Гісторыя ў асобах

21 верасня 2017 года № 10 (1198)

НАЙЛЕПШЫ АДПАЧЫНАК — ПАДАРОЖЖЫ I КНIГI

Гісторыя ўніверсітэта, яго прэстыж у краіне і на міжнароднай арэне, урэшце, яго адметны, непаўторны воблік – усё гэта плён і здабытак працы многіх і многіх людзей. БДПУ – гэта мы з вамі, зладжаная каманда, сапраўдная сям’я, дзе няма нязначных людзей і маленькіх пасад. Кожны робіць сваю справу шчыра і аддана, таму мы адчуваем сябе ўтульна ў нашым агульным доме. «Н» вырашыў распачаць на сваіх старонках новую рубрыку, у якой чытачы пазнаёмяцца з цікавымі ва ўсіх адносінах людзьмі, што сумленна на працягу шматлікіх гадоў аддаюць нашаму ўніверсітэту не толькі ўласны вопыт, уменні і навыкі, але і ўкладваюць у яго частачку душы. Герой сённяшняй публікацыі – дэкан філалагічнага факультэта В. Д. СТАРЫЧОНАК.

Старычонак 3

Вядомы даследчык мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар больш чым 300 навуковых прац. Імя гэтага славутага філолага знаёмае не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Студэнты ж БДПУ ведаюць Васіля Дзянісавіча перш за ўсё як харызматычнага і дасведчанага выкладчыка, здольнага захапіць хараством жывога слова, паказаць яго магутнае ўздзеянне і неабмежаваныя магчымасці.

Нарадзіўся будучы прафесар 24 лютага 1954 г. Жыццёвы шлях Васіля Дзянісавіча пачаўся ў маленькай вёсачцы Луцішча, што на Крупшчыне. Ужо там ён праявіў сябе не толькі як здольны вучань, але і як таленавіты журналіст – стаў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Ленінскім курсам».

У 1971 г. Васіль Дзянісавіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Свой выбар абгрунтаваў тым, што з добрага філолага заўсёды атрымаецца выдатны журналіст, а вось журналіст не заўжды можа стаць лінгвістам.

«Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім», – так казалі і кажуць пра Васіля Дзянісавіча, які ўжо ў студэнцкія гады не толькі актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, але і ўдзельнічаў у маладзёжным руху. На пятым курсе будучы мовазнаўца не атрымаў… дыплома аб вышэйшай адукацыі! Васіль Дзянісавіч проста не змог своечасова прыехаць з Малдовы, дзе знаходзіўся ў складзе будаўнічага атрада. Аднак днём пазней усё ж здолеў забраць дакумент.

У 1976 г. В. Д. Старычонак скончыў філалагічны факультэт БДУ. Лёс яго вырашыў адзін тэлефонны званок з Нацыянальнай акадэміі навук. Зайшоўшы ў дэканат, ён пачуў такія словы: «Тэрмінова патрэбен супрацоўнік у сектар дыялекталогіі!» Ужо праз дзень ён быў залічаны малодшым навуковым супрацоўнікам, і з таго часу пачалася праца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у сектары дыялекталогіі.

Далей – аспірантура. Але і тут не абышлося без цікавага выпадку: Васіля Дзянісавіча выключылі. Усё з-за таго, што ён раней прызначанага часу абараніў кандыдацкую дысертацыю, а таму зноў апынуўся на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. Бо які ж ён аспірант, калі абараніў кандыдацкую?

З 1982 г. В. Д. Старычонак звязаў сваё жыццё з МДПІ імя А. М. Горкага. У 2001 г. стаў дэканам факультэта беларускай і рускай філалогіі, які ў канцы 2015 г. быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт.

Старычонак 2

У верасні мінулага года стартаваў праект «UniverCity»: экскурсіі для замежных студэнтаў БДПУ. Спецыяльна для першакурснікаў з Туркменістана была арганізавана аглядная аўтобусная экскурсія па г. Мінску, знаёмства з якім правёў дэкан філалагічнага факультэта. Аказваецца, больш за дзесяць гадоў ён сумяшчаў навуковую і выкладчыцкую дзейнасць з працай экскурсавода, таму актыўна падтрымаў студэнцкі праект і ўключыўся ў яго работу. Праведзеная ім экскурсія адначасова стала майстар-класам для каманды «UniverCity».

За асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці Васіль Дзянісавіч быў узнагароджаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, якія яму ўручаў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён атрымаў грант Кіраўніка дзяржавы ў галіне навукі на 2017 г. Несумненна, гэта паказчык тытанічнай працы многіх гадоў.

Хочацца сказаць, што і сёння Васіль Дзянісавіч уражвае сваёй працаздольнасцю. Ён поўны новых планаў, ідэй і задум. У жніўні гэтага года ў кітайскім выдавецтве выйшла яго кніга «Современный русский язык», перакладзеная на кітайскую мову выкладчыкам Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта (г. Ланьчжоў) Ван Хайянь. А літаральна днямі пабачыў свет трохтомнік вучонага «Мнагазначнасць слова ў беларускай мове».

Вядома, што ў сапраўднага доктара філалагічных навук працоўны дзень не абмежаваны часавымі рамкамі і сценамі ўніверсітэта. Бясспрэчна і тое, што самы выключны інтэлект перыядычна мае патрэбу ў адпачынку. Якім жа чынам адпачывае Васіль Дзянісавіч? «Я вельмі люблю падарожнічаць! – кажа ён. – Якія толькі краіны не наведваў!» І кожная паездка – гэта доўгачаканы адпачынак. Каб ён стаў паўнавартасным, Васілю Старычонку дастаткова ўсяго дзесяці дзён. За гэты час у яго, вядома ж, з’яўляецца шмат новых ідэй і планаў, з якімі ён і вяртаецца ў Беларусь.

Калі ты займаеш пасаду дэкана, то амаль не застаецца часу нават на працу ў бібліятэцы, а яна прыносіць Васілю Дзянісавічу такую ж бязмежную асалоду, як і падарожжы: ніхто не прымушае кудысьці ісці, нікуды не трэба спяшацца – толькі цішыня, перагортванне старонак і думкі, думкі… Вядома ж, потым усё роўна трэба некуды ехаць, штосьці пісаць, але без гэтага Васіль Дзянісавіч ужо не ўяўляе сваё жыццё.

Думаю, многім з нас варта прыслухацца да слоў прафесара Старычонка: «Я вучыўся так, як я мог, рабіў тое, на што быў здатны. Але будзе няпраўдай, калі скажу, што адразу ставіў сабе мэту стаць навукоўцам. Проста я не ўпусціў свой шанц і змог рэалізавацца ў навуцы. А дакладней: змог знайсці сваё месца ў гэтым жыцці.

Шаноўныя студэнты, нехта выдатна вучыцца, але не мае здольнасці да даследчай дзейнасці – і наадварот. Гэта нармальна – разумець, што не ўсё і не адразу ў вас атрымліваецца. Памятайце, што ўсё яшчэ наперадзе. Не губляйце веры ў свае магчымасці, імкніцеся і імчыцеся – я ўпэўнены, у вашу цудоўную будучыню!»

Алеся ВІНАВАРАВА


21 мая 2015 года, № 7 (1162)

ДОЎГІЯ ВЁРСТЫ ВАЙНЫ

Беларусь заўсёды будзе ганарыцца і памятаць тых, хто мужна і смела ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, атрымаў самыя высокія ўрадавыя ўзнагароды. Адным з іх з’яўляецца Герой Савецкага Саюза В.І. Тарлоўскі, выпускнік факультэта мовы і літаратуры МДПІ імя А. М. Горкага.

3_1

Нарадзіўся будучы герой 14 жніўня 1902 г. у в. Ачыжа Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1940 г. скончыў педагагічны інстытут і пачаў працаваць настаўнікам у в. Горкі Чэрвеньскага раёна. Мірнае жыццё ў адно імгненне было перакрэслена вайной…

В. І. Тарлоўскага прызываюць у Чырвоную Армію і накіроўваюць у Тамбоўскую школу малодшых камандзіраў, якую ён скончыў у студзені 1942 г. Сваё першае баявое хрышчэнне малады лейтэнант атрымаў у цяжкіх баях пад Харкавам, дзе праявіў сябе мужным і ўмелым камандзірам. А затым пачаліся доўгія вёрсты вайны: палаючы, амаль ушчэнт разбіты, але так і не захоплены немцамі Сталінград, потым пераможная Курская бітва, якая паклала пачатак карэннаму пералому ў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах, і нарэшце ў 1944 г. – родная беларуская зямля, за вызваленне якой ён атрымаў вышэйшую ўзнагароду – званне Героя Савецкага Саюза.

22 чэрвеня 1944 г. рота В. І. Тарлоўскага атрымала загад умацавацца на ўчастку дарогі Віцебск–Полацк і адрэзаць праціўніку шлях да адступлення. Заданне кіраўніцтва было выканана бліскуча. Рота пад камандаваннем гвардыі старшага лейтэнанта В. І. Тарлоўскага авалодала стратэгічным участкам шашы, захапіўшы ў палон каля паўсотні варожых салдат і двух афіцэраў. Праз два дні ў адным з баёў камандзір быў цяжка паранены і накіраваны на лячэнне ў тылавы шпіталь у г. Іванава. Тут ён атрымаў радасную навіну, якая надала байцу сілы – загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 22 чэрвеня 1944 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Да студзеня 1945 г. В. І. Тарлоўскі лячыўся ў шпіталі, дзе медкамісіяй быў прызнаны не здольным да страявой службы. Паколькі ўсе родныя героя загінулі ў час вайны, то ён застаўся жыць у г. Іванава. З 1956 г. і да выхаду на пенсію працаваў па той спецыяльнасці, якую набыў у Мінску перад вайной настаўнікам-філолагам.

* * *

Загадчыка кафедры марксізмуле-нінізму Р. А. Пазняка прызвалі ў Чырвоную Армію з першых дзён вайны. І з самага пачатку ліхалецця ён паспытаў горыч паражэнняў, жорсткасць баёў і адчай адступлення. У кастрычніку 1941 г. Р. А. Пазняк удзельнічаў у вывадзе з акружэння двух палкоў, якія ўліліся ў склад 132-й дывізіі. Папоўненая новымі байцамі дывізія змагалася з немцамі пад Масквой, дзе вораг упершыню атрымаў паражэнне.

У 1943 г. Р. А. Пазняк быў пераведзены ў палітупраўленне Бранскага фронту, пераўтворанага пазней у 4-ы Прыбалтыйскі. Навыкі выкладчыка, атрыманыя падчас працы ў педагагічным інстытуце, былі заўважаны камандаваннем. У 1944 г. Р. А. Пазняка накіроўваюць на працу выкладчыкам Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ, якая адыгрывала важную ролю ў падрыхтоўцы агульнавайсковых камандных кадраў. Ваенную службу скончыў узванні палкоўніка ў 1956 г.

Анатоль ВЯЛІКІ, загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў


30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)

МУЖНЫ БАЕЦ ДЗЯРЖЫНСКАГА ПАДПОЛЛЯ

Яшчэ адзін барацьбіт падполля, які выйшаў са сцен нашага ўніверсітэта, – Павел Хмялеўскі. Ён нарадзіўся ў 1914 г. у в. Путчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Перад вайной паспеў скончыць тры курсы факультэта мовы і літаратуры Мінскага педінстытута імя А.М. Горкага. З самага пачатку ліхалецця камсамолец П. Хмялеўскі дакладна ведаў, што будзе рабіць.

Ужо ў жніўні 1941 г. ён становіцца членам Дзяржынскага антыфашысцкага падпольнага камітэта «Смерць фашызму» і разам са сваімі таварышамі актыўна ўключаецца ў барацьбу нябачнага фронту. З восені 1941 г. камітэт наладжвае сувязі з мінскім падполлем і каардынуе з ім сваю дзейнасць. Пра мужнасць і актыўнасць Паўла сведчыць яго баявая характарыстыка, у якой адзначаецца: «арганізаваў у раёне (Дзяржынскім – А.В.) 6 антыфашысцкіх падпольных груп. У яго доме знаходзіўся штаб падпольнага камітэта, дзе пастаянна праходзілі нарады сувязных камітэта і партызанскіх атрадаў. Падробкай дакументаў і іншымі шляхамі выратаваў ад вывазу ў Нямеччыну 200 мясцовых жыхароў».

