастайнымі напрамкамі і формамі працы, вопытам арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, абмеркаваць шляхі развіцця адукацыі. Не засталася па-за ўвагай і праблема падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.

Пра сістэму адукацыі Германіі нам расказаў сенатар Д. Хрысціян Штотцэр. Цікава было даведацца, што дзеці ў гэтай краіне ідуць у школу з 5 гадоў. У першым класе па жаданні яны могуць правесці адзін альбо два гады. На працягу гэтага перыяду вучняў суправаджаюць выхавальнікі. Прафарыентацыйную работу ў асноўным праводзяць саветнікі па прафарыентацыі.

Вялікую зацікаўленасць беларускай дэлегацыі выклікала інфармацыя пра гімназію агульнага навучання (г. Кёльн) для дзяцей перасяленцаў. Праблемных вучняў тут не пераконваюць размовамі. Ім даюць сапраўдныя інструменты, якімі яны будуюць… жылы дом! А дапамагаюць ім у гэтым бацькі, настаўнікі, блізкія людзі. У гімназіі працуе ўласны цырк, якім кіруе настаўніца – наша зямлячка з Брэста.

Прыемныя ўражанні пакінула і прафесійная школа, размешчаная ў г. Вупперталь. Навучальная ўстанова рыхтуе праграмістаў, якія будуць абслугоўваць вялікагрузныя аўтамабілі і тэхніку на тэкстыльных прадпрыемствах. Яе дырэктар Матхіяс Флатотта паведаміў, што школу наведваюць дзеці больш чым 30 нацыянальнасцей. Два дні ў тыдзень яны авалодваюць тэорыяй, а яшчэ тры – праходзяць практыку на прадпрыемствах горада. Больш паспяховыя вучні накіроўваюцца на практыку ў Англію, Польшчу, Турцыю, Кітай. Там яны знаёмяцца з самай сучаснай тэхнікай.

Гасцінна нас сустракалі і ў Францыі, асабліва ў Цэнтры педагагічных даследаванняў, які знаходзіцца ў г. Сеўр (прыгарад Парыжа). З дакладам «Сістэма адукацыі Францыі і яе праблемы» выступіў дырэктар Дэпартамента міжнародных сувязей Цэнтра педагагічных даследаванняў Францыі Мішэль Монсаўрэт. У Францыі няма дзіцячых садоў, замест іх працуюць мацярынскія школы. Кожны ўзровень адукацыі мае асобны будынак. У так званыя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы набор ажыццяўляюць рэгіянальныя ўлады, а не дзяржава. Па жаданні бацькоў дзеці могуць не наведваць школу, а займацца з рэпетытарам. На выхадзе яны павінны паказаць веды, адпаведныя прынятым стандартам.

Мішэль Монсаўрэт падрабязна спыніўся на праблемах сістэмы адукацыі Францыі і падрыхтоўкі настаўнікаў, на новых праектах законаў у галіне навучання. На працягу дзвюх гадзін ён даваў разгорнутыя адказы на пытанні беларускіх вучоных і настаўнікаў і паабяцаў сустрэцца з педагогамі ўжо ў нашай краіне.

Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву БДПУ за прадастаўленую магчымасць удзельнічаць у праграме прафесійнай мабільнасці работнікаў адукацыі.

Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі


 

11 красавiка 2013 года, № 5 (1123)

Майстар-клас дае настаўнік-профі

У падрыхтоўцы будучых педагогаў выключна важную ролю адыгрывае практычная дзейнасць. Студэнтам нашага ўніверсітэта пашанцавала: яны маюць магчымасць вучыцца ў лепшых настаўнікаў-практыкаў краіны, пераймаць іх перадавы вопыт, браць на ўзбраенне эфектыўныя аўтарскія прыёмы і методыкі.

5_500x440

Напрыканцы сакавіка ў БДПУ завітала пераможца Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011», член клуба «Крыштальны журавель», настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава Інэса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА. Яна дала майстар-клас для студэнтаў-гісторыкаў і настаўнікаў сталічных гімназій.

Прысутныя ўважліва і зацікаўлена слухалі госцю. Інтанацыя, жэсты і міміка педагога-лідара проста заварожвалі, дапамагалі данесці да кожнага сутнасць яе выступлення. Інэса Уладзіміраўна прадэманстравала прыёмы, якія яна выкарыстоўвае ў працэсе навучання: «размеркаванне на групы», «запаўненне пропускаў», «супастаўленне», «незакончаны сказ», «стварэнне схем», «лінгвістычныя гульні» і іншыя. Яе расказ суправаджаўся трансляцыяй фрагментаў урокаў. Настаўніца падзялілася вопытам арганізацыі пазаўрочнай працы па прадмеце: пад яе кіраўніцтвам гімназісты ставяць спектаклі на англійскай мове, выступаюць з канцэртамі. Дарэчы, Інэса Уладзіміраўна і сама актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, мае цудоўны голас, выконвае песні на англійскай і французскай мовах.

Госця падкрэсліла: яна – трынаццаты педагог у сям’і. Працаваць натхнёна і эфектыўна ёй наканавана лёсам. Настаўніца выкарыстоўвае практычна ўвесь арсенал інфармацыйных тэхналогій, асабліва часта – інтэрактыўную дошку. «Мару ў будучым стварыць цэнтр дыстанцыйнага навучання», – падзялілася яна планамі. І для гэтага ёсць усе перадумовы. Паспяховы педагог з’яўляецца аўтарам электронных падручнікаў і дапаможнікаў, а яе праграмна-метадычны комплекс для інтэрактыўнай дошкі адзначаны дыпломам I ступені на рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» (2011г.). І. У. Зубрыліну па праву лічаць першапраходцай у сферы міжнародных адукацыйных інтэрнэт-праектаў. І педагог, і яе вучні, члены клуба «Суразмоўца», зарэгістраваны ў міжнароднай асацыяцыі EARN. Гімназісты актыўна ўдзельнічалі ў выкананні праектаў «Мая школа – твая школа», «Казкі народаў свету», «Нацыянальныя музычныя інструменты». У працэсе працы над праектам «Погляд» вучні надрукавалі вершы на англійскай мове, стварылі мюзікл «Слёзы жыцця», за што былі ўзнагароджаны дыпломам міжнароднага ўзору.

6_500x445

Напрыканцы майстар-класа І. У. Зубрыліна адказала на пытанні студэнтаў і настаўнікаў-практыкаў. Развітанне было па-сапраўднаму цёплым. Студэнты шчыра дзякавалі настаўніцы, якая паказала цудоўны прыклад натхнёнай і плённай, а галоўнае, сапраўды творчай працы. Дарэчы, усе жадаючыя могуць пазнаёміцца з сакрэтамі прафесійнай дзейнасці перадавога педагога. Відэазапіс майстар-класа знаходзіцца ў лабараторыі педагогікі і педагагічных інавацый (каб. 142, вучэбны корпус № 1).

Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі


 

28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

«НІ ХАО» – ЗНАЧЫЦЬ «ДОБРЫ ДЗЕНЬ»

Для многіх з нас словазлучэнне «кітайская грамата» – усяго толькі фразеалагізм, які мы ўжываем для абазначэння чагосьці незразумелага, таго, у чым цяжка разабрацца. А вось студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ, якія вывучаюць кітайскую мову, успрымаюць гэты выраз часцей у прамым сэнсе.

7_500x273

Кітайская граматыка, лексіка ці фанетыка для іх не экзотыка, а назвы вучэбных дысцыплін. Як вядома, спасцігаць замежную мову лепш за ўсё ў асяроддзі яе натуральных носьбітаў. І нашы студэнты атрымалі такую магчымасць дзякуючы праграме ўключанага навучання, якая ажыццяўляецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж БДПУ і Паўночна-Заходнім педагагічным універсітэтам (г. Ланьчжоу, КНР). Так, восенню мінулага года наш універссітэт прыняў 11 кітайскіх студэнтаў,а пяцёра трэцякурснікаў ФБіРФ накіраваліся ў партнёрскую ВНУ, дзе зараз набываюць грунтоўныя веды па сваёй дадатковай спецыяльнасці. Як жа адчуваюць сябе нашы суайчыннікі за тысячы кіламетраў ад Радзімы, як арганізаваны іх вучэбны і вольны час? Пра гэта і не толькі расказвае спецыяльны карэспандэнт «Н» у КНР, студэнт ФБіРФ Міхаіл БЯЛОЎ.

– Паўночна-Заходні педагагічны ўніверсітэт быў створаны ў 1902 г. і нядаўна адзначыў сваё 110-годдзе. У яго складзе 18 інстытутаў, 49 факультэтаў і 101 вучэбна-навуковы цэнтр. Кітайская сістэма адукацыі нечым нагадвае беларускую, а чымсьці – заходнюю. Аднак на нашым узроўні вывучэння мовы істотных адрозненняў няма. Мы вучымся пяць дзён па 4 гадзіны. Прадугледжаны таксама штотыднёвыя падрыхтоўчыя заняткі да экзамену. Нашы выкладчыкі – чулыя, вясёлыя, энергічныя і пазітыўныя людзі. Яны разумеюць, якія цяжкасці паўстаюць перад намі, студэнтамі-замежнікамі, таму стараюцца ва ўсім нам дапамагаць. Ну і, вядома ж, даступна і зразумела выкладаюць, тлумачаць, імкнуцца зрабіць вучобу не толькі карыснай, але і цікавай. Асабліва хацелася б адзначыць нашага першага галоўнага выкладчыка, сапраўднага прафесіянала і проста мілую жанчыну Джао Хуангай. Дарэчы, універсітэт прадастаўляе шмат магчымасцей як студэнтам, так і педагогам. Напрыклад, Джао ўжо паспела папрацаваць выкладчыкам кітайскай мовы ў Малдове, пабачыць свет (ВНУ камандзіруе педагагічных работнікаў для ўдзелу ў міжнародных праектах і навуковых мерапрыемствах), узняцца па кар’ернай лесвіцы (а ёй толькі 30!). Гэта наўрад ці было б магчыма ў любым з пекінскіх універсітэтаў.

