Зорнымі маршрутамi

20 лютага 2017 года, № 2 (1190)

НАС АБ’ЯДНАЛI ЗНОЎКУ ЗОРНЫЯ ВАНДРОЎКI

Сёлетні 52-і па ліку Зорны паход, прысвечаны Году навукі, праходзіў пад дэвізам «Свет ведаў, свет магчымасцяў». Больш за 250 студэнтаў і выкладчыкаў у складзе 11 атрадаў накіраваліся ў 10 раёнаў Мінскай вобласці, г. Жодзіна і Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці, каб спазнаваць новае і дзяліцца творчымі набыткамі з мясцовымі жыхарамі. Адметнасцю мерапрыемства стаў удзел у ім навучэнцаў профільных педагагічных класаў СШ № 6 г. Мінска. У складзе атрадаў былі замежныя студэнты БДПУ з Туркменістана, Кітая, Расіі, Літвы, а таксама выпускнікі ўніверсітэта мінулых гадоў.

aMOnJ44bcQI

Падчас традыцыйных вандровак зорнікі сустрэліся з ветэранамі вайны і працы, аддалі даніну павагі салдатам Вялікай Айчыннай на мітынгах ля абеліскаў і мемарыялаў, правялі гутаркі з навучэнцамі педагагічных класаў, сумесныя спартыўныя і валанцёрскія мерапрыемствы. За чатыры дні ўдзельнікі атрадаў наведалі 119 устаноў адукацыі, арганізавалі 87 канцэртаў, 89 прафарыентацыйных сустрэч, 174 майстар-класы, 28 псіхалагічных трэнінгаў.

Кожны атрад вылучаўся індывідуальнасцю і непаўторнасцю. Так, прадстаўнікі Інстытута псіхалогіі – атрад «Новы погляд» – у сваёй праграме зрабілі акцэнт на псіхалагічнай асвеце, правялі больш за 20 трэнінгаў рознай накіраванасці для навучэнцаў школ Уздзенскага раёна, арганізавалі круглы стол «Педагог, якога чакаюць».

3

Усе ўдзельнікі атрада «Авангард» факультэта пачатковай адукацыі – абсалютныя навічкі зорнага руху. Тым не менш, яны пакарылі школьнікаў сваёй энергетыкай і захопленасцю. Асабліва вучням спадабалася інтэрактыўная гульня «Дзень добры, я – настаўнік!» і міні-ўрокі пазакласнага чытання «Чытаем разам». Выкладчыкі кафедры беларускага і рускага мовазнаўства І. А. Буторына і Н. М. Антановіч правялі майстаркласы для настаўнікаў пачатковых класаў па беларускай мове і літаратуры. Адзін з найбольш эмацыйных і шчымлівых момантаў падарожжа – сустрэча з мясцовай жыхаркай Таццянай Сцяпанаўнай Мягковай, якую вайна застала ў 15-гадовым узросце, і яе аповед пра цяжкія выпрабаванні народа ў гады ліхалецця.

Прадстаўнікі атрада факультэта эстэтычнай адукацыі «Зорны Фэст» правялі серыю творчых майстар-класаў. Найбольш яскравы з іх – «Вучымся гаварыць па-кітайску» ад студэнтаў-першакурснікаў з Кітая. Удзельнікі каманды «Дзеці Эйнштэйна» фізіка-матэматычнага факультэта арганізавалі адкрыты дыялог з вучнямі «Патрыятызм пачынаецца з малога».

1

Атрад філалагічнага факультэта «Максімавы нашчадкі» накіраваўся ў паход разам з удзельнікамі народнага тэатра «Жывое слова». Іх праграма вылучалася літаратурным складнікам і была пабудавана на творах беларускіх аўтараў розных гадоў. Студэнты разам з вучнямі правялі круглы стол «Валанцёрства – шлях да гуманізму».

Каманду факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій «Адкрытыя сэрцы» падтрымаў педагагічны дэсант выкладчыкаў на чале з дэканам В. В. Мартынавай. Яны правялі круглы стол у рамках праекта «Здаровая сям’я – здаровая нацыя», выступілі на раённым метадычным аб’яднанні класных кіраўнікоў і сацыяльных педагогаў школ. У цёплай абстаноўцы адбылася сустрэча студэнтаў з удзельніцай 3-га Зорнага паходу настаўніцай фізікі Гайненскай СШ Т. Д. Кохан.

2

Байцы атрада «Ёсць кантакт» факультэта фізічнага выхавання пазнаёмілі школьнікаў з беларускімі гульнямі ў рамках праекта «Беларусіяда», паказалі незвычайную канцэртную праграму са сцэнічнымі мініяцюрамі-імправізацыямі па запытах гледачоў, арганізавалі інтэрактыў «Твістынг» (мадэляванне з паветраных шарыкаў) і сupsong (акампанемент-гранне на шкляначках).

Студэнты і выкладчыкі атрада «Маладая гвардыя» гістарычнага факультэта запрасілі настаўнікаў і вучняў на пасяджэнні клуба «Знаўцы гісторыі». А прадстаўнікі «Новага пакалення» Інстытута інклюзіўнай адукацыі працавалі над фарміраваннем талерантных адносін да людзей з інваліднасцю, дэманстравалі сродкі альтэрнатыўнай камунікацыі і жэставага спеву. Выкладчыкі пад кіраўніцтвам дырэктара інстытута В. В. Хітрук правялі круглы стол для настаўнікаў-дэфектолагаў па праблемах інклюзіўнай адукацыі.

Дэвіз атрада «Зорны легіён» факультэта дашкольнай адукацыі «Пяцьдзясят два ў пяцьдзясят другім!» адпавядаў праграме, якая ўключала 52 мерапрыемствы рознай накіраванасці – майстар-класы, выступленне тэатра «Адраджэнне батлейкі», рэабілітацыйную праграму «Бальнічны клоун», педагагічны брэйн-рынг.

Упершыню ў гісторыі зорных паходаў прадстаўнікоў БДПУ прымаў Бярэзінскі раён. Удзельнікі атрада «Зорнае полымя» факультэта прыродазнаўства акрамя канцэртных і спартыўных мерапрыемстваў правялі інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?» з удзелам школьных каманд г. Беразіно.

Падчас паходу студэнты і выкладчыкі азнаёміліся з помнікамі архітэктуры, гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі раёнаў, наведалі 8 вядучых прадпрыемстваў краіны, сярод якіх ААТ «Беларуськалій», ААТ «Світанак», ААТ «БелАЗ», Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк высокіх тэхналогій «Вялікі Камень» і інш.

Удзельнікі ўсіх атрадаў адзначаюць цёплы і сардэчны прыём, які ім аказалі настаўнікі, школьнікі і кіраўніцтва раёнаў. Студэнтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны ведаюць і чакаюць. І новыя сустрэчы, як кажуць, не за гарамі. У лютым–красавіку адбудзецца працяг – «Зорны паход +».

Святлана МАЛІНОЎСКАЯ, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю


16 студзеня 2017 года, № 1 (1189)

Зорны паход – гэта не проста праект. Гэта не толькі традыцыя. Гэта – адчуванне асабістай пры належнасці да гісторыі краіны, магчымасць прайсці па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Зорны_Дзеці Энштэйна

У чарговы, 52-і зорны паход студэнты і выкладчыкі БДПУ адправяцца 24 студзеня разам з навучэнцамі педагагічных класаў. Адзінаццаць атрадаў агульнай колькасцю больш за 250 чалавек на працягу чатырох дзён наведаюць г. Жодзіна, а таксама Барысаўскі, Стаўбцоўскі, Мядзельскі, Бярэзінскі, Лагойскі, Салігорскі, Смалявіцкі, Маладзечанскі, Уздзенскі раёны Мінскай вобласці і Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці.

Падчас паходу прадстаўнікі БДПУ сустрэнуцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, акажуць ім шэфскую дапамогу, азнаёмяцца з гістарычнымі мясцінамі і мемарыяльнымі комплексамі, выступяць з канцэртамі ў школах, правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізуюць майстар-класы па здаровым ладзе жыцця і паўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах.

P. S. Зорныя паходы даўно сталі візітоўкай БДПУ. Далучайся да праекту, каб уражанні ад студэнцкага жыцця былі больш разнастайнымі і яркімі!


10 кастрычніка 2016 года, № 11 (1183)

img_3638

Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт выказвае шчырую падзяку калектыву Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка за творчае супрацоўніцтва і актыўную прафарыентацыйную работу з навучэнцамі школ раёна.

З 26 по 29 студзеня 2016 г. на Барысаўшчыне прайшоў 51-ы Зорны паход БДПУ. Cтудэнты і выкладчыкі правялі прафарыентацыйныя сустрэчы з падлеткамі, арганізавалі майстар-класы па здаровым ладзе жыцця і спартыўныя спаборніцтвы, сустрэліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, аказалі ім шэфскую дапамогу, пазнаёміліся з гістарычнымі мясцінамі і выступілі з канцэртамі ў Старабарысаўскім доме культуры і школах раёна.

Напярэдадні Дня настаўніка 29 верасня ў Барысаве ў ДУ «Палац культуры імя Максіма Горкага» адбыўся ўрачысты канцэрт для больш чым 700 педагогаў з удзелам творчых калектываў БДПУ. Перад прысутнымі выступіла першы прарэктар універсітэта С. І. Копцева, якая павіншавала іх з прафесійным святам і ўручыла граматы БДПУ за актыўную прафарыентацыйную работу педагагічнай накіраванасці. Асаблiвыя словы падзякi хацелася б выказаць студэнтам, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве. Канцэрт дазволіў нам дакрануцца да беларускай культуры, паслухаць цудоўныя песні, прысвечаныя педагогам, іх працы. А выступленне каманды КВЗ «Лепшыя сябры» падаравала прысутным незабыўныя моманты пазітыву і выдатнага настрою.

Дзякуючы арганізатарам і паважаным гасцям атрымалася цёплае, добрае і незвычайнае свята, якое дало сілы і жаданне працаваць, нагадала, што быць настаўнікам – высокае прызначэнне.

З павагай і надзеяй на працяглае супрацоўніцтва, Леанід ВАРОНІЧ, намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама


21 красавіка 2016 года, № 5 (1177)

ВАНДРОЎНЫ ДУХ НАС ЗНОЎ ЗБІРАЕ РАЗАМ

Штогод зорнікі вандруюць рознымі маршрутамі, адкрываюць для сябе ўсё новыя і новыя маленькія таямніцы нашай вялікай Радзімы, дзеляцца з гасціннымі жыхарамі раёнаў краіны творчымі здабыткамі, абменьваюцца з імі цеплынёй і пазітывам, якія натхняюць на плённую працу і проста ўзнімаюць настрой. І кожны раз зорныя сцяжыны сыходзяцца ў адным пункце – нашым любімым універсітэце, які нібыта акумулюе ў сабе ўвесь досвед падарожнікаў – і інтэлектуальны, і эмацыйны. Канцэнтрацыя гэтага своеасаблівага вандроўнага духу была максімальнай 14 красавіка ў актавай зале БДПУ: менавіта тут сабраліся дапытлівыя і актыўныя танкаўцы на злёт удзельнікаў 51-га Зорнага паходу.

злёт зорнікаў 1

Адкрыў урачыстае мерапрыемства рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук, які ў сваім прывітальным слове адзначыў, што зорнікі – гэта не проста здольныя і цікаўныя студэнты. Гэта сапраўды крэатыўныя асобы, якія ўмеюць захапіць, натхніць, матываваць. Умеюць расказаць пра ўніверсітэт так, каб тут захацелася вучыцца, каб узнікла жаданне стаць частачкай вялікай і дружнай педагагічнай супольнасці. Аляксандр Іванавіч таксама падкрэсліў, што сёння адкрыта новая старонка гісторыі Зорных паходаў студэнтаў БДПУ: «Старайцеся і далей, у тым ліку ў рамках акцыі „Зорны+“, якую мы прыдумалі ў гэтым годзе, здзіў ляць і ўражваць сваімі талентамі і здольнасцямі школьнікаў і дарослых. Рабіце ўсё магчымае, каб школьнікі імкнуліся быць у нечым падобнымі да вас – такімі ж жыццярадаснымі, мэтанакіраванымі, ціка вымі для навакольных».