Актыўная падпольная дзейнасць Паўла не засталася па-за ўвагай фашыстаў. 8 кастрычніка 1942 г. ён быў арыштаваны мінскім СД і кінуты ў турму. Здавалася б, шанцаў на выратаванне не было: за кратамі юнак у дадатак захварэў на сыпны тыф. Аднак баявыя таварышы яго не пакінулі. У лістападзе з дапамогай мінскіх падпольшчыкаў Павел здзяйсняе ўдалыя ўцёкі з турмы і перапраўляецца ў партызанскі атрад імя Сталіна, які дзейнічаў у Стаўбцоўскім, Дзяржынскім і Івянецкім раёнах Мінскай і Баранавіцкай абласцей. Адвага, мужнасць Паўла Хмялеўскага былі заўважаны камандаваннем брыгады, і ў сакавіку 1943 г. яго прызначаюць камісарам партызанскага атрада «Бальшавік». У складзе гэтага атрада ён і сустрэў Перамогу.

За мужнасць і гераізм Павел Хмялеўскі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, шматлікімі медалямі.


30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)

РАЗВЕДЧЫЦА ЛЮСЯ, ЯКОЙ ГАНАРУСЯ

Старонкі гісторыі БДПУ перыяду Вялікай Айчыннай вайны – самыя трагічныя і ў той жа час самыя гераічныя. Сёння, напярэдадні свята Вялікай Перамогі, мы з гонарам і ўдзячнасцю ўзгадваем былых выкладчыкаў і студэнтаў, якія мужна змагаліся з нямецкімі акупантамі, тым самым набліжаючы запаветны дзень. Сярод іх – мінчанка Вольга Кухто.

3_1

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Вольга скончыла чатыры курсы факультэта мовы і літаратуры педінстытута імя А.М. Горкага. Яна з бацькамі не паспела эвакуіравацца, таму засталася ў акупаваным Мінску. Лёс дзяўчыны кардынальна змяніўся ранняй вясной 1942 г. У апошні дзень сакавіка пад Мінскам дэсантавалася група галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба наркамата абароны СССР пад камандаваннем Сяргея Вішнеўскага (Смелы), а 18 красавіка – яшчэ адна група, якую ўзначальваў радыст Леанід Барсукоўскі (Верас, Лёшка). У горадзе гэтыя дзве групы, якія налічвалі 8 чалавек, у тым ліку і В. Кухто, аб’ядналіся пад агульным кіраўніцтвам С. Вішнеўскага. Перад змагарамі ставілася задача збору разведвальнай інфармацыі пра дыслакацыю і перамяшчэнне нямецкіх войскаў са сталіцы, а таксама наладжвання сувязі з мінскімі падпольшчыкамі. Лёшка праз сваіх знаёмых ужо ў красавіку 1942 г. «далучыў да супрацоўніцтва савецкіх патрыётаў Станіслава Берасневіча і студэнтку педінстытута імя Горкага Вольгу Кухто». Паколькі ва ўсіх азведчыкаў былі мянушкі, то Вольга стала Люсяй. У далейшым яна супрацоўнічала з Л. Барсукоўскім, калі ён выходзіў на сувязь з Масквой. Яе задача заключалася ў падборы тайнікоў для радыёстанцыі, пераносцы з адной канспіратыўнай кватэры на другую, з аднаго раёна горада ў другі, вядзенні назірання падчас сеансаў сувязі.

3_3

Напрыканцы красавіка група С. Вішнеўскага ўстанавіла кантакт з мінскімі падпольшчыкамі, а напачатку мая 1942 г. разведчыкі ўпершыню выйшлі на сувязь з Цэнтрам. З гэтага часу пачынаецца пастаянная перадача разведдадзеных, якія збіралі для Смелага мінскія падпольшчыкі, аб становішчы акупаванага Мінска, дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх воінскіх частак, праходжанні праз горад эшалонаў, дзейнасці сталічнага падполля, партызан і г. д. Актыўна займалася зборам інфармацыі, распаўсюджваннем лістовак, прыцягненнем да падпольнай работы надзейных людзей і В. Кухто.

3_2

У кастрычніку 1942 г. нямецкая контрразведка запеленгавала работу радыёстанцыі групы С. Вішнеўскага. Аднак тады дзякуючы прынятым мерам канспірацыі падпольшчыкам удалося пазбегнуць арышту. Праўда, вы-ходзіць на сувязь з Цэнтрам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. У сярэдзіне снежня 1942 г. над групай разведчыкаў навісла пагроза дэканспірацыі і арышту. Смелы прыняў рашэнне выйсці з Мінска і далучыцца да партызанскага атрада «Штурм» Мінскай вобласці. У пачатку студзеня 1943 г. уся група С. Вішнеўскага, у тым ліку і В. Кухто, трагічна загінула.

Пасля вайны ў Заслаўі ім быў пастаўлены сціплы помнік, дзе ёсць прозвішча і Вольгі Кухто, якая аддала жыццё ў змаганні з ворагам. Вечная памяць героям!


16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)

ПРАЗ ВОГНЕННЫЯ ГАДЫ ВЯЛIКАЙ АЙЧЫННАЙ

Адным з тых, хто мужна змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, быў доктар гістарычных навук, прафесар, былы загадчык кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, вядомы даследчык гісторыі Заходняй Беларусі, таленавіты педагог, мудры дарадчык студэнцкай моладзі і аспірантаў – Аляксандр Мікалаевіч Мацко.

3_3

Як толькі захопнікі акупавалі Беларусь, камсамольцы вёскі Пагарэлка Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці, сярод якіх быў і Аляксандр, разгарнулі актыўную работу сярод мясцовага насельніцтва. Маладыя падпольшчыкі збіралі і хавалі ў надзейных месцах зброю, боепрыпасы, якія знаходзілі на месцах баёў, распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. Вясной 1942 г., калі пашырыўся партызанскі рух, наладзілі сувязь з першымі партызанскімі групамі, перадавалі ім разведвальную інфармацыю, зброю, медыкаменты і харчаванне. Сваім камандзірам камсамольцы Пагарэлкі выбралі брата Аляксандра Мікалаевіча – Івана Мацко. Падпольныя групы былі створаны таксама ў іншых занёманскіх вёсках.

Дзейнасцю маладых падпольшчыкаў зацікавіліся германскія спецслужбы. Усё больш неспакойна станавілася ў вёсцы. Жандары і паліцыя настойліва шукалі партызан і тых, хто ім дапамагаў. Заставацца ў вёсцы стала небяспечна.

У канцы чэрвеня 1942 г. камсамольцы-змагары вёсак Пагарэлка і Сіняўская Слабада ўступілі ў партызанскі атрад імя В. Чапаева, які дзейнічаў у Мірскім раёне. Праз месяц па заданні камандавання група была накіравана ў родныя мясціны для стварэння партызанскага атрада з мясцовага насельніцтва. Да канца 1942 г. група перарасла ў партызанскі атрад «Камсамольскі», у якім налічвалася больш за 150 байцоў. Насельніцтва так і гаварыла пра маладых патрыётаў: «У нас былі камсамольцы», «Мост узарвалі камсамольцы», «Гарнізон спалілі камсамольцы».

Два гады Аляксандр Мікалаевіч змагаўся з нямецкімі акупантамі радавым партызанам. За праяўленую рашучасць, смеласць і кемлівасць у баявых аперацыях яго назначылі камандзірам аддзялення. Усе члены сям’і Мацко актыўна дапамагалі партызанам. У 1943 г. немцы схапілі і расстралялі старэйшага брата Міхала і яго жонку. Другі брат — Іван — быў прызначаны камандзірам роты, а затым памочнікам па камсамоле камісара брыгады «Камсамольская».

У 1943 г., калі значна актывізавалася падпольная і партызанская барацьба ў заходніх абласцях Беларусі, падрыўнікі 1-га камсамольскага атрада «Камсамолец» за кароткі час пусцілі пад адхон на ўчастку Баранавічы–Мінск 17 варожых эшалонаў, знішчылі сотні германскіх салдат і афіцэраў, дзясяткі танкаў, аўтамашын, цыстэрнаў з палівам. Партызаны нанеслі ўдар па чыгуначным участку Наваселле–Вільня. Народныя мсціўцы разбілі ахову, падарвалі звыш сотні рэек, сапсавалі каля кіламетра тэлефонна-тэлеграфнай сувязі.

У перыяд вызвалення заходніх абласцей Беларусі партызаны брыгады, у якой змагаўся А. М. Мацко, удзельнічалі ў трэцім этапе «рэйкавай вайны». Яны замініравалі і ўзарвалі ўчастак чыгункі паміж станцыямі Стоўбцы і Негарэлае. Да падыходу савецкіх войскаў партызаны пастаянна нападалі на германскіх салдат і афіцэраў, амаль тыдзень утрымлівалі сваімі сіламі пераправу праз раку Нёман каля вёскі Сіняўская Слабада.

За актыўны ўдзел у камсамольскім падполлі і партызанскай барацьбе Аляксандр Мікалаевіч Мацко быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені, «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За баявыя заслугі».


16 красавіка 2015 года, № 5 (1160)

ВЕРНЫ СЫН ГЕРАІЧНАГА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

Многія выкладчыкі і выпускнікі нашага ўніверсітэта з удзячнасцю і цеплынёй успамінаюць Аляксандра Цімафеевіча Караткевіча – спакойнага і разважлівага чалавека, выдатнага педагога, нязменнага на працягу многіх гадоў рэктара БДПУ, якому нядаўна споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі варта ўзгадаць баявы шлях партызана Аляксандра Караткевіча, які набліжаў яе сваёй мужнасцю, гераізмам. Дарэчы, ён ніколі не распавядаў пра тое, як ваяваў. Аднак яго баявыя таварышы справядліва адзначалі: «Караткевіч не кланяўся кулям». Узнагароды і дакументы ваенных часоў яскрава пацвярджаюць гэтыя словы.

3_1

Літаральна з першых дзён акупацыі Аляксандр разам з іншымі камсамольцамі актыўна ўключыўся ў падпольную барацьбу: збіраў зброю, распаўсюджваў звесткі Савецкага Інфармбюро. Восенню 1942 г. заставацца ў сваёй роднай вёсцы з-за актыўнай антыфашысцкай дзейнасці стала небяспечна, і хлопец прымае рашэнне пайсці да партызан. На той момант ён быў кіраўніком групы мсціўцаў, якая 15 верасня са зброяй далучылася да атрада «За Савецкую Беларусь». З гэтага часу пачынаецца яго актыўная партызанская дзейнасць

Ініцыятыва, адвага, мужнасць радавога Караткевіча адразу ж былі заўважаны кіраўніцтвам атрада. У кастрычніку 21-гадовага хлопца прызначаюць камандзірам аддзялення, напачатку студзеня 1943 г. – камандзірам узвода, а ў красавіку гэтага ж года, улічваючы здольнасці да агітацыйна-прапагандысцкай работы, – палітруком роты атрада «Ураган» партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». Напачатку жніўня Аляксандр Цімафеевіч узяў новую камандную вышыню: становіцца памочнікам камісара па камсамоле партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». На гэтай пасадзе ён ваяваў да поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Баявыя таварышы А. Ц. Караткевіча сведчаць, што памочнік камісара брыгады па камсамоле ніколі не хаваўся за спіны таварышаў, не адседжваўся ў штабах, а ў баях быў у першых шэрагах. У яго характарыстыцы адзначалася: «Да жніўня 1943 г. т. Караткевіч вырас ад радавога байца да палітычнага кіраўніка роты. Асабіста т. Караткевічам ажыццёўлены шэраг баявых аперацый. Толькі за вясенні перыяд 1943 г. камандуючы дыверсійнай групы партызанскага атрада «Ураган» т. Караткевіч падарваў 4 варожыя эшалоны на чыгунцы Мінск–Масква, прычым адзін з іх быў з жывой сілай праціўніка.

3.8.1943 г. камандаваў ротай у адкрытым баі з праціўнікам у раёне вёскі Вадапой, дзе было забіта і паранена звыш 30 гітлераўцаў.

3_2

4.8.1943 г., выконваючы ўрадавае заданне, вёў роту на штурм чыгункі, дзе замацаваўся вораг.

Са жніўня 1943 г. т. Караткевіч – намеснік камісара брыгады па камсамоле. Выхоўваючы камсамольцаў брыгады ў духу непрымірымасці да фашысцкіх захопнікаў, арганізаваў і паставіў іх у першыя шэрагі змагароў за Радзіму. Атрад больш за чатыры месяцы трымае ў сваіх руках пераходзячы сцяг брыгады. А. Ц. Караткевіч павёў за сабой камсамол і прымаў асабісты ўдзел у баях: 28.6.1944 г. пры разгроме гарнізона «Загор’е», 20.6.1944 г. пры выкананні ўрадавага задання па дыверсіі на чыгунцы, 21.6.1944 г. пры акружэнні і знішчэнні атрада карнікаў у раёне вёскі Шыпняны, а таксама ў працяглых баях з 1.7.1944 г. па 9.7.1944 г. па знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка ва ўсходняй частцы Мінска».