Ланьчжоу – невялікі па кітайскіх мерках горад, аднак ён развіваецца і мае такія бясспрэчныя плюсы, як нізкія цэны і добразычлівасць мясцовага насельніцтва да замежных грамадзян, якіх тут няшмат. Ён знаходзіцца на беразе знакамітай кітайскай ракі Хуанхэ. У вольны час мы выходзім на яе набярэжную, гуляем па шматлікіх парках, блукаем у экзатычных кварталах, назіраем за бытам людзей, мову і культуру якіх вывучаем. Часам узнімаемся ў горы. Аднойчы пазнаёміліся з манахам, які спецыяльна для нас адчыніў памяшканне з прыгожымі статуямі Буды. Увогуле, тут ёсць на што паглядзець: цудоўныя храмы, выдатныя музеі (Вялікі геалагічны, вадзяных млыноў і іншыя), шыкоўны заапарк з атракцыёнамі. Аднак, шчыра кажучы, увесь Кітай з яго ладам жыцця і прыродай з’яўляецца для еўрапейца музеем пад адкрытым небам. Увагу прыцягвае літаральна ўсё: дызайн будынкаў і памяшканняў, ландшафт (тут толькі горы і пустыні) і, вядома ж, побыт людзей.

У Кітаі сапраўдны культ спорту: ранішнюю гімнастыку робяць людзі нават самага сталага ўзросту. Што да нашага кампуса, то ўжо ў 6 гадзін раніцы моладзь гуляе ў баскетбол, актыўна трэніруецца. Прадмет «Фізічная культура» абавязковы для ўсіх, акрамя замежных навучэнцаў. Студэнты захапляюцца рознымі відамі спорту, нават штурханнем ядра. У інтэрнаце ёсць тэнісныя сталы, у кампусе пабудаваны стадыёны, спартыўныя залы, басейн. Дарэчы, іх памер дазваляе займацца ўсім жадаючым. Секцыі ёсць і платныя, і бясплатныя.

Кітайцы шмат кураць, але моладзь імкнецца да здаровага ладу жыцця. Таму студэнты, якія паляць, сустракаюцца не часта.

Вучоба за мяжой – вопыт, пра які марыць кожны студэнт, і мы ўдзячны нашаму ўніверсітэту за такую цудоўную магчымасць. Думаю, што ўключанае навучанне – адзін з самых перспектыўных напрамкаў у вышэйшай адукацыі. Асабіста я задаволены каэфіцыентам карыснага дзеяння ад паездкі, імкнуся праводзіць час з плёнам, як мага больш кантактаваць з мясцовым насельніцтвам, удасканальваць маўленчыя навыкі.


 

9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)

Новыя тэхналогіі – новыя магчымасці

Напрыканцы кастрычніка на факультэце псіхалогіі нашага ўніверсітэта адбылася сустрэча выкладчыкаў і студэнтаў з прафесарам Фларэнтыйскага ўніверсітэта, прэзідэнтам італьянскай Асацыяцыі сацыяльных псіхолагаў Патрыцыяй Мярынгала і выкладчыкам дэпартамента псіхалогіі Лаурай Рэмаскі. Мерапрыемства праходзіла ў два этапы. Першы – лекцыі П. Мярынгала на тэмы «Рызыкоўныя паводзіны моладзі ў вольны час» і «Прафілактыка рызыкоўных паводзін юнакоў і дзяўчат». Другі – ворк-шоп «Метад Fotovoice у рабоце з падлеткамі» пад кіраўніцтвам Л. Рэмаскі.

Сустрэчу адкрыў дэкан факультэта псіхалогіі, доктар псіхалагічных навук, прафесар Л. А. Пяргаменшчык. Ён падзяліўся са слухачамі перспектывамі супрацоўніцтва з італьянскай ВНУ на бягучы навучальны год.

У лекцыях прафесара П. Мярынгала былі закрануты суб’ектыўныя і аб’ектыўныя фактары рызыкоўных паводзін моладзі, прадстаўлены вынікі арыгінальных даследаванняў, якія праводзіліся ў Італіі з выкарыстаннем спецыяльна распрацаваных методык. Слухачы атрымалі адказы на пытанні: дзе моладзь лічыць за лепшае праводзіць вольны час? па якіх крытэрыях выбіраецца месца для адпачынку? што ў разуменні юнакоў і дзяўчат з’яўляецца бяспечным баўленнем часу і г. д. Вучоныя таксама расказалі пра спосабы стварэння бяспечных умоў для моладзі падчас масавых мерапрыемстваў (канцэртаў, святаў, фестываляў).

На другі дзень студэнты ўдзельнічалі ў майстар-класе па тэхналогіі fotovoice. Для выкладчыкаў такі ворк-шоп праводзіўся асобна. Тэхналогія вельмі дзейсная: мы гэта выпрабавалі на сабе. Фотаздымак і яго аналіз у гэтым метадзе выконваюць ключавую ролю. Прычым здымкі робяць самі ўдзельнікі, і зусім не важна, што вы не прафесійны фатограф. Па словах псіхолога Л. Рэмаскі, дадзеная тэхналогія прызначана для работы з групай і накіравана на актывізацыю мэтавай аўдыторыі для вырашэння сацыяльных праблем.

А зараз уражанні студэнтаў–удзельнікаў сустрэчы.

«Было вельмі прыемна атрымаць вопыт удзелу ў такім трэнінгу. Fotovoice – зусім новая для мяне тэхналогія, якая дазваляе людзям лепш зразумець адно аднаго, апісаць абстрактны вобраз, моцныя эмоцыі. Здзіўляе тое, якая вялікая колькасць сэнсаў і вобразаў змяшчаецца ў адным фотаздымку і наколькі гэтыя вобразы могуць аб’яднаць людзей».

Ворк-шоп прымусіў задумацца над многімі рэчамі, абудзіў вялікае жаданне працаваць над сабой і дамагацца большага. Вельмі спадабалася! Паболей бы такіх візітаў!»

«Заўсёды прыемна адкрываць для сябе нешта новае, тым больш калі гэта карысна для твайго прафесійнага развіцця. Мяне здзівіла, наколькі дзейсная дапамога сацыяльнай псіхалогіі ў вырашэнні актуальных праблем, звязаных з рызыкоўнымі паводзінамі моладзі. Былі прадстаўлены вынікі розных даследчых праектаў, эфектыўнасць якіх нельга пераацаніць. Такія міжнародныя сустрэчы па абмене вопытам, безумоўна, дапамагаюць спецыялістам-псіхолагам развівацца ў галіне даследавання і прафілактыкі рызыкоўных паводзін. Прадстаўленая методыка fotovoice можа выкарыстоўвацца ў вырашэнні многіх сацыяльна-псіхалагічных праблем».

Дзякуючы добрай каардынацыйнай рабоце загадчыка кафедры сацыяльнай псіхалогіі Г. В. Гатальскай не ўзнікла цяжкасцей ва ўзаемаразуменні з італьянскімі псіхолагамі: вынікі прэзентацый, лекцый слухачы маглі бачыць на рускай мове, работа забяспечвалася якасным перакладам. Перакладчыцкую падтрымку ажыццяўляла намеснік дэкана па навуцы К. М. Жогаль.

Наталля КАЛІНІНА, магістрант кафедры сацыяльнай псіхалогіі


 

27 кастрычніка 2011 года, № 13 (1097)

Бібліятэка БДПУ: дыялог з часам

Кніга – крыніца ведаў, і без яе немагчыма ўявіць атрыманне якаснай адукацыі. Таму бібліятэка заўсёды была, ёсць і застанецца адным з самых папулярных месцаў для студэнтаў. Аднак жыццё рухаецца наперад, і сённяшняя кніга цалкам адпавядае патрабаванням часу: кожны з нас на ўласны густ можа выбраць звыклы папяровы варыянт ці аддаць перавагу інфармацыі на электронным носьбіце. І першы, і другі шлях да ведаў мае свае перавагі. Але ў студэнтаў нашай alma mater няма патрэбы рабіць выбар на карысць толькі аднаго фармату: бібліятэка БДПУ аб’яднала традыцыю і сучаснасць. Для аматараў прагрэсіўных навінак у нашым універсітэце працуе электронная бібліятэка. А вось тыя, каму падабаецца трымаць у руках сапраўдную кнігу, могуць не толькі карыстацца традыцыйнымі паслугамі нашай бібліятэкі, але і далучыцца да папулярнага сёння буккросінгу. Пра гэта расказвае дырэктар бібліятэкі БДПУ Надзея Паўлаўна СЯТКОЎСКАЯ.

8_500x333

У імкненні да новага

Электронная бібліятэка БДПУ адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у кастрычніку 2009 года. Размяшчаецца яна ў аўдыторыі 114 вучэбнага корпуса № 3 і год ад года карыстаецца ўсё большай папулярнасцю сярод студэнтаў і выкладчыкаў.

На сённяшні дзень бібліятэка абсталявана 20 камп’ютарамі, 17 з якіх – гэта паўнавартасныя працоўныя месцы для карыстальнікаў з падключэннем да лакальай сеткі ўніверсітэта і вы­хадам у Інтэрнет. Наша электронная бібліятэка мае багаты фонд, які фарміруецца інфармацыйнымі рэсурсамі са знешніх крыніц; электроннымі копіямі выданняў, якія ёсць у бібліятэцы ў абмежаванай колькасці і карыстаюцца павышаным попытам у студэнтаў; электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі, перададзенымі выкладчыкамі БДПУ (метадычныя дапаможнікі і рэкамендацыі, канспекты, лабараторныя работы і г. д.); электроннай даведачнай сістэмай па заканадаўстве Рэспублікі Беларусь «Эксперт» і інш.

