Нам крылы даў БДПУ

31 сакавіка 2016 года, № 4 (1176)

ВЯЛІКІ СЭНС МАЛЕНЬКІХ ЗНАКАЎ

У пастаяннай рубрыцы «Нам крылы даў БДПУ» новы госць – выпускнік факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, графічны дызайнер, лагамейкер, педагог дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці нашага ўніверсітэта Андрэй ШНІТУЛЕНКА. Яго праекты добра вядомы ўсім нам. Гэта лагатыпы, бігборды, постары, рэкламная прадукцыя для вядомых беларускіх брэндаў – сталічнага хакейнага клуба «Дынама–Мінск», брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова, ByFly, Аrreghini, Fresh Cafe і г. д.

1

– Андрэй, як даўно Вы пачалі займацца дызайнам?

– У студэнцкія гады, недзе на трэцім курсе. Першы заказ паступіў з-за мяжы ад адной амерыканскай кампаніі. Выйшлі на мяне дзякуючы інтэрнэту, дзе я размясціў сваё партфоліа…

– Чаму Вы спецыялізуецеся менавіта на распрацоўцы лагатыпаў?

– Паспрабаваў – атрымалася. Увогуле, мне падабаецца ўкладваць вялікі сэнс у маленькі знак, які будзе раскрываць ідэю проста і лаканічна. Праўда, не скажу, што сёння гэта асноўны від маёй дзейнасці. Паралельна займаюся многімі рэкламнымі макетамі – банерамі, афішамі, постарамі, бігбордамі, расцяжкамі… Нядаўна гэты вялікі спіс папоўніўся айдэнцікай, якая, дарэчы, была тэмай маёй дыпломнай работы. Хто не ведае, гэта распрацоўка фірменнага стылю кампаніі, прадукцыі, бачанне яе стратэгічных мэт.

– Як атрымалася, што Вашымі заказчыкамі сталі вядомыя ў Беларусі брэнды?

– Упершыню гэта адбылося дзякуючы сарафаннаму радыё. Аднойчы мне патэлефанаваў знаёмы і паведаміў, што ў хакейным клубе «Дынама–Мінск» адкрылася вакансія. Усё астатняе адбылося проста імгненна – прайшоў сумоўе, выканаў першае заданне, якое ўсім спадабалася, і хутка атрымаў работу.

– Падзяліцеся ўласным сакрэтам: як стварыць менавіта той лагатып, які патрэбен заказчыку?

– Поспех у многім залежыць ад правільна складзенага брыфа – апісання таго, што ў выніку жадае атрымаць кліент. Калі дызайнер зразумеў патрабаванні – праблем не будзе. Не апошнюю ролю тут адыгрывае вопыт. Канешне, кожны выпрацоўвае ўласныя падыходы да работы. Я, напрыклад, лічу, што не трэба прапаноўваць усе варыянты макетаў на адным узроўні. Заказчык павінен бачыць розніцу паміж «добрым» і «выдатным». Трэба быць гатовым і да таго, каб адстойваць свой пункт гледжання.

– Ці можаце Вы сёння дазволіць сабе выбраць, з кім працаваць?

– Залежыць ад маёй занятасці на той момант. Часам выбіраю. На шчасце, у мяне ёсць пастаянныя партнёры, з якімі цікава працаваць. Напрыклад, хакейны клуб «Дынама–Мінск». Там заўсёды ставяцца маштабныя задачы, вядзецца работа, якая накіравана на шырокае кола спажыўцоў – аматараў спорту, балельшчыкаў. Падабаецца супрацоўнічаць з рэкламнымі агенцтвамі, якія займаюцца арганізацыяй забаўляльных мерапрыемстваў, святаў. Сярод іх – Eventum Globo, дзейнасць якога звязана з буйнымі фірмамі – адсюль і па станоўка незвычайных, цікавых для дызайнера задач.

– Некаторыя гавораць, што мець мастацкую адукацыю залішне. Ці дапамаглі Вам веды, атрыманыя на факультэце эстэтычнай адукацыі?

– Можна вывучыць кнігу, некалькі кніг. Можна займацца пошукам ведаў у інтэрнэце. Многае закладзена прыродай. Аднак неабходная база, якую атрымліваеш толькі падчас вучобы. Універсітэт дае карысныя веды, магчымасць развівацца і пашыраць свой кругагляд, працаваць пад кіраўніцтвам сапраўдных прафесіяналаў. Дызайнераў-самавучак шмат, але без ведання асноў кампазіцыі, малюнка, каларыстыкі сапраўдным дызайнерам не станеш.

2

– Вы працуеце адзін ці ў камандзе?

– Адзін. Гэта вялікі плюс. Няма страты інфармацыі, як у групе, дзе адзін прымае заказ, другі выдае ідэю, трэці займаецца распрацоўкай. Я кантактую з заказчыкам ад пачатку і да канца.

– Ці крытыкуеце Вы працы іншых дызайнераў?

– Крытыкую. І сам да крытыкі стаўлюся пазітыўна. Наведваю папулярныя сярод дызайнераў інтэрнэт-сайты, куды сам выкладваю свае працы. Прымаю крытыку, калі яна аб’ектыўная і аргументаваная.

– Колькі праектаў рэалізавана на сённяшні дзень?

– Падліку не вяду. Але шмат, бо працую ў сферы дызайну каля сямі гадоў. Многія з маіх работ жывуць сваім жыццём. Як бы там ні было, аднак пасля мяне ў alma mater застануцца лагатыпы, выкананыя да розных мерапрыемстваў, што праводзіліся ва ўніверсітэце, – гульняў КВЗ, спартыўных святаў, канцэртаў і г. д.

– Андрэй, калі ласка, Вашы пажаданні студэнтам БДПУ…

– Раю паслядоўнікам – студэнтам маёй спецыяльнасці «Камп’ютарная графіка» – займацца самаразвіццём, дабівацца дасканаласці ва ўсім, імкнуцца да ажыццяўлення сваіх, нават самых неверагодных, ідэй.

І, карыстаючыся магчымасцю, паведамляю, што цэнтр студэнцкай творчасці, дзе я працую, плануе адкрыць у БДПУ выстаўку творчых работ студэнтаў. Ці стане яна пастаяннай – залежыць ад наяўнасці дастойных праектаў. Калі ўзнікнуць пытанні або прапановы асабіста да мяне – звяртайцеся ў каб. 56 вучэбнага корпуса № 1. А яшчэ – стварайце і атрымлівайце задавальненне ад зробленага!

P. S. Запрашаем наведаць выстаўку работ Андрэя Шнітуленкі. Экспазіцыя размяшчаецца ў фае другога паверха вучэбнага корпуса № 3 (перад актавай залай) і працуе да 8 красавіка.


16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)

РАЗМЕРКАВАННЕ? НЕ ПЫТАННЕ!

Для выпускнікоў факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ дзень 9 красавіка быў у многім вызначальным: бюджэтнікі атрымлівалі накіраванне на сваё першае гарантаванае дзяржавай працоўнае месца. Паназіраўшы за працэсам размеркавання, карэспандэнт «Н» пазбавіўся ад некаторых стэрэатыпаў і пераканаўся, што спецыялісты з дыпломам БДПУ – вельмі запатрабаваныя на рынку адукацыйных паслуг Мінска і Мінскай вобласці.

1_1

Аддаючы перавагу пэўнай спецыяльнасці і ўстанове адукацыі, абітурыенты-прагматыкі часцей за ўсё ўзважваюць свае шанцы застацца ў сталіцы і прымяніць менавіта тут набытыя ў ВНУ веды і ўменні. Сапраўды, пасля чатырох (а то і пяці) гадоў навучання так не хочацца пакідаць перспектыўны і дынамічны Мінск! Дык вось, сёлетнім маладым спецыялістам з ФДА такая сітуацыя дакладна не пагражала. Мяркуйце самі: ажно 646 вакансій у сталіцы! І гэта пры тым, што пад размеркаванне падпадалі толькі 48 мінчан, якія атрымалі адукацыю за сродкі бюджэту. Вось чаму іншагароднім выпускнікам пры наяўнасці рэгістрацыі без праблем прапаноўваліся месцы ва ўстановах дашкольнай адукацыі сталіцы.

Што да патрэб Мінскай вобласці, то ў камісію па размеркаванні паступілі заяўкі на працаўладкаванне 129 спецыялістаў-дашкольнікаў. Дарэчы, на яе пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік абласнога аддзела адукацыі, які агітаваў выпускнікоў-2015 заставацца на Міншчыне. Аргументы даволі важкія: размеркаваўшыся, скажам, у Бараўляны ці аграгарадок Лясны, малады спецыяліст ад-разу забяспечваецца жыллём. Аднак нават такія сацы-яльныя льготы не змаглі цалкам вырашыць кадравую запатрабаванасць.

Члены камісіі ішлі насустрач выпускнікам. Задавольваліся просьбы тых, хто меў індывідуальны запыт і хацеў працаваць ва ўстанове пэўнага рэгіёна. Улічваўся і так званы чалавечы фактар: хтосьці жадаў апынуцца бліжэй да будучага мужа, нехта – вярнуцца ў бацькоўскі дом… Дарэчы, адна мінчанка размеркавалася не ў сталіцу, а ў Жодзіна: там жыве яе малады чалавек. Так што, аказваецца, не для ўсіх Мінск – мяжа мараў.

Прадстаўнікі рэгіянальных устаноў адукацыі, найбольш зацікаўленыя ў нашых спецыялістах, таксама прысутнічалі на працэсе размеркавання. Так, тры месяцы назад у першым мікрараёне г.п. Астравец былі адкрыты новыя школа на 510 месцаў і яслі-сад на 190. «Недахоп педагогаў даволі адчувальны, – адзначыла галоўны спецыяліст па кадрах аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Ядвіга Браніславаўна Петрык. – Хоць у вобласці ёсць установы, якія рыхтуюць спецыялістаў дашкольнай адукацыі, гэта не пакрывае попыту. Таму мы вельмі спадзяёмся на дапамогу БДПУ. У нас прыняты сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў: кожнаму з іх штомесяц ідзе надбаўка да прэміі ў памеры 50 %. Плюс прадугледжана частковая кампенсацыя выдаткаў па найме жылля. Раз на год выдзяляецца значная матэрыяльная дапамога».

Павел Уладзіслававіч Рынкевіч, загадчык установы яслі-сад, прызнаецца, што на сённяшні дзень не хапае трох спецыялістаў. Ён прапануе работу ў камфортных сучасных умовах: у наяўнасці басейн, два камп’ютарныя класы, трэнажорная зала. «Тое, што мы самі прыязджаем у БДПУ, дае свае вынікі. Так, у мінулым годзе ў Астравец былі размеркаваны шэсць педагогаў».

Выступаючы перад без пяці хвілін маладымі спецыялістамі, рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук слушна адзначыў: «Сёння рынак працы вельмі зменлівы, а педагагічая прафесія – стабільная і запатрабаваная. Я рады, што вы атрымалі трывалыя веды, гатовыя да працы з самай важнай катэгорыяй дзетак. Памятайце, што ў вас адказная місія – закласці асновы фарміравання асобы. Спадзяюся, што вы будзеце дастойна несці ганаровае званне выпускніка вядучай педагагічнай ВНУ краіны».

Пагутарыўшы з некаторымі выпускнікамі, я даведалася іх гісторыі і ўвогуле адносіны да сістэмы размеркавання.

Віялета: «Мы задаволены тым, што факультэт праявіў індывідуальны падыход да кожнага студэнта. Паколькі мой муж – афіцэр, то я размеркавана на працу па месцы яго службы. Магчымасць атрымаць гарантаванае працоўнае месца і сацыяльныя льготы – значная дапамога і падтрымка ў пачатку прафесійнага шляху».

Алена: «Да апошняга не магла вырашыць, дзе застацца: у Мінску ці паехаць у родны Салігорск. Паколькі добра паспявала ў вучобе, мне прапанавалі працу выкладчыка ў Салігорскім педкаледжы. Пагадзілася. Хачу паспрабаваць сябе ў новай ролі, бо вопыт працы ў садку ўжо маю. Буду выкладаць дысцыпліну «Развіццё маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту», методыку і тэорыю. Хвалююся, але вельмі задаволена такой перспектывай!»

Усяго 9 красавіка былі размеркаваны 134 выпускнікі дзённай формы атрымання адукацыі. Двое «платнікаў» таксама выказалі жаданне атрымаць першае працоўнае месца. Дэкан фа-культэта дашкольнай адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч у цэлым задаволены вынікамі кампаніі: «Мы правялі сур’ёзную работу на па-пярэднім размеркаванні, стараліся ўлічваць як план Міністэрства адукацыі, так і пажаданні студэнтаў, наяўнасць індывідуальных запытаў, жылля і г. д. Выканаць цалкам усе заяўкі на нашых выпускнікоў мы, вядома, не маглі проста фізічна. Так што рэгіёнам трэба арыентаваць абітурыентаў на паступленне ў БДПУ, каб пасля атрымаць для сябе спецыялістаў».

Вераніка МАНДЗІК


6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)

ЛЁС, АСВЕТЛЕНЫ ПЕДАГОГАМI

Юбілей нашага ўніверсітэта супаў з важнай датай у жыцці кандыдата гістарычных навук, прафесара кафедры паліталогіі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Рыгора Іванавіча ЕРМАШКЕВІЧА. Пяцьдзясят гадоў назад ён закончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педінстытута. Ва ўспамінах, не падуладных часу, паўстаюць любімыя выкладчыкі – высокакваліфікаваныя спецыялісты і чулыя людзі, дзякуючы якім быў сфарміраваны трывалы ўнутраны стрыжань.

4_5_1158

Уступны экзамен па гісторыі СССР Рыгору Іванавічу запомніўся асабліва. Яго прымаў тагачасны дэкан гісторыка-геаграфічнага факультэта А. І. Бабчынскі, якога студэнты з любоўю называлі бацькам. Ён ніколі не пагражаў адлічэннем за няўдала здадзены іспыт (такое магло здарыцца нават у выдатніка!), а вучыў, як дасягнуць добрых вынікаў. І заўсёды цікавіўся жыццём студэнтаў, іх матэрыяльным становішчам, прыходзіў у інтэрнат як старэйшы мудры сябра, гатовы даць слушную параду. Дарэчы, на курсе Рыгора Іванавіча пераважалі хлопцы: з 50 чалавек – 35 юнакоў, і амаль усе прайшлі службу ў войску. Інтэрнацкі пакой, дзе разам з Р. Ермашкевічам жылі яшчэ чацвёра студэнтаў, лічыўся самым узорным па чысціні, за што рэктарат узнагародзіў іх каштоўным падарункам – радыёлай. Узорнасць захоўвалася і ў хлапечых узаемаадносінах: разам вучыліся, працавалі, дасягалі поспехаў. Таму і сёння Рыгор Ермашкевіч сябруе з колішнімі жыхарамі самага чыстага інтэрнацкага пакоя, сярод якіх доктар філасофскіх навук прафесар Мікола Рабаконь і кандыдат філасофскіх навук Антон Марэцкі.

У студэнцкія гады Рыгор разам з аднакурснікамі пастаянна наведваў сустрэчы з пісьменнікамі, якія ладзіліся ў педінстытуце. Прыходзілі класікі беларускай літаратуры Пятро Глебка, Іван Мележ, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін і інш. Мой суразмоўца ўспамінае, што асабліва ўразіў Максім Танк – такі чалавечны, беларускі, свой! У Рыгора Іванавіча нават захоўваецца ўнікальны здымак, на якім паэт сярод студэнтаў нашай alma mater (гл. ніжэй). Максім Танк заклікаў студэнтаў не цурацца роднай мовы, і гэты запавет Рыгор пранёс праз усё жыццё. Як, дарэчы, і памяць пра беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Знаёмства з ім адбылося на адной з творчых вечарын, калі Рыгор, саромеючыся, папрасіў прафесара падпісаць зборнік «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы». Фёдар Міхайлавіч зацікавіўся асобай студэнта, а пазней нават дарыў яму свае кнігі з аўтографам, дасылаў паштоўкі – віншаванні са святамі. Такія цёплыя адносіны склаліся ў славутага вучонага з Рыгорам Ермашкевічам, які пранікнёна і ўдзячна прымаў беларускае слова. Яно было з ім на ўсіх наступных пуцявінах шчаслівага прафесійнага лёсу; яно з ім і зараз, бо Рыгор Іванавіч выкладае толькі па-беларуску

Р. І. Ермашкевіч вядзе педагагічны дзённік, у якім захоўваюцца імёны любімых Настаўнікаў. А на справе памяць пра іх жыве ў кожным дні выкладчыка і навукоўца.

Таццяна СТАРАСЦЕНКА


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

ПАСПЯХОВЫЯ Ў ПРАФЕСІІ, ШЧАСЛІВЫЯ Ў ЖЫЦЦІ

Заўжды цікава даведацца, чаму чалавек выбірае тую ці іншую прафесію, аддае перавагу пэўнаму віду дзейнасці. Матывы могуць быць самыя розныя: індывідуальныя схільнасці і здольнасці, прэстыжнасць, сямейныя традыцыі… Наступныя героі спецвыпуску «Н» у свой час абралі не зусім звычайную спецыяльнасць – у 1996 г. яны сталі першымі выпускнікамі-тыфлапедагогамі дзённай формы навучання дэфекталагічнага факультэта БДПУ. На іх прафесійнае вызначэнне пэўным чынам паўплывалі жыццёвыя абставіны і жаданне працаваць з людзьмі, якія патрабуюць асаблівага падыходу. Агульнае ў лёсе двух выпускнікоў і тое, што яны сталі высакакласнымі спецыялістамі, запатрабаванымі як у практычнай, так і ў выкладчыцкай дзейнасці.

1_500x664

Ігар Уладзіміравіч ВЕРАЦЕННІКАЎ лічыць, што кожны інтэлігентны чалавек павінен выбіраць той напрамак падрыхтоўкі, які будзе адпавядаць яго інтарэсам і здольнасцям: «Я спыніў свой выбар на спецыяльнасці «Тыфлапеда-гогіка» дэфекталагічнага факультэта БДПУ не выпадкова. Сама таго не ведаючы, на маё рашэнне паўплывала мама. Яна ў той час мела першую групу інваліднасці па зроку. А таму я мог пераканацца ў важнасці і значнасці працы спецыяліста, які дапамагае людзям з падобнымі праблемамі.

Вучыцца на факультэце было надзвычай цікава. Асобныя словы падзякі выказваю Зоі Рыгораўне Ермаловіч – заснавальніцы кафедры тыфлапедагогікі і яе тагачаснаму загадчыку. Яна мела вялікі практычны досвед працы з інвалідамі па зроку розных узроставых катэгорый, была спагадлівым, адкрытым для дыскусій педагогам, гатовым дапамагчы і адказаць на любое пытанне. Дзякуючы ёй я палюбіў сваю прафесію і канчаткова ўсвядоміў, што абраў правільны шлях. Самае галоўнае, што я атрымаў за час вучобы, – грунтоўныя веды і практычныя ўменні. Факультэт дапамог мне не толькі набыць прафесію, але і знайсці асабістае шчасце: менавіта тут я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.

Пасля заканчэння навучання працаваў выкладчыкам кафедры тыф-лапедагогікі. Аднак мяне заўжды цікавіла яшчэ і практычная дзейнасць. У 2005 г. стаў тыфлапедагогам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. Глыбокія веды, перададзеныя выкладчыкамі ўніверсітэта, у спалучэнні з багатым вопытам практычнай дзейнасці дапамаглі мне перамагчы ў прэстыжным гарадскім конкурсе «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» (у 2010 г. ён упершыню праводзіўся ў намінацыі «Педагог спецыяльнай адукацыі»).