злёт зорнікаў 5

У тым, што зорнікі прыслухаюцца да гэтай слушнай па рады, сумненняў не было. У вачах прысутных чыталіся імпэт,радасць і прага новых сустрэч. Гэты агульны прыўзняты настрой падмацоўваўся віншаваннямі і падарункамі, якія не прымусілі сябе чакаць. Так, дыпломам за актыўны ўдзел у 51-м Зорным паходзе па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, а таксама сертыфікатам ад ПА ГА «БРСМ» БДПУ на наведванне спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага ўзнагароджаны атрад ФДА «Зорны легіён». Дарэчы, ён стаў пераможцам інтэрнэт-галасавання на званне «Лепшага зорнага атрада» і быў адзначаны дыпломам і фірменным пірагом БДПУ. Дыпломы і сертыфікаты ад першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў на экскурсійную паездку па гістарычных мясцінах Беларусі атрымалі зводны атрад ФСПТ і гістфака «Маладая гвардыя», каманда фізіка-матэматычнага факультэта «Дзеці Эйнштэйна». Дыпломы ўдзельнікаў і сертыфікаты ад рэктарата БДПУ на наведванне спектакля Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра ўручылі зводным атрадам ФПА і ФФВ «Ёсць кантакт», ФСА і ФЭА «Зорны Фэст», факультэтаў прыродазнаўства і філалагічнага «Студэнцкі батальён», атраду факультэта псіхалогіі «Новы погляд».

Канцэртная праграма з удзелам прадстаўнікоў зорных атрадаў стала выдатным заключным акордам мерапрыемства.

Елісей БАРАНАЎ, студэнт 4-га курса
факультэта прыродазнаўства


29 лютага 2016 года, № 2 (1174)

КОЖНЫ ФІНІШ – НОВЫ СТАРТ!

Адным з важных складнікаў кожнага зорнага паходу з’яўляецца прафарыентацыйная работа. Студэнты БДПУ праводзяць яе настолькі прафесійна,творча, цікава, што слава пра іх разносіцца па рэгіёнах, а многія ўстановы адукацыі робяць усё магчымае, каб убачыць зорнікаў у сябе ў гасцях.А мы, як кажуць, не супраць, мы – толькі за! Такім чынам, хоць чарговая вандроўка ўжо закончылася, ды затое пачаўся новы прафарыентацый-ны праект пад назвай «51-ы Зорны паход+». Старт яму 20 лютага даў зводны атрад гістарычнага факультэта і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій «Маладая гвардыя». Студэнты разам са сваімі камандзірамі – намеснікамі дэканаў двух факультэтаў правялі на базе ДУА «Сярэдняя школа № 215 г. Мінска» прафарыентацыйную сустрэчу для вучняў 9–11 класаў трох сталічных школ (СШ № 215, СШ № 207 і СШ № 209).

_4_xtif

Зорнікі расказалі старшакласнікам пра спецыяльнасці, студэнцкае жыццё, пра тое, чым жыве наш універсітэт сёння, ад казалі на пытанні. На заканчэнне прафарыентацыйнага мерапрыемства студэнты выступілі з канцэртнай праграмай і, безумоўна, заваявалі сэрцы будучых абітурыентаў сваімі талентамі.

Наперадзе – новыя сустрэчы, пра якія мы абавязкова раскажам на старонках «Н». А пакуль прапануем вашай увазе яшчэ адну творчую справаздачу ўдзельнікаў сёлетняга зорнага паходу.

***

51-ы зорны паход для студэнтаў факультэта дашкольнай адукацыі аказаўся вельмi яскравым, насычаным цiкавымi сустрэчамi і мерапрыемствамi.

_ss4_tif

Усе чамаданы і рэквізіт выкладзены акуратнымі стосікамі, хто будзе сядзець ля акна, ужо вырашана. Бясконцыя рэпетыцыі, пошук лепшых творчых рашэнняў – і нарэшце атрад «Зорны легіён» едзе ў маленькім жоўтым школь ным аўтобусе насустрач прыгодам.

Так наш атрад выправіўся ў Пухавіцкі раён у горад Мар’іна Горка, дзе наведаў школы, дзіцячыя садкі, 5-ю асобную бры гаду спецыяльнага прызначэння Рэспублікі Беларусь, ДУА «Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат», УЗ «Мар’iна горская цэнтральная раённая бальніца». Вельмi цiкавую прафарыентацыйную праграму прапанавалі зорнікі будучым абітурыентам. Гэта не толькi захапляльны канцэрт i разнастайныя падарункi ад БДПУ i ФДА. Сапраўднай разынкай выступлення стаў спектакль «Багi Алiмпа ў БДПУ».

dxx

Велізарны зарад энергіі і добры настрой падарылі нам зносіны з жыхарамі Пухавіцкай зямлі.

Наступны пункт нашага падарожжа – пасёлак Дукора. Тут зорнікаў чакалі навучэнцы ДУА «Дукорскi КПК ДС-СШ». Нас сустрэлі па-роднаму цёпла, а вучні з цікаўнасцю і некаторай зайздрасцю разглядалі нашыя вятроўкi і белыя шапкі. Мы сталі ўдзельнікамі конкурсу «Класныя танцы» – разам з адной камандай выканалі сумесны танец, што вельмі парадавала вучняў дукорскай школы і журы. Дырэктар установы М. У. Панюшэнка ўручыў нам кубак і пажадаў перамогі ў інтэрнэт-галасаванні. Вельмі прыемна, што яго словы спраўдзіліся! А крыху пазней мы даведаліся, што каманда, з якой наш атрад танцаваў, таксама заняла першае месца.

Выдатная традыцыя зорных паходаў захоўваецца ў БДПУ на працягу доўгіх гадоў. Безумоўна, гэта магчымасць зрабiць творчы падарунак добрым людзям нашай Радзiмы, падзялiцца з iмi сваёй душэўнай цеплынёй, выказаць павагу ветэранам, пазнаёміцца з будучымі абітурыентамі. Але гэта і цікавае падарожжа, прыгода,у якой студэнту даецца магчымасць даведацца больш пра беларускую зямлю, адкрыць новыя грані свайго таленту i, вядома, знайсцi новых сяброў.

Мы ганарымся тым, што нам давялося прайсці па зорным шляху.

Кацярына КАРПОВIЧ,студэнтка 404-й групы факультэта дашкольнай адукацыi


9 лютага 2016 года, № 1 (1173)

ПРЫЙШОЎ НАШ ЗОРНЫ ЧАС!

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна БДПУ адпраўляў сваіх лепшых прадстаўнікоў у юбілейны, пяцідзясяты па ліку, зорны паход, прымаў ад іх на захаванне капсулу з пасланнем да нашчадкаў… Непрыкметна прабег год, і вось мы сталі сведкамі чарговай, 51-й, студэнцкай вандроўкі. У такой трываласці лепшых універсітэцкіх традыцый, на наш погляд, крыецца адзін з сакрэтаў паспяховасці БДПУ. А яшчэ ў тым, што ўдзельнікі зорных атрадаў выкарыстоўваюць у сваёй прафарыентацыйнай дзейнасці самы пераканальны метад – уласны прыклад. А ім зорнікі валодаюць дасканала…

_234561_tif

Урачысты мітынг, прысвечаны старту сёлетняга паходу, адбыўся 26 студзеня. Першы прарэктар БДПУ С. І. Копцева прывітала зорнікаў, пажадала ім плённых вандровак, цікавых сустрэч, незабыўных уражанняў. Цёплыя словы выказалі і паважаныя госці, сярод якіх – удзельнік зорных паходаў 70-х гадоў, выпускнік нашага ўніверсітэта, акадэмік-сакратар Аддзялення гума нітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А. А. Каваленя. «Добры дзень, племя маладое і даволі знаёмае, – менавіта так звярнуўся Аляксандр Аляксандравіч да студэнтаў і з гонарам падкрэсліў, што ў акадэміі сёння працуюць дзясяткі выпускнікоў БДПУ. – Гэта лепшыя выхаванцы нашай alma mater, якім уні версітэт прывіў, у тым ліку і з дапамогай зорных паходаў, любоў да роднага краю, цікавасць да спасціжэння яго культурнай і гістарычнай спадчыны. Таму мне асабліва прыемна ўсведамляць, што праз дзесяцігоддзі традыцыя не перарываецца. У добры шлях!»

Ад імя студэнцтва БДПУ з прывітальным словам да прысутных звярнулася студэнтка 2-га курса ФСПТ Лізавета Бурлай: «Мы ўдзячны рэктарату за магчымасць прадстаўляць наш універсітэт у розных кутках краіны. Дэвіз сёлетняга паходу гучыць так: «БДПУ – будучыня пачынаецца тут». Зорнікі пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб і для вы пускнікоў школ гэтыя словы сталі арыенцірам у прафе сійным сама вызначэнні».

Сёлета студэнты і выкладчыкі нашага ўнівер сітэта вандравалі па Маладзечанскім, Пухавіцкім, Бары саўскім і Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці, Брас лаўскім раёне Віцебскай вобласці, Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці і Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Падчас паходу яго ўдзельнікі наведалі 69 устаноў адукацыі, 11 прамысловых прадпрыемстваў, 24 ме марыяльныя комплексы, сустрэліся з 6 ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, правялі 96 прафарыентацыйных і 14 спартыўных мерапрыемстваў, прынялі ўдзел у 24 круглых сталах, у тым ліку з прадстаўнікамі раённых адміністрацый, выступілі з 56 кан цэртнымі праграмамі… Аднак мацней за лічбы статыстыкі – эмоцыі і ўражанні са міх зорнікаў. Дык прадаставім слова шасціразоваму ўдзельніку паходу—кіраўніку зводнага атрада «Ёсць кантакт!», начальніку цэнтра студэнцкай творчасці Алене ЖУРАЎСКАЙ.

— Сёлета ўдзельнікі зводнага атрада «Ёсць кантакт!» гасцявалі ў Асіповіцкім краі. На працягу чатырох дзён для нас ладзіліся сустрэчы з вядомымі і таленавітымі жыхарамі раёна. Кожнае мерапрыемства было непаўторным, кожная размова – цікавай і пазнавальнай. Хочацца ўзгадаць самыя яркія моманты зорнага падарожжа.

Дзень першы (26 студзеня). Сустрэча на Алеі Герояў са старшынёй Асіповіцкага раённага ГА «Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Ю. П. Корбанам. Юрый Пятровіч падчас мітынгу расказаў толькі некаторыя эпізоды ваеннага мінулага, але і гэтага было дастаткова, каб зразумець, што белыя плямы гісторыі маюць свой колер, трэба толькі дакладна іх расфарбаваць. А пасля на канцэрце «Без мінулага няма будучыні» ў СШ № 3 г. Асіповічы Юрый Пятровіч па-заліхвацку выканаў не адну песню. Як растлумачыў «афганец», каб не звар’яцець на вайне, трэба і песні спяваць, і жарты жартаваць.

3

Дзень другі (27 студзеня). Сустрэча з настаўніцай, а таксама дырэктарам комплексна-краязнаўчага музея ДУА «Дараганаўскі ВВК-д/с-школа» Жаннай Сямёнаўнай Караленяй. Чалавекам, цалкам адданым сваёй справе, для якога па няцці «гістарычная спадчына», «пераемнасць пакаленняў» – не проста словы. Яе беражлівае стаўленне да кожнага здабытага ці знойдзенага экспаната, за якім стаіць цэлая гісторыя, і нават не адна, выклікае павагу і захапленне. Імёны людзей, даты, абставіны – усё ведае гэтая жанчына і з вялікім задавальненнем дзеліцца з наведвальнікамі. А яшчэ Жанна Сямёнаўна падрыхтавала не адно пакаленне юных экскурсаводаў. І нават у дзень візіту мы змаглі ў гэтым пераканацца: вучаніца 8-га класа Ксенія правяла для нас экскурсію на першым паверсе музея, а выпускнік школы Мікалай (зараз курсант Акадэміі МУС) расказаў пра некаторыя экспанаты зусім незвычайна – у стылі рэпвыканаўцы.

4

Дзень трэці (28 студзеня). Для сябе мы вызначылі яго як дзень духоўнасці. У адным з залаў Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея настаяцель храма «Жываносная крыніца» ў в. Прошча айцец Максім даваў наказы і запаветы будучым педагогам: цікавіцца мінулым і спазнаваць новае; заўсёды бачыць святло, нават калі паўсюль цемра; пракладваць сваю сцежку ў жыцці і нічога не баяцца – сіл і часу хопіць, калі ёсць жаданне і настрой. Назаўсёды нам запомняцца яго словы пра тое, што ўсе людзі хочуць цуду – і гэта не дзіўна! Дзіўна тое, што цуд – кожны чалавек, любы з нас. А для зорнікаў сапраўдным цудам стаў гэты малады, але такі мудры і дасведчаны святар.