Карыстацца гэтым дасягненнем чалавечай думкі вельмі зручна: фонд бібліятэкі адлюстраваны ў электронным каталозе, які забяспечвае паўнату і аператыўнасць атрымання інфармацыі пра наяўнасць і месцазнаходжанне дакумента, а таксама прамы доступ да зместу тэкставых рэсурсаў. Любы студэнт ці выкладчык без цяжкасцей за пару хвілін можа знайсці неабходную кнігу, атрымаць шыфр і іншую інфармацыю ці адразу пазнаёміцца непасрэдна з яе зместам у электронным варыянце. Каталог бібліятэкі складаецца з 12 баз дадзеных (звыш 100 000 бібліяграфічных запісаў), якія даступныя для карыстальнікаў лакальнай сеткі БДПУ, сярод якіх 3 – паўнатэкставыя («Электронная бібліятэка», «Медыятэка» і «Эксперт»).

Мы з увагай ставімся да парадаў і прапаноў па ўдасканаленні працы, імкнёмся дапамагчы нашым наведвальнікам і па магчымасці вырашыць праблемныя сітуацыі. У многім гэта дазваляе зрабіць Цэнтр развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ. Ён цесна ўзаемадзейнічае з бібліятэкай і дапамагае ў вырашэнні пытанняў з праграмным забеспячэннем.

Папулярнымі сярод карыстальнікаў сталі ўведзеныя ў студзені гэтага года платныя паслугі. Зараз электронная бібліятэка дапаможа вам раздрукаваць матэрыялы, захаваць іх на электронных носьбітах, адсканіраваць выданні з фонду бібліятэкі без распазнання і з распазнаннем, вызначыць індэксы ББК і УДК для навуковых прац, аўтарскі знак.

З пашырэннем кола паслуг значна павялічылася і колькасць наведвальнікаў. Найбольш частыя госці тут – самыя «блізкія» студэнты і выкладчыкі (факультэт прыродазнаўства, гістарычны і фізічны факультэты), радзей завітваюць філолагі і матэматыкі. А вось студэнты, якія вучацца ў іншых карпусах, звычайна прыязджаюць з канкрэтнай задачай, напрыклад, запісаць на электронны носьбіт загадзя адшуканую інфармацыю. Супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды гатовы дапамагчы кожнаму хутка і якасна зрабіць тое, для чаго прыйшоў наведвальнік. Таму ўпэўнена, што з кожным днём колькасць аматараў электроннай бібліятэкі будзе толькі расці.

«Рухавыя кнігі»

Сярод мноства ўсіх навамодных захапленняў моладзі, бадай, адно з самых карысных – буккросінг (у перакладзе з англійскай bookcrossing – кнігазварот). Гэты рух налічвае больш за 950 тысяч удзельнікаў па ўсім свеце і, нарэшце, дайшоў да студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта: з пачатку лістапада да яго далучыцца наша бібліятэка. Сэнс буккросінгу заключаецца ў вольным падарожжы кніг ад аднаго чытача да другога. Той, хто прачытаў кнігу, пакідае яе ў якім-небудзь грамадскім месцы, каб іншы выпадковы чалавек мог яе знайсці і прачытаць, пасля чаго працэс паўтараецца. Хутка і ў БДПУ з’явяцца паліцы, запоўненыя такімі выданнямі. У некаторых з нас дакладна назапасілася шмат прачытаных кніг, а нехта хоча падзяліцца творам, які асабліва закрануў яго ці змяніў погляд на жыццё. Запрашаем усіх далучыцца да літаратурнага абмену.

Якія кнігі будуць стаяць на гэтых паліцах? Гэта і вучэбная, і даведачная, і мастацкая літаратура. Вы ўбачыце сапраўднае асарці з розных аўтараў і жанраў, бо галоўная задача бібліятэкі – далучыць студэнтаў да чытання. На сённяшні дзень мы гатовы адпусціць у вольнае плаванне больш за 200 кніг. На сайце БДПУ ўжо ў бліжэйшы час можна будзе азнаёміцца са спісам таго, што ёсць у нашым «рэзерве». Але лепш прыходзьце самі і паглядзіце на ўсё ўласнымі вачыма, а заадно і свае кнігі прыносце. Як будзе развівацца гэты рух у нашым універсітэце, залежыць ад вас, нашых рэальных і патэнцыйных чытачоў.

Калі вас зацікавіў буккросінг і дома знайшлося некалькі кніг, якія не шкада «адпусціць», то вам будуць рады ў п. 372 вучэбнага корпуса №1 (аддзел рэдкай кнігі). Чакаем тут новых сяброў буккросінгу з па­нядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15, у суботу з 9.00 да 15.00. Акрамя таго, кніжныя паліцы буккросінгу ствараюцца і ў інтэрнатах універсітэта. Станьце паўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтага цудоўнага сусветнага руху!

Падрабязную інфар­мацыю пра бібліятэку і рэсурсы вы можаце атрымаць на сайце http://www.bspu.unibel.by


 

13 кастрычніка 2011 года, № 12 (1096)

Эталон педагагічнага майстэрства

Напярэдадні Дня настаўніка студэнты нашага ўніверсітэта атрымалі сапраўдны прафесійны падарунак. У госці да будучых спецыялістаў завіталі лепшыя педагогі краіны – фіналісты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь–2011». На працягу трох дзён у сценах вядучай педагагічнай ВНУ краіны яны сустракаліся са студэнтамі, праводзілі майстар-класы, падчас якіх дзяліліся вопытам сваёй працы. Некаторыя прыёмы і набыткі старэйшых калег будучыя педагогі прадбачліва запомнілі і ўжо сёння дзеляцца імі з чытачамі «Н».

9_500x441

Нам, студэнтам факультэта прыродазнаўства, выпала сустрэцца з цудоўным чалавекам, таленавітым педагогам, майстрам сваёй справы – Ірынай Яўгенаўнай КАСЦЯНКА. Настаўніца хіміі СШ №4 г. Чашнікі актыўна ўкараняе ў практыку асобасна арыентаваныя тэхналогіі, вядучай з якіх з’яўляецца праектна-даследчая дзейнасць школьнікаў. Яе ўрокі напоўнены творчасцю і настаўніка, і вучняў, што дапамагае пераадолець у свядомасці дзяцей стэрэатып пра хімію як «сумную» навуку. Карысць ад такой працы складана пераацаніць. Напрыклад, на сваіх уроках настаўніца змагла даказаць школьнікам, што чыпсы шкодныя для здароўя, і не толькі нашага з вамі. У якасці паддоследных былі абраны рыбкі, якіх на працягу двух тыдняў кармілі чыпсамі. Праз адведзены час рыбкі страцілі сваю афарбоўку і сталі маларухомымі. А як толькі чыпсы былі выключаны з рацыёну – аднавілі колер і актыўнасць і, па словах Ірыны Яўгенаўны, дагэтуль жывыя. Шкоднасць папулярнага сярод падлеткаў прадукту была даказана наглядна. Акрамя таго, на ўроках хіміі настаўніца праводзіла шматлікія доследы з каляровымі газіраванымі напоямі. Вось адзін з іх. Было ўзята чатыры прабіркі: з «Кока-Колай», «Фантай», «Спрайтам» і вадой. У кожную дадалі невялікі кавалачак дражджэй, пасля чаго закрылі паветранымі шарыкамі. Усе ўзоры змясцілі ў аднолькавыя ўмовы, і праз некаторы час шарык надзьмуўся толькі ў чацвёртай прабірцы (вада + дрожджы). Гэта даказвае наступнае: газіраваныя напоі не толькі не з’яўляюцца пажыўным асяроддзем для бактэрый, але і знішчаюць мікрафлору. Адпаведна, трапляючы ў наш арганізм, яны наносяць значны ўрон здароўю чалавека – мікрафлора страўніка гіне.

Пасля такіх наглядных эксперыментаў многія дзеці перасталі ўжываць і чыпсы, і газіраваныя напоі, а гэта ўжо маленькая перамога.

Вольга КРУЧКО, Кацярына РУДАКОЎСКАЯ, факультэт прыродазнаўства


 

Пазнавальнай стала для нас, будучых географаў, сустрэча з Наталляй Мацвееўнай ГРЫЦУК. Творчы падыход адчуваецца ў кожным слове і дзеянні настаўніцы геаграфіі Жамчужненскай СШ Баранавіцкага раёна. Для навучання школьнікаў яна выкарыстоўвае адаптыўную сістэму, дзякуючы якой урокі праходзяць жыва, з вялікай колькасцю наглядных прыкладаў і нават доследаў! Студэнтаў яна парадавала арыгінальнай методыкай дзялення класа на групы. Наталля Мацвееўна папрасіла хутка запісаць на паперы прозвішча вядомага пісьменніка, садавіну, частку твару, колер і свойскую птушку. Пасля гэтага прапанавала падлічыць балы: за адказы «Пушкін», «яблык», «нос», «сіні» і «курыца» трэба было налічыць сабе… нуль балаў! Іншыя ж адказы заслугоўвалі пяці балаў. Па агульнай суме настаўніца раіць меркаваць пра неардынарнасць мыслення вучняў. Тыя, хто набраў 20–25 балаў, як правіла, вызначаюцца багатай фантазіяй і цікавым падыходам да справы, гэта творчыя людзі (у класе такія дзеці патрабуюць асаблівых заданняў); 10–15 балаў – сярэдзінка паміж фантазёрам і прагматыкам. Тыя ж, хто набраў ад нуля да пяці балаў, хутчэй за ўсё вызначаюцца матэматычным складам розуму.