Праз тры гады, у 2013-м, пачаўся другі этап маёй выкладчыцкай дзейнасці, але ўжо ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі г. Мінска. Імкненне да новага, закладзенае яшчэ ў БДПУ, пастаянна суправаджае мяне ў кар’еры і жыцці. Я цвёрда ўпэўнены, што чалавеку нельга спыняцца, ён павінен пастаянна вучыцца, працаваць, і поспех не прымусіць сябе чакаць».

Справядлівасць гэтых слоў Ігар Уладзіміравіч даказвае ўласным прыкладам. У скарбонцы яго ўзнагарод – Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2013 г.), тры ганаровыя граматы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, дзве прэміі Мінгарвыканкама, Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за перамогу ў чацвёртым Рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыі».

У сувязі з юбілеем Ігар Уладзіміравіч пажадаў універсітэту няспыннага руху наперад, творчых і матываваных студэнтаў, росквіту і дабрабыту.

***

Прафесійны лёс Уладзіміра Уладзіміравіча БАТУРЫ таксама склаўся паспяхова: ён узначальваў аддзел рэабілітацыі культурна-асветніцкага цэнтра Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, сёння працуе псіхолагам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна г. Мінска. І гэта нягледзячы на тое, што жыццё аднойчы прымусіла яго перажыць цяжкае выпрабаванне…

– Я рос і жыў як звычайны хлопчык, падлетак, малады чалавек. Скончыў школу, паступіў у медыцынскі інстытут, з першага курса пайшоў служыць у войска. Пасля арміі вярнуўся, працягнуў навучанне. Трагічны выпадак падзяліў маё жыццё на «да» і «пасля». Звычайны дзень, бойка, пранікальнае раненне ў грудзі, кома, барацьба за жыццё. І – усё… Ні гаварыць, ні бачыць, ні рухацца я больш не мог. Доўгі перыяд рэабілітацыі, неабходнасць вучыцца жыць па-іншаму. Ішлі гады, я паступова зноў навучыўся хадзіць, гаварыць і нават стаў крыху бачыць. Аднак пра кар’еру медыка давялося забыць.

Жаданне атрымаць прафесію, якая дазволіла б мне дапамагаць людзям, падштурхнула да самага важнага ўчынку ў жыцці – паступлення на дэфекталагічны факультэт БДПУ. Мне вельмі пашанцавала: нягледзячы на свае фізічныя асаблівасці (толькі ўявіце: ледзьве хаджу, з цяжкасцю размаўляю і практычна нічога не бачу), я змог паўнавартасна вучыцца, кантактаваць з выкладчыкамі і аднагрупнікамі, якія разумелі мяне і заўжды дапамагалі. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, я скончыў магістратуру, а потым паступіў у аспірантуру.

Са шчырасцю магу сказаць: я – шчаслівы чалавек. У мяне ёсць не толькі любімая прафесія, але і любімая сям’я, двое сыноў. Мы разам захапляемся генеалогіяй, шмат падарожнічаем. Не паверыце: часта я проста забываюся пра тое, што дрэнна бачу і хаджу. Безумоўна, гэтыя абставіны ўскладняюць ажыццяўленне маіх мараў. Аднак многае з задуманага спраўдзілася, і столькі яшчэ трэба ўвасобіць у жыццё!

Жадаю роднаму ўніверсітэту, каб любоў і ўдзячнасць яго выпускнікоў не толькі памнажалася, але і пераўтваралася ў новыя поспехі, здзяйсненні, перамогі!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

Назаўсёды паяднаны з alma mater

Пара студэнцтва, перыяд выкладчыцкай і навуковай дзейнасці А. П. Груцы, доктара філалагічных навук, прафесара БДПУ, прасякнуты нязгасным святлом нашай alma mater. Яно і цяпер з Аляксеем Пятровічам, у якога сёлетняя асабістая круглая дата – 90 гадоў – дарэчна стасуецца з векавым юбілеем педагагічнага ўніверсітэта.

2_500x379

– Гляджу на гэты здымак і нібыта пераношуся ў далёкія студэнцкія гады. На ім – такія дарагія і блізкія мне назаўсёды аднакурснікі і выкладчыкі. Незабыўны 18-ы выпуск Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1947 – 1951 гг.), да якога я маю самае непасрэднае дачыненне!

Мы вучыліся ў цяжкі пасляваенны час. Многія нашы аднакурснікі вярнуліся з вайны інвалідамі. Як, напрыклад, Ада Казей, вельмі старанная, працавітая студэнтка, у якой былі ампутаваны ногі. А мы напачатку нават не заўважалі гэтага! Пасля трэцяга курса Ада перавялася на завочнае аддзяленне, але памяць пра яе захавалася. Калі я гартаю кнігу «Нітка Арыядны», прысвечаную партызанскай дзейнасці сваёй аднакурсніцы, перада мной паўстае светлае аблічча мужнага чалавека і надзейнага сябра. Такой Ада была на вайне, такой заставалася і ў мірны час.

Інстытуцкія заняткі ўзбагачалі нас глыбокімі ведамі. Памятаю, з якім імпэтам я браўся за падрыхтоўку дакладаў па творчасці пісьменнікаў – гэтаму навучыў любімы выкладчык замежнай літаратуры Лявонцій Сагараў. А пасля заняткаў кіпела іншае жыццё. Былі ў ім і студэнцкая самадзейнасць, і прафесійнае акцёрскае майстэрства (балазе, побач з нашым інтэрнатам знаходзіўся тэатр). Шукаць удзячных слухачоў аповедаў пра наведаныя спектаклі не даводзілася, бо ў інтэрнацкім пакоі цесна, але дружна жылі ажно дваццаць студэнтаў. Мой сябра Аркадзь Наркевіч, напрыклад, прыстаўляў лаўку да ложка, паколькі не было месца, і так мы ўдваіх спалі побач увесь першы год вучобы. Пасля, калі некаторыя хлопцы перавяліся на завочнае аддзяленне, у Аркадзя з’явілася сваё месца. Ваеннае ліхалецце прывучыла нас да многіх выпрабаванняў, таму інтэрнацкія ўмовы нікога не палохалі. Наадварот, мы жылі душа ў душу: разам гатавалі, разам рыхтаваліся да заняткаў і самае галоўнае – ва ўсім дапамагалі адзін аднаму. Дзяліліся рэчамі, прадуктамі, лекамі.

3_500x625

Нягледзячы на цяжкі час, усе вучыліся сумленна, практычна начавалі ў бібліятэках. І гэта прынесла плён. З нашага курса выйшлі тры дактары навук: Аркадзь Наркевіч, Павел Шуба і я. З’яўляюся аўтарам кнігі «Стараславянская мова», суаўтарам выданняў «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Гiсторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Памяць. Дубровіцкі раён» і інш. За «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» ў двух тамах у ліку іншых вучоных атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Ганаруся, што мой лёс звязаны з педагагічным універсітэтам, дзе дасягнуты пэўныя вышыні выкладчыцкай і навуковай працы. І яшчэ два істотныя дасягненні ёсць у мяне як заснавальніка сямейнай педагагічнай дынастыі. Сын Ігар Аляксеевіч, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ, з’яўляецца дацэнтам кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі педуніверсітэта. У маёй alma mater вучылася і працуе ўнучка Кацярына, спачатку студэнтка факультэта беларускай філалогіі і культуры, затым аспірантка па спецыяльнасці «Педагогіка», а цяпер выкладчыца кафедры замежных моў.

Свой працяг адчуваю і ў шматлікіх паслядоўніках-філолагах, якія ствараюць надзейнае сёння і ўпэўненае заўтра БДПУ. З нагоды юбілею жадаю роднаму ўніверсітэту навуковага плёну і творчых набыткаў!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

Мне крылы даў БДПУ

Калі да маёй прафесійнай дзейнасці прымяніць тэорыю «выкліку і адказу» англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, то стане зразумелым: адэкватныя «адказы» на самыя розныя «выклікі» я знаходжу дзякуючы адукацыі, якую атрымала на гістарычным факультэце МДПІ імя А. М. Горкага. Родны сталічны інстытут, які ў 1993 г. стаў універсітэтам, а ў хуткім часе і вядучай установай у галіне педагагічнай адукацыі краіны, скрозь гады суправаджае маё прафесійнае станаўленне і развіццё.

4_500x514

Тут я атрымала прафесію, якую і сёння лічу самай важнай і самай патрэбнай. Мой шлях у педагогіку пачынаўся з дзіцячай мары. Гледзячы на сваю першую настаўніцу, уяўляла работу педагога адным вялікім, яркім, бясконцым святам. Усведамленне сур’ёзнасці і важнасці гэтай дзейнасці прыйшло падчас педагагічнай практыкі на чацвёртым курсе. А тое, што прафесія настаўніка – кругласутачная і што гэта не толькі творчасць, але і цяжкая, карпатлівая праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў і нервовых затрат, я зразумела ўжо пасля заканчэння ўстановы, калі прыехала працаваць па размеркаванні ў г. Ашмяны Гродзенскай вобласці.

Для маладога спецыяліста любая прафесійная сітуацыя з’яўляецца праблемай і прапануе «выклік»: ці адолееш, ці зможаш? Гістарычны факультэт добра падрыхтаваў нас да ўсіх выпрабаванняў: нам, вобразна кажучы, далі «ключ, які адчыняе прафесійныя дзверы, і навучылі ім карыстацца». Дарэчы, гістфак стаў для многіх з нас школай самастойнага жыцця. Тут вучылі разумець і прымаць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць – з усімі складанасцямі і супярэчнасцямі. «Гісторыя – настаўніца жыцця», – няспынна нагадвалі нам педагогі і вучылі думаць, дзейнічаць. Гістфак не толькі даваў веды, ён фарміраваў асобу валявую, дзелавітую, высокаадукаваную.

Нашы выкладчыкі В. І. Гарамыкіна, В. Р. Федарасава, В. М. Фамін, У. А. Ціток, А. П. Вахніна, У. В. Тугай, А. М. Люты, І. В. Варывончык і іншыя вучылі нас галоўнаму: вышэйшая гістарычная адукацыя – гэта не толькі веданне канкрэтных фактаў, але ў першую чаргу гістарычнае мысленне, уменне папаўняць веды, удасканальваць і прымяняць іх на практыцы.

Задаволенасць чалавека жыццём шмат у чым вызначаецца ўзроўнем яго прафесійных дасягненняў. Шлях да прафесіяналізму дастаткова цярністы, ён патрабуе шмат сіл, цярпення, волі. Пастаяннае самаўдасканаленне – гэта адказ настаўніка на «выклікі» грамадства. Іначай паспяховым ты не будзеш. А гэта так важна – быць паспяховым педагогам! Вучні не любяць няўдачнікаў. Яны цягнуцца да дарослых людзей, што рэалізавалі сябе ў прафесіі. Пра гэта я заўсёды гавару маладым педагогам, прашу іх адмовіцца ад псіхалагічнай устаноўкі «Я тут таму, што мне не пашанцавала ў жыцці». Памяняйце яе на «Мне пашчасціла працаваць у школе!»

У час, калі перада мной паўстала пытанне, як павысіць сваю кваліфікацыю, педагагічны ўніверсітэт зноў прыйшоў на дапамогу. З 1999 па 2002 г. я вучылася ў аспірантуры БДПУ па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання гісторыі». Сёння з вялікай удзячнасцю ўзгадваю І. І. Багдановіча, які быў маім навуковым кіраўніком пры напісанні кандыдацкай дысертацыі, умела арганізоўваў, карэкціраваў мой навуковы пошук, даваў зразумець, што не выпадковыя ўдачы прадвызначаюць поспех, а карпатлівая праца і аналіз таго, што робіш.

Я ўдзячна ўніверсітэту за ўсе дасягненні ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Без яго не стала б магчымай перамога ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Крыштальны журавель-1997» і абарона дысертацыі па методыцы навучання гісторыі. Без універсітэта я не стала б аўтарам шэрагу падручнікаў па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і не напісала б дапаможнікі для настаўнікаў па методыцы выкладання гэтых дысцыплін у сярэдняй школе.

Педагагічнаму ўніверсітэту – 100 гадоў! Цэлае стагоддзе! А ён усё роўна малады. Ці не таму, што мае непасрэдныя адносіны да пакалення Next? Ён дае грамадству людзей самай важнай і патрэбнай прафесіі – НАСТАЎНІКаў. Дык хай не згасае ніколі святло ў яго вокнах. Няхай знаходзяць задавальненне ў рабоце яго выкладчыкі. А сярод студэнтаў не будзе людзей выпадковых і абы-якавых, а будуць тыя, для каго школа – не толькі праца, а справа ўсяго жыцця!

Валянціна ГІНЧУК, начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, выпускніца гістфака 1989 г.


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

КАЛІ ПРАФЕСІЯ — ПРЫЗВАННЕ

У чым сакрэт сапраўднага педагагічнага майстэрства? Хтосьці адкажа: у штодзённай руплівай працы, творчым выкарыстанні лепшых метадычных здабыткаў, метадаў і прыёмаў, у пастаянным асобасным самаўдасканаленні. Камусьці падасца, што ўсяго вышэйпералічанага недастаткова, калі няма прыроджанага прызвання навучаць, выхоўваць, перадаваць веды і ўменні. Але, відаць, лепш за ўсіх адказаць на гэтае пытанне могуць пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія штогод праводзяцца сярод педагогаў краіны. У іх ліку — выпускнікі БДПУ, якія ахвотна расказваюць пра сваю дарогу да вяршыні педагагічнага Алімпу.

5_500x336

— Калі перада мной, выпускніком дзесяцігодкі, паўстала пытанне, у якую ВНУ паступаць, палова адказу ўжо была гатова — у Мінскі педагагічны. Бацькі працавалі настаўнікамі: маці — пачатковых класаў, бацька — беларускай мовы і літаратуры. Акрамя таго, тата займаў пасаду дырэктара сталічнай СШ № 2. Менавіта там я ўпершыню дакрануўся да клавішаў фартэпіяна, убачыў у лабаранцкай кабінета фізікі вялікія шафы з прыборамі — і зрабіў выснову, што ўсё самае лепшае і цікавае знаходзіцца ў школе.

Толькі наконт факультэта ў бацькоў былі розныя меркаванні: мама бачыла мяне музыкантам, бацька — лінгвістам. У выніку паступіў на літаратурна-музычны факультэт. Пяць гадоў вучобы праляцелі весела і непрыкметна. З выкладчыкаў асабліва запомніўся Мікалай Іванавіч Плескацэвіч. Неяк падчас іспыту ён адклаў білет убок і пачаў распытваць пра тое, што мне хацелася б змяніць у методыцы яго курса. Сышліся ў наступным: трэба праводзіць больш ролевых гульняў і часцей наведваць урокі «моцных» настаўнікаў.

Як трэці ў групе па паспяховасці, застаўся па размеркаванні ў Мінску. Трапіў у СШ № 121 з музычным ухілам. Тут быў свой хор хлопчыкаў, настаўнікі давалі ўрокі ігры на розных інструментах. Я выкладаў баян і акардэон. Асаблівага энтузіязму не адчуваў: часцей бачыў спіну вучня, чым яго вочы. Але аднойчы захварэў настаўнік спеваў, і мяне папрасілі замяніць яго на ўроках у старшых класах. Вось тут усё і пачалося! Колькі вачэй, якая ўвага, шчырая зацікаўленасць! Я іграў, мы слухалі і аналізавалі тое, што пачулі. Школа заспявала. З’явіліся першы ВІА і квартэт дзяўчат. Тут жа, у школе, сустрэў свой лёс, сваю жонку Алену. Мы разам ужо больш за трыццаць гадоў.

Потым — новая кватэра на вуліцы Асаналіева і школа № 62. Я стаў весці эксперыментальны курс «Сусветная мастацкая культура» і апынуўся ў зусім іншым вымярэнні. Давялося зазірнуць у глыбіні гісторыі. Разам з дзецьмі вывучалі «Полацкі сшытак», ды ўсяго і не ўзгадаеш… Менавіта адсюль і пачаўся мой шлях на першы Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года-91». На гарадскім этапе даваў урокі ў розных школах, аднойчы нават у кабінеце фізікі. Выручалі імправізацыя і адчуванне класа. I вось — завяршальны этап.

Нас, фіналістаў, пяцёра. Мы пасябравалі і заўсёды былі гатовы дапамагчы адзін аднаму. Не магу не прыгадаць дацэнта кафедры методыкі музычнага выхавання БДПУ, выдатнага чалавека і сапраўднага спецыяліста Надзею Мікалаеўну Грышановіч. Яна была старшынёй журы конкурсу і каменціравала мае ўрокі.У далейшым мы з ёй напісалі падручнік «Музыка. Восьмы клас», які неўзабаве стаў вельмі запатрабаваным у маіх калег.

Усе фіналісты падрыхтавалі цудоўныя эсэ. Калі падышла мая чарга (я выступаў пятым), зразумеў, што апошняму ўжо цяжка чым-небудзь уразіць членаў журы. I я кінуўся імправізаваць: расказваў смешныя і сур’ёзныя гісторыі са свайго жыцця і педагагічнай практыкі. Пасля агучыў апошні козыр — песню, якую напісаў ноччу перад конкурсам. I вось — усе «сямёркі» ад журы. Жонка не пайшла на фінал: яна чакала нашага першынца Дзіму. Пры сустрэчы запытала: «Ну як?». Я адказаў: «Твой муж — настаўнік года». Заплакала. Раніцай мяне віншавала ўся школа, і зноў — урокі, урокі, урокі…

Нехта сказаў: «Настаўнік — гэта не прафесія, гэта — дыягназ». Згодзен. Можна дзякуючы няспыннай рабоце над сабой стаць добрым, вельмі добрым настаўнікам, але… Лепш ім нарадзіцца, як я, — першага верасня! Хіба ж гэта не знак?

Ад усёй душы віншую alma mater з юбілеем. Шаноўныя калегі! Нясіце людзям добрае і вечнае, любіце сваю работу, дзяцей, блізкіх, калег і, урэшце, само жыццё. Няхай у вас усё атрымліваецца!

Сяргей ЛЯПЁШКІН, Заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

ДАБРЫНЯ – ТАКСАМА ТВОРЧАСЦЬ!

Выпускніца факультэта прыродазнаўства 2014 г. Дар’я РОСКАЧ у ліку траіх прадстаўнікоў БДПУ атрымала па выніках мінулага года прэмію Мінгарвыканкама. Для сённяшняй магістранткі-завочніцы і настаўніцы геаграфіі бабруйскай САШ № 25 можна было б вылучыць асобную намінацыю – «Дабрыня». Чаму? Мяркуйце самі.

6_500x609

Даша з першых дзён навучання ва ўніверсітэце акунулася ў грамадскую дзейнасць – яе захапіла валанцёрства. Хоць да паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына і не займалася дабрачыннасцю, але жаданне дапамагаць людзям у яе было заўжды. «Па стане здароўя я шмат часу праводзіла ў розных санаторыях, рэабілітацыйных цэнтрах і бачыла, як да дзетак прыходзілі валанцёры – калі не памыляюся, гэта былі студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі нашага ўніверсітэта. На той момант я вучылася ў старшых класах і ўжо вырашыла паступаць у БДПУ на спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды». Таму думка пра тое, што адразу пасля паступлення стану валанцёрам, узнікла яшчэ ў школе».