1

На працягу ўсіх чатырох дзён пра нас клапацілася дырэктар Асіповіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства (месца, дзе мы размясціліся) Святлана Іосіфаўна. Па-мацярынску пяшчотная, па-гаспадарску клапатлівая, вясёлая і добразычлівая – на ўсе выпадкі жыцця яна можа знайсці жартоўную рыфмаванку. А яе пачастункі!.. Асабліва на дарожку, калі Святлана Іосіфаўна дала нам слоікі з малінавым варэннем як надзейным лекавым сродкам ад усіх хвароб.

Чарговы Зорны паход скончыўся, але яшчэ доўга ў нашых сэрцах будуць жыць успаміны пра асіповіцкую зямлю, яе жыхароў, такіх шчырых і адданых сваёй справе. Кожны раз мы пераконваемся, што Беларусь – сапраўды «зорны край», дзе шмат таленавітых асоб і асаблівых месцаў, дзе што ні дзень – то новыя адкрыцці, якія пакідаюць пасля сябе яркія і незабыўныя ўражанні.


17 лютага 2015 года, № 2 (1157)

«ЗОРНАЕ» АДЧУВАННЕ

Творчыя і ўпэўненыя, непаўторныя, адданыя педагагічнай прафесіі, напоўненыя пачуццём любові да БДПУ – такімі словамі можна ахарактарызаваць зорнікаў, якія вандравалі сёлета па Смаргоншчыне ў складзе атрада «Студэнцкі батальён». На працягу чатырох дзён студэнты факультэта прыродазнаўства і ФБіРФ разам з гасцямі з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта дарылі ўсмешкі дзецям, праводзілі канцэрты і майстар-класы, праслаўлялі настаўніцкую прафесію.

str1_3

Можна шмат гаварыць аб тым, як уплывае зорны паход на яго ўдзельнікаў, на вучняў, нават на вадзіцеляў школьных жоўтых аўтобусаў, якія возяць «зорнікаў». Як ні дзіўна, гэтае ўздзеянне можна адчуць толькі тады, калі ты стаіш на мітынгу, слухаеш урачыстыя выступленні рэктара БДПУ, міністра адукацыі і іншых шаноўных асоб. Тады, калі чытаеш зварот да нашчадкаў 2045 года, скручваеш гістарычны аркуш і кладзеш яго ў металічную капсулу, якую адкрыюць толькі праз трыццаць гадоў.

Адчуваеш зорны паход на першым канцэрце. Вось перад намі сядзяць сціплыя вучні Залескай СШ. Мы разумеем: у маленькай зале сабралася ўся школа гэтай вёсачкі, якая з захапленнем чакала цікавых выступленняў. І яны іх атрымалі! Натхнёныя і ўражаныя, дзеці таксама адчулі, што такое зорны паход, убачылі, хто такія студэнты педагагічнага ўніверсітэта. І цяпер, пасля нашага візіту, вучні пакідаюць у сацыяльных сетках фотаздымкі і відэа з канцэрта, пішуць словы ўдзячнасці… Гэта самая вялікая ўзнагарода для нашага атрада.

Як ніколі адчуваеш зорны паход, калі школьнікі хорам скандзіруюць назву атрада. Ці тады, калі адразу пасля канцэрта падбягае дзяўчынка і ўзрушана гаворыць, што хоча быць падобнай да цябе, стаць настаўніцай. Табе толькі дваццаць адзін год, ты звычайны студэнт БДПУ, а для кагосьці ўжо стаў прыкладам…

str1_1

«Зорнае» адчуванне з’яўляецца пасля наведвання самых розных, але нязменна гасцінных куткоў нашай Радзімы. Смаргоншчына ўразіла нас вялікай колькасцю мемарыяльных комплексаў, музеяў і памятных месцаў. Мы пабывалі ва ўсіх краязнаўчых музеях усіх школ горада Смаргонь! Немагчыма перадаць, з якой любоўю і пашанай ставяцца жыхары райцэнтра да сваёй гісторыі і спадчыны. Шмат новага мы даведаліся ад школьнікаў СШ № 5 пра «Мядзведжую акадэмію», традыцыі ганчарства, нават пабывалі на імправізаваным кірмашы з абаранкамі і ручнікамі.

Усім сэрцам адчуваеш зорны паход, калі падчас твайго выступлення школьнікі падымаюцца з месцаў, танцуюць і спяваюць разам з табой. І гэта не фінал, а звычайная песня, якую выконваюць тры студэнткі. Ажно захоплівае дух ад той энергетыкі, якая пануе ў зале. Ты не зорка, ты проста студэнт, будучы педагог, але дзеці бачаць цябе як настаўніка з вялікай літары.

str1_2

Дзякуючы зорнаму паходу мы змаглі пакінуць свой уласны след у дзіцячых сэрцах. Спадзяёмся, пазітыўныя эмоцыі, якімі мы абмяняліся, будуць настройваць нас на добрыя справы і творчыя здзяйсненні.

Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК, студэнтка 42-й групы ФБіРФ


 

29 студзеня 2015 года, № 1 (1156)

ТРАДЫЦЫЯ, ШТО ЯДНАЕ НАРОДЫ і ПАКАЛЕННІ

Юбілейныя даты апошнім часам чырвонай ніткай уплятаюцца ў жыццёвую канву БДПУ. Яшчэ свежыя эмоцыі і ўражанні ад святкавання стагоддзя alma mater, а мы ўжо сустракаем чарговую знакавую падзею: пяцідзясяты па ліку орны паход студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Сёлета традыцыйнае і сапраўды брэндавае мерапрыемства, урачысты старт якому быў дадзены 27 студзеня, прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі.

str1_1

Ідэйны змест зорных паходаў надзвычай глыбокі, бо ў першую чаргу такія вандроўкі закліканы выхоўваць гонар і павагу да слаўнага мінулага Бацькаўшчыны, да гераізму людзей, якія змагаліся за свабоду і мірнае жыццё. Вялікая Перамога – агульная заслуга многіх народаў, таму чарговы паход вырашана было зрабіць інтэрнацыянальным, аддаючы тым самым даніну павагі салдатам-змагарам з розных краін. Так, разам з намі, беларусамі, зорныя сцяжыны сёння пракладваюць студэнты з Казахстана, Расіі і Туркменістана.

Удзел у святочным мітынгу, што адбыўся ля помніка студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, прынялі высокія госці: Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільевіч Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенавіч Булегенаў, саветнік-пасланнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Алег Раманавіч Ягораў, часовы павераны ў справах Пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Мухаметнур Мухаметбердыевіч Авезаў. Урачысты тон мерапрыемству задаў прывітальным словам рэктар БДПУ прафесар А. І. Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў студэнтаў-замежнікаў, якія ўпершыню бяруць удзел у паходзе, будзе магчымасць не толькі дакрануцца да нашай агульнай гісторыі, але і ўбачыць быт і культуру сённяшніх беларусаў, адчуць асаблівасці нацыянальнага менталітэту. Міністр у сваім выступленні адзначыў, што бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. І гэта сімвалічна, бо менавіта на маладую змену ўскладаецца адказнасць за захаванне гістарычнай памяці. Зорныя ж паходы спрыяюць гэтаму ў найбольшай ступені.

str1_2

Відаць, асаблівую ўзрушанасць адчуваў наш выпускнік, удзельнік і арганізатар зорных паходаў 1985—2004 гг. І. В. Карпенка: «Роўна трыццаць гадоў назад я, наваспечаны студэнт-гісторык, удзельнічаў у старце першай у маім жыцці вандроўкі. Сёння, калі мерапрыемства праходзіць ужо ў пяцідзясяты раз, відавочна, што традыцыя, закладзеная нашымі папярэднікамі, развіваецца, набывае новае гучанне. Зорныя паходы — сапраўдная школа мужнасці, школа жыцця».

Замежныя госці таксама прывіталі зорнікаў, пажадалі ім цікавых падарожжаў і сустрэч, падзякавалі за далучэнне сваіх суайчыннікаў да зорнага руху, выказалі ўпэўненасць у прадаўжэнні традыцыі інтэрнацыянальных паходаў.

Юбілейны зорны паход запомніцца нам яшчэ і тым, што яго ўдзельнікі падрыхтавалі зварот да нашчадкаў – тых, каму давядзецца сустрэць стагоддзе Вялікай Перамогі. Пісьмо, прасякнутае глыбокім патрыятызмам, змясцілі ў спецыяльную капсулу, якая будзе трыццаць гадоў чакаць свайго часу пад гранітнай плітой побач з помнікам ва ўнутраным двары БДПУ. Пад словамі з гэтага ліста, відаць, мог бы падпісацца кожны з нас: «Мы завяшчаем вам мірна жыць і працаваць на роднай зямлі, захоўваць памяць пра тых, хто аддаў за Айчыну сваю маладосць і жыццё, умацоўваць дружбу паміж народамі. І праз 30 гадоў, якія яднаюць нашы пакаленні, няхай цэняц-ца лепшыя якасці студэнцкай моладзі, яе імкненне да ведаў, адданасць высокім ідэалам і вернасць Бацькаўшчыне».

Застаецца дадаць, што наперадзе ў зорнікаў чатыры дні, насычаныя новымі ведамі, незабыўнымі ўражаннямі, цікавымі знаёмствамі. Чакаем рэпартажаў з розных куткоў Беларусі!

Вераніка МАНДЗІК


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ТАК СЫШЛІСЯ ЗОРКІ…

Вы, напэўна, не раз углядаліся ў зорнае неба і кожны раз захапляліся яго таямнічасцю, загадкавасцю, вытанчанасцю… Нехта проста любаваўся гэтай прыгажосцю, а хтосьці спрабаваў распазнаць сузор’і. А ці задумваліся вы, як здорава было б убачыць, напрыклад, парад зорак?! Не падумайце, што я фантазірую, такая з’ява сапраўды ёсць. Яна адбываецца раз на год, праўда, носіць крыху іншую назву – «Зорны паход».

1_500x355

Пасля старту атрады разлятаюцца па розных раёнах і гарадах, знаёмяцца з гісторыяй населеных пунктаў і мясцовых устаноў адукацыі, расказваюць пра ўніверсітэт і свае факультэты, наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Схема маршрутаў на карце па форме нагадвае зорку, адсюль і назва паходу.

У 49-м паходзе па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа зводны атрад матэматычнага і фізічнага факультэтаў «Дзеці Эйнштэйна» накіраваўся на Салігоршчыну. Дарэчы, сёлета нам спаўняецца 5 гадоў! Не будзе лішнім нагадаць, што наш атрад прызнаны лепшым па выніках мінулага, 48-га, Зорнага паходу. І зарукай поспеху мы лічым тое, што студэнты абодвух факультэтаў становяцца адзінай камандай, сапраўднай сям’ёй.

2_500x363

Пасля ўрачыстага мітынгу мы дружна размясціліся ў камфартабельным аўтобусе. Нашым гідам стаў выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ. Менавіта з яго аповедаў і пачалося знаёмства з гісторыяй Салігорскага краю. Штодня нас не пераставалі здзіўляць сваёй гасціннасцю мясцовыя жыхары. Гэта – выхаванцы і педагагічныя работнікі Велічкоўскай СШ, дзе быў сыграны таварыскі матч па валейболе, Пясчанскага ВПК ДССШ, дырэктар якога правёў для нас экскурсію па школе і дазволіў даць вучням фрагменты ўрокаў, Гоцкай СШ, што ўразіла нас экспанатамі краязнаўчага музея, Краснадворскага ВПК ДССШ, дзе нас запрасілі ў музей птушак, і многіх-многіх іншых. Запомніцца таксама вёска Харастова, дзе мы ўсклалі вянок да мемарыяла ў памяць вядомага беларускага партызана В. З. Каржа. У знак удзячнасці за цёплы прыём студэнты імкнуліся парадаваць дзяцей і настаўнікаў канцэртнымі выступленнямі, цікава расказаць пра наш універсітэт.

Прыемна адзначыць, што ўсе дні паходу студэнтаў БДПУ суправаджала мясцовае тэлебачанне. Мы і сапраўды адчувалі сябе зоркамі!

Кацярына ЗАЙЦАВА, Яна БАБРОЎСКАЯ, студэнткі матэматычнага факультэта


 

20 лютага 2013 года, № 19 (1137)

ПАРТЫЗАНСКІМІ СЦЕЖКАМІ, ЦІ 49-Ы ЗОРНЫ ПАХОД НА КЛІЧАЎШЧЫНЕ

Сёлета зводны атрад ФПА і ФФВ «Ёсць кантакт!» пабываў на клічаўскай зямлі – у сапраўдным партызанскім краі. Мы даведаліся шмат фактаў са слаўнай гісторыі гэтых мясцін і нібыта сталі сведкамі тых далёкіх часоў.