Такі падыход у многім аблягчае працу настаўніка на ўроку. Магчыма, калі-небудзь ён спатрэбіцца і нам.

Кацярына ЧУГАІНАВА, факультэт прыродазнаўства


10_500x375

Без пяці хвілін гісторыкам па­шчасціла ўдвая: мы змаглі пераняць вопыт адразу двух прэтэндэнтак на ганаровае званне «Настаўнік года-2011» – Аксаны Валер’еўны КОЛТАН і Анжэлы Віктараўны ГРЫГАРОВІЧ. Абедзве настаўніцы выдатна сябе зарэкамендавалі, нягледзячы на тое што для прэзентацыі студэнтам абралі розныя методыкі вядзення ўрока.

Аксана Валер’еўна, настаўніца гісторыі гімназіі №1 г. Мядзела, з ліку тых педагогаў, якія аддаюць перавагу інавацыйным метадам і сродкам навучання і не баяцца эксперыментаваць. Невыпадкова яна прадстаўляла метад навучання з дапамогай мультымедыйных сродкаў. Ён найлепей падыходзіць да такога прадмета, як гісторыя. У адрозненне ад іншых ды­сцыплін, якія дазваляюць правесці эксперымент ці назіранне, на занятках па гісторыі факт можна толькі прадставіць. Што ўдала і зрабіла Аксана Валер’еўна. Паказаны фрагмент урока з выкарыстаннем прэзентацыі ўразіў прысутных сваёй якасцю і ін­фарматыўнасцю. Настаўніца даказала, што выкарыстанне мультымедыйных сродкаў станоўча ўплывае на ўспрыманне і асэнсаванне вучнямі інфармацыі. А гэта і ёсць адна з галоўных мэт любога ўрока.

А вось Анжэла Віктараўна, якая выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў гімназіі №1 г. Бабруйска, пакарыла аўдыторыю зусім іншым чынам. Яна пераканала нас у тым, што ніякія сродкі не могуць замяніць аўтарытэт настаўніка. У сваёй педагагічнай практыцы Анжэла Віктараўна выкарыстоўвае шматлікія цікавыя прыёмы – скажам, лёгка можа весці ўрок, знаходзячыся сярод вучняў за апошняй партай. Яна – майстра прыдумваць праблемныя сітуацыі, якія прымушаюць дзяцей думаць, шукаць, а часам дае магчымасць і павесяліцца. Напрыклад, на ўрок па тэме «Гісторыя Францыі» Анжэла Віктараўна прынесла малюнак з выявай Парыжа і вяроўку. Дзеці доўга не маглі зразумець, як можна «звязаць» дзве гэтыя рэчы. Як высветлілася, кемлівая і жартаўлівая настаўніца хацела, каб вучні ўзгадалі знакаміты выраз «Убачыць Парыж – і памерці».

Абедзве сустрэчы былі такімі цікавымі, што студэнты гістарычнага факультэта так і не змаглі канчаткова вызначыцца са сваімі сімпатыямі.

Яўген ПАЦ, гістарычны факультэт


11_500x375

У апошнія вераснёўскія дні студэнтам матэматычнага факультэта таксама давялося ўбачыцца з прад­стаўніка­мі педагагічнай эліты Беларусі. Сваім будучым калегам майстар-клас далі настаўнікі матэматыкі Алена Барысаўна ПРАТАСЕВІЧ і Іван Віктаравіч ЯКІМЕНКА.

Ахвотна дзялілася прафесійным вопытам з пяцікурснікамі настаўні­ца матэматыкі і інфарматыкі СШ №1 г. Драгічына А. Б. Пратасевіч. Тэму для свайго майстар-класа яна абрала наступную: «Аналогія і супрацьпастаўленне на ўроках матэматыкі». Студэнты адзначылі, што матэрыял для іх быў знаёмы, але і ў гэтым ёсць свае плюсы: прыемна, што ўніверсітэцкая адукацыя ідзе ў нагу з часам і своечасова арыентуе студэнтаў у шэрагу новых метадаў і прыёмаў.

Другі з канкурсантаў, І. В. Якіменка, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна, на сваім майстар-класе прапанаваў студэнтам пагутарыць на тэму «Ці быць інтэграцыі?». Своеасаблівым лейтматывам сустрэчы стала ідэя эфектыўнасці інтэграцыі школьнага курса матэматыкі з іншымі галінамі ведаў. Івану Віктаравічу таксама ўдалося даказаць студэнтам на першы погляд вядомую ісціну: для вывучэння любога аб’екта неабходна разглядаць яго з усіх бакоў. Для гэтага ён правёў наступны эксперымент. Перад трыма студэнтамі размясцілі кубік Рубіка такім чынам, каб удзельнікі эксперыменту бачылі толькі некаторыя яго грані. У выніку студэнты апісалі толькі частку аб’екта, але не здолелі расказаць пра тое, што знаходзіцца на нябачных ім гранях, нават зыходзячы са свайго папярэдняга вопыту. Такі педагагічны прыём дапамог наглядна пераканаць нас у важнасці ўсебаковай ацэнкі сітуацыі.

Вядома, што мэтай майстар-класа з’яўляецца прафесійнае ўдасканаленне. Канкурсанты-2011 прапанавалі нам свае шляхі да поспеху, а наколькі яны будуць засвоены, залежыць ад нас, спецыялістаў заўтрашняга дня.

Вольга ДЗЯНІШЧАНКА, Павел ДУБОВІК, Аляксандр КУТЫШ, матэматычны факультэт


 

Толькі са станоўчымі эмоцыямі ўзгадваецца майстар-клас, які правёў настаўнік фізікі гімназіі № 3 г. Гродна Ігар Сяргеевіч МАСЛАЎ. Ён здолеў удала паказаць студэнтам-пяцікурснікам фізфака шырокія магчымасці выкарыстання эўрыстычных заданняў на ўроках астраноміі. Вядома, для настаўніка галоўнае, каб вучні палюбілі яго прадмет і шчыра цікавіліся ім. Чытанне дадатковай літаратуры, на жаль, апошнім часам становіцца хутчэй выключэннем, чым правілам. У такім выпадку эўрыстычныя заняткі – проста знаходка для пачынаючага настаўніка. Яны дапамагаюць школьніку адчуваць сябе даследчыкам і выкарыстоўваць не толькі фантазію і кемлівасць, але і атрыманыя на ўроках веды, а магчыма, і звесткі з дадатковай літаратуры. У сваёй педагагічнай дзейнасці Ігар Сяргеевіч выкарыстоўвае папулярныя, растыражыраваныя ў масавай культуры з’явы і факты, напрыклад, варыянты сцэнарыя сутыкнення астэроіда з зямлёй, магчымасці здабычы карысных выкапняў па-за нашай планетай. На мой погляд, гэта вельмі правільная тактыка, бо сучасныя школьнікі добра знаёмыя з кінафільмамі на касмічную тэматыку і публікацыямі ў Інтэрнэце. Звяртаючыся да гэтых тэм на школьных занятках, вучні знаёмяцца з імі нанова, з пункту гледжання навукі, і задаюцца слушным пытаннем: ці верагодныя некаторыя з падзей, пра якія гавораць усе навокал? А вось тут застаецца адно – прыдумаць свой шлях праверкі або рашэння задання і дзейнічаць па намечаным плане: правяраць, вывяраць і канструяваць, бо заўсёды прыемна ўспамінаць пра пастаўленую задачу, якую ты вырашыў з поспехам.

Вядома, што галіна выкарыстання эўрыстычных заданняў не вычэрпваецца адной астраноміяй: яны паспяхова могуць быць выкарыстаны пры выкладанні блізкай і любімай намі фізікі.

Настасся РЭДЗЬКО, фізічны факультэт


12_500x375

«З дапамогай органаў слыху засвойваецца 15 % інфармацыі, з дапамогай органаў зроку – 25 %, з дапамогай слыху і зроку – 65 % …» – так пачаў майстар-клас для студэнтаў фізічнага факультэта Дзмітрый Анатольевіч ШЫЦ, настаўнік фізікі СШ №16 г. Полацка. Напачатку сустрэча з удзельнікам конкурсу «Настаўнік года-2011» нагадвала звычайны ўрок. Здавалася б, што можа здзівіць пяцікурсніка, які хутка сам будзе вучыць школьнікаў! Тым больш, што пра агрэгатныя станы рэчыва нам добра вядома ўжо даўно. Але слайды, якія падрыхтаваў Дзмітрый Анатольевіч, прымусілі нас ажывіцца: на экране пачалі бегаць вясёлыя чалавечкі. Усе ўзнялі галовы, і ў многіх міжволі з’явілася ўсмешка ад таго, як пацешна гэта выглядала. Ну, як можна такую сур’ёзную тэму звязваць з гэтымі істотамі?! Ды вельмі лёгка! У цвёрдым стане яны стаяць побач і амаль не рухаюцца, у вадкім стане – трымаюцца за рукі і бегаюць то ўлева, то ўправа, у газападобным – рухаюцца хаатычна, кожны сам па сабе. Задача настаўніка заключалася ў тым, каб самае складанае зрабіць лёгкім. І гэта яму сапраўды ўдалося. На гэтым прыкладзе Дзмітрый Анатольевіч паказаў нам, як удала на ўроках фізікі можна выкарыстоўваць флэш-анімацыю. Тым больш, што гэта не толькі падабаецца вучням, але і можа выручыць самога настаўніка. Напрыклад, калі патрэбны для дэманстрацыйнага эксперыменту прыбор сапсаваўся, флэш-анімацыя лёгка прый­дзе на дапамогу. А самае цікавае, што яе можна выкарыстоўваць на любым уроку (фізікі, хіміі, геаграфіі і г. д.), дэманструючы целы, рухі і гукі. Прыемна, што майстар-клас аказаўся не толькі захапляльным, але і карысным для нашай будучай прафесійнай дзейнасці.