Дар’я прыйшла ў клуб «Міласэрнасць» на першым курсе і 5 гадоў працавала з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Студэнты-актывісты некалькі разоў на тыдзень наведвалі выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра «Востраў надзеі» і інтэрната для дзяцей з АПФР, што ў Навінках, арганізоўвалі іх вольны час, дапамагалі выхавацелям. Дар’я разам з сябрамі праводзіла дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да розных свят, супрацоўнічала з Беларускім дзіцячым фондам і г. д.

«Я вельмі лёгка знаходжу агульную мову з дзеткамі, што маюць асаблівасці ПФР, – расказвае дзяўчына. – Мне з імі весела і цікава. Тыя, хто ўпершыню прыходзіць да такіх дзяцей, толькі спачатку заўважаюць спецыфічную знешнасць, нейкія фізічныя асаблівасці. Аднак пасля разумеюць, што яны – самыя добрыя на свеце, не здольныя кагосьці пакрыўдзіць, без благіх думак і намераў. Нашае грамадства, на жаль, яшчэ цалкам не гатова да ўсведамлення таго, што людзі з АПФР – яго паўнавартасныя члены. Быў выпадак, калі, убачыўшы нашых выхаванцаў на вуліцы, адзін чалавек сказаў: «Навошта вы іх вывелі? Яны псуюць людзям настрой!» А нашы дзеці ўсё разумеюць, у іх ёсць інтэлект… Нават не ўяўляю, як крыўдна ім было чуць гэтыя словы!»

Дар’я падчас студэнцтва працавала памочнікам выхавацеля ў адным з мінскіх цэнтраў карэкцыйнага развіцця. Праўда, работу было складана сумяшчаць з вучобай, часу катастрафічна не хапала, таму прыйшлося звольніцца. Затое зараз вучобу ў завочнай магістратуры дзяўчына паспяхова спалучае з настаўніцкай працай.

— Валанцёрства дапамагае раскрываць здольнасці і таленты, схаваныя ў чалавеку. Гэта вельмі патрэбна ў першую чаргу для настаўніка, які проста абавязаны быць творчай асобай. Таму валанцёрская дзейнасць з’яўляецца важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі педагога. Дарэчы, зараз шмат інтэграваных класаў, таму вопыт працы з дзецьмі з АПФР можа аказацца карысным для кожнага студэнта. Асабіста я сама развівала ў сабе акцёрскія здольнасці, вучылася маляваць – цяпер вось пішу сябрам іх партрэты. Не шэдэўры, вядома, але ведаю, што ім прыемна.

Мне хочацца пажадаць усім танкаўцам, каб яны часцей смяяліся, дарылі дабрыню і маленькія радасці тым, хто побач, – заўжды, а не толькі ў юбілейны год. Універсітэту жадаю годна несці званне вядучай педагагічнай установы краіны, здольных студэнтаў і ўдзячных выпускнікоў!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

Галіна КАЗАК: «МАЁ ПРЫЗВАННЕ – ВУЧЫЦЬ, ВЫХОЎВАЦЬ, СТВАРАЦЬ!»

«Я люблю БДПУ!» – гэты слоган вельмі падабаецца начальніку ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Мінскага аблвыканка-ма Галіне Мікалаеўне КАЗАК, якая ў 1991 г. закончыла факультэт прыродазнаўства МДПІ імя А. M. Горкага. Прыходзячы ў alma mater ужо як выпускніца, Галіна Мікалаеўна з прыемнасцю заўважае шматлікія перамены і адначасова з цеплынёй прыгадвае свае студэнцкія гады – важкі падмурак прафесійнай кар’еры.

– Я адзіная ў сям’і, хто стаў педагогам. Хоць быў магчымы іншы выбар – на карысць прафесіі ўрача, прынамсі, веды па біялогіі і хіміі дазвалялі яго зрабіць. У 80-я гг. мінулага стагоддзя аднолькава прэстыжнымі былі абедзве спецыяльнасці. Выбрала першую, бо шчыра захаплялася сваімі школьнымі настаўнікамі, асабліва па біялогіі і хіміі. А яшчэ памятаю, з якім натхненнем у дзяцінстве праводзіла імправізаваныя ўрокі са сваімі аднагодкамі. Давялося праявіць сябе і на справе: часта пасля заняткаў «падцягвала» слабых вучняў па ўсіх прадметах.

Адразу пасля заканчэння школы паступіла на спецыяльнасць «Біялогія. Хімія» факультэта прыродазнаўства тады яшчэ Мінскага педінстытута. Памятаю, быў высокі конкурс – 3,7 чалавека на месца. У нашай 12-й групе вучылася шмат школьных медалістаў, вельмі разумных, матываваных, і таму на занятках панавалі культ вучобы, дух спаборніцтва. Гэтаму спрыяла і агульная атмасфера факультэта, якім кіраваў дэкан Сяргей Уладзіміравіч Кабяк.

У выкладчыках мне імпанавала спалучэнне прыгожага знешняга выгляду з багатым педагагічным вопытам, уменнем данесці веды даступна і адначасова па-навуковаму глыбока. Запомніліся заняткі Г. А. Баўтуты, Л. М. Ярэй, М. І. Петуховай і многіх іншых. Уражвалі іх бездакорная падрыхтоўка, методыка правядзення, уменне наладжваць кантакт са студэнтамі.

Менавіта ва ўніверсітэце мы авалодалі найкаштоўнейшым для настаўніка скар- бам – методыкай падачы матэрыялу. Дзякуючы гэтаму выдатна разумелі, як фармуляваць мэты і задачы ўрока, як праводзіць яго асноўныя этапы і ў выніку дасягаць задуманага. Яшчэ са студэнцкіх гадоў у маёй кватэры захоўваюцца дзве палічкі з тымі дапаможнікамі, якія набыла ва ўніверсітэцкім кніжным кіёску. Мы, дапытлівыя, патрабавальныя да сябе, цікавіліся ўсімі метадычнымі навінкамі. Абавязкова абмяркоўвалі, прымянялі на практыцы, дзяліліся ўражаннямі з выкладчыкамі. Так ішло наша прафесійнае сталенне

Лічу, што настаўнік павінен любіць дзяцей, быць камунікабельным, мець высокія маральныя арыенціры. Ведаю, што сярод маладых спецыялістаў – выпускнікоў БДПУ – такіх шмат. Прывяду прыклад. У мінулым годзе ў Салігорску адкрывалася новая школа, куды прыйшлі працаваць шэсцьдзясят педагогаў. У рамках Дня ведаў мы прапанавалі даць адкрытыя ўрокі, на што з радасцю пагадзіліся восем маладых спецыялістаў, якія толькі-толькі закончылі БДПУ. Захаплялася іх урокамі па розных прадметах – да дробязі прадуманымі, арганізаванымі, творчымі. Наогул, выпускнікі педуніверсітэта з першых крокаў у школе паказваюць сябе з найлепшага боку. Прычым у многіх адносінах. Яны дасканала валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, умеюць дарэчы іх выкарыстоўваць. Гэта важна для настаўніка. Але не менш істотным з’яўляецца і ўзровень ведаў па прадмеце.

Мой настаўніцкі шлях пачаўся ў 1991 г.: па размеркаванні я працавала настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе № 23 горада Барысава. Была і завучам, і дырэктарам, а ў снежні 2006-га заняла пасаду начальніка аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама.

Зараз я ўжо не займаюся выкладчыцкай дзейнасцю, але ў якасці кіраўніка прысутнічаю на ўроках і, паверце, з трапяткім пачуццём сачу за працай калег. Часам так хочацца стаць за настаўніцкі стол! Сапраўды, у мяне дзякуючы роднаму ўніверсітэту сфарміраваны моцны педагагічны стрыжань. Маё прызванне – вучыць, выхоўваць, ствараць!

Прыходзіла сёлета ва ўніверсітэт на сустрэчу з выпускнікамі і паўсюль заўважала мноства яркіх слоганаў з прызнаннем у любові да БДПУ. Хочацца, каб такія знешне стракатыя словы станавіліся шчырым унутраным заклікам усіх выпускнікоў педагагічнага ўніверсітэта. Жадаю роднай alma mater моцных абітурыентаў, якія свядома выбіраюць педагагічны шлях! Няхай выконваюцца кантрольныя лічбы прыёму! Няхай вяртаецца ў наша жыццё прэстыж настаўніцкай працы!


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

«Проста добры настаўнік…»

7_500x332

1998 год… Здадзены дзяржаўныя іспыты ў Мінскім педагагічным каледжы. Я планую паступаць у БДПУ. Пры скарочаным тэрміне навучання мне дастаткова было трох з паловай гадоў, каб стаць настаўнікам пачатковых класаў з вышэйшай адукацыяй. Аднак я вырашыла, што лепш набыць яшчэ адну педагагічную спецыяльнасць. Выбар быў зроблены на карысць факультэта беларускай філалогіі і культуры. Майскі дзень, невялікая аўдыторыя, усхваляваныя абітурыенты… Мая чарга! Першае выпрабаванне — беларуская мова. У сказе расстаўляю знакі прыпынку, раблю яго схему, але не ўсё ідэальна — 4 балы. Выпрабаванне другое — гісторыя Беларусі, з гэтага года конкурсная. Нервуюся, але ўсмешлівыя і добразычлівыя выкладчыкі надаюць упэўненасці. У мяне максімальна магчымая колькасць балаў! Апошні іспыт — беларуская літаратура. Пяць пытанняў — пяць балаў. Выходжу з аўдыторыі са спакойнай душой і праз некалькі дзён з радасцю знаходжу сваё прозвішча ў спісе залічаных

Спякотны ліпеньскі дзень, напэўна, такі ж, як у гэтым юбілейным годзе. Установачная сесія. На чацвёртым паверсе вучэбнага корпуса № 2 сустракаюць Якуб Колас і Янка Купала, глядзяць на мяне з велізарных партрэтаў. Іх усмешка і добры пагляд будуць суправаджаць мяне ўсе пяць гадоў вучобы. А яшчэ — цікавыя знаёмствы і вялікая колькасць новай інфармацыі.

Выкладчыкі, патрабавальныя да сябе і студэнтаў, імкнуліся, каб мы атрымалі грунтоўныя веды. Колькі цікавага, незвычайнага, дзіўнага я даведалася пра традыцыі і абрады беларускага народа на лекцыях У. А. Васілевіча! I сёння дзялюся атрыманымі ведамі са сваімі вучнямі, яны слухаюць з вялікім задавальненнем.

Дзякуючы А. І. Лаўрэнаву я да гэтага часу нядрэнна арыентуюся ў сем’ях і групах моў, магу адрозніць акамадацыю, асіміляцыю, дысіміляцыю. Дыялекталогія і добразычлівая С. І. Фацеева, методыка беларускай мовы і сур’ёзны У. П. Саўко — усё гэта было нібы ўчора. Адкрываю зараз свае канспекты па гэтых дысцыплінах, дзе ўсё зразумела, паслядоўна, няма непатрэбных дробязей, і разумею: лекцыі нам чыталі сапраўдныя прафесіяналы.

М. В. Шабовіч не толькі пашыраў і сістэматызаваў нашы веды аб роднай мове, але і арганізоўваў сустрэчы з пісьменнікамі. Зборнік вершаў Мікалая Віктаравіча з дароўным надпісам і зараз у маёй хатняй бібліятэцы. Былі і прадметы, здавалася б, вывучаныя, напрыклад гісторыя Беларусі. Але на лекцыях М. М. Забаўскага некалі набытыя веды зайгралі новымі фарбамі. Пасля заняткаў я пераказвала блізкім новыя звесткі пра даўно вядомыя падзеі, разынкі, якія дапамагалі запомніць сухія гістарычныя факты. Хачу адзначыць, што я стала начытаным чалавекам: засвоіла творы беларускай, рускай, замежнай літаратур розных гістарычных эпох. Ад сесіі да сесіі… Не, не жыла я весела. Чытала, запамінала, занатоўвала. За гэты час у мяне сабраўся вялікі стос чытацкіх дзённікаў. Выдаваць можна!

Вялікі дзякуй усім выкладчыкам педагагічнага ўніверсітэта і нізкі паклон за прафесіяналізм, цярплівасць, разуменне. Хачу ўзгадаць словы майго чацвёртакласніка-выпускніка: «Добры настаўнік — гэта не той, які не задае хатняга задання, не той, хто нікому і ніколі не ставіць двоек, не той, хто дазваляе гуляць у тэлефон і бегаць. I ўжо дакладна не той, хто тлумачыць усё коратка і сумна. А той, хто проста добры настаўнік!». Я, педагог з 15-гадовым стажам, напэўна, не змагла б сказаць лепш. Вось такія моманты, нягледзячы на ўсе цяжкасці, і прыцягваюць мяне да педагагічнай прафесіі.

У стагадовы юбілей жадаю ўніверсітэту соцень выдатных студэнтаў на кожным факультэце. Студэнтам — соцень цікавых лекцый і новых ідэй. Усім нам — соцень станоўчых момантаў, звязаных з педагагічнай прафесіяй.

Юлія БЯЛОВА, настаўнік пачатковых класаў СШ № 99 г. Мінска, пераможца конкурсу «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі» (2011 г. )


3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ ПРАЗ ГАДЫ І ПАКАЛЕННІ

Відаць, цяжка знайсці больш трывалыя традыцыі, чым тыя, што закладваюцца ў сям’і. Гэта тычыцца і прафесійнай арыентацыі. Для многіх дзяцей ісці па слядах дзядоў і бацькоў – прыемна і ганарова. Прынамсі, абіраючы блізкую тваім родным сферу дзейнасці, ты нібыта пераймаеш значную частку назапашанага вопыту, становішся носьбітам пэўнага сямейнага досведу, сапраўдным спадкаемцам свайго роду. Думаю, пад гэтымі словамі ахвотна падпісаліся б героі наступных матэрыялаў – дэканы БДПУ, якія з’яўляюцца выдатнымі прадстаўнікамі педагагічных дынастый. Напярэдадні Дня настаўніка ў размове з карэспандэнтам «Н» яны ўзгадваюць вытокі нараджэння прафесіі ў сваіх сем’ях, разважаюць пра наканаванае і свядомае, непазбежнае і мэтанакіраванае.

Пра наканаванасць многае можа расказаць дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Аляксандр КАСПЯРОВІЧ. Ён ведае, што самыя важныя падзеі ў нашым жыцці адбываюцца зусім не выпадкова. Будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДПУ, ён і падумаць не мог, што калісьці ўзначаліць факультэт дашкольнай адукацыі – працягне сямейную дынастыю. Назначэнне на гэтую пасаду прымусіла яго па-іншаму паглядзець на гісторыю прафесійнай пераемнасці паміж пакаленнямі.

8_500x567

– Заклала аснову нашай «дашкольнай» дынастыі мая бабуля – Алена Вітольдаўна Буйко. У 1936 г. яна скончыла дашкольнае аддзяленне Барысаўскага педагагічнага тэхнікума. Пражывала бабуля ў вёсцы Калюжкі, што недалёка ад Жодзіна. Хата сям’і Буйко знаходзілася побач са школай, у якой працаваў малады настаўнік, выпускнік Мінскага педагагічнага вучылішча Мікалай Адамавіч Клініцкі. Педагогі стварылі сям’ю, у якой нарадзіліся дзве дачкі. Алена Вітольдаўна на той час працавала загадчыцай дзіцячага садка ў Жодзіне. Далей была вайна. Вясковы настаўнік Мікалай Адамавіч стаў сувязным у партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Міколы». У 1942 г. ён загінуў ад рук карнікаў…

Пасля вайны бабулі цяжка было адной выхоўваць дваіх дзяцей, тым больш што яе родныя браты таксама загінулі на франтах. Дапамагчы жанчыне не было каму, таму сям’я накіравалася на поўнач былога Саюза. Там перад дзяўчатамі- падлеткамі паўстала пытанне аб выбары будучай прафесіі. Мая мама, Ніна Мікалаеўна, пайшла па слядах бабулі: скончыла Мурманскае педагагічнае вучылішча, а пасля працягнула сваё навучанне на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Яна прайшла працоўны шлях ад памочніка выхавацеля да загадчыка дзіцячага сада Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.

Мяне таксама прываблівала педагогіка, таму я і паступіў у БДПУ, але на гістарычны факультэт. Працаваў настаўнікам гісторыі і нямецкай мовы ў мінскай СШ № 40, пасля вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі выкладаў любімую дысцыпліну ў alma mater, загадваў кафедрай замежных моў №2. Дарэчы, і сям’ю стварыў па прафесійнай прыкмеце – мая жонка працуе выкладчыкам нямецкай мовы кафедры замежных моў БДПУ.

9_500x427

І вось лёс, павадзіўшы мяне па вакольных сцежках, паставіў усё на свае месцы: цяпер я таксама маю самае непасрэднае дачыненне да сямейнай традыцыі – «дашкольнай» дынастыі. Відаць, так і павінна было здарыцца. Мы з жонкай выхоўваем траіх сыноў, і мне здаецца, што хтосьці з іх стане пераемнікам педагагічнай прафесіі, – калі так распарадзіцца лёс. А яго, як вядома, не падманеш, не абыдзеш і не аб’едзеш…

***

Педагагічную сцежку свядома абіралі прадстаўнікі розных пакаленняў дынастыі Якавенкаў. Падрабязней – у размове з дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенкам.

10_500x653

– Сяргей Уладзіміравіч, у вашай сям’і ў педагогіку пайшлі ў асноўным мужчыны…

– Так, сапраўды. Пачынальнікам дынастыі быў мой дзед Андрэй Сямёнавіч, які ў 1936 г. пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Яго педагагічную дзейнасць перапыніла вайна, у якой дзед удзельнічаў з першага і да апошняга дня. Пасля Перамогі працаваў на розных пасадах у пачатковай школе Аршанскага раёна да 1980 г. Гэта быў шчыры, адказны і душэўны чалавек. Менавіта ён прывіў сваім спадкаемцам любоў да прафесіі педагога.

– У першую чаргу – свайму сыну, а Вашаму бацьку Уладзіміру Андрэевічу, які аддаў БДПУ шмат гадоў плённай працы.

– Уладзіміра Якавенку многія ведаюць як нязменнага на працягу дваццаці дзевяці (!) гадоў дэкана фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Менавіта яму належыць ідэя ўстанавіць унікальны маятнік Фуко, які дазваляе эксперыментальна зафіксаваць сутачнае вярчэнне Зямлі і які з’яўляецца адным з брэндаў нашага ўніверсітэта. А рэалізаваў гэты праект выпускнік фізфака дырэктар НВА «Пеленг» У. І. Пакрышкін.

Скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага і заклаўшы тым самым традыцыю вернасці нашай alma mater, мой тата абараніў у Інстытуце фізікі АН БССР кандыдацкую дысертацыю, стаў аўтарам (суаўтарам) звыш 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, у тым ліку дзевяці дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі. Ён атрымаў 3 аўтарскія пасведчанні, за ўкараненне якіх быў узнагароджаны знакам «Вынаходнік СССР». І зараз Уладзімір Андрэевіч не спачывае на лаўрах: ён – прафесар кафедры агульнай фізікі БДПУ. За добрасумленную і плённую працу яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР», «Заслужаны работнік БДПУ», сярод узнагарод –ордэн «Знак Пашаны». Нават цяжка ўявіць, якая колькасць настаўнікаў фізікі падрыхтавана пры яго непасрэдным удзеле!

11_500x573

– Раўняцца на такога таленавітага, заслужанага, тытулаванага спецыяліста, як Ваш бацька, вельмі няпроста. Сямейнай канкурэнцыі не адчуваеце?