3_500x459

Чаго варта толькі гісторыя Усакінскага лесу! Менавіта тут у гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваўся Магілёўскі падпольны абкам КП(б) Беларусі і штаб ваенна-аператыўнай групы партызанскіх злучэнняў. Сёння тут узведзены мемарыяльны комплекс «Усакіна» – манумент і 18 брацкіх магіл, у якіх пахавана больш за 400 воінаў і партызан.

Непадалёк размясціўся рэканструяваны партызанскі лагер: жылыя і штабныя зямлянкі, друкарня, медсанчастка, хлебапякарня, калодзеж, кухня… Яшчэ далей – партызанскі аэрадром. Падчас экскурсіі нам нават здавалася, што мы чулі шум самалёта, які заходзіў на пасадку. Хоць мы і разумелі, што гэта проста вецер завываў сярод снежных сумётаў…

Побач з вёскай Усакіна мы спыніліся каля мемарыяльных камянёў «Вязень» і «Сялец». Раздзеленыя невялікім полем, тут калісьці стаялі вёскі з такімі назвамі, жыхары якіх у 1943 г. былі расстраляны, а дамы разрабаваны і спалены. Хвіліна маўчання – даніна памяці загінуўшым. І зноў пранізлівы вецер ды мароз па скуры…

Помнікі і комплексы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, – асноўная культурна-гістарычная спадчына Клічаўшчыны. Увогуле, раён не багаты на знакамітыя мясціны, практычна адсутнічае прамысловасць (3 невялікія прадпрыемствы), толькі 12 устаноў адукацыі… І, здавалася б, няма чым нас, сталічных гасцей, здзівіць. Але нас проста пакарыла і ўразіла энергетыка краю, гасціннасць людзей, хлеб-соль на парозе ля ўваходу ў школы (у туфлях на марозе!), беражлівае стаўленне да гісторыі малой радзімы, павага да людзей, якія праславілі Клічаўшчыну. Абсалютна не распешчаныя ўвагай гасцей, школьнікі нам усюды былі рады; нас чакалі, з нецярплівасцю і хваляваннем сустракалі і слухалі. І мы стараліся: расказвалі пра БДПУ, паказвалі прэзентацыі, адказвалі на пытанні, праводзілі майстар-класы рознай накіраванасці, выступалі з канцэртнай праграмай, прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Цёпла і ветліва нас сустрэў старшыня Клічаўскага райвыканкама Ф. В. Вашчыла. Францішак Вітольдавіч запрасіў нас яшчэ раз прыехаць на Клічаўшчыну, але толькі ў цёплы час, каб максімальна атрымаць асалоду ад хараства прыроды. А краявіды там цудоўныя: каля 60 працэнтаў тэрыторыі раёна занята лесам, маляўніча раскінуліся 26 азёр і 29 рэк. Сярод клічаўскіх помнікаў прыроды ёсць Рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Астравы Дулебы» – унікальны прыродны комплекс не кранутых цывілізацыяй лясоў і старажытных рэліктавых балот, населеных рэдкімі відамі жывёл.

Падчас паходу нам пашанцавала сустрэцца з ветэрана-мі Вялікай Айчыннай вайны Клічаўшчыны: Я. Л. Гурбо і М. С. Ступенем, старшынёй раённага савета ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў В. М. Сазонавым. Вось які наказ яны нам далі: «За моладдзю – будучае краіны, вы – наша надзея і апора. Памятайце гісторыю і не дапускайце жудасных памылак, расплачвацца за якія трэба чалавечым жыццём». А яшчэ пажадалі поспехаў у вучобе і сесій без «хвастоў».

4_500x346

На сустрэчы прысутнічала і ветэран педагагічнай працы Н. С. Кляўко, якая 40 гадоў з’яўлялася дырэктарам адной з клічаўскіх школ. Нам, будучым настаўнікам, Ніна Сцяпанаўна пажадала шанаваць абраную прафесію і шчыра любіць дзяцей.

За час 49-га Зорнага паходу па клічаўскай зямлі мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што адным з галоўных здабыткаў краіны з’яўляюцца людзі – працавітыя, шчырыя, зычлівыя і гасцінныя. Мы судакрануліся з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, прайшлі сцежкамі партызан, якія шмат могуць расказаць. Самае галоўнае для нашчадкаў – умець і хацець іх слухаць.

Алена ЖУРАЎСКАЯ, камандзір зводнага атрада ФПА і ФФВ «Ёсць кантакт!»


 

20 лютага 2013 года, № 19 (1137)

ЗОРНЫ. ІНТЭРАКТЫЎНЫ. ТВОЙ

Асаблівасцю сёлетняга паходу стала інтэрактыўнасць зорнікаў у сацыяльных сетках, якімі актыўна карыстаюцца ўсе студэнты БДПУ. З самага пачатку мерапрыемства было вырашана, што ўсе атрады павінны выкладваць у групу «Я люблю БДПУ!» «Укантакце» невялікую справаздачу па кожным дні, дадаючы да яе некалькі яркіх фотаздымкаў. Такім чынам была наладжана сувязь паміж атрадамі, а таксама паміж зорнікамі і тымі студэнтамі, што засталіся чакаць іх у Мінску. Дзякуючы такім своеасаблівым online-рэпартажам усе мы маглі сачыць за зорным жыццём і нават адчуваць тую непаўторную атмасферу, якая заўжды была ўласціва гэтаму мерапрыемству.

Паралельна са штодзённымі справаздачамі з 27 студзеня па 1 лютага праходзіла інтэрнэт-галасаванне за лепшы зводны атрад па выніках Зорнага паходу. Спаборніцтва было не па-зімоваму гарачым! Студэнты «падключалі» ўсіх сяброў, знаёмых, каб тыя аддавалі свой голас за іх атрад; такая ж агітацыйная праца распачалася і ў самім паходзе. Вучні школ, якім студэнты расказвалі пра інтэрнэт-гонку, спяшаліся хутчэй падарыць свой голас любімаму атраду. У суполцы «Я люблю БДПУ!» чытаем: «Хачу падзякаваць калектыву „Зорны фэст“ за пазітыўны настрой, які яны падарылі нам падчас сваіх яркіх выступленняў, за мора незабыўных уражанняў, за наш вясёлы смех і непадробную радасць!»; «„Дзеці Эйнштэйна“, вы лепшыя! Усё было класна, весела, цікава! Прыязджайце ў наступным годзе, будзем чакаць. Вялікі дзякуй ад 10–11-х класаў, вы расквецілі нашы школьныя будні!»; «Хочацца падзяліцца ўражаннямі ад канцэрта, які падрыхтавала каманда „Студэнцкі батальён“. Будучыя філолагі і географы – вельмі таленавітыя, вясёлыя і бадзёрыя. Сустрэча з гэтымі цудоўнымі людзьмі запомніцца не толькі нашаму класу, але і ўсёй школе!».

Водгукі, якіх з кожным днём станавілася ўсё больш і больш, задавалі настрой усім зорнікам. Ніхто нават і не чакаў, што галасаванне ахопіць не сотні, а тысячы самых удзячных прыхільнікаў праекта – дзяцей. Пераможцам інтэрнэт-спаборніцтва стаў зводны атрад факультэта эстэтычнай адукацыі і факультэта спецыяльнай адукацыі «Зорны фэст».

Думаецца, што такі інтэрактыў студэнтаў-зорнікаў стане добрай традыцыяй і будзе суправаджаць наступныя паходы. Нам, будучым настаўнікам, добра вядома, што рэфлексія, зваротная сувязь – важны складнік працэсаў навучання і выхавання. Магчыма, гэтыя шчырыя словы дзяцей і ёсць тое, дзеля чаго існуе Зорны.

Вольга ПРЫГУН, студэнтка ФБіРФ


 

20 лютага 2013 года, № 19 (1137)

ІЗНОЎ СЫШЛІСЯ ЗОРНЫЯ МАРШРУТЫ

Важнай агульнаўніверсітэцкай падзеяй пачатку 2014 г. стала правядзенне 49-га Зорнага паходу студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ранкам 28 студзеня ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса нашага ўніверсітэта адбыўся ўрачысты мітынг, які па традыцыі адкрыў рэктар БДПУ прафесар Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык.

У перыяд з 28 па 31 студзеня студэнты і выкладчыкі ў складзе 6 зводных атрадаў прайшлі па тэрыторыі Мінскай (Вілейскі і Салігорскі раёны), Гродзенскай (Ашмянскі, Лідскі, Іўеўскі раёны) і Магілёўскай (Клічаўскі раён) абласцей. У рамках паходу яго ўдзельнікі пазнаёміліся з гістарычнымі месцамі і ме-марыяльнымі комплексамі, аказалі дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, арганізавалі прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі і спартыўныя спаборніцтвы, выступілі з канцэртнымі праграмамі ў дамах культуры і школах.

Зорны паход як шматгадовая традыцыя нашага ўніверсітэта ізноў з годнасцю прайшоў выпрабаванне часам і пацвердзіў свой ганаровы статус неад’емнай часткі грамадзянска-патрыятычнага руху вядучай педагагічнай ВНУ Беларусі.

Таццяна СЯНЬКО, педагог дадатковай адукацыі студэнцкага клуба «Юнацтва»


 

21 лютага 2013 года, № 2 (1120)

ВЯСЁЛКА ЎРАЖАННЯЎ

У рамках 48-га Зорнага паходу зводны атрад студэнтаў і выкладчыкаў факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання «Ёсць кантакт!» наведаў слуцкую зямлю. За чатыры дні ўдзельнікі атрымалі масу яркіх і незабыўных уражанняў. Вось толькі некаторыя з іх.

1 дзень. ВЕЛІЧ І ХАРАСТВО

Кажуць, што першае ўражанне самае моцнае. І мы не можам з гэтым не пагадзіцца. Падчас агляднай экскурсіі па горадзе, арганізаванай адразу пасля нашага прыбыцця, мы не толькі любаваліся цудоўнымі краявідамі Слуцка, але і знаёміліся з асноўнымі вехамі яго гісторыі. Першы ўспамін – у 1116 г.; сталіца ўдзельнага княства нашчадкаў тураўскага князя Юрыя Яраслававіча – у XII ст.; уваходжанне ў склад Вялікага Княства Літоўскага – у XIV ст.; неаднаразовыя набегі крымскіх татараў – у XVI ст. Пасля – раздзел горада і княства паміж трыма братамі Алелькавічамі, а затым зноў аб’яднанне зямлі Слуцкай апошняй прадстаўніцай гэтага роду, захавальніцай праваслаўя – княжной Сафіяй Юр’еўнай, якую пазней далучылі да ліку беларускіх святых. У цэнтры сучаснага Слуцка мы наведалі помнік Святой княгіні Сафіі Слуцкай, змаглі да яго дакрануцца, загадалі жаданне і атрымалі, такім чынам, своеасаблівае бласлаўленне на гасцяванне.

РАДАСЦЬ І НАДЗЕЯ

У СШ №11 г. Слуцка адбылася выпадковая сустрэча з былымі выпускнікамі факультэта фізічнага выхавання – Дзянісам і Аленай Сасноўскімі, якія сёння працуюць настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя. Мы абмяняліся ўражаннямі ўжо як калегі. І няхай гэтыя настаўнікі пакуль яшчэ мала паспелі здзейсніць, мы ўпэўнены, што яны таксама зробяць свой унёсак у развіццё Слуцка.

2 день. ЗДЗІЎЛЕННЕ І ЗАХАПЛЕННЕ

Уразіла раённая школа – ДУА «Гацукоўская СШ» на чале з крэатыўным, пазітыўным, актыўным і нязменным вось ужо на працягу 23 гадоў дырэктарам Людмілай Мікалаеўнай Скалабан. Школа проста патанае ў сакавітай зеляніне – тут ёсць цудоўны зімовы сад. У той час, калі за вокнамі лютыя маразы, тут – сапраўднае лета! У фае ў клетках спяваюць канарэйкі, адпачываюць марскія свінкі, якіх гадуюць самі вучні. Мы пазнаёміліся з вось ужо сямігадовай традыцыяй школы арганізоўваць і праводзіць напрыканцы мая двухдзённы паход з начлегам для ўсяго педагагічнага калектыву і вучняў. У яго праграме – разнастайныя спаборніцтвы і выпрабаванні: турыстычная паласа перашкод, конкурсы на найбольшую колькасць злоўленай рыбы, на найлепш прыгатаваную юшку і г. д.