Наталля ГАЎРЫЛЬЧЫК, фізічны факультэт


 

«Усміхніся – і ўсё атрымаецца!» – упэўнена былая студэнтка БДПУ, а зараз настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №7 г. Мінска, фіналістка конкурсу Таццяна Уладзіміраўна СЯМЁНАВА. Не дзіўна, што і свой майстар-клас яна пачала з усмешкі. На ўваходзе студэнты цягнулі карткі са словамі, у якіх трэба было паставіць націск. Удзельнікі так актыўна абмяркоўвалі, як будзе правільна – «ку’хонный» ці «кухо’нный», што не заўважылі на адваротным баку картак смешныя малюнкі. А менавіта з іх Таццяна Уладзіміраўна і пачала свой «урок». Натуральна, што студэнты ацанілі такі добразычлівы педагагічны ход. Вельмі важна, з якім настроем чалавек бярэцца за працу: перш чым спасцігаць таямніцы любой навукі, трэба запаліць ліхтарык, які дапаможа прайсці праз усе цяжкасці і цьмяныя моманты. Гэты ліхтарык – усмешка, добры настрой. Значыць, некалькі хвілін, патрачаныя на жарты, напрыклад, з ката ў капелюшы, ніколі не прападуць дарма. Па прызнанні настаўніцы, яна жыве па прынцыпе: «Аддавай усё лепшае свету, і свет аддасць лепшае табе». Мне здаецца, што з такім жыццёвым дэвізам Таццяна Уладзіміраўна атрымлівае сотні ўсмешак у зварот кожны дзень!

Ганна БАГУМІНСКАЯ, факультэт беларускай і рускай філалогіі

P.S. Як стала вядома, ганаровае званне «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011» і «Крыштальнага жураўля» атрымала Інэса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА, настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава. Першая прэмія ў Алены Уладзіміраўны ЦІЛЮЛА, другая – у Алены Яўгенаўны Гарбар, а трэцяя – у Ігара Сяргеевіча МАСЛАВА. Віншуем пераможцаў!


 

31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)

Для навучання адлегласць не перашкода

Дыстанцыйнае навучанне — адзін з эфектыўных сродкаў мадэрнізацыі адукацыі, які ўдала спалучае традыцыйныя і інавацыйныя формы і метады ажыццяўлення вучэбнага працэсу. Перавагі «навучання на адлегласці» відавочныя: свабодны графік заняткаў, эканомія часу, зніжэнне выдаткаў і г.д. У БДПУ для ўкаранення дыстанцыйнага навучання ў вучэбны працэс магістратуры (завочная форма атрымання адукацыі) стварылі рабочую групу «Магістр» пад кіраўніцтвам прарэктара па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце В.М. Зелянкевіча. Вынікам яе дзейнасці стала распрацоўка вучэбна-метадычнага дыстанцыйнага комплекса для магістрантаў.

У склад рабочай групы «Магістр» увайшлі прадстаўнікі цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій, агульнаўніверсітэцкіх кафедраў, якія забяспечваюць цыклы дысцыплін кандыдацкіх экзаменаў і залікаў, а таксама кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. На базе апошняй днямі быў праведзены семінар «Сістэма дыстанцыйнага навучання. Практыка выкарыстання ў БДПУ», дзе прысутныя ў рэжыме рэальнага часу маглі назіраць, якім чынам адбываецца вучэбны працэс пры такой форме арганізацыі заняткаў.

Загадчык кафедры С.І. Чубараў растлумачыў прысутным, што дзякуючы сістэме MOODLE (МОДУС), якая ўстаноўлена на серверы БДПУ, распрацоўваць дыстанцыйныя курсы можна нават людзям без спецыяльнай падрыхтоўкі. Набор стандартных модуляў забяспечвае магчымасць стварэння курсаў любой складанасці па розных дысцыплінах. Можна размяшчаць вучэбныя матэрыялы любых фарматаў: тэкставыя ці графічныя дакументы, аўдыя- і відэафайлы, прэзентацыі і г.д. А самае галоўнае — кожны курс мае падрабязнае апісанне і рэкамендацыі па яго стварэнні. Гэтая інфармацыя даступная і для гасцей — незарэгістраваных карыстальнікаў.

Магчымасці дыстанцыйнай сістэмы навучання былі прадэманстраваны прысутным на прыкладзе яе выкарыстання на фізічным факультэце. Што да вучэбна-метадычнага комплекса для магістрантаў, то ён уключае ў сябе пералік усіх спецыяльнасцей, вучэбныя планы, кароткія канспекты лекцый абавязковых курсаў, пытанні і заданні, спіс тэм і літаратуры для напісання рэфератаў і інш. Выкананую працу магістрант дасылае праз электронную пошту выкладчыку, які пры неабходнасці робіць пэўныя заўвагі і пажаданні. Выстаўленыя адзнакі можа ў любы час паглядзець і студэнт, і выкладчык.

Трэба сказаць, што на многіх факультэтах членамі рабочай групы ўжо праведзены вучэбныя семінары для прафесарска-выкладчыцкага складу па выкарыстанні сістэмы MOODLE. А нядаўна на пасяджэнні навукова-метадычнага савета БДПУ абмяркоўваліся перавагі новых форм ўзаемадзеяння выкладчыка і студэнта, якія прадастаўляе дыстанцыйнае навучанне (у прыватнасці, зносіны ў фармаце форумаў і інш.).

Канчатковае ўкараненне дыстанцыйнай сістэмы ў вучэбны працэс магістрантаў завочнай формы атрымання адукацыі будзе завершаны да пачатку новага навучальнага года. Пра поўны пераход студэнтаў на такую сістэму пакуль гаварыць не даводзіцца, аднак як элемент адукацыйнага працэсу дыстанцыйнае навучанне набывае ўсё большае распаўсюджанне. Пра гэта сведчыць і тое, што студэнты і магістранты з вялікай ахвотай карыстаюцца магчымасцямі новай формы арганізацыі навучання.

Вераніка МАНДЗІК


 

20 студзеня 2011 года, № 1 (1085)

Скарбонка педагагiчнай мудрасцi

Настаўнікі – людзі асаблівыя: амаль усё сваё жыццё яны не толькі вучаць дзяцей, але і бесперапынна вучацца самі. У гэтым і заключаецца сакрэт паспяховай педагагічнай дзейнасці: пастаянна імкнуцца да новага, быць у курсе сучасных адукацыйных працэсаў… А яшчэ – знаёміцца з творчымі набыткамі сваіх калег, пераймаць і ўдасканальваць іх вопыт. Наўрад ці хто-небудзь можа расказаць пра тонкасці педагагічнай прафесіі лепш, чым людзі, прызнаныя ў ёй лепшымі, – пераможцы прафесійнага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Цяпер кожны з нас можа вывучаць педагагічныя прыёмы, методыкі і тэхналогіі перадавых настаўнікаў краіны па асобным вучэбна-метадычным дапаможніку «Лідары педагагічнай прафесіі: сцэнарыі эфектыўнай педагагічнай дзейнасці». Аўтарамі кнігі, якая ўбачыла свет напрыканцы мінулага года, з’яўляюцца доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі БДПУ І.І. Цыркун, а таксама кандыдат педагагічных навук, дацэнт гэтай жа кафедры Л.А. Казінец. Снежаньскімі днямі ў сценах нашага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя дапаможніка.

13_500x333

На мерапрыемства з’ехаліся госці з усёй Беларусі: выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага і Мазырскага педагагічнага ўніверсітэтаў, супрацоўнікі АПА, прадстаўнікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Аднак у цэнтры ўвагі былі, вядома ж, пераможцы конкурсу «Настаўнік года» – галоўныя героі дапаможніка, на старонках якога яны падзяліліся сакрэтамі прафесійнага поспеху. Упершыню конкурс прафмайстэрства сярод педагогаў краіны быў праведзены ў 1991 годзе (тады былі вызначаны адразу два пераможцы), пасля беларускія настаўнікі змагаліся за ганаровае званне яшчэ сем разоў. У мерапрыемстве змаглі прыняць удзел шасцёра з дзевяці пераможцаў конкурсу: У.М. Дзядкоў, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Баранавічы, і С.У. Ляпёшкін, настаўнік спеваў СШ № 62 г. Мінска (1991 год); Ю.У. Маслаў, настаўнік англійскай мовы СШ № 7 г. Баранавічы (1992 год); І.В. Якіменка, настаўнік інфарматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 (2004 год); І.Р. Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі № 4 г. Смаргонь (2006 год); Ю.М. Андрэйчык, настаўнік біялогіі, дырэктар СШ № 2 г. Ганцавічы (2009 год).

«Пры ўсёй важнасці праграм, методык, інавацый галоўную ролю ў арганізацыі вучэбнай дзейнасці заўжды будзе займаць настаўнік, – такімі словамі распачаў круглы стол «Сакрэты паспяховасці педагога» Іван Іванавіч Цыркун. – Таму так важна абагульняць перадавы вопыт лідараў педагагічнай прафесіі, сапраўдных майстроў сваёй справы». З гэтым пагадзіўся першы прарэктар БДПУ А.І. Андарала, які, акрамя таго, адзначыў: «Адным з недахопаў сучаснай педагагічнай адукацыі ў ВНУ з’яўляецца слабая сувязь тэорыі і практыкі. Вашы веды, ваш прафесіяналізм могуць дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Таму мы будзем рады прыняць вас на працу ў наш універсітэт у якасці выкладчыкаў прыватных методык».