Вайна для А. Караткевіча скончылася 2 ліпеня 1944 г., калі брыгада «За Савецкую Беларусь» у колькасці 5 атрадаў, якія налічвалі 1752 партызаны, уз’ядналася з войскамі Чырвонай Арміі.

Трэба было наладжваць мірнае жыццё. Аляксандра Цімафеевіча прызначаюць першым сакратаром Кагановіцкага райкама камсамола г. Мінска. З гэтага часу пачынаецца яго камсамольская, партыйная, а затым і навукова-педагагічная праца ў сталіцы і нашым універсітэце.


27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)

БАГАТАЯ СПАДЧЫНА, ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ

(Да 70-годдзя з дня нараджэння Пятра Дзмітрыевіча Кухарчыка)

22 сакавіка споўнілася б 70 гадоў вядомаму беларускаму вучонаму-радыёфізіку, грамадскаму дзеячу і педагогу, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару тэхнічных навук, прафесару, рэктару БДПУ Пятру Дзмітрыевічу Кухарчыку.

3_1

П. Д. Кухарчык нарадзіўся ў вёсцы Орда Клецкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ ў школьныя гады ён зразумеў, што яго любімыя прадметы – фізіка і матэматыка. Стаўшы вядомым вучоным, Пётр Дзмітрыевіч з асаблівай удзячнасцю і цеплынёй узгадваў свайго настаўніка фізікі і матэматыкі Георгія Апанасавіча Халецкага, які не толькі даў трывалыя веды па гэтых дысцыплінах, але і сваім асабістым прыкладам дапамог станаўленню Асобы.

Пасля заканчэння школы будучы рэктар БДПУ паступіў у Мінскі электратэхнікум сувязі. Скончыўшы яго, быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1967 г. малодшы лейтэнант П. Д. Кухарчык паступіў на аддзяленне радыёфізікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Выпускнік БДУ працаваў у НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта малодшым навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі. З 1989 па снежань 2000 г. узначальваў кафедру радыёфізікі, з’яўляўся першым прарэктарам БДУ, намеснікам міністра адукацыі, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Прыступкі адміністрацыйнага росту П. Д. Кухарчык паспяхова спалучаў з навуковай кар’ерай. У 1977 г. ён абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук у Беларускім дзяржаўным універсітэце, а ў 1988 г. – доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце радыётэхнікі і электронікі.

П. Д. Кухарчык быў не толькі вядомым вучоным, таленавітым арганізатарам, але і адным з лідараў у справе развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Яго дасягненні ў галіне падрыхтоўкі кадраў, вынікі даследчай работы былі ацэнены навуковай грамадскасцю. У 1990 г. Пятру Дзмітрыевічу прысвоена званне прафесара, а ў 1994 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З сакавіка 2003 г. на працягу адзінаццаці гадоў П. Д. Кухарчык узначальваў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Яго галоўнымі дасягненнямі на пасадзе рэктара сталі атрыманне БДПУ статусу вядучай вышэйшай педагагічнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі, удасканаленне вучэбнай i матэрыяльнай базы, павышэнне якасці адукацыі і навуковай працы ва ўніверсітэце. Дзякуючы ініцыятыве Пятра Дзмітрыевіча 1914 г. абгрунтавана быў прызнаны годам нараджэння нашай аlma mater. У 2007 г. БДПУ стаў паўнапраўным членам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, што сведчыла аб прызнанні заслуг універсітэта міжнароднай адукацыйнай і навуковай супольнасцю. Імкнучыся зрабіць свой дом прыгожым, дагледжаным, утульным і духоўна напоўненым, Пётр Дзмітрыевіч стварыў ва ўніверсітэце непаўторную атмасферу ўзаемнай патрабавальнасці, павагі і добразычлівасці. Ён паспяхова накіроўваў працу прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, укараненне новых адукацыйных тэхналогій,павышэнне якасці навучання. Доўгія гады вучоны з’яўляўся старшынёй Савета па абароне дысертацый пры ўніверсітэце па педагагічных навуках, галоўным рэдактарам навукова-метадычнага часопіса «Весці БДПУ», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вышэйшая школа».

Як у любога чалавека, які любіць сваю справу, прафесійная дзейнасць займала большую частку жыцця Пятра Дзмітрыевіча, адбівалася ў думках, эмоцыях, учынках. Крыху не дажыўшы да свайго 70-годдзя, П. Д. Кухарчык пакінуў багатую спадчыну і добрую памяць сваім родным, блізкім, вучням, калегам, аднадумцам.

«Няма такіх вяршыняў, якія заваяваны навечна», – сказаў аднойчы Пётр Дзмітрыевіч свайму вучню, разумеючы, што рана ці позна давядзецца сысці.

На жаль, ён пайшоў нечакана і назаўжды.

А. ЖУК, рэктар БДПУ, А. АНДАРАЛА, першы прарэктар БДПУ


 

6 сакавіка 2015 года , № 3 (1158)

ЛЁС, АСВЕТЛЕНЫ ПЕДАГОГАМI

Юбілей нашага ўніверсітэта супаў з важнай датай у жыцці кандыдата гістарычных навук, прафесара кафедры паліталогіі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Рыгора Іванавіча ЕРМАШКЕВІЧА. Пяцьдзясят гадоў назад ён закончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педінстытута. Ва ўспамінах, не падуладных часу, паўстаюць любімыя выкладчыкі – высокакваліфікаваныя спецыялісты і чулыя людзі, дзякуючы якім быў сфарміраваны трывалы ўнутраны стрыжань.

4_5_1158

Уступны экзамен па гісторыі СССР Рыгору Іванавічу запомніўся асабліва. Яго прымаў тагачасны дэкан гісторыка-геаграфічнага факультэта А. І. Бабчынскі, якога студэнты з любоўю называлі бацькам. Ён ніколі не пагражаў адлічэннем за няўдала здадзены іспыт (такое магло здарыцца нават у выдатніка!), а вучыў, як дасягнуць добрых вынікаў. І заўсёды цікавіўся жыццём студэнтаў, іх матэрыяльным становішчам, прыходзіў у інтэрнат як старэйшы мудры сябра, гатовы даць слушную параду. Дарэчы, на курсе Рыгора Іванавіча пераважалі хлопцы: з 50 чалавек – 35 юнакоў, і амаль усе прайшлі службу ў войску. Інтэрнацкі пакой, дзе разам з Р. Ермашкевічам жылі яшчэ чацвёра студэнтаў, лічыўся самым узорным па чысціні, за што рэктарат узнагародзіў іх каштоўным падарункам – радыёлай. Узорнасць захоўвалася і ў хлапечых узаемаадносінах: разам вучыліся, працавалі, дасягалі поспехаў. Таму і сёння Рыгор Ермашкевіч сябруе з колішнімі жыхарамі самага чыстага інтэрнацкага пакоя, сярод якіх доктар філасофскіх навук прафесар Мікола Рабаконь і кандыдат філасофскіх навук Антон Марэцкі.

У студэнцкія гады Рыгор разам з аднакурснікамі пастаянна наведваў сустрэчы з пісьменнікамі, якія ладзіліся ў педінстытуце. Прыходзілі класікі беларускай літаратуры Пятро Глебка, Іван Мележ, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін і інш. Мой суразмоўца ўспамінае, што асабліва ўразіў Максім Танк – такі чалавечны, беларускі, свой! У Рыгора Іванавіча нават захоўваецца ўнікальны здымак, на якім паэт сярод студэнтаў нашай alma mater (гл. ніжэй). Максім Танк заклікаў студэнтаў не цурацца роднай мовы, і гэты запавет Рыгор пранёс праз усё жыццё. Як, дарэчы, і памяць пра беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Знаёмства з ім адбылося на адной з творчых вечарын, калі Рыгор, саромеючыся, папрасіў прафесара падпісаць зборнік «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы». Фёдар Міхайлавіч зацікавіўся асобай студэнта, а пазней нават дарыў яму свае кнігі з аўтографам, дасылаў паштоўкі – віншаванні са святамі. Такія цёплыя адносіны склаліся ў славутага вучонага з Рыгорам Ермашкевічам, які пранікнёна і ўдзячна прымаў беларускае слова. Яно было з ім на ўсіх наступных пуцявінах шчаслівага прафесійнага лёсу; яно з ім і зараз, бо Рыгор Іванавіч выкладае толькі па-беларуску

Р. І. Ермашкевіч вядзе педагагічны дзённік, у якім захоўваюцца імёны любімых Настаўнікаў. А на справе памяць пра іх жыве ў кожным дні выкладчыка і навукоўца.

Таццяна СТАРАСЦЕНКА


18 лістапада 2014 года, № 16-17 (1151)

НАЗАЎСЁДЫ ПАЯДНАНЫ З ALMA MATER

Пара студэнцтва, перыяд выкладчыцкай і навуковай дзейнасці А. П. Груцы, доктара філалагічных навук, прафесара БДПУ, прасякнуты нязгасным святлом нашай alma mater. Яно і цяпер з Аляксеем Пятровічам, у якога сёлетняя асабістая круглая дата – 90 гадоў – дарэчна стасуецца з векавым юбілеем педагагічнага ўніверсітэта.

1_500x379

– Гляджу на гэты здымак і нібыта пераношуся ў далёкія студэнцкія гады. На ім – такія дарагія і блізкія мне назаўсёды аднакурснікі і выкладчыкі. Незабыўны 18-ы выпуск Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1947 – 1951 гг.), да якога я маю самае непасрэднае дачыненне!

Мы вучыліся ў цяжкі пасляваенны час. Многія нашы аднакурснікі вярнуліся з вайны інвалідамі. Як, напрыклад, Ада Казей, вельмі старанная, працавітая студэнтка, у якой былі ампутаваны ногі. А мы напачатку нават не заўважалі гэтага! Пасля трэцяга курса Ада перавялася на завочнае аддзяленне, але памяць пра яе захавалася. Калі я гартаю кнігу «Нітка Арыядны», прысвечаную партызанскай дзейнасці сваёй аднакурсніцы, перада мной паўстае светлае аблічча мужнага чалавека і надзейнага сябра. Такой Ада была на вайне, такой заставалася і ў мірны час.

Інстытуцкія заняткі ўзбагачалі нас глыбокімі ведамі. Памятаю, з якім імпэтам я браўся за падрыхтоўку дакладаў па творчасці пісьменнікаў – гэтаму навучыў любімы выкладчык замежнай літаратуры Лявонцій Сагараў. А пасля заняткаў кіпела іншае жыццё. Былі ў ім і студэнцкая самадзейнасць, і прафесійнае акцёрскае майстэрства (балазе, побач з нашым інтэрнатам знаходзіўся тэатр). Шукаць удзячных слухачоў аповедаў пра наведаныя спектаклі не даводзілася, бо ў інтэрнацкім пакоі цесна, але дружна жылі ажно дваццаць студэнтаў. Мой сябра Аркадзь Наркевіч, напрыклад, прыстаўляў лаўку да ложка, паколькі не было месца, і так мы ўдваіх спалі побач увесь першы год вучобы. Пасля, калі некаторыя хлопцы перавяліся на завочнае аддзяленне, у Аркадзя з’явілася сваё месца. Ваеннае ліхалецце прывучыла нас да многіх выпрабаванняў, таму інтэрнацкія ўмовы нікога не палохалі. Наадварот, мы жылі душа ў душу: разам гатавалі, разам рыхтаваліся да заняткаў і самае галоўнае – ва ўсім дапамагалі адзін аднаму. Дзяліліся рэчамі, прадуктамі, лекамі.

2_500x625

Нягледзячы на цяжкі час, усе вучыліся сумленна, практычна начавалі ў бібліятэках. І гэта прынесла плён. З нашага курса выйшлі тры дактары навук: Аркадзь Наркевіч, Павел Шуба і я. З’яўляюся аўтарам кнігі «Стараславянская мова», суаўтарам выданняў «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Гiсторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Памяць. Дубровіцкі раён» і інш. За «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» ў двух тамах у ліку іншых вучоных атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Ганаруся, што мой лёс звязаны з педагагічным універсітэтам, дзе дасягнуты пэўныя вышыні выкладчыцкай і навуковай працы. І яшчэ два істотныя дасягненні ёсць у мяне як заснавальніка сямейнай педагагічнай дынастыі. Сын Ігар Аляксеевіч, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ, з’яўляецца дацэнтам кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі педуніверсітэта. У маёй alma mater вучылася і працуе ўнучка Кацярына, спачатку студэнтка факультэта беларускай філалогіі і культуры, затым аспірантка па спецыяльнасці «Педагогіка», а цяпер выкладчыца кафедры замежных моў.

Свой працяг адчуваю і ў шматлікіх паслядоўніках-філолагах, якія ствараюць надзейнае сёння і ўпэўненае заўтра БДПУ. З нагоды юбілею жадаю роднаму ўніверсітэту навуковага плёну і творчых набыткаў!