3 дзень. СМУТАК І ЖАЛЬ

Вёска Пераходы… Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі… У 24 магілах пахавана 116 чалавек – 116 спаленых жыхароў… Абеліскі… Шэрае неба… Сырое паветра… Пранізлівая цішыня… Сумныя яліны навокал… Прасякнуты жалем расказ экскурсавода… Адчуванне жаху вайны… Боль ад нечалавечых учынкаў… Мароз па скуры… Хвіліна маўчання і яшчэ доўгія роздумы пасля ўбачанага і пачутага… У свядомасці многае мяняецца: раптам пачынаеш востра адчуваць каштоўнасць жыцця і мірнага неба над галавой.

ЦІКАВАСЦЬ І АСАЛОДА

Дзякуючы экскурсіі на Слуцкі хлебазавод мы змаглі на свае вочы ўбачыць тэхналогію прыгатавання хлеба: з моманту замесу цеста да выхаду гатовай прадукцыі – духмянага, цёплага, з хрусткай скарыначкай хлеба, батона, вітушак, бублікаў… На сённяшні дзень прадпрыемства выпускае каля 50 найменняў хлебабулачнай прадукцыі і такую ж колькасць кандытарскіх вырабаў. Нам пашчасціла ўсё гэта не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць. Проста чароўны абрус-самабранку прыгатавалі для нас работнікі хлебазавода: торты, бісквіт, хлеб далікатэсны «Ласунак», аўсянае пячэнне, трубачкі з крэмам… Шчодрае снеданне і чарговае пацвярджэнне гасціннасці беларускага народа!

4 дзень. ПАВАГА І ГОНАР

У апошні дзень адбылося падвядзенне вынікаў у найстарэйшай навучальнай установе Беларусі з амаль 400-гадовай гісторыяй – Слуцкай гімназіі №1, вядомай далёка за межамі краю. Ганаровым госцем сустрэчы стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай работы М. Ц. Дзюба. Міхаіл Ціханавіч ад імя свайго пакалення звярнуўся да ўсіх прысутных: «Упрыгожвайце Беларусь руплівай працай, імкніцеся зрабіць нашу краіну яшчэ больш квітнеючай і багатай». Ветэран расказаў, што на ўсё жыццё запомніў свой выпускны вечар 21 чэрвеня 1941 г., пасля якога пачалася вайна… Тады ён і яго аднакласнікі далі клятву вернасці Бацькаўшчыне і служылі ёй нараўне з дарослымі. Па начах яны ахоўвалі грамадзянскія аб’екты, а днём разносілі павесткі… Асабліва ганарыцца Міхаіл Ціханавіч тым, што 111 выпускнікоў школ, дзе ён працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, сталі афіцэрамі. У гэтым ёсць і яго заслуга. «Са школай я не развітваюся і сёння: расказваю пра гераічнае мінулае на ўроках Мужнасці і ўрачыстых лінейках, дапамагаю педагогам выхоўваць пачуццё патрыятызму ў падрастаючага пакалення», – заўважыў Міхаіл Ціханавіч.

Зорнікаў перапаўняў гонар за краіну і ўдзячнасць людзям, якія прайшлі вайну і забяспечылі нам мірнае жыццё.

Сорак восьмы Зорны паход завяршыўся. Аднак незалежна ад парадкавага нумару кожны раз усім удзельнікам гэтага маштабнага мерапрыемства гарантавана магчымасць нанова адкрыць для сябе нашу Радзіму. Дзякуй табе, БДПУ, за такую цудоўную традыцыю!

Алена ЖУРАЎСКАЯ, кіраўнік зводнага атрада «Ёсць кантакт!», начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю


 

21 лютага 2013 года, № 2 (1120)

МОЙ РОДНЫ КРАЙ, МОЙ ЛЁС, МАЯ НАДЗЕЯ…

Дэвіз сёлетняга Зорнага паходу як нельга лепш адпавядае і зместу традыцыйнага мерапрыемства БДПУ, і ўражанням яго ўдзельнікаў. Сапраўды, для кожнага чалавека Радзіма з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю. А любоў да яе такая шматгранная: яна і ў захапленні прыгажосцю беларускіх краявідаў, і ў цікавасці да мінулага і сучаснасці роднага краю, і ва ўсведамленні мужнасці і мудрасці нашых славутых землякоў. Ды зорнікі не толькі спасцігалі хараство розных куточкаў нашай Бацькаўшчыны, але і дарылі яе жыхарам свае веды і таленты, шчодра дзяліліся пазітывам і дабрынёй. Хутка ўсе ўдзельнікі нядаўняй вандроўкі збяруцца разам, каб падвесці вынікі, атрымаць заслужаныя ўзнагароды і словы падзякі. А пакуль – некалькі эпізодаў з калейдаскопу зорных падзей.

Падчас 48-га Зорнага паходу студэнты і выкладчыкі БДПУ ў складзе шасці атрадаў наведалі з прафарыента-цыйнымі мерапрыемствамі, майстар-класамі і канцэртамі 55 дзяржаўных устаноў адукацыі нашай краіны. Школьнікі і настаўнікі шчыра віталі гасцей са сталіцы.

Выхаванне ў студэнцкай моладзі патрыятызму і пачуцця глыбокай павагі да ветэранаў – адна з самых галоўных задач кожнага зорнага паходу. Вось і ў рамках сёлетніх вандровак танкаўцы прайшлі партызанскімі сцежкамі, усклалі кветкі да брацкіх магіл воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аказалі шэфскую дапамогу ветэранам.

Прадстаўнікі зводнага атрада факультэтаў дашкольнай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій падчас сустрэчы з выхаванцамі дзіцячага сада ў вёсцы Жупраны.

Усебаковае пазнанне роднага краю немагчыма без знаёмства з прамысловымі прадпрыемствамі. На здымку: экскурсія зводнага атрада «Ёсць кантакт!» на Слуцкі хлебазавод.

Студэнты зводнага атрада «Зорны фэст» факультэтаў эстэтычнай і спецыяльнай адукацыі далі ў школах Іўеўскага раёна шэсць канцэртаў. Праграма выступленняў была насычаная: вакальнае і інструментальнае выканальніцтва, харэаграфія, КВЗ, тэатральныя мініяцюры.


 

29 студзеня 2013 года, № 1 (1119)

МЫ СЛАВІМ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ СВЕТЛАЕ ІМЯ

Святочна, радасна, урачыста прайшоў мітынг, прысвечаны старту 48-га Зорнага паходу студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Любоў да Бацькаўшчыны, шчыры інтарэс да гісторыі Беларусі, жаданне праслаўляць сваю зямлю і свой родны ўніверсітэт – усё гэта аб’яднала актыўных, таленавітых, неабыякавых танкаўцаў, якія вандравалі сёлета пад дэвізам «Мой родны край – мой лёс, мая Радзіма». А прымаць у сябе зорнікаў пашчасціла жыхарам Клічаўскага, Ашмянскага, Лідскага, Іўеўскага, Салігорскага і Слуцкага раёнаў.

5_500x383

Ля помніка студэнтам і выкладчыкам універсітэта, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў зорнага паходу віталі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, прафесар С.А. Маскевіч, рэктар БДПУ, прафесар П.Д. Кухарчык, прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце БДМУ У.А. Манулік. Гонар падарожнічаць па Беларусі пад сцягам нашага ўніверсітэта выпаў зводнаму атраду фізічнага і матэматычнага факультэтаў «Дзеці Эйнштэйна» – менавіта ён быў прызнаны аргкамітэтам лепшым па гатоўнасці да зорнага паходу.

У рамках вандроўкі студэнты праводзілі для вучняў школ майстар-класы рознай накіраванасці, адкрытыя выхаваўчыя мерапрыемствы, канцэрты. Былі прадугледжаны таксама прафарыентацыйныя гутаркі са старшакласнікамі, арганізацыя спартландый, таварыскіх сустрэч па валейболе і баскетболе. Студэнты факультэтаў псіхалогіі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій падрыхтавалі і правялі трэнінгі па здаровым ладзе жыцця.

Ужо другі год запар разам з танкаўцамі па зорных маршрутах прайшлі студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сёлета 12 будучых медыкаў далучыліся да амаль што паўвекавой традыцыі БДПУ. Студэнты абедзвюх ВНУ атрымалі сапраўднае задавальненне ад праекта, зносін з цікавымі людзьмі, даведаліся шмат новага. Аднак пра гэта мы раскажам у наступным нумары «Н».


 

13 сакавiка 2012 года, № 3 (1104)

ЗОРНАЕ ПРЫЦЯГНЕННЕ

Месяц таму завяршыўся чарговы, 47-ы, зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Аднак сяброўскія сустрэчы, усмешкі і эмоцыі на гэтым не скончыліся. Усе шэсць зорных маршрутаў сышліся першым вясновым днём у адным пункце – актавай зале БДПУ. Менавіта тут сабраліся студэнты, выкладчыкі, а таксама кіраўнікі адміністрацый шасці раёнаў рэспублікі, каб падвесці вынікі зорнага паходу-2012.

6_500x392

Распачалося мерапрыемства прэзентацыяй зорнага паходу як праекта рознабаковай скіраванасці. Творча, наглядна, трапна студэнты акрэслілі яго мэты і зместавае напаўненне – выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы, пачуцця глыбокай павагі да ветэранаў. Яшчэ адной неад’емнай часткай зорных паходаў з’яўляецца праф­арыентацыя моладзі – правядзенне майстар-класаў, падчас якіх студэнты і вучні далучаюцца да сумеснага творчага працэсу. Надоўга запамінаюцца і спартыўныя спаборніцтвы паміж студэнтамі і школьнікамі, пераможцамі ў якіх заўжды становяцца моцнае здароўе і сапраўднае сяброўства…

Зорныя паходы – гэта не толькі брэнд нашай alma mater, але і без перабольшвання гонар студэнцкай супольнасці Рэспублікі Беларусь. І доказаў таму нямала. Па-першае, наш традыцыйны праект у фінале ІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы ВНУ краіны (2010 г.) быў прызнаны самым лепшым і паспяховым вынаходніцтвам. Па-другое, з года ў год мы адчуваем зваротную сувязь у выглядзе лістоў падзякі ад кіраўнікоў адміністрацый раёнаў і запрашэнняў на наступны год зноў іх наведаць. А сёлета на ўрачыстым злёце зорных атрадаў прысутнічалі дэлегацыі ўсіх шасці раёнаў, па якіх вандравалі студэнты нашага ўніверсітэта. Рэктар БДПУ, прафесар П.Д. Кухарчык павітаў гасцей і выказаў ім шчырую падзяку за цудоўны прыём зорнікаў і ўсебаковае садзеянне ў правядзенні разнастайных мерапрыемстваў.

Быць удзельнікам зорнага паходу – ганарова і прэстыжна, а атрымаць званне лепшага байца зорнага атрада прыемней удвая. Дзеля гэтага трэба праявіць сябе ў творчых нумарах, умець знаходзіць выйсце ў экстрэмальных сітуацыях, а таксама прадэманстраваць свае лепшыя чалавечыя якасці. І сярод зорнікаў кожнага факультэта знайшоўся такі студэнт, які стаў сапраўдным лідарам для сваіх сяброў і паплечнікаў. Лепшыя байцы выйшлі на сцэну актавай залы, каб атрымаць заслужаную порцыю апладысментаў і віншаванняў, а таксама дыпломы і падарункі. Дарэчы, камандзіры атрадаў таксама ўзнагароджаны: у адпаведнасці з загадам рэктара ўсе яны атрымалі грашовыя прэміі.

7_500x333

Шчырыя словы ўдзячнасці з боку і рэктарата, і студэнтаў нашага ўніверсітэта гучалі ў адрас тых людзей, хто падтрымаў нашу традыцыю і гасцінна сустракаў зорнікаў на сваёй зямлі. У адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу, значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне нацыянальных, культурных традыцый і актыўны ўдзел у 46-м і 47-м зорных паходах Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі была ўручана начальніку аддзела адукацыі Слуцкага раённага выканаўчага камітэта І.А. Дзерману. Ганаровай граматай БДПУ былі ўзнагароджаны старшыня Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта П.А. Гішкелюк, начальнікі аддзелаў адукацыі Клецкага райвыканкама А.М. Клімовіч, Мядзельскага – І.В. Рагоўская, Ашмянскага – Н.Г. Кучынская, Валожынскага – Г.В. Сматрова. Падзяку рэктара БДПУ атрымаў старшыня Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Ю.У. Адамчык. Ён прызнаўся, што дзякуючы зорнікам многія старшакласнікі атрымалі своеасаблівы прафесійны арыенцір і вырашылі звязаць свой лёс з БДПУ. «Упэўнены, што хутка конкурс на фізічны і матэматычны факультэты ў вас будзе зашкальваць!» – запэўніў Юрый Уладзіміравіч.