14_500x333

Вядома ж, каб падзяліцца ўсімі сакрэтамі прафесійнай паспяховасці, выступоўцам спатрэбілася б не адна гадзіна і нават не адзін дзень. Таму яны гаварылі пра самае асноўнае, выказвалі найбольш цікавыя і арыгінальныя думкі, успаміналі пра свой удзел у конкурсе. Упэўнены ў неабходнасці яго правядзення У.М. Дзядкоў, бо, па словах настаўніка, менавіта тут крышталізуецца педагагічная думка. Выхаванцы Уладзіміра Міхайлавіча заваявалі ў міжнародных алімпіядах сярэбраны і два бронзавыя медалі, аднак выдатнік асветы БССР і заслужаны настаўнік рэспублікі прызнаецца, што ніколі не ставіў сабе мэту зрабіць з усіх вучняў хімікаў. «Галоўнае – даць правільны жыццёвы арыенцір, каб пасля кожны з іх стаў карысным для грамадства».

Конкурс «Настаўнік года» стаў вяхой у жыцці І.В. Якіменкі: настаўнік паказаў на практыцы, як трэба ісці да пастаўленай мэты (у дадзеным выпадку – перамогі). Любы самастойны чалавек, на думку Ігара Віктаравіча, павінен дакладна фармуляваць пэўныя задачы і вызначаць сродкі іх дасягнення. Гэтаму, адпаведна, варта вучыць і дзяцей. Атрымоўваецца штосьці накшталт алгарытму ў інфарматыцы, праўда, жыццё часта вымушае карэкціраваць намечаны план дзеянняў. «Кожны настаўнік – вялікі працаўнік, і працуем мы перш за ўсё над сабой, нястомна і штодзённа», – падсумаваў Ігар Віктаравіч.

Галоўным вынікам удзелу ў конкурсе для І.Р. Клявец стаў вопыт, які дае настаўніцы магчымасць быць мудрай і незалежнай, крытычна глядзець на сябе і аб’ектыўна ацэньваць іншых. «Ганаровае званне лепшага настаўніка даецца не на адзін год, а на ўсё жыццё, таму неабходна пастаянна даказваць, што яно было прысуджана не выпадкова. А гэта значыць – трэба працаваць усё лепш і лепш, не даваць сабе самазаспакойвацца, губляцца ў будзённасці», – зазначыла Ірына Рамуальдаўна.

Кнігу І.І. Цыркуна і Л.А. Казінец можна назваць сапраўднай скарбонкай педагагічнай мудрасці, яна павінна стаць настольнай для ўсіх, хто хоча дасягнуць найлепшых вынікаў на ніве адукацыі і выхавання. З гэтым сцвярджэннем цалкам згодна Г.І. Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, прафесар, доктар педагагічных навук, старшыня журы двух апошніх конкурсаў «Настаўнік года». «Гэты цудоўны дапаможнік – найлепшая прапаганда нашай прафесіі і найлепшае натхненне для тых, хто хоча стаць педагогам».

Мне здаецца вельмі паказальным, што першым пераможцам конкурсу «Настаўнік года» стаў выпускнік літаратурна-музычнага факультэта нашага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Ляпёшкін. Няма сумнення ў тым, што гэты слаўны спіс папоўніцца ў будучым і іншымі «танкаўцамі». Тым больш што побач з БДПУ з’явілася цудоўная архітэктурная кампазіцыя – журавы, якія імкнуцца ў вышыню, і гэта, відаць, найбольш удалае сімвалічнае ўвасабленне педагагічнага прызвання.

Вераніка МАНДЗІК


 

11 лістапада 2010 года, №14 (1081)

Семінар навуковых кіраўнікоў магістрантаў

Дзевятнаццатага кастрычніка адбыўся семінар для навуковых кіраўнікоў магістрантаў на тэму «Методыка і тэхніка навуковага даследавання». У ім прынялі ўдзел першы прарэктар А.І. Андарала, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення В.А. Зайцаў, загадчык кафедры педагогікі І.І. Цыркун, а таксама 70 навуковых кіраўнікоў магістрантаў.

Ключавым дакладам семінара было выступленне прафесара І.І. Цыркуна. Ён звярнуў увагу слухачоў на тыповыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца магістранты пры напісанні дысертацыі. Так, фармулёўка тэмы даследавання павінна складацца па наступнай схеме: мэтавы кампанент, інавацыя, удакладняльная прыкмета. Пры гэтым не рэкамендуецца ўжываць наступныя словы: «вывучэнне», «даследаванне», «да пытання». Іван Іванавіч адзначыў, што больш уважлівымі трэба быць пры аглядзе літаратуры па тэме магістарскага дысертацыйнага даследавання. На жаль, вельмі часта агляд навуковай літаратуры зводзіцца толькі да апісання праблемы ў інтэрпрэтацыях іншых даследчыкаў, а высновы фактычна паўтараюць асноўны тэкст. Праблемай з’яўляецца слабае выкарыстанне замежных крыніц, што істотна адбіваецца на якасці працы. Дакладчык спыніўся і на недахопах у метадалагічным блоку дысертацыйнага даследавання, якія заключаюцца ў няведанні і няўменні магістранта выкарыстоўваць навуковыя метады пазнання, што прыводзіць да неэўрыстычных мадэляў і нездавальняючых доказных вынікаў. Так, апарат навуковага даследавання павінен складацца з праблемы, тэмы, актуальнасці, аб’екта, прадмета, задачы, гіпотэзы і значэння дадзенага даследавання для навукі. Аднак слабая прапрацоўка ў вызначэнні задач даследавання (напрыклад, іх залішняя колькасць) перагружае працу, надае ёй аморфны характар. А адсутнасць гіпотэзы даследавання робіць дысертацыю трывіяльнай. У выніку палажэнні, якія выносяцца на абарону, становяцца дыфузнымі і занадта аб’ёмнымі. Аб’ектыўна гэта прыводзіць да няўдалай пабудовы навуковага даклада на абароне, не дае выразнага ўяўлення аб практычнай значнасці даследавання. Такім чынам, слабы ўзровень метадалагічнай падрыхтоўкі дысертантаў і недыферэнцыраванасць узроўняў штодзённага і навуковага пазнання абумоўліваюць праблему якасці дысертацыйнага даследавання.

15_500x333

У ходзе семінара адбылася грунтоўная дыскусія па яго праблематыцы. Дацэнты В.І. Сляпкова і В. М. Капцэвіч вызначылі асноўныя праблемныя зоны ў сістэме падрыхтоўкі магістрантаў ва ўніверсітэце і акрэслілі магчымыя шляхі пераадолення гэтых цяжкасцей.

А. Навумава, метадыст вышэйшай катэгорыi


 

27 мая 2010 года, №8 (1075)

Бягучы год аб’яўлены ў рэспубліцы годам якасці, а значыць, усе сферы нашага жыцця, у тым ліку і навука, павінны адпавядаць самым высокім патрабаванням. Якія ж якасныя змяненні адбываюцца ў выкладанні гісторыі і як яны ўплываюць на эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу? З такім пытаннем рэдакцыя «Н» звярнулася да доктара гістарычных навук, прафесара нашага універсітэта, галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса «Гісторыя: праблемы выкладання» Мікалая Іосіфавіча МІНІЦКАГА.

— Вырашэнне праблемы якасці гістарычнай адукацыі, безумоўна, звязана з далейшым абнаўленнем яе зместу, удасканаленнем методыкі выкладання і паглыбленнем выхаваўчага ўздзеяння гісторыі як вучэбнага прадмета. У змесце адукацыі для гісторыкаў асаблівую важнасць набываюць новыя факты і аб’ектыўныя ацэнкі мінулага. Методыцы трэба абапірацца на інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, якія адпавядаюць стандартам сусветнай навукі. Што да выхавання гісторыяй, то тут галоўнае месца павінны займаць тыя духоўныя каштоўнасці, што фарміруюць грамадзяніна-патрыёта, адухоўленага ідэаламі дабрыні і справядлівасці.

У сучаснай методыцы адбываюцца істотныя змены. У ліку найбольш важкіх задач трэба назваць умацаванне яе статусу як навукі. Гэта адбываецца за кошт развіцця міждысцыплінарнай сувязі методыкі з іншымі галінамі ведаў — філасофіяй, кагнітыўнай псіхалогіяй, інфарматыкай… Я ўпэўнены, што метады канструявання ведаў, распрацаваныя гэтымі навукамі, дазволяць значна павысіць эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу.

У якасці прыкладу можна прывесці выкарыстанне кагнітыўных тэхналогій, сутнасць якіх заключаецца ў сувязі пазнавальных працэдур і структур ведаў, узятых з розных навуковых галін. Канкрэтныя распрацоўкі кагнітыўных спосабаў захоўвання і перапрацоўкі вучэбнай інфармацыі дазваляюць зрабіць апошнюю больш кампактнай, а аперацыі з ёю больш эфектыўнымі. Так, можна ўдасканаліць структуру зместу сучаснага падручніка, у выніку чаго яго аб’ём значна паменшыцца без паніжэння інтэлектуальна-развіццёвага патэнцыялу.

Гэтым накірункам у вызначанай ступені ўжо займаюцца канкрэтныя структуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама адпаведныя кафедры гістарычнага факультэта нашага універсітэта, дзе працуюць высокакваліфікаваныя кадры і ёсць неабходнае абсталяванне.


 

27 мая 2010 года, №7 (1075)

Педагагічная адукацыя: тэндэнцыя развіцця

16_500x375Традыцыйная міжнародная канферэнцыя пад назвай «Педагагічнаяадукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў» у чарговы, чацвёрты раз адбылася ў сценах нашай alma mater. Яна, як і заўжды, сабрала вучоных з розных краін, зацікаўленых у павышэнні якасці педагагічнай адукацыі з улікам сучасных сусветных тэндэнцый. Праблемы пошуку новых рэсурсаў паляпшэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка і выпрацоўкі прагнозаў развіцця сістэмы навучання і выхавання для нашай краіны з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Іх вырашэнню са
дзейнічаюць адпаведныя міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, у тым ліку і тая, што прайшла нядаўна ў БДПУ.