– Гэта хутчэй не канкурэнцыя, а стымул. Педагагічная прафесія стала нашай агульнай сямейнай каштоўнасцю, любоў да фізікі – агульным захапленнем, таму я і пайшоў па слядах таты, скончыў фізічны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю… Усё паўтараецца, але на новым вітку. Сфера маіх даследчых інтарэсаў – пазнавальная дзейнасць пры рашэнні фізічных задач, модульная тэхналогія навучання пры вывучэнні фізікі, тэставая праверка ведаў па дысцыпліне.

– Самая маладая прадстаўніца дынастыі Якавенкаў – Ваша дачка Юлія. Яна збіраецца паўтарыць Ваш прафесійны лёс?

– Сапраўды, Юлія пераняла эстафету вернасці не толькі прафесіі фізіка, але і нашаму ўніверсітэту. Яна з адзнакай скончыла фізічны факультэт і магістратуру БДПУ, атрымала ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Сёння працуе інжынерам-праграмістам на кафедры агульнай фізікі, рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру.

– Атрымоўваецца, што адданасць педагагічнай прафесіі пераплялася ў гісторыі Вашай сям’і з вернасцю БДПУ.

– З БДПУ звязана шмат лёсавызначальных падзей для нашай сям’і. Гэта месца, дзе пазнаёміліся мае бацькі – мама таксама заканчвала МДПІ імя А. М. Горкага, толькі бібліятэчны факультэт. Тут працуе і мая жонка: яна дацэнт кафедры алігафрэнапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі. Галоўнае – ніхто не шкадуе пра свой жыццёвы выбар, ва ўсіх лёс склаўся ўдала і паспяхова.


1 верасня 2014 года, № 12 (1147)

СВЯТА ДАЎЖЫНЁЙ У ЦЭЛЫ ГОД

У чарадзе восеньскіх дзён ёсць самы яркі і за-памінальны – той, што звязаны з пачаткам навучальнага года ў роднай alma mater. Імкліва-творчыя студэнцкія гады гарманічна ўліваюцца ў жыццёвую плынь і становяцца трывалай асновай для паспяховай будучыні. Свята 1 верасня – выдатная нагода яшчэ раз успомніць час, праведзены ў сценах БДПУ, і павіншаваць усіх танкаўцаў з Днём ведаў. Сёння гэта з прыемнасцю робяць нашыя славутыя выпускнікі, якія памятаюць, любяць і цэняць свой педагагічны ўніверсітэт.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, выпускнік факультэта прыродазнаўства:

– Адчуваю бясконцы гонар, што мой жыццёвы лёс непарыўна звязаны з калектывам БДПУ. Без перабольшання магу сцвярджаць: толькі дзякуючы яму быў раскрыты мой творчы патэнцыял і зроблены пэўныя дасягненні ў навуковай і грамадскай дзейнасці.

З удзячнасцю і хваляваннем успамінаю лекцыі і семінарскія заняткі выкладчыкаў факультэта. Менавіта іх прафесіяналізм і педагагічнае майстэрства сталі невычэрпнай крыніцай атрымання глыбокіх і трывалых тэарэтычных ведаў.

Маё студэнцкае жыццё бурліла дзякуючы разнастайным мерапрыемствам. Шмат арганізоўвалася спартыўных спаборніцтваў, паходаў па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Прычым ініцыявалася гэта ўсё пераважна маладзёжнымі арганізацыямі. Наша студэнцкая група ў складзе 27 чалавек была прызнана пераможцай па арганізацыі вучэбнай, спартыўна-масавай  і культурна-выхаваўчай работы сярод усіх педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі былога Савецкага Саюза.

Сёння наша alma mater на парозе 100-гадовага юбілею. Увесь гэты час педагагічны калектыў вядзе напружаную працу па падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў. Перакананы, што якасць  вучэбна-выхаваўчага працэсу ў пэўнай ступені залежыць ад праграм, падручнікаў, тэхналогій і абсталявання, але ўсё ж галоўнае ў ім – АСОБА НАСТАЎНІКА, яго духоўнасць, гістарычны светапогляд, прафесіяналізм, здольнасць вырашаць любыя праблемы.

З нагоды Дня ведаў адрасую свае найлепшыя віншаванні прафесарска-выкладчыцкаму складу і студэнцтву БДПУ. Будзьце вартымі тых, хто дае вам пуцёўку ў жыццё!

Сяргей ДУБОВІК, дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выпускнік філалагічнага факультэта:

– З цеплынёй узгадваю гады вучобы на філфаку БДПУ ў 1970–1975 гг. Студэнцтва запомнілася цудоўнымі лекцыямі вядомых вучоных-філолагаў – Ф. М. Янкоўскага, А. М. Бардовіча, М. Ц. Кавалёвай, М. А. Лазарука. Гэтыя людзі навучылі цаніць роднае слова, заклалі фундамент маёй педагагічнай і навуковай працы, грамадскай дзейнасці.

Мае студэнцкія гады – гэта цікавыя паходы па Беларусі, гэта вечарыны і спартыўныя спаборніцтвы, гэта сябры на ўсё жыццё. Я ганаруся тым, што закончыў педагагічны ўніверсітэт, што значная частка майго жыцця звязана менавіта з педагогікай.

Жадаю роднаму ўніверсітэту росквіту, разумных і актыўных студэнтаў, а выкладчыкам – здароўя і шчасця!

Аляксандр БОЙКА, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, выпускнік гістарычнага факультэта:

– Засталіся найлепшыя ўспаміны ад вучобы ў БДПУ, які закончыў у 1981 г. Па-першае, гэта былі гады юнацтва, а па-другое, яны асвятляліся цудоўнымі асобамі выкладчыкаў гісторыі і французскай мовы. Таму невыпадкова, што я спраўдзіўся найперш як настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і французскай мовы.

Кожную восень мой родны педагагічны ўніверсітэт маладзее ад разумных і прыгожых першакурснікаў, ад новых цікавых задумак. Дзень ведаў – свята даўжынёю ў цэлы навучальны год, бо кожная хвіліна студэнцкага жыцця павінна быць прасякнута навукай і творчасцю. У сувязі з Днём ведаў і надыходзячым 100-гадовым юбілеем хачу пажадаць сваёй alma mater і надалей годна несці званне вядучай педагагічнай установы ў сістэме вышэйшай адукацыі нашай рэспублікі. Усім выкладчыкам і студэнтам зычу здароўя, невычэрпнай энергіі, плённай працы на карысць педагогікі!

Уладзімір ШЧЭРБА, кіраўнік спраў адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска, выпускнік факультэта прыродазнаўства:

– Заўсёды з удзячнасцю і любоўю прыгадваю сваю студэнцкую пяцігодку (1983–1988 гг.). Яна была насычана вучобай, спортам, разнастайнымі культурнымі мерапрыемствамі. Асабліва запомнілася палявая практыка, што праходзіла ў розных кутках Беларусі і вучыла думаць, супастаўляць, аналізаваць. Выказваю словы шчырай падзякі выкладчыкам, якія былі нам прыкладам ва ўсіх адносінах. Ганаруся, што закончыў педагагічны ўніверсітэт. Яму я абавязаны сваімі прафесійнымі поспехамі.

З нагоды Дня ведаў хачу пажадаць работнікам БДПУ поспехаў ва ўсім, а студэнтам – заўсёды любіць дзяцей. Без гэтай любові чалавек не адбудзецца як педагог, як Настаўнік з вялікай літары.

Настасся ГАРАДЗЕЦКАЯ, настаўніца англійскай мовы ДУА «Гімназія № 42 г. Мінска», пераможца конкурсу «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» ў намінацыі «Малады педагог», выпускніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій:

– З вялікім задавальненнем і ўдзячнасцю віншую родны ўніверсітэт з Днём ведаў! Мінулі летнія канікулы, і з новымі сіламі мы ўсе гатовы прыступіць да вучобы і працы. Выкладчыкам жадаю нязгаснага натхнення, бо менавіта яны здольны падтрымаць у студэнтаў уменне думаць, аналізаваць, адчуваць, суперажываць, што так важна ў сучасным свеце. Спадзяюся, навучальны год будзе цікавым, насычаным падзеямі, напоўненым новымі перамогамі і набыткамі. Зрабіце яго менавіта такім! А для гэтага верце ў свае сілы, плённа працуйце над пастаўленымі задачамі, не адступайце перад цяжкасцямі – і ўсё абавязкова атрымаецца!

З выпускнікамі БДПУ гутарыла Таццяна СТАРАСЦЕНКА


10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

ПРЫКЛАД, ЯКІ ВАРТА ПЕРАЙМАЦЬ

На факультэце пачатковай адукацыі шмат традыцый, і адна з іх – пастаянная сувязь з выпускнікамі, наладжванне сустрэч з тымі, хто дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. На гэты раз ясным сакавіцкім днём у госці да студэнтаў і выкладчыкаў завітала выпускніца ФПА, а зараз – член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Генадзьеўна КУЧЫНСКАЯ.

12_500x584

Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, а размова – цікавай, таму і ўражанні засталіся самыя прыемныя. Студэнты спачатку хваляваліся – ім жа давядзецца размаўляць з дэпутатам! Аднак з першай хвіліны Наталля Генадзьеўна пераканала ўсіх прысутных, што яна не проста парламентарый, але ў першую чаргу сапраўдная настаўніца і вельмі цікавая асоба. Хто б мог падумаць, што размова пачнецца не з аповеду пра жыццё і дзейнасць госці, а з рэфлексіі? З пытанняў да нас, студэнтаў? Адным словам, мерапрыемства праходзіла ў надзвычай лёгкай, шчырай і нават па-дамашняму цёплай атмасферы.

Наталля Генадзьеўна – высокаадукаваны чалавек, мае вялікі прафесійны вопыт. Дзякуючы працавітасці і мэтанакіраванасці яна дасягнула вельмі многага ў сваім жыцці і займае сур’ёзную пасаду. Да выбараў у дэпутаты Н. Г. Кучынская ўзначальвала аддзел адукацыі Ашмянскага райвыканкама. Мы пацікавіліся, што змянілася ў яе жыцці з пераходам на работу ў парламент. Госця адзначыла, што ў яе абавязкі ўваходзіць аналіз заканадаўчых актаў, таму прыходзіцца вывучаць нарматыўныя дакументы, быць у курсе таго, што адбываецца ў краіне і свеце, а ўвогуле – “мяняць маштаб мыслення з раённага на дзяржаўны”.

13_500x323

Аднак гэта не перашкаджае ёй заставацца простым, ветлівым, адкрытым чалавекам. Прыемна было, што Наталля Генадзьеўна размаўляла з намі як з роўнымі, па-сяброўску дзялілася сваімі перажываннямі, адказвала на пытанні, расказвала пра сваё студэнцкае жыццё, давала каштоўныя парады наконт будучай прафесіі. Кранулі цёплыя адносіны госці да факультэта і ўніверсітэта, да сваіх настаўнікаў і бацькоў – дарэчы, таксама педагогаў і выпускнікоў БДПУ.

“Педагогамі нараджаюцца ці становяцца?” – з такім пытаннем звярнулася да выпускніцы адна са студэнтак. “Становяцца”, – прагучаў упэўнены адказ. Наталля Генадзьеўна параіла нам рухацца наперад, развівацца, мець справу для душы. Час вельмі хуткаплынны, назад ён не вяртаецца, таму ў жыцці кожнага чалавека павінны быць яркія моманты, тое, пра што прыемна ўспамінаць самому і расказваць іншым. Падарожжы, тэатр альбо прыгатаванне смачнай стравы – усё гэта можа прыносіць задавальненне і карысць. Але ж самае галоўнае для настаўніка – быць сапраўдным чалавекам, цікавай асобай. Педагог для вучняў – не толькі той, хто адкрывае дзверы ў свет ведаў, але і той, хто вучыць жыць. А яшчэ знакамітая госця падзялілася сваім простым рэцэптам жаночага шчасця, у складзе якога моцная сям’я і здаровыя бацькі.

Размаўляць з чалавекам, які дасягнуў такіх вышынь у кар’еры, заўжды цікава. А калі гэта выпускнік твайго факультэта, становіцца ўдвая цікавей. Сваім прыкладам Наталля Генадзьеўна даказала, што здольнасці, руплівая праца і мэтанакіраванасць дапамагаюць развівацца ў прафесійнай дзейнасці. А значыць, і нам ёсць куды імкнуцца, не спыняючыся на дасягнутым.


20 лютага 2013 года, № 19 (1137)

Малады настаўнік – зацікаўлены вучань

З 31 студзеня па 1 лютага на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў ІІІ Рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства. Прыемна адзначыць, што большая частка як арганізатараў, так і непасрэдных удзельнікаў мерапрыемства – выпускнікі нашага ўніверсітэта. Усе вобласці краіны былі прадстаўлены камандамі крэатыўных маладых спецыялістаў, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Гонар сталіцы абаранялі ўчарашнія выпускнікі БДПУ, за плячыма якіх нялёгкі адбор у дзясятку лепшых мінскіх педагогаў.

14_500x752

Настаўнікам трэба нарадзіцца. Аднак шлях да сапраўднага прафесіяналізму складаецца з шэрагу прыступак, кожная з якіх даецца складаней, чым папярэдняя. Спачатку школа – першая ў пірамідзе прафесійнага станаўлення – стварае неабходныя ўмовы для цэласнага і гарманічнага развіцця вучнёўскай моладзі. Затым універсітэт загартоўвае і сур’ёзна рыхтуе да педагагічнай працы сваіх выхаванцаў. Толькі не трэба забываць, што гэты ланцуг будзе дзейсна працаваць пры адной умове: наяўнасці свядомай, зацікаўленай, мэтанакіраванай асобы. «Дзяржава зробіць усё неабходнае, каб такі спецыяліст быў падрыхтаваны і запатрабаваны на рынку адукацыйных паслуг», – запэўніў на адкрыцці фестывалю Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар С. А. Маскевіч.

Фестываль паказаў, што будучыня школы ў надзейных руках. Прэзентацыі каманд прадэманстравалі розныя погляды на партрэт маладога настаўніка, яго місію і ролю ў сучаснай школе. Мінчане, напрыклад, ярка і з гумарам закраналі праблемы педагагічнай працы, тут жа іх вырашаючы, бо маладосць – тая пара, калі трэба дзейнічаць, а не скардзіцца. Пра штодзённы подзвіг настаўніка, яго духоўны вопыт разважала разам з маладымі калегамі Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Г. І. Дабрынеўская.

Інтэрактыўныя перапынкі праводзіліся ў выглядзе своеасаблівых кансультацый, дзе маладым педагогам аказвалася юрыдычная, інфармацыйная дапамога. Часта па розных прычынах па-за ўвагай творчых настаўнікаў застаюцца конкурсы, фестывалі, педагагічныя вечарыны. Стварэнне блогаў настаўнікаў, парталаў дапамагае вырашаць многія з пастаўленых пытанняў, а праца форумаў забяспечвае бесперапынны абмен вопытам як паміж маладымі калегамі, так і іх старэйшымі паплечнікамі. Прэзентацыя кніжнай выстаўкі «Свет маіх захапленняў» не толькі разнастаіла праграму фестывалю, але і прадаставіла магчымасць набыць неабходную метадычную літаратуру, пазнаёміцца з навінкамі кніжнай прадукцыі.

Задуманы арганізатарамі бліц-турнір «Устанаўленне партнёрскіх адносін з бацькамі» ўдала аб’яднаў каманды ў пошуку найбольш рацыянальнага выйсця з канфліктнай сітуацыі. Маладыя педагогі даказалі, што псіхалагічныя і сацыяльныя веды, атрыманыя падчас вучобы, адыгрываюць пры вырашэнні спрэчных момантаў вызначальную ролю. І тут, канешне, нельга не падзякаваць выкладчыкам БДПУ за іх прафесіяналізм.

Майстар-класы па розных напрамках педагагічнай дзейнасці ўзбагацілі маладых спецыялістаў цікавымі ідэямі, новымі ведамі і, канешне, дазволілі паглядзець на свой прадмет па-новаму.

У рамках «круглага стала» пры ўдзеле намесніка Міністра адукацыі В. А. Будкевіча асаблівая ўвага ўдзялялася праблемам маладых педагогаў. Карысна было паслухаць і дырэктараў школ, і кіраўнікоў камітэтаў па адукацыі, і прадстаўнікоў ВНУ. Так, першы прарэктар нашага ўніверсітэта А. І. Андарала падкрэсліў, што БДПУ рыхтуе самых адказных і творчых спецыялістаў, якія зацікаўлены ў прафесійным росце і самаўдасканаленні. У пераліку лепшых выпускнікоў alma mater – вядомыя работнікі адукацыі, дзеячы навукі і культуры, палітыкі. Ды і большасць удзельнікаў фестывалю таксама выхаваны ў сценах нашага ўніверсітэта. Усе пагадзіліся, што наяўнасць высокай матывацыі назіраецца тады, калі чалавек свядома абірае педагагічную спецыяльнасць.

Другі дзень фестывалю прынёс новыя эмоцыі, бо быў прысвечаны выхаваўчай працы настаўніка. Мадэлі класных гадзін, праекты шостага школьнага дня – усё настолькі жыва і непаўторна, што складаецца ўражанне, быццам і дзеці, і бацькі, і настаўнікі думаюць і дзейнічаюць ва ўнісон.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне актывістаў прыемна і па-цёпламу завяршыла фестываль маладых педагогаў. Усё, што яны атрымалі ад майстроў сваёй справы, надало ім прафесійнай моцы і ўпэўненасці, што праца настаўніка – самая патрэбная і бязмежна творчая.

Галіна СТРАЛЬЧУК, выпускніца БДПУ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 21 г. Мінска


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

«Мая Муза жыве ў БДПУ…»

Выбар будучай прафесіі – сур’ёзны і адказны крок, які шмат у чым вызначае далейшы лёс чалавека, яго магчымасць самарэалізавацца ў жыцці, а таксама стаць паспяховым спецыялістам. І калі да заканчэння сярэдняй школы выпускнікі ў большасці вызначаюцца з прафесійнымі прыярытэтамі, то выбраць адпаведную ВНУ звычайна складаней. Прызнаюся, у такой сітуацыі была і я: у нас ёсць нямала вышэйшых навучальных устаноў, якія прапануюць абітурыентам падрыхтоўку па аднолькавых або сумежных спецыяльнасцях. Таму трэба ўлічваць дадатковыя фактары: магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце (для іншагародніх), зручнае месцазнаходжанне ўніверсітэта, наяўнасць у ім спартыўна-аздараўленчага комплексу… Маё рашэнне было не спантанным, а абдуманым і ўзважаным: я стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

15_500x374

Гэтая ВНУ прыцягвала маю ўвагу ў многіх адносінах. Аднак пры любым, нават самым упэўненым выбары застаецца доля сумневу. З пазіцыі сённяшняга дня без усялякіх ваганняў магу сказаць: БДПУ – гэта самае правільнае рашэнне ў маім жыцці! У гэтым я пераканалася яшчэ на першым курсе гістарычнага факультэта. Менавіта тут я атрымала якасныя веды, вучылася ў лепшых выкладчыкаў-прафесіяналаў, раскрыла і рэалізавала даследчыя здольнасці. Гістарычны факультэт з’яўляецца асновай маіх дасягненняў і прадметам гонару.

Творчае, навуковае, грамадскае, спартыўнае жыццё ў БДПУ настолькі цікавае і разнастайнае, што не існуе такога чалавека, які б не здолеў пры жаданні развіць тут свае ўменні і таленты.