8_500x435

Па выніках сёлетняга зорнага паходу для атрадаў былі вызначаны спецыяльныя намінацыі, за перамогу ў якіх і вялася барацьба. Першая – «Зорныя даследчыкі». Пераможцам у ёй стаў зводны атрад гістарычнага факультэта і факультэта беларускай і рускай філалогіі «Нашчадкі». Гэта і не дзіўна: яго ўдзельнікі, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, знайшлі час і сілы на тое, каб правесці сапраўднае навуковае даследаванне і адшукаць дагэтуль невядомую інфармацыю пра жыццё і творчасць Максіма Танка. Нагадаю, што стагоддзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі і быў прысвечаны 47-ы зорны паход. Зводны атрад факультэтаў дашкольнай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій «47-я танкавая дывізія» вызначыўся сваёй крэатыўнасцю, якая праяўлялася літаральна ва ўсім: ад яго назвы да формы і зместу праграмы паходу. Таму заканамерна гэтая каманда стала лепшай у намінацыі «Зорны крэатыў». Самым згуртаваным і знітаваным калектывам аказаўся зводны атрад факультэтаў прыродазнаўства і псіхалогіі «Фактар «Ч», менавіта ён перамог у намінацыі «Зорнае яднанне». Адметнай рысай наступнага атрада стаў трапны гумар. Таму ў паходзе яго ўдзельнікі шчодра дзяліліся з настаўнікамі і дзецьмі не толькі ведамі і майстэрствам, але і добрым настроем. Вядома ж, гаворка ідзе пра зводны атрад фізічнага і матэматычнага факультэтаў «Дзеці Эйнштэйна», які заслужыў званне пераможцы ў намінацыі «Зорны пазітыў». Адной з самых адметных традыцый зорных паходаў з’яўляецца вызначэнне атрада, які дастойна пранясе сцяг БДПУ па гарадах і вёсках нашай краіны. Сёлета ім стаў зводны атрад ФПА і ФФВ «Ёсць кантакт». А ў студэнтаў са зводнага атрада ФЭА і ФСА «Зорны фэст» педагогі клецкіх школ з вялікім задавальненнем пераймалі вопыт акцёрскага майстэрства. Менавіта два гэтыя атрады заслужылі сёлета званне «Зорных лідараў» і экскурсійную паездку ў Полацк. Вядома ж, усе атрады атрымалі падарункі ад рэктарата і прафкама студэнтаў БДПУ.

Фінальным акордам злёту стала канцэртная праграма з удзелам лепшых творчых калектываў Мядзельскага раёна. Артысты з любоўю чыталі вершы свайго славутага земляка Максіма Танка і выконвалі песні на яго словы. І кожны з нас яшчэ раз дакладна ўсвядоміў, наколькі магутная сіла зорных паходаў – сіла яднання, сумеснай творчасці, сяброўства і пазітыву.

Вераніка МАНДЗІК


 

23 лютага 2012 года, № 2 (1103)

ПАХОД ЗНАЁМСТВАЎ І АДКРЫЦЦЯЎ

Як вядома, сёлетні зорны паход праходзіў пад знакам яркай падзеі ў грамадска-культурным жыцці беларусаў – стагоддзя з дня нараджэння народнага паэта Максіма Танка. Зборнаму атраду гістарычнага факультэта і факультэта беларускай і рускай філалогіі «Нашчадкі» выпаў гонар наведаць радзіму класіка – Мядзельшчыну. Студэнты выступалі з канцэртамі ў школах,знаёмілі вучняў з гісторыяй і традыцыямі БДПУ, праводзілі майстар-класы і спартыўныя мерапрыемствы.

Асобая місія ў складзе нашага зорнага атрада ўскладалася на даследчую групу пад кіраўніцтвам дырэктара музея БДПУ Л. С. Пепіка, які каардынаваў работу студэнтаў-даследчыкаў. Мы збіралі і вывучалі архіўныя дакументы Мядзельскага краязнаўчага музея, звязаныя з жыццёвым шляхам Максіма Танка, а таксама матэрыялы творчай спадчыны беларускага паэта, якія захоўваюцца ў Сваткаўскай СШ, што носіць яго імя. Увесь сабраны архіўны матэрыял склаў каля 200 музейных адзінак. Гэта і фотаздымкі, на якіх сям’я паэта і некаторыя моманты з яго жыцця, і значныя па аб’ёме рукапісы вершаў класіка, і заслужаныя ўзнагароды і дыпломы, што адлюстроўваюць уклад у развіццё беларускай літаратуры. У працэсе збору і вывучэння матэрыялу даследчай групе ўдалося ўстанавіць некалькі новых, раней не вядомых фактаў біяграфіі і творчай дзейнасці Максіма Танка, з якімі плануецца пазнаёміць наведвальнікаў выстаўкі, што будзе арганізавана на базе музея гісторыі БДПУ.

9_500x375

Заключнай падзеяй 47-га зорнага паходу на Мядзельшчыне стаў сумесны рэквіем студэнтаў і вучняў Сваткаўскай агульнаадукацыйнай школы на магіле паэта. Наша вандроўка запомнілася не толькі шчырымі ўсмешкамі дзяцей і настаўнікаў, але і незабыўнымі ўражаннямі і эмоцыямі, падараванымі гэтым гасцінным краем.


 

Крысціна ТАРАНОВІЧ, баец атрада «Нашчадкі», студэнтка гістарычнага факультэта

Зводны атрад факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій і дашкольнай адукацыі накіраваўся ў адзін з самых прыгожых куткоў Беларусі – Браслаўскі раён. Зорны паход пачаўся для нас на дзве гадзіны пазней запланаванага часу (па дарозе зламаўся аўтобус), аднак гэта не перашкодзіла нам у першы ж дзень выдатна выступіць і заваяваць сімпатыю гледачоў. Натхнёныя поспехам, мы з энтузіязмам сталі ажыццяўляць зорную праграму. А яна ўключала ў сябе і трэнінгі, і майстар-класы па выкарыстанні ў працэсе выхавання лялечнага тэатра Батлейка, і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Самы мілы ўспамін з гэтага паходу – канцэрт у Слабодцы. А знамянальны ён быў тым, што пасля выступлення нашых студэнтаў дзеці выстраіліся ў доўгую чаргу, каб атрымаць аўтографы!

Вось яна, сапраўды зорная слава!

Узрушыла і сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Гаўрыілам Аляксеевічам Быкавым. Мы з захапленнем слухалі аповед чалавека, які быў сведкам і ўдзельнікам тых далёкіх гістарычных падзей і нягледзячы ні на што не згубіў жыццёвага аптымізму.

Запомніліся нам і вучні Браслаўскай гімназіі, якія прапанавалі згуляць з імі ў новы від спорту – карфбол. Хоць мы не мелі ніякага ўяўлення, што гэта за гульня, матч завяршыўся сяброўскай нічыёй. І ўсё гэта – толькі маленькая частка падзей і эмоцый, якімі мы будзем жыць яшчэ не адзін месяц.

Дар’я Цыунель, студэнтка ФСПТ, Тамара Вашкевіч, студэнтка ФДА

Маршрут зводнага атрада «Дзеці Эйнштэйна», які аб’яднаў студэнтаў і выкладчыкаў фізічнага і матэматычнага факультэтаў, быў пракладзены па Гродзеншчыне. Разам з танкаўцамі па ім прайшлі і будучыя медыкі – студэнткі БДМУ. Вось так лёгка і проста склаўся наш дружны калектыў, які на працягу чатырох шчаслівых дзён гасцяваў у Ашмянскім раёне.

У перапынках паміж канцэртамі і спартыўнымі мерапрыемствамі мы, будучыя педагогі, атрымоўвалі бясцэнны вопыт зносін са школьнікамі розных узростаў. Вучні выпускных класаў абавязкова распытвалі нас пра студэнцкае жыццё, пра навучанне ў БДПУ. Мы з задавальненнем адказвалі на ўсе пытанні, дапамагалі выпускнікам зарыентавацца ў разнастайнасці спецыяльнасцей. Было вельмі прыемна пачуць, што пасля размовы дзеці выказвалі жаданне паступаць менавіта ў наш універсітэт. Візітоўкай атрада стала правядзенне трэнінгаў і майстар-класаў для школьнікаў. Найбольшай папулярнасцю карысталіся трэнінгі па вакале, гульні ў КВЗ, акцёрскім майстэрстве. Хочацца адзначыць, што мы самі многаму навучыліся ў дзяцей. Усе яны выключна таленавітыя, поўныя энтузіязму і энергіі. Школьнікі падрыхтавалі спецыяльна для нас творчыя нумары, за што ім вялікі дзякуй!

Нас прыемна здзівіла тое, што ўсе жыхары Ашмянаў вельмі ганарацца гісторыяй свайго роднага краю. Пацвярджэннем маіх слоў з’яўляецца наяўнасць абсалютна ў кожнай школе музея, калекцыі якога з энтузіязмам папаўняюцца настаўнікамі і вучнямі. Яны праводзяць сумесныя даследчыя праекты, якія займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах. Стаць экскурсаводам у школьным музеі для вучняў вялікі гонар! Многія з нас здалі экзамен па гісторыі ва ўніверсітэце на «выдатна», аднак падчас зорнага паходу мы атрымалі для сябе шмат новай інфармацыі, а значыць, выраслі ў прафесійным плане.

Цяжка перадаць тыя эмоцыі, якія мы зведалі ў вандроўцы. Зараз я разумею, чаму пабыўшы аднойчы ў зорным паходзе, студэнты і выкладчыкі назаўсёды застаюцца байцамі сваіх атрадаў. Маё студэнцкае жыццё не было б поўным без удзелу ў гэтым незвычайным праекце!

Юлія ЯКАВЕНКА, студэнтка фізічнага факультэта

Ліст наўздагон

Словы падзякі на імя рэктара БДПУ прафесара П. Д. Кухарчыка даслала дырэктар ДУА «Камароўская сярэдняя школа» Т. В. Урбановіч.

«Супрацоўніцтва магчымае толькі тады, калі людзі здольны ўзаемадапаўняць адзін аднаго, дзяліцца ўменнямі і жыццёвым вопытам. Менавіта такія стасункі склаліся ва ўдзельнікаў 47-га зорнага паходу. Гэта сапраўдная каманда, дзе кожны дэманструе свае лепшыя якасці і становіцца апорай для сябра.

Ад імя педагагічнага калектыву школы выказваю ўпэўненасць у тым, што вашы студэнты зрабілі правільны прафесійны выбар. Дзякуючы знаёмству з імі мы ўбачылі, што ў школу неўзабаве прыйдзе надзейная змена – адданыя педагагічнай справе маладыя настаўнікі. Мы верым, што для іх праца педагога – прызванне, якому яны будуць верныя на працягу многіх гадоў.

Асобна хочацца адзначыць прафесіяналізм выкладчыкаў БДПУ, іх педагагічную і жыццёвую мудрасць, тактоўнасць і кампетэнтнасць.

Дзякуй вам за шчырасць і адданасць ідэі. Будзем рады бачыць выпускнікоў БДПУ ў якасці педагогаў у нашым азёрным краі».


 

31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

НАС ВАБЯЦЬ ЗОРНЫЯ МАРШРУТЫ

На працягу вось ужо амаль паловы стагоддзя студэнты і выкладчыкі БДПУ распачынаюць зімовыя вакацыі праектам, які стаў візітоўкай нашай alma mater. Зорны паход – гэта не проста вандроўка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Гэта нагода яшчэ раз прызнацца ў любові Бацькаўшчыне, спасцігнуць таямніцы сваёй гісторыі, выказаць захапленне талентам і мужнасцю нашых славутых землякоў. Сёлетні, 47-ы па ліку зорны паход, акрамя таго, праходзіць пад знакам вельмі важнай для ўсіх нас падзеі – стагоддзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, чыё імя з гонарам носіць БДПУ. Старт зорнаму падарожжу ва ўрачыстай абстаноўцы быў дадзены 24 студзеня ля помніка студэнтам і выкладчыкам нашай ВНУ, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

10_500x375

З прывітальным словам да зорнікаў звярнуўся рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык, які падкрэсліў спецыфіку сёлетняга паходу: упершыню ў ім прымаюць удзел не толькі танкаўцы, але і студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Пётр Дзмітрыевіч нагадаў, што зводны атрад гістарычнага факультэта і факультэта беларускай і рускай філалогіі наведае малую радзіму Максіма Танка (Яўгена Скурко), школу, якая носіць яго імя, а таксама музей народнага паэта.