3 кастрычніка 2014 года, № 14 (1149)

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ ПРАЗ ГАДЫ І ПАКАЛЕННІ

Відаць, цяжка знайсці больш трывалыя традыцыі, чым тыя, што закладваюцца ў сям’і. Гэта тычыцца і прафесійнай арыентацыі. Для многіх дзяцей ісці па слядах дзядоў і бацькоў – прыемна і ганарова. Прынамсі, абіраючы блізкую тваім родным сферу дзейнасці, ты нібыта пераймаеш значную частку назапашанага вопыту, становішся носьбітам пэўнага сямейнага досведу, сапраўдным спадкаемцам свайго роду. Думаю, пад гэтымі словамі ахвотна падпісаліся б героі наступных матэрыялаў – дэканы БДПУ, якія з’яўляюцца выдатнымі прадстаўнікамі педагагічных дынастый. Напярэдадні Дня настаўніка ў размове з карэспандэнтам «Н» яны ўзгадваюць вытокі нараджэння прафесіі ў сваіх сем’ях, разважаюць пра наканаванае і свядомае, непазбежнае і мэтанакіраванае.

Пра наканаванасць многае можа расказаць дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Аляксандр КАСПЯРОВІЧ. Ён ведае, што самыя важныя падзеі ў нашым жыцці адбываюцца зусім не выпадкова. Будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДПУ, ён і падумаць не мог, што калісьці ўзначаліць факультэт дашкольнай адукацыі – працягне сямейную дынастыю. Назначэнне на гэтую пасаду прымусіла яго па-іншаму паглядзець на гісторыю прафесійнай пераемнасці паміж пакаленнямі.

3_500x567

– Заклала аснову нашай «дашкольнай» дынастыі мая бабуля – Алена Вітольдаўна Буйко. У 1936 г. яна скончыла дашкольнае аддзяленне Барысаўскага педагагічнага тэхнікума. Пражывала бабуля ў вёсцы Калюжкі, што недалёка ад Жодзіна. Хата сям’і Буйко знаходзілася побач са школай, у якой працаваў малады настаўнік, выпускнік Мінскага педагагічнага вучылішча Мікалай Адамавіч Клініцкі. Педагогі стварылі сям’ю, у якой нарадзіліся дзве дачкі. Алена Вітольдаўна на той час працавала загадчыцай дзіцячага садка ў Жодзіне. Далей была вайна. Вясковы настаўнік Мікалай Адамавіч стаў сувязным у партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Міколы». У 1942 г. ён загінуў ад рук карнікаў…

4_500x427

Пасля вайны бабулі цяжка было адной выхоўваць дваіх дзяцей, тым больш што яе родныя браты таксама загінулі на франтах. Дапамагчы жанчыне не было каму, таму сям’я накіравалася на поўнач былога Саюза. Там перад дзяўчатамі- падлеткамі паўстала пытанне аб выбары будучай прафесіі. Мая мама, Ніна Мікалаеўна, пайшла па слядах бабулі: скончыла Мурманскае педагагічнае вучылішча, а пасля працягнула сваё навучанне на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Яна прайшла працоўны шлях ад памочніка выхавацеля да загадчыка дзіцячага сада Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.

Мяне таксама прываблівала педагогіка, таму я і паступіў у БДПУ, але на гістарычны факультэт. Працаваў настаўнікам гісторыі і нямецкай мовы ў мінскай СШ № 40, пасля вучобы ў аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі выкладаў любімую дысцыпліну ў alma mater, загадваў кафедрай замежных моў №2. Дарэчы, і сям’ю стварыў па прафесійнай прыкмеце – мая жонка працуе выкладчыкам нямецкай мовы кафедры замежных моў БДПУ.

І вось лёс, павадзіўшы мяне па вакольных сцежках, паставіў усё на свае месцы: цяпер я таксама маю самае непасрэднае дачыненне да сямейнай традыцыі – «дашкольнай» дынастыі. Відаць, так і павінна было здарыцца. Мы з жонкай выхоўваем траіх сыноў, і мне здаецца, што хтосьці з іх стане пераемнікам педагагічнай прафесіі, – калі так распарадзіцца лёс. А яго, як вядома, не падманеш, не абыдзеш і не аб’едзеш…

***

Педагагічную сцежку свядома абіралі прадстаўнікі розных пакаленняў дынастыі Якавенкаў. Падрабязней – у размове з дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенкам.

5_500x653

– Сяргей Уладзіміравіч, у вашай сям’і ў педагогіку пайшлі ў асноўным мужчыны…

– Так, сапраўды. Пачынальнікам дынастыі быў мой дзед Андрэй Сямёнавіч, які ў 1936 г. пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Яго педагагічную дзейнасць перапыніла вайна, у якой дзед удзельнічаў з першага і да апошняга дня. Пасля Перамогі працаваў на розных пасадах у пачатковай школе Аршанскага раёна да 1980 г. Гэта быў шчыры, адказны і душэўны чалавек. Менавіта ён прывіў сваім спадкаемцам любоў да прафесіі педагога.

– У першую чаргу – свайму сыну, а Вашаму бацьку Уладзіміру Андрэевічу, які аддаў БДПУ шмат гадоў плённай працы.

– Уладзіміра Якавенку многія ведаюць як нязменнага на працягу дваццаці дзевяці (!) гадоў дэкана фізічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Менавіта яму належыць ідэя ўстанавіць унікальны маятнік Фуко, які дазваляе эксперыментальна зафіксаваць сутачнае вярчэнне Зямлі і які з’яўляецца адным з брэндаў нашага ўніверсітэта. А рэалізаваў гэты праект выпускнік фізфака дырэктар НВА «Пеленг» У. І. Пакрышкін.

Скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага і заклаўшы тым самым традыцыю вернасці нашай alma mater, мой тата абараніў у Інстытуце фізікі АН БССР кандыдацкую дысертацыю, стаў аўтарам (суаўтарам) звыш 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, у тым ліку дзевяці дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі. Ён атрымаў 3 аўтарскія пасведчанні, за ўкараненне якіх быў узнагароджаны знакам «Вынаходнік СССР». І зараз Уладзімір Андрэевіч не спачывае на лаўрах: ён – прафесар кафедры агульнай фізікі БДПУ. За добрасумленную і плённую працу яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР», «Заслужаны работнік БДПУ», сярод узнагарод –ордэн «Знак Пашаны». Нават цяжка ўявіць, якая колькасць настаўнікаў фізікі падрыхтавана пры яго непасрэдным удзеле!

6_500x573

– Раўняцца на такога таленавітага, заслужанага, тытулаванага спецыяліста, як Ваш бацька, вельмі няпроста. Сямейнай канкурэнцыі не адчуваеце?

– Гэта хутчэй не канкурэнцыя, а стымул. Педагагічная прафесія стала нашай агульнай сямейнай каштоўнасцю, любоў да фізікі – агульным захапленнем, таму я і пайшоў па слядах таты, скончыў фізічны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю… Усё паўтараецца, але на новым вітку. Сфера маіх даследчых інтарэсаў – пазнавальная дзейнасць пры рашэнні фізічных задач, модульная тэхналогія навучання пры вывучэнні фізікі, тэставая праверка ведаў па дысцыпліне.

– Самая маладая прадстаўніца дынастыі Якавенкаў – Ваша дачка Юлія. Яна збіраецца паўтарыць Ваш прафесійны лёс?

– Сапраўды, Юлія пераняла эстафету вернасці не толькі прафесіі фізіка, але і нашаму ўніверсітэту. Яна з адзнакай скончыла фізічны факультэт і магістратуру БДПУ, атрымала ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Сёння працуе інжынерам-праграмістам на кафедры агульнай фізікі, рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру.

– Атрымоўваецца, што адданасць педагагічнай прафесіі пераплялася ў гісторыі Вашай сям’і з вернасцю БДПУ.

– З БДПУ звязана шмат лёсавызначальных падзей для нашай сям’і. Гэта месца, дзе пазнаёміліся мае бацькі – мама таксама заканчвала МДПІ імя А. М. Горкага, толькі бібліятэчны факультэт. Тут працуе і мая жонка: яна дацэнт кафедры алігафрэнапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі. Галоўнае – ніхто не шкадуе пра свой жыццёвы выбар, ва ўсіх лёс склаўся ўдала і паспяхова.


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ ПРАЗ ГАДЫ І ПАКАЛЕННІ

(22.03.1945—02.03.2014)

Непапраўную страту панесла наша alma mater: 2 сакавіка на 69-м годзе пайшоў з жыцця рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, вядомы вучоны ў галіне радыёфізікі Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык.

7_500x829

Нарадзіўся Пётр Дзмітрыевіч у вёсцы Орда Клецкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі, служыў у шэрагах Савецкай Арміі. У 1972 г. закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Радыёфізіка і электроніка». Кар’еру пачынаў з пасады навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ, затым працаваў загадчыкам кафедры радыёфізікі, прарэктарам па вучэбнай рабоце і першым прарэктарам БДУ, намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З сакавіка 2003 г. працаваў рэктарам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». Пётр Дзмітрыевіч з’яўляўся прафесіяналам высокага ўзроўню, меў вялікі вопыт арганізацыйнай работы, паспяхова накіроўваў працу прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана новае пакаленне адукацыйных стандартаў вышэйшай школы па педагагічных спецыяльнасцях.

У 1977 г. П. Д. Кухарчык абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук, а ў 1988 г. у Маскоўскім інстытуце радыётэхнікі і электронікі – даследаванне на саісканне вучонай ступені доктара тэхнічных навук. З 1990 г. мае вучонае званне прафесара. У 1994 г. абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар звыш 160 навуковых прац, старшыня Міжнароднага саюза вучоных у галіне радыёнавук, Пётр Дзмітрыевіч зрабіў значны ўнёсак у развіццё новага навуковага напрамку, звязанага з распрацоўкай і даследаваннямі галаграфічных метадаў у радыё-, ЗВЧ-, інфрачырвоным і аптычным дыяпазонах.

За шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы педагагічных кадраў і ўкараненне дасягненняў навукі ў вучэбна-выхаваўчы працэс школ і вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі», «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». У 2012 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Выказваем спачуванне родным і блізкім Пятра Дзмітрыевіча Кухарчыка, яго калегам, вучням, усім, хто ведаў гэтага светлага чалавека.

А. І. Андарала, Ю. А. Быкадораў, І. А. Вабішчэвіч, В. М. Грачоў, В. І. Урбановіч, М. А. Воўк


16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)

СЛУЖЭННЕ НАВУЦЫ – ВЫСОКАЯ СПРАВА

Першы месяц новага года стаў для навуковай грамадскасці рэспублікі багацейшым яшчэ на адно свята: сваё 80-годдзе днямі адзначыў доктар псіхалагічных навук, прафесар кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі нашага ўніверсітэта, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Я.Л. КАЛАМІНСКІ.

8_500x626

Якаў Львовіч нарадзіўся ў Нароўлі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртання ў родны горад з эвакуацыі ў Туркменістан ён з залатым медалём заканчвае сярэднюю школу. Затым – вучоба на педагагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, атрыманне дыплома з адзнакай і накіраванне ў Навагрудскае педвучылішча ў якасці выкладчыка педагогікі і псіхалогіі. У 1958 г. Я.Л. Каламінскі пераязджае ў Мінск, дзе працуе выхавацелем і настаўнікам у школе-інтэрнаце № 17. Неўзабаве паступае ў аспірантуру і праз тры гады пад кіраўніцтвам знакамітага псіхолага Л.І. Бажовіч паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вопыт псіхалагічнага вывучэння ўзаемаадносін вучняў у класе». Тэма доктарскага даследавання Якава Львовіча – «Псіхалогія асобасных узаемаадносін у групе аднагодкаў».

Эксперыментальныя і тэарэтычныя працы Я.Л. Каламінскага паклалі пачатак новаму кірунку псіхалагічнай навукі – узроставай і педагагічнай сацыяльнай псіхалогіі. Вучоны стварыў і ўзначаліў адпаведную навуковую школу, з’яўляўся кіраўніком 50 кандыдацкіх і кансультантам 7 доктарскіх дысертацый, якія былі паспяхова абаронены. Якаў Львовіч апублікаваў звыш 800 навуковых, вучэбных і навукова-папулярных прац, што перакладзены на 16 моў і надрукаваны ў 30 замежных выданнях. Кампетэнтнасць Я.Л. Каламінскага, яго вопыт, эрудыцыя і прафесіяналізм садзейнічаюць не толькі развіццю псіхалагічнай навукі ў нашай краіне, але і выхаванню псіхалагічнай культуры яе грамадзян.