Перспектывы, якія адкрыў для мяне родны ўніверсітэт, гавораць самі за сябе. Так, у перыяд набыцця другой ступені вышэйшай адукацыі я атрымала магчымасць на працягу чатырох месяцаў навучацца ў магістратуры вядучай педагагічнай ВНУ Расійскай Федэрацыі – Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Веды, атрыманыя за гэты час, дазволілі мне ўдасканаліць даследчыя навыкі і стыль навуковага мыслення.

Пасля заканчэння магістратуры я вырашыла працягнуць навуковую дзейнасць. Для навучання ў аспірантуры я магла выбраць любую ВНУ, у тым ліку і маскоўскі ўніверсітэт. Аднак зноў без ніякіх ваганняў аддала перавагу БДПУ. Сваё рашэнне тлумачу тым, што ўніверсітэт стаў для мяне не толькі другім домам, але і натхненнем у вучобе і навуковай дзейнасці.

Старажытная ўсходняя мудрасць сцвярджае: «Не пакідайце той храм, дзе жыве ваша Муза». Мая Муза жыве ў БДПУ, і я ўпэўнена, што кожны студэнт педагагічнага ўніверсітэта зможа знайсці ў гэтым храме крыніцу свайго невычэрпнага натхнення.

Крысціна ТАРАНОВІЧ, аспірантка кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

ВЫБАР, ЯКІМ Я ЗАДАВОЛЕНЫ

Кожны год студэнцкая кагорта БДПУ папаўняецца навічкамі – учарашнімі абітурыентамі, якія паціху асвойваюцца ў новым для сябе статусе і ахвотна дзеляцца ўражаннямі ад вучобы ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны. Аднак часам па волі лёсу да нас прыходзяць тыя, хто ўжо мае пэўны вопыт навучання ў іншай ВНУ. Іх погляд на арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу ў нашым універсітэце больш аб’ектыўны, а таму і больш цікавы. Вось якімі думкамі падзяліўся з рэдакцыяй «Н» другакурснік ФСПТ (спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія») Андрэй ШАЎЦОЎ:

– Я скончыў першы курс сацыяльна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)». Вучыцца там мне падабалася, аднак сёлета па сямейных абставінах я апынуўся ў Мінску. Для працягу вучобы абраў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ – і з першых дзён зразумеў, што гэта было праільнае рашэнне.

Пастараюся канкрэтна акрэсліць тыя пазіцыі, якія выгадна вылучаюць БДПУ сярод многіх іншых ВНУ. У першую чаргу, гэта высокі прафесіяналізм выкладчыкаў і строгія, патрабавальныя, але і аб’ектыўныя адносіны да студэнтаў. Цудоўна, што аўдыторыі маюць належнае тэхнічнае абсталяванне, а ўсе лекцыі і семінары суправа-джаюцца мультымедыйнымі прэзентацыямі.

Грамадскае і творчае жыццё ва ўніверсітэце і на факультэце «кіпіць». Яно цікавае, насычанае і разнастайнае. Кожны студэнт можа знайсці сабе занятак па інтарэсах. Я, напрыклад, з задавальненнем стаў удзельнікам акцый і мерапрыемстваў, што праводзяцца на факультэце, а таксама планую выступаць ва ўніверсітэцкіх турнірах па шахматах і шашках.

Хачу таксама адзначыць, што куратар вучэбнай групы вельмі ўважліва ставіцца да сваіх студэнтаў, дапамагае ў самых розных пытаннях. А што найбольш прыемна здзівіла – дык гэта заўсёды адчыненыя дзверы ў кабінеце дэкана і яго намеснікаў: кіраўніцтва факультэта пастаянна гатова кантактаваць з любым з нас, студэнтаў.

Дзякуючы БДПУ маё студэнцкае жыццё заіскрылася новымі фарбамі! Здорава, што я зрабіў выбар на карысць якаснай адукацыі і творчага развіцця.


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

З удзячнасцю да роднага ўніверсітэта

Ну, вось я і стала сапраўдным настаўнікам. Цэлых пяць гадоў упарта ішла да гэтай мэты, каб вучыць, выхоўваць і развіваць сённяшніх школьнікаў.

Думаю, са мной пагодзяцца многія выпускнікі: як бы ты ні рыхтаваў сябе да таго, што з верасня трэба будзе працаваць (самастойна!) з дзецьмі, адразу губляешся, як першакурснік, адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы… Яно і не дзіўна: раней за цябе маглі паручыцца твае выкладчыкі, а зараз усведамляеш, што любы промах – гэта толькі твая памылка. Супакойваешся толькі тады, калі праводзіш свой першы ўрок. У гэты момант перад вачыма праносяцца лекцыі, практычныя заняткі і слушныя парады педагогаў. Як часта мы не звярталі ўвагі на тое, што нам казалі на методыцы выкладання фізікі і інфарматыкі! Тады здавалася, што ўсё і так зразумела. А цяпер я ў каторы раз перачытваю свае канспекты, успамінаю, якія псіхолага-педагагічныя прыёмы дазволяць па-збегнуць траўміравання псіхікі дзіцяці, якому ніяк не даецца фізіка.

Я лічу, што ў жыцці мне вельмі пашанцавала: паступіўшы на фізічны факультэт БДПУ, я здабыла сабе другі дом. Прыйшла ва ўніверсітэт няўпэўненым дзіцём, а выйшла са сцен alma mater з багажом грунтоўных ведаў. Дарэчы, мне заўсёды было мала проста вучыцца, тым больш што ў БДПУ столькі магчымасцей для самарэалізацыі! Я была і старастай групы, і рэдактарам газеты, і намеснікам старшыні студэнцкага актыву… Калі ж успамінаю Дні фізікі – адразу ўзнімаецца настрой. Столькі сіл мы ўкладвалі ў арганізацыю гэтага мерапрыемства!

Аднак мне з самага пачатку хацелася працаваць з дзецьмі. Менавіта таму пачынаючы з чацвёртага курса я выкладаю ў школе. Не стала нават думаць пра іншае месца працы: ведала, што вярнуся ў сваю родную гімназію № 31. І тут для мяне ўсё склалася найлепшым чынам. Дырэктар Г.У. Старавойтава, вельмі разумная і харызматычная жанчына, дазволіла мне, студэнтцы, рэалізаваць сябе, падтрымала маю ініцыятыву ў наладжванні сувязяў гімназіі з БДПУ. Навучэнцы з задавальненнем удзельнічалі ў Днях фізікі, размах якіх проста ашаламляльны. Яны проста закахаліся ў планетарый, а пазней – не хацелі ад’язджаць, пакуль не прагледзелі ўсе фізічныя доследы.

Сапраўдным святам для маіх вучняў стаў канцэрт, з якім студэнты фізічнага і матэматычнага факультэтаў выступілі ў нашай гімназіі. Сёння мае дзеці ведаюць: у БДПУ вучацца не проста разумныя студэнты, але і творча адораныя людзі. У хуткім часе танкаўцы сталі частымі гасцямі ў нашай гімназіі. Цяпер ужо настаўнікі і навучэнцы праводзяць для іх экскурсіі: у музей інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйны цэнтр і інш. Многія пасля гэтых сустрэч і гутаркі з дырэктарам пры-зналіся, што, убачыўшы працэс адукацыі «знутры», упэўніліся ў правільнасці выбару прафесіі. Так, адзін з пяцікурснікаў фізфака сёлета прыйшоў да нас на працу.

Я бясконца ўдзячна ЎСІМ выкладчыкам майго любімага фізфака за тое, што кожнага студэнта яны не толькі вучылі, але яшчэ і тлумачылі дзень за днём, якім чалавекам ён павінен стаць, каб не сорамна было за сябе, каб прафесія настаўніка з кожным годам рабілася ўсё больш прэстыжнай. Школу жыцця мы прайшлі з І.В. Дзядзюлем, С.В. Вабішэвіч, А.А. Шымбалёвым. Іх парады дапамагаюць нам, выпускнікам, і зараз, у дарослым прафесійным жыцці. Я ведаю, што ў любы момант магу прыйсці на кафедру – і мне дапамогуць, нават пасадзяць побач і па кроках разбяруць урок. Таму што нашым выкладчыкам не ўсё роўна, таму што мы для іх сталі роднымі і любімымі.

Мне падабаецца працаваць у школе: педагагічная прафесія дае магчымасць рэалізоўваць творчы патэнцыял, прымушае трымаць руку на пульсе жыцця. Кожны раз, калі ўваходжу ў клас, бачу разумныя вочы і разумею, што на гэтыя 45 хвілін станаўлюся для сваіх вучняў крыніцай мудрасці, адчуваю сапраўднае шчасце.

І яшчэ. Паважаныя калегі! Нашаму любімаму ўніверсітэту споўнілася 99 гадоў. Проста не верыцца! Мы з вамі ведаем, што настаўнік – адна з самых высакародных прафесій у свеце. Гэтую перакананасць падзяляюць і вучні, удзячныя сваім педагогам праз многія-многія гады. Віншую вас са святам, дарагія выкладчыкі! Цікавай вам працы і натхнення! Будзьце здоровыя і шчаслівыя!

Надзея ГУСЬКОВА, выпускніца фізічнага факультэта 2013 г., настаўнік фізікі і інфарматыкі гімназіі № 31 г. Мінска


28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

ПАД АДНОЙ ЗОРКАЙ

Усё пазнаецца ў параўнанні. Якой бы жыццёвай мудрасцю і метадычнай скарбніцай ні валодалі сталыя настаўнікі, у школьныя гады мы ўсё ж больш цанілі маладых і крэатыўных педагогаў, з якімі было лёгка знаходзіць агульную мову і паразуменне. Жаданне зламаць стэрэатып пра злосную настаўніцу ў акулярах і сукенцы з накрухмаленым каўняром прывяло мяне, як і многіх «танкаўцаў», туды, дзе яму наканавана было здзейсніцца.

16_500x695

Універсітэцкія гады зараз падаюцца адным імгненнем. Дыплом выкладчыка атрымалі ўсе выпускнікі, але шлях настаўніцтва абралі самыя мужныя і таленавітыя. Як прыемна, калі на чарговым фестывалі, конкурсе, курсах павышэння кваліфікацыі сустракаеш сваіх «аднакашнікаў». Выпускнікі розных факультэтаў БДПУ праслаўляюць імя роднага ўніверсітэта, пацвярджаючы высокую якасць і бясспрэчную карысць педагагічнай адукацыі. Прыемна чуць ад кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў і завучаў устаноў адукацыі, што ўзровень падрыхтоўкі маладых педагогаў з БДПУ намнога вышэйшы, чым калег з іншых навучальных устаноў. Гэта не азначае, што мы павінны спыніцца на дасягнутым. Калі ўжо ёсць узятая вышыня, то, як мінімум, яе трэба ўтрымліваць.

Мне пашчасціла: я не сустрэла ніводнага маладога настаўніка, які б толькі даваў урокі, выступаў на бацькоўскіх сходах і вёў дакументацыю, хоць гэта значная частка нашай працы. Маладосць – гэта якраз тая пара жыцця чалавека, якая ніколі не даруе яму ляноты, безыніцыятыўнасці і абыякавасці. Многія памыляюцца, калі лічаць, што з заканчэннем універсітэта пачынаецца шэрая паўсядзённасць радавога педагога. Насамрэч на кожнага з нас ускладзены святы абавязак – расквечваць жыццё дзяцей.

Так, выпускнік гістарычнага факультэта Аляксандр Андрэевіч Трус выдатна спраўляецца з гэтым абавязкам, выкладаючы англійскую мову ў гімназіі №3 Цэнтральнага раёна сталіцы. Насычанасці жыцця маладога педагога можна пазайздросціць: «Я ў поўнай меры адчуў, што такое ўсебаковая гуманітарная адукацыя і які плён яна здольна прынесці як у прафесійным, так і ў асабістым плане. Заўсёды з цеплынёю ўспамінаю выкладчыкаў, якія працавалі з намі. Мінулы год быў сапраўды багатым на эмоцыі і на дасягненні ў прафесійнай сферы. З лепшымі маладымі настаўнікамі сталіцы, сярод якіх пераважна выпускнікі нашага ўніверсітэта, сустрэўся на фестывалі педагагічных ідэй «Усё, што мы можам!». Стаў пераможцам раённага і фіналістам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» у намінацыі «Мы – маладыя». А з нядаўняга часу з’яўляюся яшчэ і ўдзельнікам адукацыйнай праграмы Савета Еўропы «Песталоцы».

Я ўпэўнена, што кожны выпускнік, як і Саша, знойдзе чым падзяліцца з маладым пакаленнем, паказаць прыклад тым, хто працягне добрую традыцую – праслаўляць нашу alma mater не толькі словам, але і справай. Усе мы нарадзіліся пад адной зоркай, імя якой – Настаўніцтва. Наш шлях складаны, непрадказальны, часам са стромкімі паваротамі, нечаканымі перашкодамі. Але іх варта пераадольваць дзеля таго, каб застацца ва ўдзячнай памяці хаця б аднаго з вучняў, каб дапамагчы распусціцца хоць адной кветцы жыцця.

Галіна СТРАЛЬЧУК, магістрантка кафедры беларускага мовазнаўства


28 сакавiка 2013 года, № 4 (1122)

ЦЯПЕР Я МАГІСТР

У жыцці не заўжды ўсё складваецца так, як гэтага хацелася б. Вось і я воляй лёсу стала студэнткай не стацыянара, а завочнага аддзялення факультэта беларускай і рускай філалогіі. Тады нават і не ўяўляла, што праз некалькі гадоў змагу прымерыць шапку магістра, апрануць мантыю… Усё атрымалася, але не адразу

17_500x390

Праца, сесія, праца, сесія… Вось і ўніверсітэт скончаны. Я – спецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Паспяхова здала дзяржаўныя экзамены, задумалася: а што яшчэ я магу зрабіць для паглыблення сваіх ведаў, развіцця ўменняў і навыкаў? Вырашыла паспрабаваць паступіць у магістратуру роднага ўніверсітэта. Атрымалася! А пасля… Пасля пачалася напружаная праца. У працэсе правядзення сумеснага з маім навуковым кіраўніком Г.Я. Адамовіч даследавання я пазнаёмілася з цікавымі і таленавітымі людзьмі, атрымала новы досвед, многаму навучылася. “Уражанні! Уражанні! Абрысы невыразныя. Усё вакол уражвае, жывое ўсё і важнае” – гэтыя радкі з верша паэта-земляка Віктара Вабішчэвіча вельмі блізка перадаюць маё самаадчуванне падчас навучання ў магістратуры. Многія знаёмыя мяне не разумелі: маўляў, хопіць табе ўжо вучыцца! Аднак я ўсведамляла, што займаюся цікавай і карыснай справай, не марную час, а значыць, кожны дзень пражыты не дарэмна.

Будучы магістранткай, пачала ўдасканальваць свае паэтычныя здольнасці, стала членам творчага клуба “Натхненне”, што дзейнічае ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці (тут я жыву і працую). Мяне запрасілі да супрацоўніцтва з інфармацыйным сайтам палескага рэгіёна, дзе ў вольны ад асноўнай працы час шліфую свае журналісцкія ўменні.

Напрыканцы студзеня я прыехала ў Мінск, у сваю alma mater па запаветны дыплом. Які гэта быў цудоўны дзень! Шчаслівыя новаспечаныя магістры ў мантыях увесь дзень хадзілі па родных калідорах, лавілі на сабе зацікаўленыя погляды студэнтаў, фатаграфаваліся. Запомнілася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў, цёплая святочная атмасфера, творчая праграма.

Атрыманне акадэмічнай ступені магістра – важная падзея для мяне і маіх аднакурснікаў. Упэўнена, што веды і ўменні, набытыя намі падчас правядзення навуковых даследаванняў, будуць і надалей спрыяць дасягненню пастаўленых перад сабою мэт. Дыплом магістра – гэта яшчэ адна прыступка на лесвіцы асабістых дасягненняў, якая абавязкова стане трывалым грунтам для далейшай навуковай і педагагічнай дзейнасці.

Напрыканцы мне хацелася б самыя шчырыя словы ўдзячнасці выказаць нашым навуковым кіраўнікам. Менавіта вы сваёй працай, вопытам, мудрасцю дапамаглі нам стаць сапраўднымі даследчыкамі. Няхай кожны дзень жыцця прыносіць толькі радасць і натхненне! Удзячных і таленавітых вам вучняў!

Наталля БАЗАР, выпускніца магістратуры 2013 г.


29 лістапада 2012 года, № 15 (1116)

Вядома, што поспех у любым відзе дзейнасці залежыць не толькі ад здольнасцей і прафесійных кампетэнцый, але і ад працавітасці, мэтанакіраванасці, умення і жадання ставіць перад сабою рэальныя задачы і знаходзіць шляхі для іх рэалізацыі. Гэтае сцвярджэнне цалкам справядлівае і ў адносінах да настаўніцкай работы. Многія выхаванцы БДПУ, якія дасягнулі пэўных вышынь у прафесійнай самарэалізацыі, адзначаюць: alma mater не толькі дала ім грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, але і дапамагла выпрацаваць актыўную жыццёвую пазіцыю, што ў канчатковым выніку і стала залогам іх поспеху. Прыклад Аляксея Віктаравіча ШАРАПАВА, маладога і энергічнага дырэктара ДУА «Сярэдняя школа № 49 г. Мінска», з’яўляецца чарговым пацвярджэннем гэтай бясспрэчнай ісціны:

– Бацькі ўсё сваё жыццё аддалі працы ў школе, таму можна сказаць, што і мая прафесія была прадвызначана. Падчас уступных іспытаў (гэта было ў сярэдзіне 90-х гг.) я шчыра здзівіўся таму, што на спецыяльнасць «Геаграфія. Біялогія» факультэта прыродазнаўства паступае так многа прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Я быў упэўнены, што магу аказацца адзіным хлопцам у сваёй групе.

Памятаю, першы курс у верасні быў накіраваны на «бульбу». Тры тыдні сумеснай працы і пражывання пад адным дахам знітавалі наш невялікі калектыў. На факультэце гэта вельмі важна, бо мы не толькі вучыліся, але і штогод выязджалі на летнюю палявую практыку, часам пераадольваючы шматкіламетровыя адлегласці да месца прызначэння.

Вельмі хутка я пераканаўся ў тым, што не памыліўся з выбарам і знаходжуся на сваім месцы. За час навучання на маім шляху заўсёды сустракаліся людзі, якія дапамагалі не толькі словам, але і справай. Праз гады хочацца сказаць дзякуй любімым выкладчыкам М.В. Лыскаўцу, С.І. Копцевай, І.В. Карпенку, якія ўжо тады здолелі разгледзець ува мне арганізатарскія здольнасці.

Аднак студэнцкае жыццё хутка заканчваецца, і ўсе мы становімся спецыялістамі пэўнага профілю. На жаль, многія з маіх аднакурснікаў так і не звязалі сваю прафесійную кар’еру з адукацыяй. Я ж, адслужыўшы тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, пачаў сваю педагагічную дзейнасць у СШ № 35 г. Мінска спачатку ў якасці настаўніка, пасля – намесніка дырэктара і, нарэшце, дырэктара. Сёння я ўзначальваю сталічную СШ № 49.

Не хочацца гаварыць пра цяжкасці нашай работы, яны ёсць у любой дзейнасці. Я пераканаўся ў адным: усе праблемы адыходзяць убок, калі цябе акружаюць дзеці, якія могуць заўсёды падобраму здзівіць, а таксама бацькі, гатовыя прыйсці на дапамогу людзям нашай няпростай прафесіі.

Я шчыра ўдзячны БДПУ за той педагагічны калектыў, які сёння ўзначальваю: большасць маіх калег – выхаванцы нашага ўніверсітэта! Карыстаючыся нагодай, віншую ўсіх работнікаў і студэнтаў з Днём нараджэння нашай alma mater. Творчых пошукаў і натхнення вам, сябры!


18 кастрычніка 2012 года, № 13 (1114)

Выпускнікі БДПУ – дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання адбыліся ў краіне 23 верасня. Сярод ста дзесяці дэпутатаў, абраных беларускім народам, ёсць і выпускнікі нашага ўніверсітэта. Яны з радасцю пагадзіліся расказаць пра сябе. Думаем, чытачам «Н» будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, дзейнасць якіх звязана з прыняццем самых важных законаў нашай краіны.

18_500x671

Таіса ДАНІЛЕВІЧ, начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

– Прыемна ўсведамляць, што сваёй alma mater я магу называць менавіта БДПУ імя Максіма Танка. У гады маёй вучобы ён называўся Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытутам імя А.М. Горкага і ва ўсе часы па праву лічыўся сапраўднай кузняй кадраў. Колькі маладых таленавітых педагогаў выйшлі з этых сцен! Колькім спецыялістам выкладчыкі ВНУ перадалі свае веды і бясцэнны вопыт! Сваю педагагічную кар’еру я пачынала ў Чаланецкай пачатковай школе Салігорскага раёна і школах г. Салігорска, адначасова завочна вучылася на гістарычным факультэце. Студэнцкія гады заўсёды ўзгадваю з цеплынёй, бо гэта быў цудоўны час, які дазволіў мне вучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў і мець зносіны з выдатнымі людзьмі. Уявіце сабе: прыехаўшы на зімовую сесію ў Мінск (а гэта быў студзень), я нарадзіла сына. Як спалучыць догляд за немаўлём і здачу экзаменаў? У гэты дастаткова складаны перыяд не толькі ўся група студэнтаў-завочнікаў, але і выкладчыкі ВНУ, дэкан факультэта аказвалі мне ўсебаковую падтрымку, дзякуючы якой я здолела і вучыцца, і гадаваць сына.

У сілу свайго характару я заўсёды імкнулася да лідарства, бо лідар – гэта аўтарытэт, за якім ідуць лепшыя, каму безагаворачна давяраюць. Акрамя таго, вызначалася настойлівасцю, рашучасцю і няпростым характарам. Аднойчы сабрала 50 непаўналетніх дзяцей, якія знаходзіліся на розных відах уліку, і накіравалася разам з імі ў студэнцкі атрад ва Украіну, у г. Нікалаеў. Па выніках работы наш атрад быў прызнаны лепшым.

Думаю, што менавіта гэтыя асобасныя і прафесійныя якасці – педагагічная карпатлівасць, аб’ектыўнасць, патрабавальнасць і адказнасць – дазволілі мне якасна выконваць абавязкі на любой пасадзе: ад настаўніка да начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, зраблю ўсё магчымае для таго, каб мы жылі ў грамадстве здаровых, адукаваных, матэрыяльна забяспечаных людзей, якія ў поўнай меры рэалізуюць свае здольнасці і таленты. Як педагог са шматгадовым вопытам буду спрыяць цеснаму ўзаемадзеянню сям’і і школы, захаванню традыцый і каштоўнасцей беларускай культуры, навукі і адукацыі, забеспячэнню пераемнасці пакаленняў. Абарона мацярынства і дзяцінства, павышэнне якасці медыцынскіх паслуг, прафілактыка сацыяльна небяспечных захворванняў – мае прыярытэты ў галіне захавання здароўя. У сферы маладзёжнай палітыкі буду садзейнічаць удасканаленню заканадаўчай базы, неабходнай для рэалізацыі бізнес-ініцыятыў, вучыць моладзь арыентавацца ў вялізным патоку інфармацыі.

Дарагія студэнты, будучыя педагогі! Сёння вы вучыцеся ў адной з лепшых ВНУ нашай краіны, а заўтра станеце настаўнікамі і будзеце працаваць з цікаўнымі і дапытлівымі дзецьмі. На вас, маладых і ініцыятыўных, мы ўскладаем вялікія спадзяванні. Свет не зменіцца да лепшага без нашага ўдзелу, таму, дзе б вы ні працавалі – у сельскай мясцовасці або ў горадзе, у гімназіі або звычайнай школе, – будзьце лідарамі, вядзіце вучняў за сабой. Ваша актыўная жыццёвая пазіцыя дазволіць кожнаму рэалізаваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял, а значыць, стаць паспяховымі. Свята выконвайце свой настаўніцкі абавязак, захоўвайце беларускую спадчыну, праслаўляйце нашу Бацькаўшчыну добрымі справамі! А я ў сваю чаргу абяцаю рабіць практычны ўнёсак у рашэнне праблем, якія хвалююць людзей, гатова несці адказнасць за дзейнасць у Парламенце і законы, якія ён прымае.


Аляксандр СЯГОДНІК, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

– Філалагічны факультэт (сёння ФБіРФ) я скончыў у 1977 г. Думаю, пра якасць адукацыі, якую я тут атрымаў, можа ў пэўнай ступені сведчыць мой кар’ерны лёс. Пасля размеркавання я, амбіцыёзны выпускнік сталічнай ВНУ, працаваў у базавай школе на Лепельшчыне спачатку настаўнікам беларускай мовы, пасля педагогам-арганізатарам. Але ўжо ў 27 гадоў мне прапанавалі ўзначаліць раённы аддзел адукацыі, нягледзячы на адсутнасць у мяне вопыту працы дырэктарам. Кар’ера паступова ішла ўгару, і я перакананы, што менавіта філалагічны факультэт зрабіў з мяне не толькі добрага настаўніка, але і кіраўніка, арганізатара. Адна з самых запамінальных старонак майго студэнцкага жыцця – спроба сябе як акцёра ў літаратурным тэатры «Жывое слова». Тагачасны яго кіраўнік А.А. Каляда выпрацоўваў у нас, «жываслоўцаў», актыўнае стаўленне да жыцця, адказнасць і шчырасць, не гаворачы ўжо пра майстэрства валодання самым далікатным і ў той жа час самым магутным інструментам – словам. Між іншым, ён трымаў нас у строгай дысцыпліне: іграць у тэатры меў права толькі той, хто вучыцца на стыпендыю, – лянота ў нас не віталася. На факультэце панавала атмасфера творчасці. Толькі ў маёй групе вучыліся два будучыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі (В. Гарановіч і В. Буланда), выдатны мастак А. Майсеенка, які працаваў на Брэстчыне, і сённяшні дэкан факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя П.М. Машэрава В.І. Несцяровіч. Адным словам, філфак – гэта тое месца, дзе гартуюцца розум, воля і крэатыўнасць. І вялікая заслуга ў гэтым нашых цудоўных выкладчыкаў, якім мы заўжды будзем бясконца ўдзячны, – Ф.М. Янкоўскага, Э.Д. Блінавай, К.М. Панюціч, М.Ф. Шаўлоўскай, М.М. Плескацэвіч і многіх іншых.

19_500x740

Як вядома, адукацыя цесна звязана з жыццём, а таму патрабуе пастаяннай увагі і абнаўлення. У апошнія гады многае рабілася для рэфармавання школы, таму наша задача сёння – удасканальваць той набытак, які мы маем. Калі гаварыць пра заканадаўчую базу, то перш-наперш трэба ўдакладніць новы Кодэкс аб адукацыі, у рэжыме якога мы адпрацавалі пакуль толькі год. Варта звярнуць увагу і на больш цесную сувязь адукацыі з жыццём. Натуральна, без тэорыі не абысціся, аднак на ўсіх узроўнях адукацыі мы павінны рыхтаваць спецыяліста-практыка. Не трэба пакідаць па-за ўвагай і такое пытанне, як далейшая інфарматызацыя сістэмы адукацыі. Мы павінны імкнуцца да таго, каб камп’ютар стаў дапаможным сродкам выкладання для кожнага настаўніка. Ну і, вядома ж, самая вострая праблема – памеры заробкаў работнікаў педагагічнай сферы. Тут варта шукаць пэўныя рэзервы і ў самой сістэме адукацыі, і пры фарміраванні бюджэту большую ўвагу звяртаць на аплату настаўніцкай працы.

Хачу звярнуцца да сённяшніх танкаўцаў. Памятайце, што студэнцкія гады – самы плённы і спрыяльны час для ўсебаковага развіцця. Вы вучыцеся ў сталічнай ВНУ, магчымасці якой значна шырэйшыя, чым у перыферыйнай. Таму выкарыстоўвайце іх у поўнай меры. Шчыра жадаю вам пасябраваць з творчасцю, без якой настаўніцкая праца проста немагчымая. Паверце, у вашых руках і ў вашых сілах вельмі-вельмі многае.


Марат ЖЫЛІНСКІ, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі па навуковай рабоце:

– Мне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і педагогаў: мой бацька – выкладчык гісторыі, маці – геаграфіі, сястра – музыкі, брат – матэматыкі. Услед за татам я вырашыў стаць гісторыкам і ў 1993 г. паступіў у тады яшчэ МДПІ імя А.М. Горкага. Гэта быў цалкам усвядомлены крок: гісторыя падабалася мне са школы.

20_500x750

Гістарычны факультэт тады ўзначальваў чалавек, з якім у мяне да сённяшняга дня захаваліся цёплыя сяброўскія адносіны, – У.В. Тугай. З удзячнасцю ўспамінаю найцікавейшыя лекцыі па гісторыі старажытнага свету М.І. Мініцкага, па гісторыі Расіі – І.А. Груцы. Памятаю, мы, маладыя хлопцы і дзяўчаты, з задавальненнем слухалі сваіх выкладчыкаў, якія так захапляльна расказвалі нам пра падзеі даўно мінулых дзён. Любілі мы наведваць лекцыі А.П. Вахніной, Н.Д. Ляўковіч, А.А. Цобкала, А.М. Лютага, У.У. Куніцкага, В.Р. Федарасавай, І.В. Карпенкі і інш. Пералічваць можна доўга.

Выдатнікам я не быў. Магчыма, так адбылося таму, што я актыўна ўліўся ў творчае жыццё гістарычнага факультэта і ўніверсітэта. Ужо на другім курсе крэатыўныя гісторыкі, сярод якіх аказаўся і я, стварылі сваю каманду пад кіраўніцтвам Д.М. Шуканава, які зараз узначальвае цэнтр студэнцкай творчасці і спорту БДПУ. Мы займаліся пастаноўкай спектакляў, удзельнічалі ў КВЗ (дарэчы, гістфак тады не раз станавіўся чэмпіёнам), ігралі ў тэатры «Мы». Мне падабалася творчая дзейнасць не толькі як спосаб самавыяўлення, але і зносін з рознымі людзьмі, пашырэння кругагляду. Гэта быў, вядома, цудоўны час. Мае ўспаміны пра студэнцкае жыццё звязаны ў першую чаргу з такімі вось яркімі эмацыйнымі момантамі. Дарэчы, мая жонка, якая таксама скончыла гістфак, толькі вучылася на два курсы маладзей, першы раз мяне ўбачыла якраз на сцэне. Праўда, адразу я ёй знешне не прыглянуўся. Яно і не дзіўна: тады я выглядаў іначай, насіў бараду. Затое ў працэсе далейшых зносін у нас, як кажуць, усё склалася.

Вядома, мы не былі ідэальнымі студэнтамі. Аднак трэба сказаць, што мы заўжды ведалі: вучоба – на першым месцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта я паступіў у аспірантуру БДПУ. Першым маім навуковым кіраўніком быў (светлая яму памяць) доктар гістарычных навук прафесар А.М. Мацко. Калі ён стаў дрэнна сябе адчуваць і ўжо не мог дастаткова часу ўдзяляць свайму аспіранту, эстафету пераняў доктар гістарычных навук прафесар А.А. Каваленя, на той час загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. Некалькі слоў мне хочацца сказаць пра гэтага чалавека. Аляксандр Аляксандравіч – настаўнік з вялікай літары, які спалучае ў сабе сапраўднага педагога і таленавітага навукоўца, а таксама высакароднага чалавека. Пасля смерці маіх бацькоў, па сутнасці, ён мне стаў не толькі настаўнікам па жыцці, але і другім татам.

Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, я пайшоў па педагагічным шляху, стаў выкладаць у родным універсітэце на кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. Затым заняў пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі НАН Беларусі – праца вельмі сур’ёзная і адказная, але і вельмі цікавая. Так я ўліўся ў новы калектыў прафесійных і таленавітых людзей. З сакавіка 2011 г. працую намеснікам дырэктара па навуковай рабоце.

Ідэя паспрабаваць сябе ў дэпутацкай дзейнасці прыйшла спантанна. І чым больш думаў пра гэта, тым больш пераконваўся, што балаціравацца ўсё ж варта.

Калі мы з камандай працавалі над перадвыбарчай праграмай, то сыходзіліся ў думках: такія прафесіі, як педагог, вучоны і ўрач павінны быць у нашым грамадстве самымі высокааплатнымі і самымі прэстыжнымі. Асабліва гэта тычыцца настаўнікаў школ, выхавацеляў дзіцячых садкоў, ясляў і педагогаў у цэлым: усе мы ведаем, якая вялікая адказнасць на іх ускладзена – даць веды і выхаваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Вядома, у гэтым напрамку трэба працаваць. Аднак я ўсведамляю, што як парламентарый прадстаўляю інтарэсы не толькі вучоных і педагогаў, але і ўсёй выбарчай акругі, а гэта семдзесят тысяч чалавек. І хоць я яшчэ не прыступіў да сваіх новых абавязкаў (афіцыйна прыёмы ў мяне пачнуцца толькі з лістапада), людзі ўжо звяртаюцца з пытаннямі, у першую чаргу бытавога характару. І мы з маімі даверанымі асобамі па магчымасці іх вырашаем.

Безумоўна, трэба прызнаць, што ўніверсітэт адыграў у маім станаўленні ключавую ролю. Ён, як сапраўдная alma mater, даў мне не толькі прафесійную адукацыю, але і каласальны жыццёвы вопыт. І тое, што сёння ёсць Марат Жылінскі як прадстаўнік заканадаўчай улады, – у многім заслуга БДПУ і тых настаўнікаў, якія мяне вучылі. За гэта ім нізкі паклон.

Сённяшнім студэнтам універсітэта хачу пажадаць мэтанакіраванасці і ініцыятыўнасці. Памятайце: толькі тое, што здабыта самастойна – а гэта ў першую чаргу вашы веды, – застанецца з вамі ў любой сітуацыі. Я адчуў гэта на ўласным вопыце, у мяне былі ўзлёты і падзенні. Але жыццёвы і прафесійны досвед дапамагалі мне пасля кожнага падзення зноў падымацца і ісці далей. Не бойцеся цяжкасцяў, увесь час удасканальвайцеся, і паверце, усё атрымаецца.


Андрэй НАУМОВІЧ, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

– Час не стаіць на месцы, і сёння даводзіцца канстатаваць, што маё студэнцтва прыпала ажно на мінулае стагоддзе: у 1980-м годзе я паступіў на першы курс факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Геаграфія. Біялогія»), а ў 1985-м стаў дыпламаваным спецыялістам. Магу шчыра сказаць: гэта былі залатыя гады майго жыцця. Вядома, што яскравыя ўспаміны пакінула і школа, але па-сапраўднаму шчаслівым стаў для мяне час студэнцтва.

21_500x711

Мне давялося вучыцца ў вельмі моцнай і дружнай групе. У многім гэтаму паспрыяў наш куратар – выкладчык кафедры педагогікі А.І. Андарала. Ён не шкадаваў для нас, яшчэ зусім маладых хлопцаў і дзяўчат, свайго часу і ўвагі, паступова, крок за крокам вучыў спасцігаць важныя жыццёвыя ісціны. А галоўнае – яму ўдалося згуртаваць наш калектыў, стварыць сапраўдную студэнцкую сям’ю, дзе кожны мог разлічваць на падтрымку і дапамогу.

З гонарам адзначаю, што вучыўся ў выдатных педагогаў і вельмі мудрых, чулых людзей. Дзякуючы ім педінстытут стаў для мяне не проста крыніцай трывалых ведаў па спецыяльнасці. Ён даў мне значна больш: дапамог засвоіць няпростую жыццёвую навуку. За гады навучання ў МДПІ я выконваў абавязкі старасты групы, пэўны час уваходзіў у склад жыллёва-бытавой камісіі, быў актыўным членам інстытуцкага прафкама, а некалі ў складзе каманды з пяці чалавек на чале з дэканам нашага факультэта С.У. Кабяком рабіў здымку мясцовасці для сённяшняй аграбіястанцыі «Зялёнае». Сумаваць не выпадала, заўсёды знаходзіўся цікавы і карысны занятак. І ў любым сваім пачынанні я адчуваў падтрымку аднагрупнікаў, кіраўніцтва факультэта, сваіх выкладчыкаў. Так, сёння з прыемнай настальгіяй узгадваю шматлікія выязныя практыкі з прафесарам Б.М. Гурскім, які стаў для нас правадніком і па незнаёмых турыстычных маршрутах, і па жыццёвых лабірынтах. У свой час мы разам здзяйснялі вандроўкі, геаграфія якіх была надзвычай шырокай: ад беларускіх лясоў і азёраў да экзатычных горных краявідаў. Захавалася досыць многа фотаздымкаў, якія вяртаюць мяне ў шчаслівыя студэнцкія гады. Падчас працы ў школе я не аднойчы выкарыстоўваў іх на ўроках геаграфіі, і яны рабіліся для маіх вучняў самай эфектыўнай нагляднасцю і стымулам да вывучэння прадмета, выклікалі цікавасць да прыроды роднага краю і іншых краін.

Натуральна, што мне як выпускніку педагагічнай ВНУ, былому настаўніку і дырэктару школы і сёння блізкія пытанні адукацыі. На маю думку, час рэформ прайшоў, адукацыйная сістэма мадэрнізавана ў належнай ступені і не мае патрэбы ў новых карэнных зменах. Яе аптымальнасць і эфектыўнасць штогод пацвярджаюць вынікі выступленняў нашых школьнікаў і студэнтаў на разнастайных міжнародных спаборніцтвах і алімпіядах.

У апошні час педагагічныя калектывы многіх устаноў складаюць пераважна жанчыны, а некалі розніца не была такой адчувальнай: у маёй студэнцкай групе, напрыклад, вучылася 10 хлопцаў і 15 дзяўчат. Думаю, што такія гендарныя суадносіны пайшлі б на карысць і сучаснай школе. Жаночую апеку і мяккасць удала б ураўнаважыла мужчынская адказнасць і практычнасць. Варта адзначыць, што сёння многія ўпраўленцы вышэйшага звяна – выхадцы менавіта з педагагічнай сферы. Таму раю хлопцам больш актыўна выбіраць прафесію настаўніка.

Ну а тым, хто ўжо звязаў будучае жыццё з педагогікай – сённяшнім танкаўцам, – хачу шчыра пажадаць пражыць студэнцкія гады з карысцю для сябе заўтрашняга. Вы маладыя, перад вамі адкрыты ўсе дарогі! Смела ідзіце да мэты, развівайцеся, удасканальвайцеся і шчыра працуйце на карысць нашай краіны! Няхай вашым жыццёвым прынцыпам стануць словы індыйскага пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча Рабіндраната Тагора: «Лепш запаліць свечку, чым скардзіцца на цемру».


Наталля КУЧЫНСКАЯ, начальнік аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама:

22_500x688

 

– Я скончыла факультэт пачатковай адукацыі ў 1992 г. з дыпломам з адзнакай. І гэта, дарэчы, у той час не было рэдкасцю: на нашым «прасунутым» факультэце вучыліся амаль што адны выдатніцы, конкурс пры паступленні быў вялікі, тры выпускніцы нашай групы мелі сярэдні бал 5,0. Пры гэтым мы не былі «завучкамі», нам хапала часу і на культурнае жыццё, і на падарожжы, і на працу ў студатрадах… Памятаю, мы лёталі на педагагічную практыку ажно ў Сыктыўкарскую школу-інтэрнат. Прыйсці ж непадрыхтаваным на семінар было проста сорамна, тым больш што педагогі на лекцыях і практычных занятках сапраўды выкладваліся.

Прыгадваю адну гісторыю, калі стаяла пытанне пра адлічэнне студэнткі-першакурсніцы за непаспяховасць, пропускі заняткаў і дрэнныя паводзіны (гэта быў адзінкавы выпадак, і ён меў вялікі рэзананс). Наша група заступілася за яе з прапановай «пашкадаваць». Тады намеснік дэкана А.І. Андарала задаў толькі адно пытанне: «Падыміце руку той, хто згадзіўся б аддаць сваё дзіця такому настаўніку». Зразумела, што ніводнай рукі не ўзнялося. Гэта быў сапраўдны жыццёвы ўрок для ўсіх нас і яшчэ адзін напамінак пра тое, якім павінен быць сапраўдны настаўнік.

З павагай мы ўспамінаем універсітэцкіх выкладчыкаў, якія далі нам грунтоўныя веды. Комплексу «маладога спецыяліста», які не ведае, як правесці добры сучасны ўрок, у нас не было: мы прыйшлі ў школу падрыхтаванымі настаўнікамі. Прыватныя методыкі нам выкладалі на самым высокім ўзроўні. Запісы лекцый я захоўвала доўгі час, да сваіх канспектаў звярталася на працягу ўсёй настаўніцкай дзейнасці і нават тады, калі здавала кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю.

Незвычайнай харызмай валодаў У.Л. Дрозд, цудоўны матэматык і метадыст. Чаго толькі варты яго допуск да экзамену – «матэматычны марафон» па рашэнні 200 задач! Я «захварэла» беларускай мовай, бо выкладалі яе нашы любімыя «баба Жэня» і «баба Ніна» – Я.М. Івашуціч і Н.І. Бурака. В.М. Данілаў, які чытаў нам методыку выкладання выяўленчага мастацтва, любіў гаварыць: «Калі за малюнак вы атрымалі «два з плюсам» – гэта добры знак. «Два» значыць, што малюеце вы дрэнна і трэба яшчэ вучыцца, а «плюс» – што я ў вас веру». Псіхалогія стала маім хобі, таму што самыя цікавыя лекцыі і практычныя былі ў Т.У. Васілец. Мы вельмі паважалі дэкана факультэта А.У. Таўлая… Я ўдзячна кожнаму свайму настаўніку. Сумна, што некаторыя з іх ужо пашлі з жыцця, аднак добрая памяць і павага да іх засталіся.

Чатырнаццаць гадоў я выкладала ў школе, атрымала другую педагагічную спецыяльнасць «Настаўнік-дэфектолаг». Апошнія шэсць гадоў знаходжуся на кіруючых пасадах. Маю дзве вышэйшыя ўпраўленчыя адукацыі па спецыяльнасцях «Менеджмент у галіне адукацыі» і «Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай». Чатыры гады працую начальнікам аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Ёсць цудоўная па сваёй глыбіні фраза: «У школе нельга проста працаваць. Школе трэба служыць!» Безумоўна, не кожнаму пад сілу такая служба. Педагагічная прафесія выбірае самых лепшых, моцных духам, заўсёды маладых і творчых. На свае вочы бачыла выступленні ў нашых школах каманды «Дзеці Эйнштэйна» ў рамках 47-га Зорнага паходу і мяркую, што сённяшнія студэнты-танкаўцы стануць сапраўднымі настаўнікамі, прафесіяналамі новага часу, граматнымі і смелымі, крэатыўнымі і неабыякавымі. Пасля сустрэчы з рэктарам БДПУ П.Д. Кухарчыкам, прарэктарамі ўніверсітэта з радасцю зразумела, што ў маёй alma mater не толькі захоўваюцца, але і развіваюцца традыцыі, што і зараз існуе вялікая зацікаўленасць у тым, каб у школы прыйшлі толькі лепшыя спецыялісты.

Павага да сваёй прафесіі – адна з прычын, па якой я вырашыла балаціравацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сёння я разумею праблемы адукацыі знутры, бачу, што пытанні павышэння прэстыжнасці педагагічнай прафесіі трэба вырашаць на рэспубліканскім узроўні. Лічу, што неабходна перагледзець падыход да выніковай атэстацыі вучняў, да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, нарматыўна замацаваць крытэрыі якасці адукацыі. Вельмі хачу, каб профільнае навучанне вярнулася ў старэйшыя класы. Мяркую працаваць у гэтым кірунку.

Паднімаць прэстыжнасць настаўніцкай прафесіі неабходна шляхам мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы, удакладнення прафадбору (дадам, што сёлета 34 выпускнікі школ Ашмянскага раёна, якія абралі педагагічныя спецыяльнасці, перад паступленнем праходзілі асабістае сумоўе з начальнікам раённага аддзела адукацыі), павышэння заробку работнікаў сферы адукацыі, нарматыўнага замацавання функцыянальных абавязкаў настаўніка і класнага кіраўніка, дакладнага вызначэння паняцця эфектыўнасці педагагічнай працы. Зразумела, што не бал, які атрымаў вучань ці студэнт за кантрольную работу, паказвае якасць адукацыі. Яе вынік мы бачым пазней: гэта паспяховасць і запатрабаванасць спецыяліста на рынку працы, яго высокія маральныя якасці і актыўная грамадзянская пазіцыя.

Я шчыра жадаю далейшага росквіту маёй любімай alma mater. А сённяшнім студэнтам БДПУ зычу цікавага і яскравага жыцця. Вы маеце поўнае права ганарыцца тым, што абралі самую годную на свеце прафесію – прафесію настаўніка, і тым, што набываеце яе ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Раман з прафесіяй

Напярэдадні Дня настаўніка на якую тэму можа гаварыць педагог, як не пра сваю работу! Не буду парушаць традыцыю і падзялюся ўласнымі думкамі наконт нашай прафесіі. Адзначу, выдатнай прафесіі, нягледзячы на ўсе ўласцівыя ёй цяжкасці.

23_500x750

Я ўпэўнена, што амаль 20 гадоў таму зрабіла правільны выбар, калі паступіла ў наш універсітэт. Упэўнена і ў тым, што менавіта школа, куды я прыйшла пасля заканчэння факультэта рускай філалогіі, стала сапраўднай «школай жыцця», пасля якой не страшна ўвайсці ў любую, нават самую патрабавальную або, наадварот, абыякавую (такое таксама здараецца) аўдыторыю.

Назіраючы за сваімі вучнямі, кантактуючы з імі, я вучылася ў іх шчырасці, непасрэднасці. І гэта не пустыя словы, бо дзеці кепскімі не бываюць, як не бываюць яны і простымі.

Але вучыць яны ўмеюць! Пагадзіцеся, што дзіця, якое «ратуе» маўклівы, не гатовы да ўрока клас, якое «прымае агонь на сябе», вучыць адказнасці і ўзаемадапамозе. Школьнік, які пасля ўрокаў на працягу гадзіны адказвае не вельмі зразумелыя яму правілы рускай арфаграфіі, атрымлівае нарэшце адзнаку, далёка не самую высокую, і пасля гэтага частуе цябе цукеркай, – вучыць непадкупнасці (бо адзнаку ўжо не выправіць!). А калі, напрыклад, вучань, які атрымаў на ўроку двойку, на перапынку, быццам нічога не здарылася, раіцца з табой па асабістых праблемах, не выказваючы прэтэнзій наконт адзнакі, бо разумее: яна выстаўлена аб’ектыўна? Хіба не справядлівасці ён вучыць?! І за ўсімі гэтымі «ўрокамі» стаяць рэальныя людзі, імёны якіх (і нават пацешныя мянушкі) я памятаю па сённяшні дзень. І, галоўнае, калі знаходзішся побач з імі, ніколі не страціш «комплексу вучня» – галоўнага рухавіка развіцця любога настаўніка. Толькі той, хто сумняваецца, памыляецца і выпраўляе свае памылкі, будзе ўвесь час самаўдасканальвацца, будзе цікавы дзецям.

Усё гэта я пішу зараз для таго, каб нагадаць сваім маладым калегам, пакуль яшчэ студэнтам, што многіх з іх да нас ва ўніверсітэт прывяла мара стаць настаўнікам. А тым, хто прыйшоў, можа быць, выпадкова, даказаць вечную ісціну: быць настаўнікам – гэта здорава! Са святам!

Алена ЖЫГАНАВА, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце ФБіРФ, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Вопыт – лепшы памагаты

Не сакрэт, што ў засваенні любой дысцыпліны вельмі значную ролю адыгрываюць трапныя і наглядныя прыклады, якія ілюструюць тэарэтычныя палажэнні. Гэтае сцверджанне асабліва актуальнае для дысцыплін псіхолага-педагагічнага цыклу. Таму выкладчыку ВНУ так важна мець за плячыма вопыт работы са школьнікамі ці навучэнцамі, які з’яўляецца скарбонкай педагагічных сітуацый і спосабаў іх вырашэння. Выкладаючы студэнтам сацыяльную педагогіку, я вельмі часта звяртаюся да перыяду сваёй прафесійнай дзейнасці, звязанага з працай у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў імя В. Г. Каменскага. Набыты там вопыт з радасцю перадаю сваім выхаванцам.

24_500x675

У каледжы мне як сацыяльнаму педагогу давялося працаваць з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, у тым ліку з дзецьмі, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, пад апекай, выхадцамі з праблемных сем’яў. Яны не ўспрымаюць натацый і маралізавання, аднак маюць патрэбу ў сардэчнай цеплыні, клопаце, суперажыванні, падтрымцы. Усё гэта ўплывае на спецыфіку работы педагогаў. Навучэнцам неабходна дапамагаць развіваць самастойнасць, прымаць важныя рашэнні, якія тычацца вучобы, вытворчай практыкі, вольнага часу…

Раскажу пра адзін эпізод з асабістага вопыту. Ён з’яўляецца прыкладам згуртаванай працы ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу, што аб’ядналіся ў каманду дзеля вырашэння агульнай праблемы.

Віка паступіла ў каледж з інтэрната і адразу паспрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу абуральнымі паводзінамі, парушэннем дысцыпліны. Аднак пры больш блізкім знаёмстве з ёй стала відавочным, што гэта толькі знешняя заслона: насамрэч дзяўчына вельмі чулая, сумуе па маці-нябожчыцы. Аказалася, што Віка разумная і кемлівая, а яшчэ мае цудоўныя вакальныя здольнасці. Работа з ёй патрабавала шмат цярпення і любові. Нечаканасцю для многіх у каледжы стаў яе ўдзел у адным са святочных канцэртаў, дзе Папялушка ператварылася ў прынцэсу і ўразіла ўсіх сваім яркім выступленнем. Пазітыўныя эмоцыі сталі стымулам для далейшага развіцця: паступова змяніліся адносіны дзяўчыны да вучобы, работы па будучай спецыяльнасці.

Прыемна, што выпускнікі каледжа і сёння тэлефануюць, прыходзяць у госці, дзеляцца сваімі поспехамі. У такія моманты разумееш, што работа, часта нябачная для іншых, аказвае станоўчы ўплыў на лёс нашых выхаванцаў. Я жадаю і сваім студэнтам стаць такімі настаўнікамі, якім будуць гаварыць «дзякуй» не толькі за веды, але і за правільны жыццёвы арыенцір.

Дар’я ДОНЧАНКА, выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі ФСПТ


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Крыніца ведаў і мудрасці

Ну вось я і стала сапраўдным настаўнікам. Цэлых пяць гадоў упарта ішла да гэтага: наведвала заняткі, вучылася, здавала сесіі. І цяпер, гэтаксама як і мае былыя выкладчыкі, а зараз калегі, магу перадаваць веды, выхоўваць і развіваць сённяшніх школьнікаў.

Пасля такой нялёгкай, але тым не менш вясёлай пары студэнцтва я стала маладым спецыялістам – ужо сур’ёзным дарослым чалавекам. Вядома ж, спачатку было страшна. Адчувала, што скончыўся яшчэ адзін важны этап майго жыцця. Першы – школьным выпускным, цяпер – ва ўніверсітэце, калі ўручалі запаветны дыплом. Думаю, са мной пагодзяцца многія выпускнікі: як бы мы ні рыхтавалі сябе да таго, што хутка пачнём самастойную прафесійную дзейнасць, калі гэта здараецца, не ведаем, што і як рабіць.

Супакойваешся толькі тады, калі правёў свой першы ўрок. Раней, на практыцы, цябе маглі выручыць твае выкладчыкі. А зараз… Стаіш і ўсведамляеш, што любы твой пралік будзе толькі тваёй памылкай. У такія моманты ў памяці праносяцца лекцыі, практычныя заняткі і слушныя парады выкладчыкаў. Тады здавалася, што ўсё гэта элементарна. А зараз у каторы раз перачытваю свае канспекты! Успамінаю, чаму вучылі на псіхалогіі і педагогіцы, бо баюся ненаўмысна пакрыўдзіць дзіця, якому з цяжкасцю даецца мой прадмет, шукаю розныя падыходы. На мінулым тыдні праводзіла ўрок у форме дзелавой гульні – і вось сёння я ўжо іх любімы настаўнік.

На самай справе я вельмі ўдзячна ЎСІМ выкладчыкам майго роднага фізічнага факультэта за тое, што кожнаму студэнту яны не толькі чыталі лекцыі і ставілі залікі, але яшчэ і тлумачылі дзень за днём, якім чалавекам ты можаш і павінен стаць, каб не сорамна было за сябе, каб прафесія настаўніка з кожным годам станавілася ўсё больш папулярнай і нарэшце заняла тое ганаровае месца, якое павінна займаць. Школу жыцця мы прайшлі з І. В. Дзядзюлем, А. А. Шымбалёвым, С. В. Вабішчэвіч, І. М. Елісеевай і многімі іншымі. Іх парады дапамагаюць былым выпускнікам і цяпер, у нашым дарослым жыцці.

Я ўдзячна выкладчыкам і за тое, што і сёння магу прыйсці на любую кафедру і там мне дапамогуць, бо для педагогаў нашага факультэта мы сталі роднымі, сваімі.

Мне падабаецца працаваць у школе, бо мая прафесія дае магчымасць рэалізаваць усе творчыя ідэі. Тут ніколі не надакучыць, бо кожны раз, калі ўваходзіш у клас і бачыш сваіх вучняў, разумееш, што на наступныя 45 хвілін ты для іх – крыніца ведаў і мудрасці.

І яшчэ… Паважаныя калегі! Сёмага кастрычніка мы святкуем светлае і прыгожае свята – Дзень настаўніка! Яго няма ні ў адной дзяржаве, акрамя краін былога СССР. Што б ні пісалі і ні казалі, настаўнік – адна з самых высакародных прафесій у гэтым свеце. Я віншую вас са святам, дарагія калегі! Будзьце здаровыя і шчаслівыя!

Маргарыта КЛУБАНЬ, выпускніца фізічнага факультэта 2012 г.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

Праца – лепшы спосаб атрымлiваць асалоду ад жыцця

Кажуць, што не мы выбіраем шлях, а ён выбірае нас. Думка гэта глыбокая, але, мабыць, не заўсёды правільная. Рашэнне прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці мы ўсё ж прымаем самастойна. Прымаем, дакладна ведаючы, што праца з дзецьмі робіць наша жыццё больш складаным, але і больш шчаслівым. Асабіста я сваё шчасце знайшла менавіта ў педагагічнай сферы.

25_500x749

Не сакрэт, што сапраўднаму настаўніку трэба валодаць значным багажом ведаў не толькі па сваёй спецыяльнасці. Мы павінны разбірацца ў гісторыі і  культуры, навуцы і тэхніцы, музыцы і модзе. Выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ якраз і маюць такі шырокі кругагляд

Сваю педагагічную дзейнасць я пачала яшчэ падчас навучання на чацвёртым курсе ФДА. Пасля заканчэння вучобы працавала ў дашкольнай установе на пасадзе педагога-псіхолага. Праз некаторы час мяне павысілі: я стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. І тут мне як ніколі спатрэбіліся ўсе тыя веды, уменні і навыкі, што набыла падчас навучання ва ўніверсітэце.

Перапынак у маёй прафесійнай дзейнасці быў звязаны з адпачынкам па догляду за дзецьмі. Аднак педагагічныя навыкі я пры гэтым не страціла, а нават набыла новыя: у маёй сям’і з’явілася адразу трое немаўлят! І зноў на дапамогу прыйшлі дашкольная педагогіка і дзіцячая псіхалогія.

Пасля вяртання на работу я не надоўга затрымалася на адным месцы, і з 2006 г. працую загадчыкам ДУА «Яслі-сад № 83 г. Мінска», дзе і займаюся сваёй любімай справай па сённяшні дзень.

Мой калектыў – гэта творчыя педагогі, якіх аб’ядноўвае любоў да працы і мудрасць, патрабавальнасць і спагада, вернасць абранаму шляху і адданасць свету дзяцінства.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу павіншаваць сваіх калег, а таксама ўвесь педагагічны калектыў БДПУ і пажадаць невычэрпнай энергіі ў ажыццяўленні нашай агульнай справы. Жыццё – гэта песня скрыпкі і грукат барабанаў, а часам – цэлы аркестр самых непаўторных сустрэч і падзей. Няхай жа ў вашых сэрцах гучаць толькі мажорныя мелодыі! Поспехаў!

Кацярына НЯМЕРЧАНКА, выпускніца ФДА 2002 г.


4 кастрычнiка 2012 года, № 12 (1113)

«Я не марыла быць проста настаўнікам. Я ведала, што стану добрым настаўнікам»

Альтэрнатывы ў выбары прафесіі ў мяне не было. Абсалютна дакладна ведала, што хачу працаваць з дзецьмі. Аднак я не марыла, як многія мае аднакласнікі, быць «проста настаўнікам». Я ведала, што стану ДОБРЫМ настаўнікам.

26_500x732

Ваганні ў выбары паміж матэматыкай і рускай мовай вырашыліся вельмі проста – настаўнік пачатковых класаў! У тым, што зрабіла правільны выбар, пераканалася з першых дзён вучобы на факультэце педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі (сёння гэта факультэт пачатковай адукацыі). Пра такі набор вучэбных дысцыплін можна было толькі марыць! Навошта выбіраць паміж філалогіяй і матэматыкай, калі і гуманітарным, і прыродазнаўчым прадметам тут удзяляецца аднолькавая ўвага. Школьнае захапленне батанікай, заалогіяй, геаграфіяй і гісторыяй таксама атрымала сваё далейшае развіццё. Музычная школа, дзіцячы хор, маляванне і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – усё аказалася не толькі запатрабаваным, але і неабходным для будучай прафесіі! Бо настаўнік пачатковых класаў павінен быць докай ва ўсіх галінах ведаў, якія складаюць аснову пачатковай адукацыі.

Аднак самы галоўны мой набытак – гэта любоў да прафесіі настаўніка, імкненне да новых ведаў і здольнасць самастойна іх здабываць, уменне разумець дзіця, паважаць яго Асобу і Індывідуальнасць.

Хіба можна з такім багажом ведаў, атрыманым на факультэце пачатковай адукацыі, згубіцца ў жыцці?

Таму, што я з упэўненасцю прайшла шлях ад першых самастойных урокаў студэнта-практыканта да настаўніка вышэйшай катэгорыі, ад намесніка дырэктара школы да метадыста вышэйшай катэгорыі, я абавязана нашаму факультэту. Цікавасць да навуковай дзейнасці і элементарныя даследчыя ўменні, закладзеныя падчас вучобы ва ўніверсітэце, сталі залогам паспяховай абароны кандыдац­кай дысертацыі па педагогіцы.

З вялікай радасцю перадаю свой вопыт сённяшнім студэнтам, працуючы на родным факультэце, цяпер ужо на пасадзе дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства. Шчаслівая тым, што дапамагаю будучым настаўнікам пачатковых класаў разгледзець у сабе педагагічны талент, набыць упэўненасць ва ўласных сілах.

Кажуць, што настаўнік працягвае вучыцца ўсё жыццё. Гэта так, і я не з’яўляюся выключэннем. Ужо даўно сама чытаю лекцыі, але заўсёды з задавальненнем выкарыстоўваю любую магчымасць стаць слухачом курсаў або семінараў па актуальных праблемах выкладання. Чарговую стажыроўку праходзіла сёлета ў ліпені на семінары па новай методыцы навучання «Актыўная ацэнка».

Сёння сфера маіх навуковых інтарэсаў – гэта развіццё патэнцыялу пачатковай адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства і методыка навучання грамаце. Я з’яўляюся аўтарам больш як 80 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый па праблемах пачатковай адукацыі.

У 2007 г. у маёй прафесійнай дзейнасці з’явіўся новы напрамак – я ўзначаліла рэдакцыйную калегію навукова-метадычнага часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа». Часопіс набыў сваіх пастаянных чытачоў, стаў надзейным метадычным памочнікам настаўніка пачатковых класаў, пляцоўкай для абмену перадавым педагагічным вопытам.

Мару, каб ДОБРЫХ настаўнікаў станавілася з кожным годам усё больш і больш. У нашых беларускіх педагогаў вялікі творчы патэнцыял і неверагодная працавітасць.

Веру, што будучае нашай краіны ў надзейных руках настаўніка. Віншую ўсіх педагогаў з прафесійным святам! Шчыра жадаю здароўя, шчасця, поспехаў і творчых удач усім, хто прысвяціў сваё жыццё школе і дзецям.

Вольга ЦІРЫНАВА, выпускніца ФПА 1992 г.


28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)

Як многа хочацца сказаць!..

У красавіку на ўсіх факультэтах нашага ўніверсітэта прайшло размеркаванне пяцікурснікаў. На жыццёвай карце без пяці хвілін дыпламаваных педагогаў з’явіўся яшчэ адзін важны пункт – месца будучай працы. Ужо хутка пакуль яшчэ студэнты набудуць новы статус – маладых спецыялістаў. А пакуль яны з удзячнасцю ўспамінаюць цікавыя і плённыя гады, праведзеныя ў роднай alma mater.

Жыццё чалавека – гэта мноства падзей, аднак толькі некаторыя з іх з’яўляюцца лёсавызначальнымі. Для нас, напрыклад, адна з такіх падзей адбылася 1 верасня 2006 г., калі мы ўпершыню пераступілі парог роднага ўніверсітэта. З таго часу Зямля больш за 1500 разоў абярнулася вакол сваёй восі і 5 разоў – вакол Сонца. А разам з ёю з касмічнай хуткасцю праляцеў і час нашага студэнцтва. І вось сёння мы стаім на парозе не менш важнай падзеі, якая вызначыць наш далейшы лёс.

Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць універсітэту за тое, што ўвесь гэты час мы мелі магчымасць рознабакова развівацца, папаўняць свой інтэлектуальны багаж пад кіраўніцтвам лепшых выкладчыкаў, якія адчынілі нам дзверы ў шырокі і шматгранны свет прыродазнаўства. Навучанне дазволіла нам акунуцца ў навуковую дзейнасць: працаваць у праблемных групах, займацца ў школе маладога вучонага, удзельнічаць у стварэнні навуковых праектаў і прадстаўляць іх на канферэнцыях рознага ўзроўню.

Нам пашчасціла вучыцца менавіта на факультэце прыродазнаўства, дзе ёсць магчымасць пашырыць кругагляд шляхам праходжання палявых практык. Запомніўся час навучання ў аўдыторыях і цудоўна абсталяваных лабараторыях вучэбнага корпуса на аграбіястанцыі «Зялёнае», а таксама на вучэбна-доследных участках, дзе набываліся практычныя навыкі.

Вучэбны працэс дапаўнялі розныя спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, якія сталі больш разнастайнымі з адкрыццём новай спартзалы і басейна, за што мы хочам сказаць асобны дзякуй.

Вікенцій ПАПЛАЎСКІ, 501-я група,

Святлана САЗОНАВА, 502-я група,

Аляксандра АПАЛОНІК, 504-я група

Сёння, калі мы атрымоўваем афіцыйнае прызначэнне на сваё першае працоўнае месца, думкі самі сабой скіроўваюцца ў будучыню. Аднак міжволі ўзгадваецца і час, які мы правялі ў родным універсітэце.

Здаецца, зусім нядаўна мы пераступілі парог нашай alma mater, зусім нядаўна праходзілі нашы першыя лекцыі і экзамены. І калі ўсведамляеш, што ты ўжо выпускнік, становіцца трошкі сумна, бо перыяд студэнцтва – самы яркі і эмацыянальны ў жыцці чалавека.

Мы, выпускнікі, гаворым шчыры дзякуй любімаму факультэту і ўсім тым, хто на працягу гэтых гадоў дзяліўся з намі не толькі ведамі, але і жыццёвым вопытам і душэўнай цеплынёй, – нашым дарагім выкладчыкам.

Пяць гадоў навучання і сталення далі нам тое, што нельга вымераць адзнакамі ў залікоўцы. Бо сапраўдная адукацыя заключаецца не ў колькасці атрыманых ведаў, а ва ўменні выкарыстоўваць іх на практыцы.

Адзін мысліцель даваў парады маладым людзям. Першая – тым, хто вучыцца: «Вучыся так, быццам ты будзеш жыць вечна». Другая – тым, хто завяршыў навучанне: «Жыві так, нібыта табе наканавана памерці заўтра». Памятаючы гэтыя парады, мы павінны спяшацца рабіць дабро і, як бы пафасна гэта ні гучала, несці святло, рабіць навакольны свет дабрэйшым. Гэта і будзе лепшай падзякай нашай alma mater, якая выхавала нас і дала квіток у будучае.

Дар’я Шкурко, 501-я група

Безумоўна, у кожнага выпускніка факультэта эстэтычнай адукацыі будзе свой шлях у жыцці. Нехта стане кіравацца компасам прафесійнай дзейнасці, нехта – арыенцірам сямейнага жыцця. Але ўсе мы ўзнагароджаны ведамі – для педагагічнай дзейнасці, душой – для творчасці, а сэрцам – для дабрыні і кахання. А значыць, у нас усё атрымаецца!

Вераніка ДРОЗД, 51-я група


26 лістапада 2009, №16 (1065)

 

Родам з педагагічнага 

 

Бацькоў пазнаюць па іх дзецях – так і наш універсітэт ведаюць перш за ўсё па найбольш вядомых выпускніках, якія гучна заявілі пра сябе ў навуковым, культурным, палітычным жыцці краіны. Як самыя ўзорныя сыны і дочкі, яны не забываюць родны парог і па магчымасці вяртаюцца ва ўлонне сваёй alma mater. Тым больш калі ёсць такая прыемная нагода, як дзень нараджэння БДПУ.

 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар КАРПЕНКА не здрадзіў педагагічнаму прызванню. Вось ужо каторы год ён працягвае кіраваць народным студэнцкім тэатрам “Мы”. Якім бачыць відны палітычны дзеяч мінулае і сучаснасць роднага яму універсітэта? Пра гэта мы пагаварылі з Ігарам Васільевічам незадоўга да пачатку ўрачыстасці.

– Вы не толькі закончылі наш універсітэт, але і доўгі час у ім працавалі. Як Вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі, якую БДПУ дае сваім выхаванцам?

– Разумееце, падрыхтоўка педагога – гэта не толькі нейкая сума ведаў, але і пэўны асабісты і сацыяльны вопыт. Якім чынам яны суадносяцца? Пытанне не з простых, але, відаць, усё гэта адбываецца ў плане прафесійнага станаўлення, у практычнай дзейнасці. Напрыклад, у час майго навучання былі моцныя грамадскія арганізацыі, якія давалі магчымасць фарміраваць неабходныя любому выкладчыку якасці (лідэрскія, камунікатыўныя і г.д.). Мне давялося працаваць у камсамольскай арганізацыі інстытута, выкладаць на кафедры, ды і зараз я маю педагагічную нагрузку./span>Так што дэпутатства не перашкаджае мне быць у курсе сучасных адукацыйных працэсаў.

– Што можаце сказаць пра людзей, якія Вас вучылі і з якімі Вы разам працавалі?

– Без сумнення, тут вырасла цэлая плеяда цудоўных педагогаў, вучоных, работнікаў сферы культуры. Заўжды добрым словам успамінаю сваіх выкладчыкаў: Я.А. Марголіна, М.Д. Каўшарава, А.М. Лютага, В.М. Фаміна і многіх іншых. Я ўпэўнены, што і маё палітычнае станаўленне адбылося дзякуючы універсітэту і падтрымцы яго рэктараў: А.Ц. Караткевіча, Л.Н. Ціханава, і, безумоўна, П.Дз. Кухарчыка.

– Усё рухаецца, змяняецца, і БДПУ ўжо не той, якім быў некалькі гадоў таму. Якія перамены заўважылі асабіста Вы?

– Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы, сама аб’ектыўная рэальнасць нараджае новыя падыходы, ставіць новыя задачы. На сённяшні дзень педуніверсітэт дастаткова гнутка рэагуе на патрабаванні рынку педагагічных кадраў, а гэта значыць, што адкрываюцца новыя спецыяльнасці, карэкціруецца падрыхтоўка будучых настаўнікаў у змястоўным плане.

Мне здаецца, што ў БДПУ ўмеюць захоўваць традыцыі і прыўносіць нешта новае. І ў гэтым заслуга кожнага пакалення, якое прыходзіць сюды працаваць ці вучыцца.

Дырэктар ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», прафесар кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Аляксандр Аляксандравіч КАВАЛЕНЯ сказаў шмат добрых слоў у адрас нашага універсітэта. І на гэта ў яго ёсць нямала падстаў.

– На сённяшні дзень семдзесят працэнтаў супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук – гэта выпускнікі гістарычнага факультэта БДПУ. Яны ведаюць педагогіку, псіхалогію, чалавечыя камунікацыі, умеюць працаваць з людзьмі, і гэта мне як дырэктару вельмі імпануе і дапамагае. Я ганаруся тым, што я і многія мае калегі скончылі менавіта гэтую навучальную ўстанову.

Большасць маіх аднакурснікаў зараз працуе ў школе, але ёсць сярод іх і дзяржаўныя дзеячы, і навукоўцы. Гэта яшчэ адно сведчанне грунтоўнасці, фундаментальнасці падрыхтоўкі выпускнікоў педуніверсітэта. Я бясконца ўдзячны ўсім педагогам, якія зрабілі нас не толькі сапраўднымі спецыялістамі, але і выхавалі добрыя чалавечыя якасці.

Выкладчыкі кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі БДПУ, на якой я працую ўжо шмат гадоў, ідуць у нагу з найноўшымі дасягненнямі гістарычнай адукацыі. Ды і ўвогуле, па ўзроўні развіцця гуманітарных навук мы не ўступаем ніводнай з навучальных устаноў Еўропы.

 

З цікавасцю назіраю за маладой зменай: сённяшнія студэнты ў параўнанні з намі больш актыўныя і адкрытыя. Гэта надзвычай разумныя і кемлівыя людзі, якія імкнуцца спасцігнуць самую складаную, як мне здаецца, прафесію на свеце – педагагічную. Хочацца пажадаць ім поспеху ў гэтай нялёгкай справе, а ўсяму універсітэту – далейшага росквіту і плённай працы.

 

Вераніка Мандзік


3 верасня 2009, № 11 (1060)

«А МЫ ВАС ВЕДАЕМ!»

Журналістыка — адна з прафесій, якая абрастае ўсемагчымымі міфамі. Трапіла я ў гэты магічны свет пасля вучобы на факультэце беларускай філалогіі і культуры, атрымаўшы дадатковую спецыяльнасць «Журналістыка». Аднак трэба сказаць, што напісанне артыкулаў — гэта адначасова і прыгода, і каласальная праца. Ты мусіш быць дэманам, каб спакусіць усіх магчымых інфарматараў, і анёлам, каб табе паверылі, што ты працуеш з добрымі намерамі — аб’ектыўна інфармаваць чытача. Выдаткі прафесіі відавочныя: напрыклад, візіт на прадпрыемства, якое знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада, можа прыпасці на непагадзь. Затое вельмі прыемна, называючы на прахадной сваё прозвішча, пачуць у адказ радаснае: «А мы вас ведаем!».

Раённы журналіст — гэта «шматстаночнік». Цяпер я валодаю і медыцынскімі, і эканамічнымі тэрмінамі, арыентуюся ў мностве дырэктыў і пастаноў. А наконт культурнага бляску — талена­вітых людзей хапае ў любым гарадку, тым больш у Нясвіжы, дзе я працую. Мне пашчасціла паразмаўляць з многімі нашымі «зоркамі». Аднак, калі шчыра, зносіны са звычайнымі людзьмі нашмат цікавейшыя за «гламурныя» інтэрв’ю.

Кацярына ШЧАСНАЯ,
выпускніца факультэта беларускай філалогіі
і культуры


А камяні можна абысці…

Зараз ужо гісторыяй падаецца той час, калі я, скончыўшы школу, прыехала паступаць у педагагічны універсітэт. Абрала яго таму, што яшчэ ў дзяцінстве вырашыла стаць настаўнікам. І вось мара здзейснілася: я стала студэнткай фізічнага факультэта. Першую сесію зараз узгадваю з усмешкай, а тады вельмі хвалявалася, зубрыла. Нягледзячы на страх, іспыты здала нядрэнна. Пасля час пабег шпарчэй, нават не прыкмеціла, як стала выпускніцай. Вучылася нядрэнна, імкнулася ўсё здаваць своечасова, і вынік не прымусіў сябе чакаць — атрымала дыплом з адзнакай. Калі заканчвала універсітэт, фізікі былі вельмі запатрабаваныя: на сотню выпускнікоў прыпадала прыкладна 150—160 запытаў. Таму абраць месца працы было дастаткова проста.

Тады я ўжо дакладна ведала — застаюся ў сталі­цы. Збіралася працаваць у школе, але ў самы апошні момант Кастусь Аляксеевіч Саечнікаў прапанаваў паспрабаваць сябе ў прафадукацыі. Пажартавалі і прыйшлі да высновы: каб жыццё было лёгкім, трэба ісці ў каледж лёгкай прамысловасці.

У першы год працы вяла адразу два прадметы — матэматыку на першым курсе і фізіку на другім. Спачатку было вельмі цяжка. Праводзіла па 6—7 урокаў на дзень, прыходзіла дадому — і адразу ж садзілася пісаць канспекты. Расклад штодня змяняўся, групы былі на розных этапах навучання (у адной групе фізіка яшчэ не пачыналася, а іншыя прайшлі больш за палову курса). Калі першы раз прымала іспыт — сама ледзь са страху не памерла. Усе падручнікі перачытала, хвалявалася, ці правільна стаўлю адзнакі.

Сёлета выпускаліся групы, у якіх я пачынала сваю дзейнасць. Зайшлі развітацца, абяцалі завітаць у госці. А калі празвінеў апошні званок, неяк пуста на душы стала. Здаецца, былі такімі лайдакамі, а сталі самымі дарагімі вучнямі.

Напярэдадні Дня ведаў хачу сказаць вялікі дзякуй педагагічнаму калектыву фізічнага факультэта і пажадаць яму моцнага здароўя, дабрабыту, самастойных і ўдзячных студэнтаў. Усім без выключэння першакурснікам — цярпення, бо нездарма кажуць, што вытрымка і праца ўсё пераадолеюць. Тым жа, у каго сёлета будзе выпускны — не расчаравацца ў абраным шляху. А камяні на нашай дарозе не такія вялікія, каб іх нельга было пераскочыць або абысці.

Анастасія СУМАР,
выпускніца фізічнага факультэта


Два гады таму я скончыла вучобу ў БДПУ. Атрымала спецыяльнасць «Лагапедыя. Пачатковая адукацыя». З размеркаваннем пашчасціла: мяне запрасілі працягваць працу ў той школе, з якой я супрацоўнічала з 4-га курса.

На практыцы апынулася ўсё іначай, чым у тэорыі, але думаю, што менавіта гэта і ёсць найлепшы стымул для маладога спецыяліста. Што я маю на ўвазе? Усё даволі проста: калі нешта вельмі цяжка атрымліваецца, гэта можна змяніць, удасканаліць, палегчыць. Прыгадаем старую прымаўку, якая стала амаль што жыццёвым законам: лянота — рухальнік прагрэсу. У маім выпадку проста фізічна не атрымлівалася абследаваць усіх дзяцей пачатковых класаў за два тыдні. Таму да наступнага года разам са знаёмым праграмістам мы напісалі невялікую праграмку, якая дазваляла хутка і без лішніх папер запоўніць усе дыягнастычныя карты.

І тут уступіў у дзеянне другі закон: стукайце — і вам адчыняць! Я паказала праграму завучу, а яна прапанавала паспрабаваць свае сілы ў конкурсе. У той год я ўдзельнічала адразу ў трох спаборніцтвах — і ва ўсіх прызавыя месцы! Гэта прымусіла мяне ўдасканальваць праграму, рабіць яе больш маляўнічай і цікавай. І ў выніку з маленькай, у некалькі мегабайт праграмкі яна вырасла ў паўнацэнную, якая з цяжкасцю ўмяшчаецца на дыску. Усе мае намаганні не прапалі дарэмна — у мінулым годзе я атрымала грант Мінгарвыканкама. Гэта не толькі прэстыжная ўзнагарода, але і грашовая прэмія.

Падчас працы я сутыкнулася яшчэ з адной праблемай: большасць дзяцей, якія залічаны на заняткі, маюць не толькі моўныя, але і псіхалагічныя праблемы. Таму вырашыла паступіць у наш універсітэт на перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Практычная псіхалогія». Сёлета ўжо заканчваю навучанне!

27_500x375

Я ведаю, што будзе далей. У мінулым годзе я вырашыла працягваць вучобу па першай спецыяльнасці і паступіла ў аспірантуру. Тэма майго дысертацыйнага даследавання звязана з выкарыстаннем камп’ютэрных праграм у дэфекталогіі. Гэта і цікава, і перспектыўна. Але галоўнае, што я ўжо маю пэўны вопыт у распрацоўцы гэтай праблемы.

Вось так у маім жыцці спрацавалі адразу некалькі прымавак. Галоўнае — не ўпускаць свайго шанцу!

Вольга КАЛЕСНІКАВА

выпускніца факультэта псіхалогіі