11_500x375

Цікавай і карыснай вандроўкі па зорных маршрутах студэнтам пажадаў міністр адукацыі прафесар С. А. Маскевіч. «Вельмі прыемна, што ўжо другі год запар я маю магчымасць сустрэцца з вамі на старце чарговага паходу, – заўважыў Сяргей Аляксандравіч. – Безумоўна, ён спрыяе ўмацаванню традыцый студэнцкага братэрства, дае магчымасць далучыцца да гісторыі ўніверсітэта і роднага краю. Нягледзячы на свой «сталы ўзрост», зорны паход застаецца маладым і сучасным дзякуючы вам, студэнты і выкладчыкі. У добры шлях!»

На старце 47-га зорнага паходу выступілі рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта А. В. Сікорскі і першы сакратар Мінскай гарадской арганізацыі ГА «БРСМ» Ю. В. Чэчукевіч, якія таксама выказалі зорнікам найлепшыя пажаданні. Дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ прафесар В. Д. Старычонак адзначыў, што сёлетні паход – выдатная магчымасць наноў адкрыць для сябе творчасць класіка беларускай літаратуры Максіма Танка, а таксама бліжэй пазнаёміць з ёй жыхароў розных куткоў нашай краіны. Дзеля гэтага зорнікі возьмуць з сабой у дарогу ўсё неабходнае: аўдыяфайлы з запісам голасу паэта і песнямі на яго словы, відэафільмы, сцэнарыі ўрокаў, прэзентацыі.

12_500x375

З году ў год мы перадаём сцяг нашага ўніверсітэта атраду, прызнанаму аргкамітэтам лепшым па гатоўнасці да зорнага паходу. Вызначальнымі крытэрыямі для выбару пераможцаў з’яўляюцца арганізаванасць калектыву, якасць творчых праграм, напоўненасць прафарыентацыйнай часткі. Па ўсіх гэтых пунктах найлепш падрыхтаваўся зводны атрад «Ёсць кантакт» факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання, удзельнікі якога паабяцалі годна пранесці сцяг БДПУ па Валожынскай зямлі, што прымае зорнікаў упершыню.

13_500x750

На вандроўнай карце сёлетняга паходу пазначаны населеныя пункты шасці раёнаў: Мядзельскага, Клецкага, Слуцкага, Валожынскага, Браслаўскага і Ашмянскага. На працягу чатырох дзён зорнікі будуць выступаць з канцэртамі ў школах і дамах культуры, праводзіць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, сустракацца з ветэранамі і мясцовымі жыхарамі… Адным словам, рабіць усё для таго, каб яшчэ больш праславіць беларускую зямлю і наш родны ўніверсітэт.

P.S. Як праходзіў 47-ы зорны паход, яго ўдзельнікі раскажуць на старонках чарговага нумара «Н».

Вераніка МАНДЗІК


 

31 мая 2011 года, № 8 (1092)

НАС АБ’ЯДНАЛІ ЗОРНЫЯ МАРШРУТЫ

Каб адчуць сябе сапраўднай зоркай, зусім не абавязкова пакараць эстрадныя пляцоўкі. Зорную славу можна здабыць таксама і добрымі справамі, якія застаюцца ў памяці людзей, як правіла, на больш доўгі час. Менавіта такія справы вось ужо на працягу сарака шасці гадоў робяць «зорнікі» БДПУ, вандруючы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. З сабой яны прыносяць пазітыўны настрой і душэўны запал, дораць іх дзецям, ветэранам і ўсім тым, хто не застаецца абыякавым да творчасці і дабрачыннасці.

14_500x375

Днямі ў актавай зале БДПУ адбыўся злёт удзельнікаў 46-га Зорнага паходу, які ў гэтым годзе прайшоў пад дэвізам «Беларусь – зорны край» і парадаваў сваімі справамі шэсць раёнаў Беларусі – Мядзельскі, Барысаўскі, Клецкі, Слуцкі, Капыльскі і Браслаўскі. Апошнія чатыры студэнтамі-«зорнікамі» былі наведаны ўпершыню.

15_500x667

Кожная добрая справа патрабуе ўзнагароды, таму па традыцыі былі адзначаны лепшыя байцы атрадаў. Імі сталі Васіль Данільчанкаў і Дзмітрый Засімовіч (зводны атрад «ТрыЛогія» факультэта псіхалогіі і факультэта беларускай і рускай філалогіі), Анастасія Булычава і Вольга Фесенка (зводны атрад «Дзеці Эйнштэйна» матэматычнага і фізічнага факультэтаў), Дзмітрый Цеслюкевіч і Вікторыя Кавальчук (зводны атрад «Нашчадкі» гістарычнага факультэта і факультэта прыродазнаўства), Яна Чэча і Аляксандр Бурак (зводны атрад «Ёсць кантакт» факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання), Ганна Шымановіч і Яўгеній Галавацкі (зводны атрад факультэтаў дашкольнай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій), Ксенія Некрашэвіч і Віталіна Бідзюк (зводны атрад факультэтаў спецыяльнай адукацыі і эстэтычнай адукацыі). Званне «Лепшы зорны атрад 2011 года» атрымаў зводны атрад факультэта дашкольнай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

16_500x375

Усе факультэты былі адзначаны спецыяльным падарункам ад рэктарата – сертыфікатам на экскурсійную паездку па Беларусі. Але гэта не ўсе прыемныя сюрпрызы. Творчыя калектывы Барысаўскага раёна аздобілі мерапрыемства сваімі выступленнямі. Увазе гледачоў была прадстаўлена багатая праграма з удзелам ансамбляў «Дубравушка», «Аніма», «Раўніца», «Медуніца», «Даруна» і інш.

Такім чынам, яшчэ адзін Зорны паход пакінуў пасля сябе добрую славу. Безумоўна, яна і надалей будзе падтрымліваць «зорную» традыцыю: кожны студзень выпраўляцца ў вандроўкі па розных мясцінах Беларусі дзеля высокай мэты – несці людзям пазітыў.

Наталія ПЯТРОЎСКАЯ


 

24 лютага 2011 года, №2 (1086)

БЕЛАРУСЬ — ЗОРНЫ КРАЙ

Сорак шосты зорны паход праходзіў сёлета пад дэвізам «Беларусь — зорны край». Яго ўдзельнікі, як і заўжды, ставілі перад сабой самыя высокія мэты: падтрыманне нацыянальных і культурных традыцый беларускага народа, фарміраванне прафесійных уменняў і навыкаў будучых настаўнікаў, правядзенне прафарыентацыйнай работы, аказанне шэфскай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама арганізацыя актыўнага адпачынку і ўмацаванне здароўя студэнтаў.

З прывітальным словам на ўрачыстым мітынгу да зорнікаў звярнуліся Мі-ністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч, рэктар БДПУ, прафесар П.Д. Кухарчык, а таксама акадэмік-сакратар Аддзела гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, прафесар А.А. Каваленя, намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Р.В. Дапіра, першы сакратар Мінскага гарадскога камі-тэта ГА «БРСМ» А.В. Хадыка і інш

17_500x333

Эксклюзіў ад капыльчан

Беларусь — зорная краіна… У гэтым яшчэ раз змаглі пераканацца студэнты атрада «Трылогія» (факультэт псіхалогіі, факультэт беларускай і рускай філалогіі), адкрыўшы для сябе новы маршрут, а менавіта добра вядомую па кнігах літаратурную Капыльшчыну.

Мы наведалі раённую гімназію, шмат школ, у адной з іх (Семежаўскай, якая ў 2008 годзе адзначыла 140 гадоў з дня заснавання) нам пашчасціла сустрэць удзельніка 5-га зорнага паходу, выпускніка нашай alma mater — былога дырэктара школы Уладзіміра Паўлавіча Выскварку. Для нас была таксама арганізавана экскурсія ў Дом-музей Героя Беларусі, акадэміка М.С. Высоцкага, у Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, у Копыльскі раённы краязнаўчы музей. У апошнім па нашай просьбе была арганізавана прэзентацыя эксклюзіўнага абраду «Калядныя цары», які ў мінулым годзе быў унесены ў лік сусветных гістарычных каштоўнасцей ЮНЭСКА.

Сапраўды, наша краіна — зорны край з багатай гісторыяй, звычаямі і традыцыямі. У Копыльскім раёне мы яшчэ раз адчулі, як людзі ганарацца сваёй гісторыяй, спасцігаюць яе і захоўваюць для нашчадкаў.

В. ІВАТОВІЧ-БАБІЧ, намеснік дэкана факультэта беларускай і рускай філалогіі

18_500x750

Галоўнае — клопат і ўвага

«Дзеці Эйнштэйна», зводны атрад матэматычнага і фізічнага факультэтаў нашага ўніверсітэта, сёлета прайшоў па Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Студэнты наведалі гімназію, каледж і 10 школ раёна, дзе пакінулі камп’ютарныя дыскі з навучальнымі праграмамі па фізіцы і матэматыцы, дыскі з фільмамі-прэзентацыямі пра БДПУ і яго факультэты, універсітэцкія перыядычныя выданні, буклеты фізічнага і матэматычнага факультэтаў, каляндарыкі і значкі з сімволікай факультэтаў.

Разам з адміністрацыяй, настаўнікамі і вучнямі Браслаўскай СШ студэнты ўдзельнічалі ў мітынгах і ўсклалі вянкі да воінскіх пахаванняў. У вёсцы Ахрэмаўцы зорнікі наведаліся ў госці да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Г.А. Быкава. Падчас сустрэчы Гаўрыіл Аляксеевіч расказаў пра свае першыя баявыя аперацыі (тады яму было толькі 24!), пра тое, як адраджаў беларускі край пасля вайны. У знак падзякі мы арганізавалі для ветэрана міні-канцэрт у яго доме. Гаўрыіл Аляксеевіч быў крануты нашай увагай і запрасіў увесь атрад у наступным годзе да сябе на юбілей.

У вёсцы Дрывяты адбылася яшчэ адна сустрэча з ветэранам вайны І.Я. Ткачуком. Іван Якаўлевіч распавёў пра свой удзел у ваенных дзеяннях на Першым Прыбалтыйскім фронце пра тое, як гінулі яго таварышы ў баях за вызваленне роднай беларускай зямлі.

Сёння Іван Якаўлевіч на пенсіі, аднак не адчувае цяжару пражытых гадоў, хоць сёлета яму споўнілася ўжо 85. На развітанне ветэран пажадаў, каб нам ніколі не давялося перажыць тое, што выпала на долю яго пакалення. Дзякуючы зорным сустрэчам мы зразумелі, наколькі патрэбная ветэранам нашая ўвага, як яны ганарацца тым, што новыя пакаленні захоўваюць традыцыі бацькоў і дзядоў.

Д. ІГНАТОВІЧ,
намеснік дэкана матэматычнага факультэта;
У. СТАНКЕВІЧ,
намеснік дэкана фізічнага факультэта

19_500x334

На радзіме Максіма Танка

Зводны атрад факультэтаў сацыяльна-педагагічных тэхналогій і дашкольнай адукацыі «46-я танкавая дывізія» адправіўся ў зорны паход па Мядзельскім раёне.

Удзельнікі паходу мелі гонар накіравацца на радзіму паэта, чыё імя носіць БДПУ. Ускладаючы вянок на магілу Максіма Танка, кожны студэнт адчуваў вялікае хваляванне, адказнасць і гонар за свой факультэт, універсітэт, краіну. На працягу ўсіх чатырох дзён удзельнікі зорнага паходу знаёміліся з гісторыяй мядзельскага краю. Раённы аддзел адукацыі і адміністрацыя школ арганізавалі для студэнтаў экскурсіі. Самымі цікавымі аказаліся паездкі па месцах баявой славы і ў нацыянальны парк «Нарачанскі».

І. ЧАПЛЯЕЎСКАЯ, намеснік дэкана ФСПТ

20_500x750

Эксперыментуем разам

Зводны атрад «Нашчадкі» гістарычнага факультэта і факультэта прыродазнаўства наведаў гасцінную Клецкую зямлю. Клеччына — радзіма многіх знакамітых людзей. Гэта і вядомы геолаг, член рускай палярнай экспедыцыі Канстанцін Валасовіч, і ўдзельнік сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе вясной 1945-га Аляксандр Сільвашка, і шмат іншых славутых вучоных, літаратараў, публіцыстаў.