Удзел у форуме прынялі навукоўцы з Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях адукацыі (г. Цуг, Швейцарыя), Расійскага дзяржаўнага універсітэта імя Эмануіла Канта (г. Калінінград), Псіхалагічнага інстытута РАА (г. Масква), шэрагу расійскіх дзяржаўных педагагічных універсітэтаў з розных гарадоў. Выступілі прадстаўнікі класічных і профільных універсітэтаў, абласных інстытутаў развіцця адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, а таксама дырэктары сталічных школ і гімназій.

Распачаў пленарнае пасяджэнне рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. КУХАРЧЫК, які выступіў з прывітальным словам да ўдзельні­каў канферэнцыі. «Мы падтрымліваем развіццё кантактаў у сферы педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, бо яны садзейнічаюць пашырэнню інфармацыйнай прасторы, ітэграцыі навуковых дасягненняў і перадавога вопыту, — пад­крэсліў Пётр Дзмітрыевіч. — Думаю, што сённяшняя канферэнцыя будзе садзейнічаць узаемаабмену навуковай інфармацыяй, наладжванню цеснага супрацоўніцтва ў галіне інавацыйнай адукацыйнай практыкі».

У працэсе развіцця нацыянальных сістэм педагагічнай адукацыі выяўляюцца агульныя для розных краін праблемныя пункты. Асобныя з іх былі закрануты выступоўцамі на пленарным і секцыйных пасяджэннях. Так, пра асаблівасці класічнай і інавацыйных мадэляў адукацыі, а таксама пра іх каштоўнасную сутнасць гаварыў загадчык кафедры педагогікі БДПУ, прафесар І.І. ЦЫРКУН. Ні для каго не сакрэт, што каштоўнасці адукацыі змяняняюцца ў працэсе развіцця грамадства. Калі напачатку мінулага стагоддзя мы марылі пра тое, што прыйдзе «царства» машын, то сёння заўважаем, што тэхналагічныя ноўшасці не зрабілі чалавека шчаслівым. Наадварот, прыярытэты інфармацыі і тэхнікі сталі насіць разбуральны характар.

Ва ўмовах гэтага кантэксту стваралася класічная мадэль адукацыі, якая заключаецца ў перадачы навучэнцам назапашанага вопыту, лагічна завершаных сістэм ведаў і правілаў. Аднак у апошнія гады інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёму інфармацыі прывяло да таго, што нават вучоныя адной галіны ведаў не заўсёды разумеюць навуковую мову сваіх калег. А што ўжо гаварыць пра вучняў школ! Праблемы мэтаў і зместу адукацыі сталі яшчэ больш складанымі. Незадаволенасць сучаснай адукацыяй зараз ахоплівае ўвесь свет. Яе крызіс найбольш выразна характарызуецца наступнымі эпітэтамі: бездухоўная, абстрактная, неэфектыўная, фармальная. Аднак ёсць прыклады педагагічных інавацый, якія арыентаваны на духоўныя запатрабаванні асобы, яе найвышэйшыя каштоўнасці. Гэта перш за ўсё школа заўтрашняга дня Эй-Сі-І і вальдорфская школа.

У першым выпадку праследжваецца арыентацыя на сістэму універсальна прызнаных каштоўнасцей. Вызначана 60 самых важных рыс характару, якія неабходна сфарміраваць у вучняў. Іерархія ў іх наступная: сумленне, суцэльнасць, шчырасць, руплівасць, асабістая адказнасць, адвага, рашучасць і г.д. Праграма адукацыі па кожным прадмеце максімальна індывідуалізавана, яна гнутка падладжваецца пад асабістую непаўторнасць кожнага вучня. Школьнік можа адначасова быць у пятым класе па англійскай мове, у шостым — па матэматыцы і сёмым — па прыродазнаўстве. Вучоба пераўтвараецца ў серыю дастаткова дробных і відавочна дасягальных мэт і ўскладае адказнасць за іх дасягненне на самаго вучня.

Зусім іншая педагагічная сістэма навучання, якая таксама прыводзіць да рэалізацыі высокіх каштоўнасцяў, прадстаўлена ў вальдорфскіх школах. Тут няма культу сучаснай тэхнікі, з пашанай гавораць пра расліны і вельмі крытычна — пра тэлевізары і іншыя прадукты масавай культуры. Дзецям прывіваюцца прасякнутыя жывым пачуццём адносіны да прыроды, любоў да вясковага жыцця. У якасці прыкладу Іван Іванавіч расказаў пра асаблівасці вывучэння фізікі ў вальдорфскіх школах. Зыходнай пазіцыяй, асабліва на пачатковым этапе, з’яўляецца перажытая фізічная з’ява. Па прычыне таго, што большасць дзяцей займалася да 6-га класа музыкай, фізіку пачынаюць вывучаць з акустыкі, з гукаў. Далей выкладаецца оптыка. На падставе серыі фізічных доследаў па змене колераў дзеці выводзяць заканамернасці не лагічна, а нібыта «адчуваючы» і «перажываючы» іх. Пачынаючы з 10-га класа, фізіка вывучаецца з выкарыстаннем навуковага падыходу.

Пазнаёміўшыся з перадавымі педагагічнымі інавацыямі, мы з дапамогай дырэктара гімназіі №29 г. Мінска В. В.  ПШЫКАВА звярнуліся да праблем, якія тычацца ўдасканалення падрыхтоўкі будучых педагогаў. Недахопы, што існуюць у такой падрыхтоўцы, вельмі выразна праяўляюцца менавіта падчас працы ў навучальных установах. Зыходзячы з вопыту работы з маладымі спецыялістамі і настаўнікамі са стажам, наш госць акрэсліў агульныя патрабаванні да педагагічных кадраў. «Нам патрэбны настаўнік з акрэсленай прафесійнай пазіцыяй, які валодае глыбокімі прадметнымі ведамі; настаўнік, які ўмее планаваць сваю педагагічную дзейнасць; настаўнік, здольны арганізаваць творчую дзейнасць на ўроку; настаўнік, што мае ўстойлівы псіхалагічны стан».

У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі неабходна пэўным чынам карэкціраваць падрыхтоўку педагагічных кадраў. У прыватнасці, рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць дзейнічаць не стэрэатыпна, працаваць у камандзе і ў той жа час захоўваць індывідуальныя рысы, валодаюць лідэрскімі і арганізатарскімі якасцямі.

Увогуле ж трэба адзначыць, што праблемнае поле канферэнцыі было надзвычай шырокім: ад педагагічнай творчасці да кампетэнтнаснага падыходу, ад дыдактычных асноў самаадукацыйнай дзейнасці студэнтаў да ўпраўлення пазнавальным працэсам пры дыстанцыйным навучанні. І ўсё ж, мне здаецца, крыніцай поспеху ў школе заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца асоба настаўніка. Таму ў рэшце рэшт усе гэтыя пытанні зводзяцца да якаснай падрыхтоўкі педагагічных кадраў, чым дастаткова паспяхова і займаецца наша alma mater на працягу не аднаго дзесятка гадоў.

17_500x375

Вераніка МАНДЗІК


 

29 красавіка 2010 года, №6 (1073)

Раскажы мне пра БДПУ — па-літоўску

Эфектыўнасць і якасць адукацыі залежаць ад многіх фактараў. Для тых, хто вывучае замежную мову, самае важнае — магчымасць мець зносіны з яе непасрэднымі носьбітамі. Студэнтам-літуаністам з факультэта беларускай філалогіі і культуры ў гэтым плане пашанцавала: яны праходзяць педагагічную практыку ў Пяляскай прыватнай сярэдняй школе, дзе навучанне цалкам адбываецца па-літоўску. Але галоўнае — вось ужо каторы год яны ўдасканальваюць свае веды і ўменні ў Вільнюскім педагагічным універсітэце, з якім нашу alma mater звязваюць даўнія сяброўскія і дзелавыя адносіны. Нядаўна студэнты і выкладчыкі ВПУ завіталі ў госці да нас: адны — каб атрымаць новы вопыт, другія — каб перадаць яго.

Да ліку апошніх адносіцца выкладчыца факультэта літуаністыкі ВПУ Лілія Александровіч. Правёўшы некалькі заняткаў з нашымі студэнтамі, яна адзначыла высокі ўзровень іх ведаў: « Я працавала з другім і пятым курсам, у асноўным мы займаліся развіццём вуснага маўлення, разглядалі найбольш эфектыўныя спосабы і прыёмы навучання літоўскай мове. Дзяўчаты цудоўна справіліся, я вельмі задаволена. Мы выбіралі нейкую тэму, цікавую для студэнтаў, і, абмяркоўваючы яе, вывучалі новыя моўныя канструкцыі. Падчас аднаго з заняткаў я дала такое заданне: зрабіць рэкламу свайго універсітэта. Мы знайшлі столькі пунктаў, за якія можна пахваліць БДПУ! Гэта і зручнае месца размяшчэння, і выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, і высакакласныя спецыялісты, а яшчэ — дух творчасці і маладога запалу, якім нібы прасякнуты тут кожны сантыметр. А для нас, вядома, вельмі важна тое, што БДПУ — адзіная на тэрыторыі Беларусі навучальная ўстанова, дзе існуе спецыяльнасць «Літоўская мова».

Чым жа запомніўся тыдзень, праведзены ў сценах нашай навучальнай установы, студэнтам ВПУ? Аказалася, станоўчых эмоцый і ўражанняў ім хопіць надоўга!

Вадзім Хлебародаў, 2-гі курс, спецыяльнасць «Руская філалогія і міжкультурныя камунікацыі»: «Мы стараліся наведваць лекцыі па прадметах, якія не прадугледжаны нашымі вучэбнымі планамі. Напрыклад — дзяржаўная дзейнасць, падрыхтоўка да выхаваўчай працы ў летніку. Аднак асабіста для мяне галоўнай мэтай паездкі было пагля­дзець, як ажыццяўляецца студэнцкае самакіраванне ў вашым універсітэце (я сам з’яўляюся старшынёй савета свайго факультэта). Я быў прыемна здзіўлены такой колькасцю найцікавейшых мерапрыемстваў, якія праходзяць у БДПУ, а таксама надзвычай высокім узроўнем іх правядзення. І гэта пры тым, што па вялікім рахунку ўсё арганізуюць і ўвасабляюць самі ж студэнты! Мы з сябрам, напрыклад, як прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва ўвайшлі ў склад журы на конкурсе «Міс факультэта рускай філалогіі». Эмоцыі проста б’юць цераз край! Дзякуючы гэтай паездцы я поўны новых ідэй, думак, планаў і пастараюся ўсё гэта ўвасобіць на сваім факультэце. Вы мяне проста натхнілі!»

Дзіяна Казлова, студэнтка філалагічнага факультэта: З задавальненнем наведалі лекцыі па ўводзінах у мовазнаўства, хоць гэты курс прайшлі ўжо год назад. Проста мы даведаліся, што ў вас яго чытае прафесар А.А. Гіруцкі, па падручніку якога мы займаліся ў сваім універсітэце. Самі разумееце, адна справа — чытаць дапаможнік, і зусім іншая — паслухаць «жывую» лекцыю! Нам запомніцца добрая арганізацыя паездкі і проста фантастычная культурная праграма. Праўда, нават не хочацца пакідаць ваш універсітэт — мы ўжо марым вярнуцца сюды зноў!»

Вераніка МАНДЗІК

18_500x375


12 лістапада 2009, № 15 (1064)

 

Інтэрнет – тэт-а-тэт

Нарэшце здзейснілася — у БДПУ адкрыўся клас электроннай бібліятэкі! Гэта доўгачаканы падарунак рэктарата нашым студэнтам да знамянальнай даты ў жыцці універсітэта. Наш карэспандэнт зацікавіўся: чым выклікана неабходнасць такога новаўвядзення і якія магчымасці яно дасць будучым педагогам?

Рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. КУХАРЧЫК:

— Нягледзячы на выдатны кніжны фонд, якім валодае універсітэт, мы адкрываем яшчэ і электронную бібліятэку, бо атрыманне студэнтамі інфармацыі на электронных носьбітах — практыка не заўтрашняга, а ўжо сённяшняга дня. Дый для школьнікаў камп’ютэр і Інтэрнет сталі звыклай справай. Так што, я лічу, у плане інфармацыйных тэхналогій нашы выпускнікі павінны быць на галаву вышэйшымі за сваіх выхаванцаў. Напачатку я асабіста буду сачыць за тым, каб электронная бібліятэка выкарыстоўвалася на поўную магутнасць і была запатрабавана ў студэнтаў і выкладчыкаў.

Дырэктар бібліятэкі Н. П. СЯТКОЎСКАЯ:

— Толькі што завершана праца па абсталяванні памяшкання, у якім карыстальнікі будуць мець доступ да электроннай базы. Гэта 114-ы пакой трэцяга вучэбнага корпуса. Ужо зроблены рамонт, закуплена новая мэбля, устаноўлены 20 камп’ютэраў з падключэннем да лакальнай сеткі універсітэта і Інтэрнету. Бібліятэка змяшчае ў электронным выглядзе вучэбна-метадычныя выданні выкладчыкаў.

БДПУ (метадычныя дапаможнікі, канспекты і курсы лекцый, лабараторныя работы, кантрольныя заданні і інш.). Паколькі іх аўтары — работнікі універсітэта, то і маёмаснае права на такога кшталту публікацыі належыць ВНУ, якая адкрывае для свабоднага доступу ўласныя распрацоўкі.

Акрамя таго, з’явіцца магчымасць карыстацца электроннымі варыянтамі выданняў, якія знаходзяцца ў бібліятэцы ў абмежаванай колькасці ці больш не перавыдаюцца, а таксама кнігамі, што маюць павышаны попыт, гістарычную каштоўнасць і г.д. Для ЭБ закуплена каля 500 ліцэнзійных мультымедыйных падручнікаў і навучальных праграм. Ёсць доступ да паўнатэкставай базы дадзеных «Эксперт».

Электронная бібліятэка змяшчае каталог на базе аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы «МАRК-SQL», які адлюстроўвае фонд бібліятэкі з 1991 года (каля 90 000 бібліяграфічных за-пісаў) і дапагае аператыўна даведацца пра наяўнасць і месцазнаходжанне таго ці іншага дакумента, атрымаць прамы доступ да матэрыялаў. У бліжэйшы час стане магчымым выкарыстанне рэсурсаў «Віртуальнай чытальнай залы» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе размешчаны сусветныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы па розных галінах навукі.

Прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце В. М. ЗЕЛЯНКЕВІЧ:

— Мы будзем папаўняць фонды электроннай бібліятэкі знешнімі і ўнутранымі рэсурсамі па профілях усіх факультэтаў і спецыяльнасцей, якія ёсць ва уні-версітэце. Спачатку электронны каталог і паўнатэкставыя матэрыялы электроннай бібліятэкі будуць даступныя карыстальнікам толькі ў лакальнай сетцы. У перспектыве мы плануем прадаставіць студэнтам і выкладчыкам магчымасць працаваць з тэкстамі і праз сайт бібліятэкі ў Інтэрнеце па паролі або па нумары чытацкага білета. Так што да электронных кніг атрымаюць доступ і студэнты завочнай формы навучання.

Хутка мы ўвядзем такую паслугу, як электронная дастаўка дакументаў (ЭДД), г.зн. іх перасылка з фондаў бібліятэкі на адрасы электроннай пошты нашых чытачоў па іх запытах. На сайце http://library.bspu.unibel.by:90/ са снежня г.г. штомесячна будуць праводзіцца выстаўкі новых паступленняў.

Валерый Міхайлавіч пад-крэсліў, што забяспечыць універсітэт сучаснай тэхнікай — гэта толькі пачатак на шляху інфарматызацыі. Галоўнае — наяўнасць і якасць саміх электронных рэсурсаў, а найперш — культура і нават патрэба іх выкарыстання. Так што выбар за вамі: працаваць па-ранейшаму або далучыцца да кагорты найбольш прасунутых карыстальнікаў і ацаніць усе выгоды сучасных інфармацыйных дасягненняў.


24 верасня 2009, № 12 (1061)

АДУКАЦЫЯ NON-STOP

19_500x375Дарагія карыстальнікі бібліятэкі! Запрашаем вас наведаць нашу «Медыятэку» і выкарыстаць багаты адукацыйны патэнцыял гэтай калекцыі!

Медыятэка — сукупнасць сучасных сродкаў аўдыё-, тэле-, візуальных і віртуальных камунікацый, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе арганізацыі, планавання і правя­дзення заняткаў.

Асноўнай задачай нашай «Медыятэкі» з’яўляецца збор, сістэматызацыя і прадстаўленне ў карыстанне шырокаму колу чытачоў рознабаковай інфармацыі па ўсіх галінах ведаў на электронных носьбітах. Карыстальнік, самастойна працуючы ў «Медыятэцы», набывае тут магчымасць чытаць інфармацыю з дыскаў, праслухоўваць і праглядаць фона- і відэазапісы.

Вашай увазе прадстаўлена калекцыя з больш чым 500 CD-, DVD-дыскаў па асноўных вучэбных дысцыплінах: фізіцы, хіміі, матэматыцы, музыцы, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, рускай літаратуры, рускай мове, замежных мовах, уключаючы серыі «Рэпетытар», «Адукацыйная калекцыя» і многае іншае. Усе артыкулы праілюстраваны слайдамі і рэпрадукцыямі, відэафрагментамі, дыяграмамі, табліцамі, тэкставымі апісаннямі і азначэннямі.

Для атрымання дадатковых ведаў прапануюцца энцыклапедыі, слоў-нікі, даведнікі па рознай тэматыцы.

Таксама можна карыстацца навучальнымі праграмамі па замежных мовах: англійскай, нямецкай, француз­скай, іспанскай, італьянскай, партугальскай.

Для прафесіяналаў і пачынаючых прадугле­джаны навучальныя камп’­ютэрныя праграмы (Windows, Word, Excel, стварэнне Web-сайтаў, праграмаванне, лічбавая апрацоўка гука, запіс CD і DVD).

Аматары мастацтва атрымаюць эстэтычную асалоду ад калекцыі, прысвечанай культуры і мастацтву розных краін, стыляў і эпох. Такія электронныя рэсурсы, як мультымедыйны вучэбны дапаможнік «Су­светная мастацкая культура», «Лекцыі па гісторыі мастацтва» могуць быць выкарыстаны ў якасці вучэбных дапаможнікаў па прадмеце.

Зыходзячы са сваіх прафесійных і асабістых інтарэсаў, вы здолееце знайсці максімальна поўную інфармацыю па розных пытаннях, падрыхтаваць прэзентацыю, напісаць рэферат або сачыненне, папоўніць свае веды, а таксама развіць творчыя здольнасці, далучыцца да каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры.

Свабодны доступ да «Медыятэкі» прада­стаўляецца з камп’ютэраў чытальнай залы бібліятэкі, якая знаходзіцца на 1-м паверсе вучэбнага корпуса № 2.

Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце http://www.library.bspu.unibel.by:90/.

Т. МАСЛЁНАК