Калі ўзгадваеш Якава Львовіча, становіцца цёпла на душы. Напэўна, таму, што ён – добры, адкрыты, жыццярадасны чалавек, які верыць у людзей. Віншуем Якава Львовіча з днём нараджэння, жадаем яму доўгіх і плённых гадоў жыцця, здароўя, новых вучняў і навуковых адкрыццяў. Дзякуй Вам за працу і лепшыя чалавечыя якасці!

Рэктарат, прафкам работнікаў, дэканат факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій


14 лiстапада 2013 года, № 14 (1132)

ПАМЯЦЬ ПРА НАСТАЎНІКА – У СПРАВАХ ЯГО ВУЧНЯЎ

Жыццёвы след чалавека ў многім вызначаецца яго прафесіяй. Архітэктар з гонарам глядзіць на ўзведзеныя па яго праектах будынкі, пісьменнік пакідае пасля сябе па-мастацку пераўвасобленую рэчаіснасць, даследчык – новыя ідэі, распрацоўкі, тэхналогіі. Вынік дзейнасці вучонага-педагога падвесці складана. Галоўнае для яго, відаць, усё ж стварэнне навуковых школ. А найвышэйшай ацэнкай якасці працы з’яўляецца тое, што вучні збіраюцца разам, каб успомніць свайго настаўніка, абмеркаваць яго ідэі, паказаць іх практычную рэалізацыю. Прафесар А.А. Грымаць – якраз з кагорты такіх шаноўных педагогаў. У кастрычніку ў БДПУ адбылося пасяджэнне кафедры педагогікі, прысвечанае 75-годдзю з дня нараджэння вучонага.

9_500x660

Адам Антонавіч Грымаць 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў нашым універсітэце. Ён шмат зрабіў па абагульненні мінулага педагагічнага вопыту, значна ўзбагаціў яго асабістымі знаходкамі, шэрагам каштоўных ідэй.

Жыццё і дзейнасць вучонага – дастойны прыклад для маладых даследчыкаў. Адкрыты, добразычлівы, просты ў зносінах, Адам Антонавіч быў цэнтрам прыцягнення для аспірантаў і магістрантаў. Канкрэтнымі справамі і мудрымі словамі ён выкладаў ім самую важную ў свеце навуку – быць Чалавекам.

Прафесар А.А. Грымаць падрыхтаваў 30 кандыдатаў навук. Наяўнасць такой вялікай колькасці паслядоўнікаў – сапраўднае багацце, пра якое марыць кожны вучоны. Адам Антонавіч мог бы ганарыцца сваімі вучнямі: усе яны сталі кампетэнтнымі спецыялістамі і паспяхова працягваюць справу свайго настаўніка. Сярод іх – работнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прарэктары ВНУ Германіі і Кубы, загадчыкі кафедраў педагогікі вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Шматбаковая дзейнасць, выдатныя арганізатарскія здольнасці, глыбокая эрудыцыя і разуменне праблем адукацыі дазволілі Адаму Антонавічу стаць адным з вядучых беларускіх вучоных. Ён напісаў больш за 220 навуковых прац, падрыхтаваў шэраг падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па педагогіцы. Багатая спадчына таленавітага навукоўца служыць трывалым падмуркам для працы маладых даследчыкаў і настаўнікаў-практыкаў.

Дзейнасць А.А. Грымаця высока і па заслугах ацэнена: ён быў абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі акмеалагічных навук, удастоены звання «Заслужаны работнік адукацыі». У 2004 г. Ільянскай сярэдняй школе Вілейскага раёна было прысвоена імя А.А. Грымаця.

Павага і прызнанне калег па працы, вучняў, сяброў – высокая ўзнагарода для любога вучонага. Адама Антонавіча памятаюць, шануюць людзі рознага ўзросту. Сярод іх – тыя, хто працаваў побач, тыя, хто сябраваў з ім не адно дзесяцігоддзе, і нават тыя, каго лёс звёў са славутым вучоным і цудоўным чалавекам толькі аднойчы. Памяць пра Сапраўднага Педагога жыве ў працах яго вучняў і паслядоўнікаў.

Лідзія КАЗІНЕЦ, дацэнт кафедры педагогікі


26 верасня 2013 года, № 11 (1129)

ІМКНУЦЦА ДА ІДЭАЛУ

(Да 95-годдзя з дня нараджэння В. А. Сухамлінскага)

Толькі той стане сапраўдным настаўнікам, хто ніколі не забывае, што ён сам быў дзіцём.
В. А. Сухамлінскі

Імя знакамітага вучонага і педагога В. А. Сухамлінскага добра вядома ўсім, хто мае дачыненне да адукацыі і выхавання. Назва кнігі яго жыцця – «Сэрца аддаю дзецям» – даўно стала своеасаблівым прафесійным крэда для многіх настаўнікаў, а ідэі, закладзеныя ў яго працах, не губляюць актуальнасці і сёння. Сухамлінскі стварыў арыгінальную педагагічную сістэму, якая грунтавалася на прынцыпах гуманізму, на прызнанні асобы дзіцяці найвышэйшай каштоўнасцю. Увасабленне гэтай сістэмы на практыцы, па меркаванні вучонага, вымагала ад настаўнікаў пэўных якасцяў і ўменняў. Патрабаванні да асобы педагога ён выклаў у многіх сваіх працах, напрыклад, у кнізе «Паўлышская сярэдняя школа».

10_500x368

Хто ж, па перакананні вучонага, які доўгі час працаваў дырэктарам школы, можа называцца сапраўдным настаўнікам? Вось некаторыя найбольш важныя якасці, якімі павінен валодаць такі педагог.

У першую чаргу гэта любоў да школьнікаў, радасць ад зносін з імі, уменне сябраваць, прымаць блізка да сэрца іх радасці і нягоды, ніколі не забываць, што ты і сам «родам з дзяцінства». Сухамлінскі на практыцы дабіўся, каб кожны з 35 настаўнікаў ставіўся да вучня як да асобы.

Глыбокае веданне свайго прадмета і яго «гарызонтаў» (найноўшыя адкрыцці, даследаванні, дасягненні) – неад’емная частка працы педагога. Сухамлінскі разважаў так: «Маленечкае, здавалася б, зусім нязначнае няўменне настаўніка прыводзіць да вялікага няведання ў дзіцяці. Вучні – гэта павелічальнае шкло настаўніка. Праз тры – пяць гадоў пасля заканчэння ВНУ настаўнік павінен ведаць у тры, у пяць, у дзесяць разоў больш, чым ведаў у першы год сваёй дзейнасці». Гэты прынцып у Паўлышскай школе рэалізоўваўся наступным чынам. Для таго, каб педагогі і вучні мелі магчымасць набываць сучасныя веды, праводзіць даследаванні, школьная (18 тыс. кніг) і асабістыя настаўніцкія (каля 70 тыс. кніг) бібліятэкі пастаянна папаўняліся навуковай і мастацкай літаратурай. Акрамя таго, у школе была ўкаранёна навуковая арганізацыя педагагічнай працы: настаўнікі вызваляліся ад непатрэбных пасяджэнняў, нарад і справаздач; ім даваўся адпачынак на перыяд зімовых і часткова летніх канікулаў, а таксама адзін на тыдзень дадатковы вольны ад заняткаў дзень.

Настаўніку проста неабходны веды па псіхалогіі і педагогіцы і ўмелае іх выкарыстанне ў канкрэтнай сітуацыі. Дзеля гэтага Сухамлінскі два разы на месяц праводзіў пасяджэнні навукова-педагагічнага савета ці псіхалагічнага семінара, цалкам прысвечанага дзіцяці. Ён дабіўся таго, што ўсе настаўнікі асабіста ведалі кожнага з 570 вучняў, яго здольнасці і магчымасці, тое асяроддзе, у якім фарміравалася яго асоба, а таксама асаблівасці мыслення, інтарэсы, захапленні.

Важнай з’яўляецца наяўнасць у педагога ўменняў і навыкаў у іншай сферы – асабістае захапленне, хобі. Так, у Паўлышскай школе была створана матэрыяльна-тэхнічная база для інтэлектуальнай і працоўнай дзейнасці настаўнікаў (аранжарэя, трусаферма, метэастанцыя, чатыры майстэрні, сад, вінаграднікі, каля 4 тысяч прыбораў, станкоў, мадэляў, сельскагаспадарчых машын і механізмаў, школьная электрастанцыя і інш.).

Яшчэ адна істотная якасць – даследчая ўдумлівасць. Сухамлінскі лічыў, што «ў сваёй аснове педагагічная праца – сапраўды творчая дзейнасць – стаіць блізка да навуковага даследавання. Гэтая роднаснасць заключаецца, перш за ўсё, у неабходнасці аналізаваць факты і прадбачыць. Настаўнік, які ўмее пранікаць у сутнасць фактаў і ў прычынна-выніковыя сувязі паміж імі, прадухіляе многія цяжкасці і няўдачы сваіх вучняў». Для рэалізацыі гэтага патрабавання на практыцы ў Паўлышскай СШ кожны настаўнік даследаваў адну з праблем вучэбна-выхаваўчага працэсу, напрыклад,«Узаемаадносіны асобы і калектыву», «Дзеці з запаволенымі працэсамі мыслення», «Як дзеці капіруюць дарослых» і інш.

Безумоўна, кожнаму, хто збіраецца звязаць свой лёс з настаўніцтвам, варта прыслухацца да гэтых ідэй і ўвесь час імкнуцца да ідэалу, апісанага В. А. Сухамлінскім.

Віктар ЧЭЧАТ, прафесар кафедры прыватных методык ІПКіП

P.S. Рэдакцыя «Н» віншуе доктара педагагічных навук Віктара Уладзіміравіча Чэчата – аўтара даследавання «Савецкі педагог В. А. Сухамлінскі аб маральным выхаванні навучэнцаў» – з нядаўна адзначаным юбілеем і шчыра жадае яму далейшай плённай і натхнёнай працы, моцнага здароўя і дабрабыту!


14 сакавiка 2013 года, № 3 (1121)

АЎТАРЫТЭТНЫ МЕДЫК, ВЯДОМЫ ПЕДАГОГ

Пятага сакавіка свой 70-ы дзень нараджэння адзначыў загадчык кафедры асноў медыцынскіх ведаў, доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір Пятровіч СЫТЫ. Справе дапамогі людзям ён аддаў больш за 50 гадоў жыцця.

11_500x569

Праца ў галіне тэрапіі, кардыялогіі і геранталогіі, навуковая і педагагічная дзейнасць, – усё гэта дапамагло Уладзіміру Пятровічу назапасіць багаты прафесійны вопыт, якім ён сёння шчодра дзеліцца са сваімі студэнтамі і калегамі. Лекцыі прафесара вызначаюцца глыбінёй навуковай думкі, наяўнасцю пераканаўчых жыццёвых прыкладаў, добразычлівай атмасферай, а таксама тонкім гумарам, што дапамагае ў наладжванні кантакту з аўдыторыяй.

Як вядома, медыцына і педагогіка маюць шмат агульнага: яны імкнуцца раскрыць прыродны патэнцыял чалавека і ўзбагаціць яго ўнутраны свет, вучаць жыць і развівацца ў гармоніі з сабой і Сусветам, захоўваць фізічнае і маральнае здароўе. Дыпламаваны ўрач і выкладчык, У. П. Сыты, здаецца, ведае, як гэтага дасягнуць: кожны, хто звяртаецца да Уладзіміра Пятровіча з прафесійным ці асабістым пытаннем, заўжды можа разлічваць на граматную кансультацыю ці слушную параду. І гэты досвед – вынік напружанай працы прафесара. У розныя гады, узначальваючы кафедру геранталогіі БелМАПА, займаючы пасаду галоўнага тэрапеўта Міністэрства аховы здароўя, з’яўляючыся членам Камісіі пры Савеце Міністраў па ацэнцы наступстваў катастрофы на ЧАЭС, У. П. Сыты набыў унікальны, неацэнны вопыт. І сёння загадчык кафедры асноў медыцынскіх ведаў БДПУ працягвае працаваць са спецыялістамі ў галіне практычнай медыцыны і кардыялогіі. Ён – аўтар больш як 300 навуковых публікацый, дзвюх манаграфій, шасці вучэбна-метадычных дапаможнікаў, вучоны, які падрыхтаваў 8 кандыдатаў медыцынскіх навук.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пятровіча навуковая работа на кафедры атрымала новы імпульс. Дзякуючы яго намаганням кожную вясну на базе нашага ўніверсітэта для студэнтаў ВНУ Беларусі ладзяцца алімпіяды, а на штогадовай Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Медыка-педагагічныя праблемы аховы здароўя і бяспекі жыццядзейнасці навучэнцаў» вынікамі сваіх даследаванняў абменьваюцца выкладчыкі медыцынскіх дысцыплін шматлікіх устаноў адукацыі краіны.

Калектыў агульнаўніверсітэцкай кафедры асноў медыцынскіх ведаў зычыць свайму загадчыку, шаноўнаму прафесару Уладзіміру Пятровічу Сытаму, моцнага здароўя, творчых здабыткаў, плёну, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага!


21 лютага 2013 года, № 2 (1120)

ПЕДАГОГ, ЯКІ ЎМЕЕ ТВАРЫЦЬ І НАТХНЯЦЬ

Напрамак развіцця любой навучальнай установы вызначаецца найперш яе кіраўніком – тым, хто прымае адказныя і ўзважаныя рашэнні, сваёй мудрасцю і вопытам спрыяе яе росквіту, уласным прыкладам натхняе калег на плённую творчую працу. БДПУ – не выключэнне. Дадамо толькі, што нашаму ўніверсітэту заўсёды шанцавала на кіраўнікоў з вялікай літары. Пашчасціла яму і дваццаць гадоў назад, калі рэктарам тады яшчэ МДПІ імя А. М. Горкага быў назначаны доктар гістарычных навук прафесар Леанід Ніканоравіч ЦІХАНАЎ. З яго імем звязаны многія знакавыя падзеі ў гісторыі нашай alma mater, у тым ліку наданне ёй статусу ўніверсітэта (1993 г.) і вядучай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме педагагічнай адукацыі (1996 г.).

12_500x389

На ўрачыстым пасяджэнні Савета ўніверсітэта, прысвечаным 75-годдзю Заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Леаніда Ніканоравіча Ціханава, панавала надзвычай цёплая і прыязная атмасфера: выказаць шчырыя словы ўдзячнасці і віншаванняў Ганароваму рэктару БДПУ прыйшлі яго калегі, сябры і паплечнікі.

Распачаў пасяджэнне рэктар універсітэта прафесар П. Д. Кухарчык. Пётр Дзмітрыевіч падкрэсліў, што ўнёсак юбіляра ў развіццё БДПУ насамрэч цяжка пераацаніць і кожнаму з нас ёсць за што падзякаваць гэтаму цудоўнаму чалавеку. На мерапрыемстве прысутнічалі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь прафесар С. А. Маскевіч, намес-нік старшыні Мінгарвыканка- ма І. В. Карпенка, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі прафесар А. А. Каваленя, госці з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама студэнты матэматычнага факультэта БДПУ, якія выказалі юбіляру самыя цёплыя пажаданні.

Па прызнанні прафесара Л. Н. Ціханава, выкладчыцкая дзейнасць і сёння дае яму зарад пазітыўнай энергіі, аптымізму, дазваляе тварыць і адкрываць новыя далягляды ў справе адукацыі і выхавання. На працягу апошніх гадоў Леанід Ніканоравіч чытае курс «Педагогіка сучаснай школы». «Выкладаць педагогіку – значыць выкладаць само жыццё, – лічыць юбіляр. – На сваіх лекцыях я не толькі падаю тэарэтычныя палажэнні, але і расказваю пра тое, што ў праграму не ўваходзіць, – напрыклад, пра значнасць сямейных каштоўнасцяў. Гэта важны аспект фарміравання асобы і выхавання культуры ў шырокім сэнсе. Я назіраю за сваімі выхаванцамі не толькі вачамі педагога, але і як псіхолаг, сябра, бацька».

У тым, што вопытны выкладчык знаходзіць агульную мову з маладым пакаленнем, сумненняў няма. Пра сённяшніх танкаўцаў прафесар гаворыць так: «Усе, хто абраў педагагічную прафесію, – патэнцыйна добрыя людзі. Вядома, у любой лекцыйнай аўдыторыі можна знайсці баласт. Аднак пераважная большасць – гэта разумныя асобы, якія патрабуюць да сябе разумных адносін. З сучаснымі студэнтамі трэба ўмець гаварыць – даводзіць ім значнасць той ці іншай ісціны, нават пераконваць, калі трэба. Моладзь не ўспрыме адцягненых разважанняў, але заўжды з цікавасцю выслухае важную і карысную інфармацыю».

Галоўнае для Леаніда Ніканоравіча – каб кожны студэнт з лекцыі вынес нешта істотнае, сапраўды патрэбнае; каб з кожным разам ён лепш адчуваў спецыфіку сваёй будучай прафесіі. «Больш за ўсё я не хачу, каб з маіх выхаванцаў выраслі «беспародныя» настаўнікі», – прызнаецца прафесар. Таму ён так трапятліва і ўважліва ставіцца да кожнага, хто стаў на шлях спасціжэння педагагічнай навукі. «Я многае разумею пра чалавека па яго знешнім вобліку, па вачах. Праўда, адзін раз у жыцці я ўсё ж памыліўся. Гадоў пяць назад быў у мяне студэнт, які сядзеў на лекцыях і нічога не запісваў, а для мяне гэта «званочак». Справа ў тым, што па педагогіцы мала ўдалых падручнікаў, таму канспект патрэбен. Такая сітуацыя працягвалася з дня ў дзень, і нарэшце я не вытрымаў – запрасіў хлопца да сябе на размову. Аказалася, што ён мае фенаменальную памяць і здольны ўзнаўляць вялікі аб’ём інфармацыі абсалютна дакладна без усякіх запісаў».

13_500x333

Мудрае, разумнае, шчырае слова настаўніка спрыяе фарміраванню высокай маралі і духоўнасці яго вучняў. Леанід Ніканоравіч цудоўна разумее: задача сучаснага выкладчыка – не толькі даць веды, але і выпрацаваць механізм іх трансфармацыі ў паводзіны. Дасягнуць гэтага можа толькі цікавы, з самым шырокім кругаглядам педагог. Нават звычайны «дзякуй», сказаны студэнтам пасля лекцыі, сведчыць пра прафесіяналізм выкладчыка. І дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што шчырыя словы ўдзячнасці Л.Н. Ціханаў чуе часта. Альбо вось такі эпізод, расказаны Леанідам Ніканоравічам: «Нядаўна пасля заняткаў падыходзіць да мяне студэнтка і просіць дазволу перадаць падарунак ад сваёй бабулі з Палесся – акраец сапраўднага хатняга духмянага хлеба, спечанага на капусным лісце. Гэты падарунак – самы дарагі ў маім жыцці. І я ўпэўнены, што такі ўчынак – паказчык сфарміраванасці маральных арыенціраў асобы».

Сёння Леанід Ціханавіч упэўнена выкарыстоўвае ў сваёй педагагічнай дзейнасці магчымасці мультымедыйных тэхналогій. «Камп’ютарнае суправаджэнне лекцыйнага курса дапамагае ў выкладчыцкай дзейнасці і ўпісваецца ў дыдактычныя нормы зносін са студэнтамі: неабходна як мага часцей пераключаць увагу са слыхавой на зрокавую». Матэматык па адукацыі, ён сцвярджае важнасць для фарміравання асобы правільных суадносін дысцыплін прыродазнаўчанавуковага і эстэтычнага блокаў. «Асабіста мяне як матэматыка стварыла музыка. А Эйнштэйн сцвярджаў, што калі б не сутыкнуўся з творчасцю Баха, то ніколі не адкрыў бы тэорыю адноснасці: шматслойнасць пабудовы музычнага твора падказала яму шматслойнасць часу».

Юбілейная дата для чалавека – перадусім нагода ўзважыць і ацаніць зробленае. У свае 75 Леанід Ніканоравіч мае каласальны жыццёвы і прафесійны вопыт, магутны творчы патэнцыял, бязмежную абаяльнасць і вялікую кагорту вучняў і калег, якія крочаць з ім праз гады. Мы жадаем юбіляру моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Усіх даброт!

Вераніка МАНДЗІК


17 мая 2012 года, № 7 (1108)

ВОІН. ВУЧОНЫ. ПЕДАГОГ

Чацвёртага мая пайшоў з жыцця заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, Ганаровы прафесар БДПУ, доктар філалагічных навук, прафесар Міхаіл Гапеевіч Булахаў. Найбольшая частка яго педагагічнага і навуковага жыцця непарыўна была звязана з нашым універсітэтам.

М.Г. Булахаў нарадзіўся 22 ліпеня 1919 г. у в. Маслакі Гарэцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1941 г. скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Вучобу спалучаў з працай настаўніка Дулебненскай школы Клічаўскага раёна. Мірнае жыццё было перарвана вайной. З першага яе дня і да Вялікай Перамогі Міхаіл Гапеевіч ішоў нялёгкімі ваеннымі дарогамі спачатку радавым, а потым афіцэрам-артылерыстам на Заходнім, Калінінскім, Бранскім, 1-м Украінскім франтах. Радзіма высока ацаніла ратную працу М.Г. Булахава ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, медалямі «За Перамогу над Германіяй», «Г.К. Жукава» і інш

Пасля звальнення ў запас Міхаіл Гапеевіч паступіў у аспірантуру пры кафедры рускай мовы МДПІ імя М. Горкага, якую скончыў у 1949 г. Працаваў на гэтай жа кафедры асістэнтам, старшым выкладчыкам, загадчыкам. У 1951 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У гэты перыяд востра стаяла праблема стварэння нарматыўнай граматыкі беларускай мовы, і ў 1952 г. М.Г. Булахаў перайшоў у Інстытут мовазнаўства АН БССР, дзе ў складзе аўтарскага калектыву вырашыў гэту задачу. Асабістым вынікам гэтай вялізнай навуковай працы стала абарона ў 1966 г. доктарскай дысертацыі. Талент і творчая энергія Міхаіла Гапеевіча зноў сталі запатрабаванымі ў сферы адукацыі, і ён перайшоў у БДУ, дзе да 1974 г. загадваў кафедрай рускага і агульнага мовазнаўства. У 1975 г. вярнуўся на працу ў МДПІ імя М. Горкага, дзе па 1990 г. кіраваў аналагічнай кафедрай, а затым працаваў прафесарам да выхаду на пенсію ў 2005 г.

14_500x786

У ВНУ Беларусі М.Г. Булахаў чытаў курсы па русістыцы, беларусістыцы, агульным мовазнаўстве, а таксама шэраг аўтарскіх спецкурсаў па рускім і славянскім мовазнаўстве. Перыядычна вёў педагагічную дзейнасць у Патсдамскай вышэйшай педагагічнай школе (ГДР, 1970–90-я гг.), Патсдамскім універсітэце (ФРГ, 1990-я гг.), Львоўскім універсітэце (Украіна, 1980-я гг.) і іншых замежных ВНУ.

У якасці дакладчыка ўдзельнічаў у рабоце ІV Міжнароднага з’езда славістаў (Масква, 1958), Міжнароднага сімпозіума па рускай мове (Балгарыя, 1982), Міжнароднага калоквіума, прысвечанага 800-годдзю «Слова аб палку Ігаравым» (ГДР, 1984), і шэрагу іншых міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый.

Талент і вялікая працаздольнасць М.Г. Булахава ставяць яго ў адзін шэраг са знакамітымі вучонымі-славістамі мінулых эпох і сучаснасці. Яго працы – энцыклапедычны слоўнік «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы», трохтомнік «Усходнеславянскія мовазнаўцы»; пяцітомны збор «Вопыт гістарычнага слоўніка рускай лінгвістычнай тэрміналогіі» маюць энцыклапедычны ўзровень. Усяго апублікавана больш за 500 прац прафесара па розных праблемах філалогіі. Яго кнігі атрымалі высокую ацэнку ў шматлікіх водгуках і рэцэнзіях, надрукаваных у айчынных і замежных навуковых часопісах Расіі, Украіны, Югаславіі, Балгарыі, Польшчы, Германіі, ЗША.

Шмат увагі надаваў Міхаіл Гапеевіч падрыхтоўцы навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам больш за 30 чалавек сталі кандыдатамі і 1 – доктарам навук.

За поспехі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці М.Г. Булахаў узнагароджаны ордэнам і медалём Ф. Скарыны, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і інш.

Міхаіл Гапеевіч быў чалавекам сціплым і чулым, уважлівым і тактоўным, карыстаўся павагай і аўтарытэтам у калектыве работнікаў БДПУ. Светлая памяць пра М.Г. Булахава застанецца ў сэрцах яго калег і выхаванцаў.

А. ГІРУЦКІ, загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства


6 мая 2010 года, №7 (1074)

У ВАЙНЫ НЕ ЖАНОЧАЕ АБЛІЧЧА

Калі ў 1974 годзе Мінск атрымаў высокае званне «Горад-герой», то ва ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР адзначалася, што гэта прызнанне мужнасці і гераізму, якія праявілі працоўныя сталіцы Беларусі ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, іх вялікай ролі ў разгортванні ўсенароднага партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ўзнагарода — знак ушанавання заслуг соцень вядомых і невядомых падпольшчыкаў і партызан, якія ва ўмовах крывавай акупацыі знайшлі ў сабе сілы і мужнасць весці непрымірымую барацьбу з захопнікамі. Сярод іх — Марыя Іосіфаўна ПЕТУХОВА.

Маруся нарадзілася 27 верасня 1927 года на станцыі Ждановічы Мінскага раёна ў сям’і пуцявога абходчыка Беларускай чыгункі Іосіфа Каладзінскага. Дружна жыла мнагадзетная сям’я чыгуначніка. У 1941 годзе Марыя скончыла 7 класаў Масюкоўскай сярэдняй школы. А далей яе вучыла вайна. Вучыла нянавісці да фашыстаў, любові да Радзімы, вучыла змагацца з ворагам. У свае 16 гадоў яна стала байцом спецгрупы органаў бяспекі «Мсціўцы». Ёй загадалі забыць сваё імя і стаць Раяй. Праз некалькі дзён малады баец атрымала першае хрышчэнне, але не ў баі, а ў якасці сувязной. Яе шлях пралягаў у прыгарад Мінска Масюкоўшчыну. Першыя паходы па акупіраваных немцамі вёсках былі пад наглядам больш вопытных разведчыкаў. Праз некаторы час ёй даверылі і самастойнае выкананне заданняў. Акрамя дадзеных, атрыманых ад падпольшчыкаў, прыносіла Маруся ў спецгруппу медыкаменты і іншыя патрэбныя партызанам рэчы. Аднойчы, вяртаючыся з задання, Маруся трапіла на міну, была кантужана. Асколкі паранілі твар і вочы, але дзяўчына знайшла сілы дабрацца да сувязнога, а потым да базы спецгрупы, дзе данесла да ведама кіраўніцтва неабходную інфармацыю. Яна адмовілася ляцець у Маскву і лячылася ў шпіталі партызанскай брыгады «Штурмавая». Паправіўшыся, прайшла разам са спецгрупай праз баі і блакаду, пакуль не адбылася сустрэча беларускіх партызанаў з Чырвонай Арміяй. Шаснаццацігадовая дзяўчына за свой подзвіг узнагароджана медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

 

Пачалося пасляваеннае жыццё. Спачатку былі гады вучобы ў Мінскай школе медыцынскіх лабарантаў і Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна, аспірантура пры Навукова‑даследчым інстытуце пладаводства, агародніны і бульбы. Яна працуе лабарантам у Мінскім медінстытуце, выкладчыкам батанікі ў Брэсце, старшым інспектарам Упраўлення ВНУ Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, старшым выкладчыкам МДПІ імя А. М. Горкага. Побач любімы муж. Спецгрупа «Мсціўцы» павянчала іх. Дзмітрый Сафронавіч Петухоў прайшоў усю вайну, узнагароджаны баявымі ордэнамі. З 1965 года М.І. Петухова працавала на кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі нашага універсітэта. Да партызанскіх узнагарод дабавіліся знак «Выдатнік народнай адукацыі БССР», ганаровыя граматы. Многія яе былыя студэнты ўжо самі з’яўляюцца вядучымі выкладчыкамі ВНУ, узначальваюць інстытуты, лабараторыі, кафедры, вучаць дзяцей. Але мала хто з іх ведае пра тое, што сувязная спецгрупы «Мсціўцы» Рая і іх педагог — гэта адзін і той жа чалавек.

Міхаіл ЛЫСКАВЕЦ


Ідэя напісаць пра гэтую цудоўную жанчыну, пра яе незвычайны лёс узнікла нечакана. У музеі гісторыі БДПУ я ўбачыла фотаздымак ваенных гадоў: зусім маладая і вельмі прыгожая дзяўчына ў ваеннай форме разам з аднапалчанамі. А вось подпіс пад фотаздымкам: «КАВАНЦАВА Галіна Міхайлаўна, — камандзір узвода лётнага палка». Шчыра кажучы, я была здзіўлена. Як гэтая зусім юная дзяўчына магла камандаваць узводам? Хутка з’явіліся і іншыя пытанні, якія не давалі спакою.

— Галіна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра сваё франтавое жыццё.

— Вялікая Айчынная — гэта наш боль. Я зазнала гора разам са сваім народам. У рады Чырвонай Арміі мабілізавалася ў пачатку красавіка 1942 года. Пачала службу як радавы баец, прыняла прысягу 15 ліпеня ў штабе 3‑й дывізіі Варонежска‑Барысаглебскага дывізіёна ПВА. Мы адступалі пад бесперапыннымі бамбёжкамі. Гарэў Варонеж. Я выконвала работу над картамі перадыслакацыі часцей з выездам на перадавую. Немагчыма перадаць словамі ўсе страты, цяжкасці палявых умоў. І калі ў мяне пытаюцца пра вайну, я не магу многа гаварыць: у маёй свядомасці суцэльная чарната. Хто не прайшоў фронт, таму гэтага не зразумець. Астатняе — словы. У канцы 1942 года сталі адбіраць дзяўчат для ваеннага вучылішча з мэтай падрыхтаваць камандзіраў і тэхнікаў. Я атрымала накіраванне ў Пушкінскае ваеннае вучылішча паветранага выяўлення і сувязі, якое рыхтавала афіцэраў па новай радыёлакацыйнай тэхніцы. У сакавіку 1944 года пачалася баявая служба ў авіяцыйнам палку,які меў ужо баявыя традыцыі,званне гвардзейскага. Полк складалі цудоўныя лётчыкі‑афіцэры,камандзіры, інжынеры і тэхнікі,салдаты. Да слова, склад палка і ўзвода быў мужчынскі, ды і дывізіі таксама. Уявіце сабе, я была адзіным афіцэрам‑дзяўчынай. А гэта,скажу вам, вельмі няпроста.

— Галіна Міхайлаўна, калі Вы сталі камандзірам узвода?

— У чэрвені 1944 года. Да мяне ім камандаваў лейтэнант Павел Дунаеў. Пры разгортванні станцыі ў раёне Полацка ў в.Задзвінне ён быў цяжка паранены. І мне прыйшлося ўзяць камандаванне на сябе. Ва ўзводзе пастаянна знаходзілася 25—27 чалавек — усе мужчыны ва ўзросце 18—40 гадоў. Датэрмінова атрымала званне лейтэнанта. Засталася ў кадрах арміі і пасля вайны. У канцы 1944 года атрымала першую баявую ўзнагароду — медаль «За баявыя заслугі». Не дажылі да Перамогі многія лётчыкі дывізіі. Некаторыя фотаздымкі і памяць пра іх я захоўваю да гэтага часу з невыносным пачуццём болю, якое нельга выказаць.

— Галіна Міхайлаўна, канешне, вайна — не жаночая справа. Аднак як ваенная служба бачыцца жаночымі вачыма?

— Скажу коратка: тут галоўнае — цвёрдасць маральных прынцыпаў, ураўнаважанасць і адказнасць. Мой гонар, да таго ж, аберагалі тысячы мужчынскіх вачэй. Я не магла дазволіць сабе нічога лішняга. Усё ваеннае і грамадзянскае жыццё мяне суправаджала слова «мужнасць». Якое я, між іншым, не люблю.

— А як склалася Ваша пасляваеннае жыццё?

— Зноў пачала вучобу на стацыянары ў Мінскім педагагічным інстытуце на гістарычным факультэце. Была пакінута ў аспірантуры па спецыяльнасці «Гісторыя Беларусі», датэрмінова абараніла дысертацыю. Працавала дацэнтам, загадчыкам кафедры на працягу 11 гадоў.

— Доўгіх і плённых Вам гадоў жыцця, паважаная Галіна Міхайлаўна, шчасця і моцнага здароўя. І нізкі паклон за цудоўнае веснавое свята Перамогі.

Рыма КРЫВАБОК


18 сакавіка 2010 года, №4 (1071)

М. К. СЦЕПАНЕНКАЎ: «ГАЛОЎНАЕ — КАБ ПРАЦА ПРЫНОСІЛА КАРЫСЦЬ»

15_500x667Ёсць людзі, у характары якіх дзіўным чынам спалучаюцца, з аднаго боку, мужнасць, настойлівасць і вытрымка, а з другога — жыццярадаснасць, спагадлівасць і жартаўлівасць. Да гэтай кагорты адносіцца і доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі Мікалай Капітонавіч Сцепаненкаў. У час Вялікай Айчыннай ён быў партызанам, падрыўніком, мінёрам і снайперам, атрымаў два цяжкія раненні, адно з якіх ледзь не спыніла жыццё гэтага смелага чалавека. Але ваенныя нягоды не пазбавілі былога франтавіка аптымізму і ўмення радавацца самым простым рэчам. Так, нашу размову ён пачаў не з успамінаў пра баявыя дзеянні, а з аповеду пра тое, як аднойчы злавіў на Балтыйскім моры 25 судакоў…
Апошні бой — складаны самы
А між тым у гады ваеннага ліхалецця Мікалай Капітонавіч не раз балансаваў на мяжы жыцця і смерці. Не злічыць усіх баёў і дыверсійных падрыўных аперацый. Але, як спяваецца ў песні, апошні бой самы складаны, таму, відаць, пакідае ў памяці найбольш трывалы след. З таго моманту прайшло шэсцьдзесят пяць гадоў, а здаецца, быццам было ўчора…
— Партызанскія злучэнні былі аб’яднаны з 3-м Беларускім фронтам, у складзе якога я, радавы артылерыйскай батарэі, прайшоў ад ракі Бярэзіны да Пілау. Памятаю, як пасля чатырох дзён штурма Кёнігзберга горад нарэшце быў узяты. Нашай радасці не было межаў: нам здавалася, што вайне канец. Але пасля непрацяглага перапынку войскі з баямі рушылі на разгром немцаў у бок Пілау. На вузкім паўвостраве была сканцэнтравана вялізная варожая групоўка, і кожны адваяваны кіламетр даваўся нам надзвычай складана. Праз тыдзень баёў у нашай батарэі застаўся ўкамплектаваным разлік толькі адной пушкі. Аднойчы, пасля чарговага залпу снарадаў, пушку добра-такі засыпала пяском і камандзір загадаў мне яе пачысціць. Спусціўшыся па траншэі на бераг, я ўбачыў двух забітых салдат. Як былы снайпер, адразу зразумеў, што страляў мой «калега». Пасля паглядзеў у бок мора і ўбачыў, што сярод хваляў гайдаецца нейкі прадмет — як аказалася, гэта быў нямецкі снайпер і карэкціроўшчык. Я папрасіў у камандзіра дазвол на тое, каб расстраляць мішэнь, але мне было адмоўлена. Мы сталі вяртацца ва ўкрыцце, і ў гэты момант у наш бок паляцелі рэактыўныя снарады. Я не паспеў схавацца, і раптам мяне так стукнула па пазваночніку, што я выпрастаўся і ўпаў нерухомы. З двума асколкамі ў целе мяне адвезлі ў палявы шпіталь.
Як гартавалася сталь
Змагацца з ворагам няпроста, але часам бывае яшчэ складаней перамагчы самога сябе. Мікалаю Капітонавічу не раз удавалася і гэта. Незвычайная вытрымка і цярплівасць спатрэбіліся яму ў шпіталі. Хворым з раненнем брушной поласці нельга было на працягу дзесяці дзён піць — уявіце, як можна вытрымаць такую смагу! Многія пакутавалі на кашаль, а кашляць таксама было забаронена — гэта магло каштаваць жыцця. Тут было як на фронце: загадалі, што нельга, значыць — нельга. І ў гэтым змаганні Мікалай Капітонавіч аказаўся пераможцам: сіла волі і прага жыцця аказаліся мацнейшымі нават за інваліднасць. Пасля Перамогі будучы прафесар яшчэ на працягу трох гадоў штодзённа сутыкаўся з небяспекай: працаваў сапёрам, разам з прызыўнікамі знаходзіў і абясшкоджваў міны. Тут як ніколі былі патрэбныя арганізаванасць, карпатлівасць і асцярожнасць. Аднак загартаванаму ваенным жыццём франтавіку гэтых якасцей было не пазычаць.
«Правільная» педагогіка
Патрэба вучыцца праявілася ў М.К. Сцепаненкава яшчэ ў раннім дзяцінстве. Старэйшы брат не дазваляў малому Міколцы браць свае падручнікі, таму даводзілася ўначы цішком выцягваць з торбачкі яго кніжкі і сшыткі. Паступова навучыўся разбіраць і пісаць літары. «У майго бацькі была вялізная кніга «Матэрыялы партыйных з’ездаў і канферэнцый» — вось такі быў мой першы буквар,— успамінае Мікалай Капітонавіч. — Шлях у школу праходзіў па цаліне, таму пераадолець гэтыя тры кіламетры можна было толькі ў бацькавых валёнках. Дзеці смяяліся з майго абутку, а настаўніца гаварыла: «Вы не на валёнкі глядзіце, а на тое, як добра хлопец вучыцца». «Правільная» педагогіка маіх настаўнікаў, іх падтрымка сталі для мяне яшчэ адным стымулам здабываць веды. І я вучыўся на адны пяцёркі… Пасля вайны на працягу трох гадоў займаўся самастойна і вырашыў здаць экстэрнам дзесяць экзаменаў за курс сярэдняй школы. Дзеля такога рэдкага выпадку на іспыты прыехаў нават інспектар аблана».
Пазней М.К. Сцепаненкаў скончыў Смаленскі педінстытут і працаваў дырэктарам сярэдняй школы. Ён успамінае, як выкладчык па гісторыі педагогікі ацаніў яго адказ у тры балы. Гэты, здавалася б, прыкры выпадак адыграў важную ролю ў лёсе будучага акадэміка. «Я вырашыў даказаць, што ведаю прадмет на «выдатна», і таму заканспектаваў усе першакрыніцы. Гэта дапамагло мне паступіць у аспірантуру Дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.І. Герцэна ў Санкт-Пецярбурзе (зараз — Расійскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя А.І. Герцэна), дзе быў конкурс 13 чалавек на месца».
З 1974 года і па сённяшні дзень Мікалай Капітонавіч працуе ў нашай alma mater. За свой доўгі век ён дапамог станаўленню немалой колькасці кандыдатаў і дактароў навук. Сярод яго вядомых выпускнікоў — Міністр адукацыі А.М. Радзькоў, дэкан факультэта педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта В.П. Таранцей, першы прарэктар Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна Г.М. Сендзер, дактары навук з Польшчы, кандыдаты навук з Кубы, В’етнама, Сірыі. У М.К. Сцепаненкава больш за дзве сотні друкаваных работ, і ніводная з іх не напісана «для ліку». Самае галоўнае — каб праца прыносіла сапраўдную карысць. Усё сваё жыццё ён кіруецца такім прынцыпам, і ў гэтым, як мне здаецца, заключаецца самая мудрая філасофія жыцця.

Вераніка Мандзік


4 сакавіка 2010 года, №3 (1070)

ФЁДАР ІВАШЧАНКА: «ЖЫЦЬ ТРЭБА ТАК, БЫЦЦАМ СМЕРЦІ НЕ ІСНУЕ!»

16_500x667Нельга абмінуць свой лёс, сваё сапраўднае прызванне. І Фёдар Іванавіч ІВАШЧАНКА не стаў выключэннем з гэтага правіла. Выдатны педагог, доктар псіхалагічных навук, прафесар прайшоў Вялікую Айчынную, ваяваў у складзе палка авіяцыі далёкага дзеяння, зрабіў шмат паспяховых баявых вылетаў. А ў мірны час аддаў сваё сэрца педагогіцы… Гэта чалавек, у якім удала спалучаюцца выдатны вучоны і таленавіты, мудры педагог. Да яго часта звяртаюцца па дапамогу не толькі студэнты, але і калегі па працы. Напярэдадні юбілею гэты легендарны чалавек падзяліўся з карэспандэнтам «Н» успамінамі пра свой шлях у прафесію і даў некаторыя карысныя парады студэнтам.

— Фёдар Іванавіч! Раскажыце, калі ласка, як Вы прыйшлі ў педагогіку?

— Я пачаў зусім з іншай спецыяльнасці: у 1938 годзе паступіў у Бібліятэчны інстытут у Харкаве, што на Украіне, і правучыўся 3 гады. Але вайна ўнесла свае карэктывы. Навучанне я заканчваў ужо на факультэце рускай мовы і літаратуры Нальчыцкага педагагічнага інстытута.

Падчас вайны служыў збройнікам, а пазней мяне накіравалі ў аператыўны аддзел штаба 3-га гвардзейскага Смаленска-Бранскага Чырванасцяжнага палка авіяцыі дальняга дзеяння. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у школе пры Дзіцячай працоўнай выхаваўчай калоніі МУС ва Уладзікаўказе. Выкладаў рускую мову і літаратуру, нямецкую мову. Працаваць з выхаванцамі гэтай установы было няпроста…

— Як удавалася наладжваць зносіны?

— У многім мне дапамог вопыт Макаранкі — я зачытваўся працамі гэтага выдатнага педагога, вывучаў тонкія псіхалагічныя нюансы. Гэта дазволіла мне лепш зразумець псіхалогію дзяцей. Аднак без промахаў у рабоце ўсё ж не абыходзілася — ведаў не хапала.

Тады я вырашыў паступаць у аспірантуру пры Інстытуце псіхалогіі АПН РСФСР. Вучоба ў такіх майстроў псіхалогіі, як А.М. Лявонцьеў, А.А. Смірноў, Б.М. Цяплоў, Л.І. Бажовіч, А.Р. Лурыя дазволіла мне абагульніць вопыт работы з беспрытульнікамі, узбагаціць яго эксперыментальна атрыманымі фактамі і паспяхова абараніць ў 1952 г. кандыдацкую дысертацыю. Затым выкладаў у Стаўрапольскім педагагічным інстытуце, праводзіў даследаванні на базе вучнёўскіх вытворчых брыгад. Мне давялося распрацаваць некалькі арыгінальных методык, выявіць асаблівасці фарміравання даследчыцкіх уменняў у навучэнцаў. Гэтыя вынікі былі апублікаваны ў манаграфіі, навізна і навуковая значнасць якой былі адзначаны прэміяй імя К.Д. Ушынскага.

— З якога часу Ваш лёс звязаны з БДПУ?

— У сакавіку 1973 г. я абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Псіхалогія працоўнай дзейнасці старэйшых школьнікаў», а ў наступным прыступіў да працы на пасадзе загадчыка кафедры псіхалогіі МДПІ імя А.М. Горкага. З таго часу маё жыццё цесна звязана з педагагічным універсітэтам. Я ганаруся тым, што сеяў разумнае, добрае і вечнае ў душах студэнтаў, перажыў разам з імі хвіліны натхнення. І зараз вельмі задаволены, што займаюся любімай справай. Сапраўды, БДПУ для мяне — другі дом.

— Фёдар Іванавіч, не сакрэт, што некаторыя студэнты баяцца ісці на педагагічную практыку. Падкажыце, калі ласка, як справіцца з гэтай праблемай?

— Я лічу, што студэнтам трэба чытаць поўны курс педагагічнай псіхалогіі. Яна ўтрымлівае шмат навуковых звестак пра тое, як фарміраваць станоўчую матывацыю да навучання, як эфектыўна выкарыстоўваць псіхалагічныя веды ў працэсе навучання і выхавання ў розныя ўзроставыя перыяды, як дапамагаць вучням фарміраваць і рэалізоўваць праграмы самавыхавання, якія кампетэнцыі павінны быць сфарміраваны ў настаўніка. Не апошнюю ролю ў працэсе падрыхтоўкі студэнтаў да прафесійнай дзейнасці адыгрывае распрацоўка курсавых і, асабліва, дыпломных праектаў. Я сваім выхаванцам заўсёды раю браць маладаследаваныя тэмы па псіхалогіі выхавання, бо лічу, што калі вы будзеце ведаць, як навучыць вучня здабываць веды, то ў самастойнай працы ў вас усё атрымаецца.

— Гэта значыць, самаўдасканаленне павышае самаацэнку…

— Так. Студэнты, якія арыентаваны на асобаснае ўдасканаленне і прафесійнае майстэрства, актыўна імкнуцца пашыраць свае веды і ўменні. Тыя, хто наведваў мой аўтарскі спецкурс «Метадалогія навуковага даследавання», пайшлі вучыцца далей — у магістратуру і аспірантуру. Яны пераканаліся, што навука — гэта цікава.

— Ваш жыццёвы дэвіз.

— Жыць трэба так, быццам смерці не існуе!

Наталія ПЯТРОЎСКАЯ

P.S. У Дзень абаронцаў Айчыны кафедра псіхалогіі арганізавала семінар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэня прафесара Ф.І. Івашчанка. Калегі з ВНУ сталіцы прыйшлі павіншаваць юбіляра і разам з ім абмеркаваць актуальныя пытанні псіхалогіі выхавання.


18 лютага 2010 года, №2 (1069)

ЖЫЦЦЁ, НЕПАДУЛАДНАЕ ЧАСУ

17_500x667Цяжка прамаўляць гэтае балюча-пакутлівае слова «быў». Цяжка мірыцца з ім у адносінах да Міхася Станіслававіча Яўневіча. Як не любіў ён дзеясловы прошлага часу! Заўсёды імкнуўся апярэдзіць гадзіну, месяц, год, каб многае паспець у навуцы, у выкладчыцкай працы, у сям’і. Доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны настаўнік Беларусі, выдатнік народнай асветы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Запаветнымі словамі ягонай душы сталі словы беларускай мовы, даследаванню якой ён прысвяціў усё сваё жыццё. У гэтым былі ягоная радасць і натхненне.

Гады дзяцінства Міхася Станіслававіча прайшлі ў вёсцы Кліны Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Прырода навакольных мясцін заўсёды захапляла хлопчыка, а яшчэ ён чуйна ўслухоўваўся ў матчыны песні, у гаворку бацькоў. Часам нараджаліся ўласныя паэтычныя радкі на роднай мове, прысвечаныя хараству Радзімы. Столькі хацелася зрабіць, пра столькі сказаць! Пасля школы Міхась Станіслававіч вучыўся на літаратурным факультэце Магілёўскага настаўніцкага інстытута. На жаль, пачалася Вялікая Айчынная вайна, таму інстытут давялося скончыць толькі ў 1945 годзе. Ветэран Вялікай Айчыннай, М.С.Яўневіч ніколі не выкрэсліваў з памяці бясконцыя выпрабаванні тых жахлівых дзён, калі штохвілю экзаменаваўся на мужнасць.

Пасля вайны была вучоба на стацыянары і завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Закончыўшы яго, Міхась Станіслававіч працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, дырэктарам Радчыцкай школы на Століншчыне, а пазней — завучам і дырэктарам у школах Валожына і Барысава. Як знайсці падыход да няўрымслівай дзіцячай душы, як навучыць чалавечнасці, як правільна правесці ўрокі — з такімі пытаннямі настаўнікі пастаянна звярталіся да Міхася Станіслававіча. І ён заўсёды дапамагаў, раіў, падтрымліваў.

Жаданне глыбей спазнаваць Слова прывяло М.С.Яўневіча ў аспірантуру кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Адразу пасля заканчэння аспірантуры, у 1956 годзе, Міхась Станіслававіч паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, і з гэтага часу яго лёс быў назаўсёды звязаны з вышэйшай школай. Менавіта нашаму педагагічнаму універсітэту М.С.Яўневіч аддаў усе свае сілы, веды і здольнасці. Менавіта тут назапашваўся матэрыял для доктарскай дысертацыі, якую Міхась Станіслававіч абараніў у 1981 годзе.

Многія настаўнікі школ, ліцэяў і каледжаў Рэспублікі Беларусь па сённяшні дзень памятаюць заняткі Міхася Станіслававіча, захоўваюць ягоныя падручнікі, па якіх больш за трыццаць гадоў школьнікі Беларусі вывучалі родную мову.

А колькі было зроблена М.С.Яўневічам для студэнтаў-філолагаў ВНУ! Гэта шматлікія вучэбныя праграмы, падручнікі, дапаможнікі. Бывала, дапазна заседжваўся на кафедры, каб яшчэ раз зверыць напісанае, выправіць створанае, каб адкрыць у Слове новыя сэнсавыя і эмацыйныя мажлівасці. Здавалася б, адкуль браліся сілы? А яны — ад прагі працаваць, даследаваць, вывучаць беларускую мову і даносіць яе да кожнага студэнта.

Пакінуць Слова… Пакінуць памяць… Прафесар М.С.Яўневіч шмат увагі аддаваў падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў па беларускім мовазнаўстве. Пад ягоным кіраўніцтвам аспіранты паспяхова абаранялі кандыдацкія дысертацыі па розных аспектах беларускага мовазнаўства. Дыпломы кандыдатаў філалагічных навук падпісваліся Міхасём Станіслававічам і як старшынёй Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый пры нашым універсітэце.

Слова не памірае. Асабліва калі яно — ад сэрца. Шчырага, самаадданага. Больш за дзесяць гадоў Міхась Станіслававіч загадваў кафедрай беларускага мовазнаўства. І свой родны педагагічны універсітэт, сваю кафедру лічыў вялікай каштоўнасцю ў жыцці.

Міхась Станіслававіч быў… Асобай рознабаковай і творчай. Ёсць… У сваіх шматлікіх навуковых працах. Будзе… У вечнай памяці вучняў, студэнтаў і калег-выкладчыкаў.

Таццяна СТАРАСЦЕНКА