Студэнты сустракаліся з вучнямі і настаўнікамі, расказвалі пра наш універсітэт, дэманстравалі адпаведныя прэзентацыі. Мы былі прыемна здзіўлены тым фактам, што за апошнія пяць гадоў з 64 выпускнікоў Сіняўскай агульнаадукацыйнай школы, якія паступілі ў педагагічныя ВНУ краіны, 40 з’яўляюцца студэнтамі БДПУ. Упэўнены, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца і ў далейшым!

Мы азнаёміліся з жыццём, традыцыямі і дасягненнямі навучэнцаў Клецкага агульнаадукацыйнага ліцэя, правялі сумесны творчы эксперымент і прэзентацыю нашага ўніверсітэта. Апошні канцэрт — гэта падвядзенне вынікаў, словы ўдзячнасці, спадзяванне на супрацоўніцтва і трошкі суму, які ўзнікае заўжды, калі заканчваецца нешта добрае і прыемнае. Да сустрэчы ў 47-м зорным паходзе!

У. КАДЗІРА, намеснік дэкана гістарычнага факультэта

«Слуцкія Афіны»

Упершыню Слуцкая зямля прымала зорнікаў. Цёплы прыём зводнаму атраду студэнтаў факультэтаў эстэтычнай і спецыяльнай адукацыі быў арганізаваны пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама.

Нам пашчасціла пагасцяваць у гімназіі № 1 г.Слуцка, якая была заснавана ў 1617 г. пры Янушы VI Радзівіле. Мы з асаблівым хваляваннем прайшліся па калідорах і класах навучальнай установы, якую сучаснікі называюць «Слуцкімі Афінамі», і нават закружыліся ў вальсе сярод калон старажытнай бальнай залы.

Случчына ўмее прымаць гасцей, прэзентаваць сябе, ганарыцца гісторыяй роднага краю: ва ўсіх школах ёсць або гісторыка-краязнаўчыя музеі, або музеі этнаграфіі і быту. Так, напрыклад, у Гацукоўскай СШ, акрамя этнаграфічнага музея «Беларуская хатка», ёсць яшчэ музей прыроды і зімовы сад, у якім сабраны больш за 260 відаў раслін, у тым ліку з Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі.

Кожны дзень зорнага паходу быў звязаны з гераічным мінулым Слуцкага раёна. Мы наведалі мемарыяльны комплекс у Слуцку, які ўзведзены ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, помнік воінам-афганцам. Студэнты разам з вучнямі і педагогамі Гольчыцкай школы правялі мітынг і ўсклалі вянкі ля абеліска ахвярам фашызму вёскі Пераходы, якая паўтарыла лёс Хатыні.

У апошні дзень паходу адбылася экскурсія ў музей баявой славы 29-й танкавай дывізіі. Удзельнікі паходу азнаёміліся з гераічным мінулым дывізіі, сустрэліся з прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі. З асаблівым хваляваннем зорнікі наведвалі музей Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава.

Развітанне было цёплым, з песнямі і пажаданнямі, каб у наступным годзе мы сустрэліся зноў.

Н. ПУШКІНА, намеснік дэкана факультэта эстэтычнай адукацыі; Л. СЯЧКОЎСКАЯ, намеснік дэкана факультэта спецыяльнай адукацыі

Зямля талентаў

У склад зводнага атрада «Ёсць кантакт!» увайшлі прадстаўнікі факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання. Наш маршрут пралягаў праз Барысаў і Барысаўскі раён.

Трэба адзначыць, што ўсюды нас чакаў цёплы прыём: на вакзале зорнікаў сустракала і суправаджала ўсе наступныя дні прадстаўнік аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама, а мясцовыя журналісты запісалі інтэрв’ю для радыёпраграмы «Навіны Барысаўшчыны». Студэнтам былі арганізаваны цікавыя экскурсіі, сустрэчы з самабытнымі калектывамі і асобамі барысаўскай зямлі, напрыклад, з Заслужаным настаўнікам Беларусі, удзельнікам «Злёту педагагічных дынастый-2010» Д.А. Касценічам і многае іншае.

Сорак шосты паход пацвердзіў, што Беларусь — сапраўды «зорны край», дзе шмат таленавітых, яркіх людзей і калектываў, у тым ліку і педагагічных.

А. ЖУРАЎСКАЯ, начальнік УВРзМ


 18 лютага 2010 года, №2 (1069)

ЗОРНЫЯ ВАКАЦЫІ

Зорны паход» — гэта не проста традыцыя БДПУ імя Максіма Танка. Гэта мноства палымяных сэрцаў, натхнёных подзвігам беларускага народа. Гэта пачуццё ўласнага дачынення да гісторыі, якое ўжо ў 45-ы раз паклікала «зорнікаў» у дарогу па мясцінах баявой славы беларусаў. Кожны «Зорны паход» — незабыўная, непаўторная старонка жыцця любога студэнта. Што ж, слова — яго ўдзельнікам!

Ёсць кантакт!

Ужо другі год запар факультэты пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання накіроўваліся ў «Зорны паход» зводным атрадам «Ёсць кантакт!». Мне запомніўся візіт у гімназію №1 горада Мядзеля, якая носіць імя славутага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі. Тут мы наведалі музей, у якім сабраны звесткі не толькі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, але і пра гісторыю горада. Матэрыялы адной з залаў звязаны з выпускнікамі гімназіі, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі і прафесары, акцёры тэатра і кіно. Працягам гэтай сустрэчы стала літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная творчасці Максіма Танка. Пасля, вядома ж, быў і наш канцэрт, на якім мяне перапаўняў гонар за родны БДПУ, упэўненасць, што выступленне студэнтаў не пакіне гледачоў абыякавымі. А гэта значыць — ёсць кантакт! І будзе ён, пакуль жыве ў нашай alma mater дзіўная, незвычайная і такая неабходная для многіх студэнтаў традыцыя — «Зорны паход».

Таццяна ПРЫШЧЭПАВА, факультэт пачатковай адукацыі

«Зорны паход» па-галівудску

Нашаму зводнаму атраду факультэтаў эстэтычнай і спецыяльнай адукацыі пашанцавала адправіцца ў падарожжа па маляўнічых кутках гасціннага Пухавіцкага раёна. Пасля чарговай экскурсіі мы прыехалі ў Праўдзінскую сярэднюю школу даваць свой апошні канцэрт. Калі аўтобус пад’ехаў да школы і я ўбачыла вялізную колькасць дзяцей з паветранымі шарамі, усю маю стомленасць як рукой зняло. Аказалася, што вучні падрыхтавалі для нас клятву ўдзельніка «Зорнага паходу», якую мы з радасцю прынялі. А калі мы зайшлі ў школу, то ўбачылі, што дзеці выстраіліся ў дзве шэрэнгі, утварыўшы калідор — менавіта так праходзяць па чырвонай дарожцы зоркі Галівуда. Нас чакала яшчэ мноства сюрпрызаў, у тым ліку выступленне школьнікаў, пасля якога быў арганізаваны круглы стол. «Зорны паход» — гэта фантастычна!!!

Віталіна БІДЗЮК,факультэт эстэтычнай адукацыі

Пачатак жыцця

Ветэраны.. З кожным годам іх становіцца ўсё меней, і таму кожны ўспамін, кожнае слова набываюць асаблівую каштоўнасць.

Пра сваё жыццё нашы суразмоўцы расказвалі ахвотна, але было відаць, што ваенныя раны не зажылі, яны адгукаюцца болем у сэрцы. Больш за ўсё запомнілася сустрэча з Канстанцінам Фёдаравічам Барысаўцом. Першае, што кідаецца ў вочы, калі завітаеш да яго, — мноства прыгожых карцін на сценах. Канстанцін Фёдаравіч прызнаўся, што заўсёды захапляўся пейзажамі, а яго любімы мастак — Шышкін. Але развіваць здольнасці ў маладосці не дазволіла вайна. Ды і пасля яе трэба было думаць пра тое, як пракарміць сям’ю. Таму Канстанцін Фёдаравіч усё пасляваеннае жыццё прысвяціў працы ў сферы адукацыі. Апошнія гады ён выкладаў ва універсітэце на пасадзе прафесара кафедры эканамічных навук. На пенсію выйшаў у 70 гадоў, тады ж і пачаў займацца любімай справай. Зараз мастаку 89 гадоў, у яго праходзяць персанальныя выставы ў Жодзіна. К.Ф. Барысавец упэўнены, што ў семдзесят яго жыццё толькі пачалося, а значыць, юбілеяў яшчэ будзе многа. Я ўдзячная «Зорнаму паходу» за сустрэчы з сапраўды цікавымі людзьмі, якія ведаюць смак жыцця і ўмеюць цаніць кожную яго хвіліну.

Ганна БАГУМІНСКАЯ,факультэт беларускай філалогіі і культуры

Атрад Эйнштэйнаў

Зорны паход — гэта такая падзея ў жыццi студэнта, у якой уражвае не тое што кожны дзень, але кожнае новае iмгненне. Дзесяць канцэртаў за чатыры днi — такой папулярнасцi могуць пазайздросцiць многія зоркі эстрады. Цяжка перадаць словамі, якi неверагодны энергетычны зарад атрымліваеш ад выступленняў, асабліва ведаючы, што яны знаёмяць людзей з нашым родным унiверсiтэтам! У гэтым годзе мы ўпершыню ездзiлi ў паход зборнай камандай фiзiчнага i матэматычнага факультэтаў «Дзеці Эйнштэйна». Калі шчыра, спачатку многiя аднеслiся да iдэi аб’яднання скептычна. Але, нягледзячы на сумненнi i насуперак лютым маразам, за гэтыя некалькi дзён мы настолькi параднiлiся, што асобных атрадаў ужо не ўяўляем. Прыемным сюрпрызам стаў апошнi канцэрт, калi падтрымаць нас прыехалi дэканы факультэтаў і адказны сакратар прыёмнай камiсii С.І.Васiлец. У многіх школах нас як будучых маладых спецыялістаў запрашалі на працу. Нават адразу прапаноўвалi жыллё ў новых катэджах!

Студэнтам, якiя не прымалi ўдзелу ў паходзе, не зразумець, наколькi гэтае мерапрыемства збліжае, аб’ядноўвае, выхоўвае любоў да Радзiмы i нашых суайчыннікаў. З нецярлівасцю чакаю наступнай зiмы, каб зноўку адправіцца ў «Зорны»!

Вольга МАЗУРА, фiзiчны факультэт

Цуда з пацерак

Зорны паход — гэта чатыры незабыўныя дні, незаменны вопыт зносін з людзьмі рознага ўзросту, культурна-гістарычная асвета. Самым яскравым момантам 45-га «Зорнага паходу» для ўсяго нашага атрада стала наведванне Дома дзіцячай творчасці ў вёсцы Ігрушка. Сапраўдныя творы мастацтва, зробленыя з пацерак, дрэва, пластыліну і паперы, прывялі нас у захапленне. Мы нават папрысутнічалі на занятках па пляценні, дзе на свае вочы змаглі пабачыць, як ствараецца хараство. Асобную падзяку мне хацялася б выказаць усім выкладчыкам гэтага «Палаца талентаў» за тое, што яны прывіваюць новаму пакаленню пачуццё прыгожага. Мы яшчэ раз упэўніўніліся ў тым, што здольнасці чалавека бязмежныя, і гэта падштурхнула нас да новых творчых ідэй. Ведаеце, зусім не сорамна вучыцца ў малодшых!

Аксана УЖВІН, факультэт прыродазнаўства

Пакуль гісторыя жыве

«Зорны паход» — з’ява ўнікальная не толькі для БДПУ, але і для ўсёй нашай краіны. Мне здаецца, ніводнае іншае мерапрыемства не дае студэнтам столькі магчымасцяў уславіць родны універсітэт, наведаць цікавыя мясціны нашай Бацькаўшчыны, выявіць свае таленты, пасябраваць з новымі людзьмі, а яшчэ адчуць подых гісторыі, слухаючы скупыя аповеды ветэранаў і вязняў страшнай вайны 1941—1945 гг.

Я вельмі ўдзячны адміністрацыі Стаўбцоўскага раёна за цёплую і сардэчную сустрэчу, за магчымасць пабачыцца з ветэранамі і ад усёй душы падзякаваць ім за ўсё, што яны, рызыкуючы сваімі жыццямі, зрабілі для нас.

Дзмітрый КАЧЭРГА, факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій