Гасцёўня

 

7 сакавіка 2017 года № 3 (1191)

Аляксандра Герасiменя: «ЗАЎСЁДЫ МОЖНА I ТРЭБА ЗНАХОДЗIЦЬ СВАЮ ДАРОГУ»

БДПУ, нягледзячы на свой педагагічны профіль, а можа і дзякуючы яму, вельмі спартыўны ўніверсітэт. На стадыёне, у спартыўных і трэнажорных залах, басейне амаль што ў рэжыме non-stop праходзяць вучэбныя заняткі, трэніроўкі, спаборніцтвы. Тут можна сустрэць і аматараў – прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, і прафесійных спартсменаў, і нават спадара рэктара, які лічыць, што найлепшая форма адпачынку – гэта рух.

12345678І паколькі БДПУ – гэта тэрыторыя здароўя, то і гасцямі ўніверсітэта становяцца вядомыя ў свеце спорту асобы: бронзавая медалістка Алімпійскіх гульняў 2012 г. па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына, адзінаццаціразовы залаты прызёр Паралімпійскіх гульняў па плаванні Ігар Бокій, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па веласпорце Наталля Цылінская, чэмпіён алімпіяды ў Манрэалі Уладзімір Камінскі і многія іншыя.

Таму вельмі арганічным і чаканым стаў прыход у БДПУ на сустрэчу са студэнтамі яшчэ адной зоркі беларускага спорту – двухразовай віцэ-чэмпіёнкі Алімпійскіх гульняў 2012 г., бронзавай прызёркі Алімпійскіх гульняў 2016 г., уладальніцы залатых узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы Аляксандры ГЕРАСІМЕНІ.

У плаванне яна прыйшла дастаткова позна – у 4-м класе, таму ў сваёй узроставай групе напачатку была аўтсайдарам і нават не дапускалася да ўдзелу ў спаборніцтвах. Аднак хутка дагнала аднагодкаў, бо з маленства, па словах Аляксандры, яна была гіперадказным працаголікам.

Зорная госця адразу ж абвергла распаўсюджанае меркаванне пра тое, што плаванне з’яўляецца манатонным відам спорту: «Вы нават не ўяўляеце, колькі задач павінен вырашыць спартсмен, пакуль плыве ад борціка да борціка! Канешне, на трэніроўках мы адточваем тэхніку, каб у працэсе барацьбы думаць ужо толькі пра тактыку. І калі ў мяне няма сіл выйсці з басейна, я шчаслівая, бо на крок стала бліжэй да мэты». Таму на наступнае пытанне, ці праўда, што ў аснове ўсіх дасягненняў і перамог ляжыць нястомная праца, Аляксандра адказала так: «Здавалася б, спартсмен прапусціў толькі адну трэніроўку, – а на справе ён ужо тым самым прайграў саперніку. З цягам часу прыходзіць усведамленне таго, што працуеш не для трэнера ці бацькоў, а дзеля сябе самой, сваёй асабістай мэты. Нават калі трэнера няма ў басейне – выкладваешся на сто працэнтаў. Фарміраванне характару пачынаецца з дзяцінства, калі штодня ў 6.40 павінна быць „на вадзе“ і ў поўную сілу выконваць загады трэнера. Так што, як бы дзіўна гэта ні прагучала, спартсмену даводзіцца найперш перамагаць сябе, а потым ужо – саперніка».

На пытанне, чым адрозніваецца алімпіяда ад іншых спаборніцтваў, Аляксандра адказала, што непаўторнай атмасферай. Прыязджаюць наймацнейшыя прадстаўнікі розных відаў спорту, а не толькі плыўцы, як, напрыклад, на чэмпіянаты. Яны жывуць побач у алімпійскай вёсцы, якая прыстасавана для трэніровак і адпачынку, дзе можна пакатацца на веласіпедзе і ў тэніс згуляць, а ўвечары яшчэ і песні паспяваць. Плюс збіраюцца тысячы балельшчыкаў – ні з чым не параўнальнае грандыёзнае відовішча! Ды і ў саміх спартсменаў з’яўляецца рэдкая магчымасць падтрымаць з трыбуны сваіх сяброў па камандзе. «Я была на трох алімпіядах – у Пекіне, Лондане і Рыа-дэ-Жанейра. Скажу шчыра: гэта сапраўдны маленькі рай на Зямлі!»

Закранула Аляксандра і праблему падрыхтоўкі беларускіх плыўцоў. На жаль, у невялікіх гарадах недастаткова трэнерскіх кадраў, якія б не толькі навучылі дзяцей плаваць, а і вывелі іх на ўзровень майстра спорту. «Канешне, гэта не панацэя, але часам я прымаю заяўкі на правядзенне бясплатных майстар-класаў для дзяцей ва ўзросце ад 5–6 да 15–16 гадоў. Вось ужо год функцыянуе „Клуб Аляксандры Герасімені“, трэнеры якога таксама дапамагаюць рэалізавацца здольным юніёрам – будучым плыўцам, пяціборцам, лёгкаатлетам».

Калі прагучала пытанне, ці ёсць у госці талісман або спецыяльны рытуал перад адказным выступленнем, Аляксандра сказала:

– Звычайна перад заплывам фарбую пазногці – і тое дзеля таго, каб зняць напружанне, абстрагавацца. Талісманаў не заводжу. Мала таго, што ў мяне самым неверагодным чынам знікаюць рэчы, дык я сама чалавек, які час ад часу недзе «губляецца». Аднак я ўпэўнена, што кожнаму з нас заўсёды можна і трэба знаходзіць сваю дарогу.

Вось толькі ў студэнтаў і выкладчыкаў, якія прысутнічалі на сустрэчы са знакамітай спартсменкай, склалася ўстойлівае перакананне, што Аляксандра – якраз з тых людзей, якія дакладна ведаюць, куды крочаць і дзе іх сапраўднае месца.

Пасля пазітыўнага дыялогу з залай Аляксандра Герасіменя знайшла час, каб раздаць аўтографы і сфатаграфавацца са сваімі прыхільнікамі. Застаецца дадаць, што ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы стаў факультэт пачатковай адукацыі, а яго дэкан Наталля Уладзіміраўна Ждановіч цудоўна справілася з роляй мадэратара.


 

14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)

Іван Паўлаў: «КАЛІ Я ЗДЫМАЮ – Я ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК»

Правядзенне майстар-класа «Некалькі сакрэтаў кінавытворчасці» для студэнтаў БДПУ ініцыявала медыялабараторыя ЦРІТ. Яго ўдзельнікамі сталі каля 50 танкаўцаў, якія любяць кіно, спрабуюць нешта здымаць або маюць такое жаданне. Рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Іван ПАЎЛАЎ падтрымаў іх у гэтым пачынанні і падзяліўся сваімі прафесійнымі знаходкамі. А затым адказаў на пытанні карэспандэнта «Н».

img_1201– Рэжысёр і рэжысёр-пастаноўшчык – гэта адна і тая ж прафесія?

– Розныя. Рэжысёр-пастаноўшчык – гэта чалавек, які «будуе» кадр і ўвогуле адказвае за ўсё, што адбываецца на здымачнай пляцоўцы. Мы, вобразна кажучы, нібыта капітаны карабля.

– Абстрактны рэжысёр-пастаноўшчык у вашым уяўленні – гэта мужчына або жанчына?

– Гэта як запытаць у авіятараў: колькі ў іх экіпажаў з пілотам-жанчынай. Я лічу, што наша прафесія цяжкая як у маральным, так і ў фізічным плане. Уявіце сітуацыю, калі 50–60 чалавек на здымачнай пляцоўцы залежаць ад цябе і чакаюць твайго рашэння. Думаю, больш лагічна, калі на месцы рэжысёра-пастаноўшчыка будзе прадстаўнік моцнага полу. Канешне, ёсць і жаночае кіно. Яно існуе і развіваецца незалежна ад таго, хто і як да яго ставіцца.

– Вы скончылі Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысёр ігравога кіно» (майстэрня народнага артыста СССР Віктара Турава). У мінулым месяцы адбыліся вечар памяці і адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар 80-годдзя кінарэжысёра. Скажыце, калі ласка, якім Настаўнікам ён быў.

– Віктар Тураў сказаў мне некалькі вельмі важных рэчаў, якія я спачатку прыняў на веру, а пазней пераканаўся ў яго праваце. Першае: на пляцоўцы самы галоўны чалавек – гэта акцёр. Мне падаецца, гэтаксама як і ва ўніверсітэце галоўная асоба – студэнт. Калі яго няма, дык і выкладчык не патрэбен. А другая ісціна заключалася ў тым, што трэба здымаць кіно пра каханне. І пра любоў таксама.

– Вы з лёгкасцю адгукнуліся на просьбу аб правядзенні майстар-класа для студэнтаў БДПУ. Ці ёсць у Вас вопыт выкладчыцкай дзейнасці?

img_1205– Маю толькі вопыт выступленняў перад гледачамі. Аднак, калі ўсё складзецца добра, пачну яго набываць у якасці выкладчыка кінашколы, якая ў хуткім часе адкрыецца пры Саюзе кінематаграфістаў.

– Ці ёсць у Вас любімыя акцёры?

– Люблю ўсіх акцёраў, якія здымаюцца ў маіх фільмах. Аднак амаль нікога не запрашаю ў наступны праект. Мне падабаецца рабіць адкрыцці ў людзях, мяняць акцёрскія амплуа. Увогуле падабаецца эксперыментаваць.

– Якія эмоцыі Вы адчуваеце падчас прэм’еры свайго фільма?

– З-за таго, што апошнім часам здымаем пераважна тэлевізійныя фільмы, у кінематографе згубілася такая важная падзея, як прэм’ера. Цяпер мы рэдка бачым рэакцыю гледача на той або іншы кадр. Раней я проста слухаў залу і па яе рэакцыі здагадваўся, што ўдалося, а што – не. На жаль, эфект жывой адваротнай сувязі згублены.

– БДПУ стварае ўсе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу студэнтаў. Акрамя таго, ва ўніверсітэце лічаць, што «рабіць любую справу трэба з веданнем справы». Таму мы рады, што рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў адгукнуўся на наша запрашэнне. Тым больш, што атрыманыя веды дапамогуць будучым настаўнікам у арганізацыі пазашкольнай дзейнасці з вучнямі.

– Сапраўды, сёння здымаць кіно могуць усе, хто мае мабільнік – гэта значыць, практычна кожны. Аднак пачаткоўцу спачатку трэба вырашыць, для каго прызначаецца будучы фільм. Калі для самога сябе – гэта адна справа. Калі для масавага гледача, то першыя крокі ў кінематографе пажадана рабіць з дапамогай прафесіянала. Можна, канешне, бавіць час і самастойна вынаходзіць кола. Аднак, калі хочаш хутчэй даехаць, лепш слухаць і вучыцца. Кіно, у адрозненне ад жывапісу, не індывідуальны від мастацтва. Тут нельга сказаць: «А я так бачу…».

– У рабоце над стварэннем фільма, нават кароткаметражнага, удзельнічае цэлы калектыў прафесіяналаў – сцэнарысты, аператары… Ці змаглі б Вы дапамагчы маладым і таленавітым студэнтамаматарам – пасадзейнічаць у арганізацыі для іх майстар-класаў з удзелам Вашых калег па кінастудыі?

– Канешне. Па акцёрскім майстэрстве папрацаваць са студэнтамі, думаю, пагодзіцца Віктар Васільеў – старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, па аператарскім – Віктар Бандаровіч і Вячаслаў Дунаеў, па сцэнарным – Аляксандр Дзем’янкоў. Абяцаю сваё садзеянне ў якасці пасрэдніка, з вялікім задавальненнем завітаю да вас і сам. Бачыў агеньчыкі ў вачах студэнтаў, зацікаўленыя і натхнёныя твары. Буду рады, калі інтарэс будучых педагогаў да мастацтва кіно не скончыцца пасля дэбюту ў студэнцкім конкурсе.

– Дарэчы, як бы Вы вызначылі жанр, у якім належыць працаваць канкурсантам?

– Жанр кожны можа абраць па ўласным гусце. Аднак трэба памятаць, што ўсё ў кінематографе падпарадкоўваецца законам драматургіі: завязка, кульмінацыя, развязка. Нават калі здымаецца гісторыя працягласцю ў адну хвіліну.

– Пасля завяршэння майстар-класа студэнты задавалі Вам пытанні. На якое з іх Вам было цікавей за ўсё адказваць?

– Было адно, паўпрафесійнае… «Што Вы робіце, калі трэба здымаць масавыя сцэны з вялікай колькасцю людзей?» Я адказаў, што ў залежнасці ад бюджэту я плачуV або плаVчу. Імкнуся знаходзіць выйсце з сітуацыі ў залежнасці ад таго, што павінна быць у кадры.

– Вы ніколі не шкадавалі, што звязалі сваё жыццё з кіно?

– Не шкадаваў. Нас на курсе вучылася 12 чалавек, а ў прафесіі засталіся толькі трое. Калі жыццё прымушала, і таксаваў, і на будоўлі працаваў, аднак пра кіно думаў заўсёды. Калі я здымаю – я шчаслівы чалавек.

P. S. Пасля заканчэння майстар-класа студэнты падзяліліся з карэспандэнтам «Н» сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства і выказалі просьбу арганізаваць для іх новыя сустрэчы з прафесіяналамі беларускай кінаіндустрыі.
Верамейчык Вікторыя (ФСПТ): «Гэта было крута! Такі харызматычны чалавек. Мы нібыта пабылі на здымачнай пляцоўцы! Ён зарадзіў нас сваёй энергіяй. Цяпер я ведаю, якім павінен быць сапраўдны рэжысёр-пастаноўшчык!».
Зялюткін Яўген (ФЭА): «Хацелася б і ў далейшым наведваць такія майстар-класы, бо ніякія кнігі не заменяць жывых стасункаў».


23 кастрычніка 2014 года, № 15 (1150)

СУСТРЭЧА З САПРАЎДНЫМ ТАЛЕНТАМ

У госці да студэнтаў 5-га курса матэматычнага факультэта 9 кастрычніка завітаў дзіцячы пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду Уладзімір Ліпскі. Яго кнігі – сапраўдны духоўны скарб, педагагічныя ўрокі выхавання. Многія творы пісьменніка інсцэніраваны, гучалі па радыё, ажылі ў тэлеперадачах. За кнігі «Вясёлая азбука» і «Падкідыш» Уладзімір Ліпскі ўзнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра.

1_500x417

Сустрэча пачалася з душэўнага аповеду госця пра сваё дзяцінства. Пісьменнік нарадзіўся на Палессі за год да вайны. Ён быў познім шостым дзіцём. У тыя цяжкія часы на ўсю вялікую сям’ю ежы не хапала, аднак бацькі шмат працавалі, каб выгадаваць дзяцей і выратаваць сям’ю. А зараз у нашай рэспубліцы 30 тысяч дзяцей-сірот, з іх 90% – пры жывых бацьках… Гэта нагода задумацца. Уладзімір Ліпскі вельмі ўдзячны сваім бацькам за іх любоў, у знак павагі прысвяціў ім кнігу.

Ёсць у пісьменніка вельмі цікавая кніга пад назвай «Усе мы радня». Гэта зборнік апавяданняў і аповесцяў, выдадзены ў 2010 г. Пісьменнік задумаўся над тым, а хто ж такія Ліпскія? Аўтар пачаў шукаць у архівах звесткі пра сваякоў і прыйшоў да высновы, што ўсе мы нейкім чынам звязаны адзін з адным: нехта больш блізка, хтосьці крыху далей, аднак усе мы – родныя!

Завяршылася сустрэча цудоўнай прапановай ад госця: Уладзімір Ліпскі запрасіў усё шаноўнае студэнцтва да сябе ў рэдакцыю часопіса «Вясёлка».

Марына АЛЯКСЕЕВА, магістрантка


8 мая 2014 года, № 7 (1142)

СУСТРЭЧА, ШТО ПАДАРЫЛА НАТХНЕННЕ

Як шмат сярод нас цікавых, творчых, неардынарных людзей! У чарговы раз студэнты і выкладчыкі БДПУ маглі ўпэўніцца ў гэтым 18 красавіка падчас сустрэчы з паэтэсай, аўтарам эстрадных песень, сцэнарыстам, рэжысёрам анімацыйнага і гульнёвага кіно Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аленай Віктараўнай ТУРАВАЙ. Размова адбывалася ва ўтульнай камернай абстаноўцы «тэатральнай пяцісоткі». Мы з задавальненнем слухалі і назіралі, натхняліся і суперажывалі….

2_500x387

Госця акрэсліла асноўныя вехі сваёй творчай біяграфіі, расказала пра бацьку – вядомага рэжысёра Віктара Турава, прадэманстравала цікавыя працы ў галіне мультыплікацыі і гульнёвага кіно, прачытала вершы. Паэтычныя творы «Кроплі абсэнту», «Папяровы месяц» (дарэчы, гэты верш стаў тэкстам песні ў выкананні Лікі Ялінскай, цяпер вядомай як Анжаліка Агурбаш), балада «Каціна каханне» не маглі пакінуць абыякавымі рознаўзроставую аўдыторыю слухачоў. Прымусіла прысутных задумацца і паразважаць дэбютная работа Алены Туравай – мультыплікацыйны фільм для дарослых «Ілюзіён», адзначаны гран-пры на фестывалі ў Казахстане.

Неаднаразовы лаўрэат і прызёр дзіцячых кінафестываляў, член Саюза кінематаграфістаў расказала, як нараджаецца анімацыйнае і гульнёвае кіно, як праходзяць здымкі, наглядна прадэманстравала, якую руплівую і філігранную працу даводзіцца ажыццяўляць стваральнікам камп’ютарнай графікі і анімацыйных эфектаў.

Радасныя ноткі дзяцінства падаравалі ўрыўкі з паўнаметражнага гульнёвага фільма «Навагоднія прыгоды ў ліпені», прымусіў пахвалявацца «Кіндарвілейскі прывід», захапіў анонс да працы «Рыжык у Залюстроўі».

Прысутнічаць на такіх сустрэчах заўсёды цікава. Гэта натхняе, дае імпульс да творчасці, прыадчыняе заслону таямнічага і неадназначнага свету мастацтва.

Вольга ЛАЗАРАВА, выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства


10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

ТАЯМНІЦЫ ЗАКУЛІССЯ, АБО “ЦІ ЛЮБІЦЕ ВЫ ТЭАТР, ЯК ЛЮБЛЮ ЯГО Я?”

Атрымліваючы асалоду ад выдатнай ігры акцёраў, мы рэдка задумваемся над тым, якая вялікая праца ляжыць за адным цудоўным вечарам – адным спектаклем. А між тым гэта намаганні многіх людзей – артыстаў, харэографа, мастакоў па грыме і па касцюмах, кампазітара, рэжысёра-пастаноўшчыка… Мы рэдка паглыбляемся ў загадкавы свет закулісся. Гэта таямніца, даступная нямногім. Нядаўна студэнтам БДПУ пашчасціла далучыцца да вузкага кола абраных: 25 сакавіка ў сценах нашай аlma mater адбылася творчая сустрэча з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валянцінай ЕРАНЬКОВАЙ. Мерапрыемства ў рамках праекта БДПУ “Залаты Віцязь” мела шырокі рэзананс – актавая зала ўніверсітэта ледзь змясціла ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва.

На сустрэчу Валянціна Рыгораўна прыйшла са сваім мужам – кампазітарам Аляксеем Ераньковым. Разам яны адказвалі на шматлікія пытанні студэнтаў, дзяліліся сваім творчым вопытам. Тэатральных рэжысёраў-жанчын у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі: традыцыйна гэтая прафесія лічыцца мужчынскай. Аднак для тых, хто хоць аднойчы бачыў спектакль Валянціны Рыгораўны, няма патрэбы апісваць усю сілу і магутнасць яе творчага генію. Хутка В. Еранькова адзначыць 65-годдзе. Свайго ўзросту рэжысёр не хавае, таму што і фізічна, і душэўна адчувае сябе значна маладзейшай. Яна з гумарам ставіцца да пытанняў і пра ўзрост, і пра складанасці “мужчынскай” прафесіі. А яе запатрабаванасці і ў тэатральных колах, і сярод гледачоў могуць пазайздросціць нават маладыя. Асабліва ўразіла і парадавала атмасфера, якая панавала ў зале падчас сустрэчы: натуральнасць, шчырасць, лёгкі гумар… Члены трупы аднаго з лепшых тэатраў сталіцы трымалі сябе са студэнтамі проста і адкрыта.

– Прафесія рэжысёра – доля моцных духам людзей, – Валянціна Рыгораўна ўсміхалася, распавядаючы пра любімую справу. – Але я ніколі не лічыла яе выключна мужчынскай. Мой выбар не быў спантанным, я свядома вырашыла скончыць кар’еру актрысы і пайсці ў рэжысуру. Ніводнага разу пра гэта не пашкадавала. А справіцца з усімі цяжкасцямі абранага шляху мне дапамагае сям’я – муж і дачка, а таксама, вядома ж, артысты трупы.

– У тэатры мы адно цэлае. Наш калектыў – гэта не проста калегі, сябры, таварышы; гэта сям’я. Нам жа пашанцавала яшчэ больш: мы разам і дома, і на працы, – Аляксей Мікалаевіч працягваў думку жонкі. – А тэатр – гэта бег. Спыніцца проста немагчыма. Магчыма толькі перавесці дыханне на бягу.

Адным з апошніх пытанняў, адрасаваных Валянціне Рыгораўне, было смелае і адначасова простае: “Вы шчаслівы чалавек?” Адказ на яго быў такі ж просты: “Безумоўна. Хаця б таму, што я так люблю жыць!

На пазітыўнай ноце творчая пара развіталася з універсітэтам: пакінула аўтографы, сфатаграфавалася з жадаючымі і запрасіла на свае спектаклі — “Злоўлены сеткай”, “Дзівакі”, “Леў зімой”, “Утаймаванне свавольнай”, “Жаніхі”, “Эсфір”… Выбірайце на свой густ і далучайцеся да кагорты аматараў тэатральнага мастацтва!

Наталля ТАЎГЕНЬ


27 сакавiка 2014 года, № 4 (1139)

«КАСМІЧНЫ» ГОСЦЬ БДПУ

Прыемны сюрпрыз выкладчыкам і студэнтам БДПУ падрыхтаваў рэктарат: 12 сакавіка ў канферэнц-зале адбылася сустрэча з нашым суайчыннікам, касманаўтам, камандзірам 33/34-й экспедыцыі на МКС Алегам Віктаравічам Навіцкім. Госць аказаўся цікавым расказчыкам, адкрытым і шчырым чалавекам, простым у зносінах, таму мерапрыемства прайшло ў нязмушанай атмасферы, прысутныя змаглі даведацца шмат падрабязнасцей «касмічнага» жыцця.

3_500x361

Мала хто ведае, што Алег Навіцкі нарадзіўся ў г. Чэрвені Мінскай вобласці, дзе па гэты дзень жыве яго мама Валянціна Эдуардаўна, а ў сталіцы працуюць родныя брат і сястра. Дарэчы, у сярэдняй школе № 2 горада Чэрвеня, дзе з 1979 па 1988 г. вучыўся будучы палкоўнік авіяцыі, адкрыты музей, прысвечаны выпускніку-касманаўту. Першымі яго экспанатамі сталі сцяжок з гербам горада, які ў якасці талісмана ён узяў з сабой на арбіту, а таксама шлем і пальчаткі ад скафандра.

Наш паважаны зямляк распавёў аўдыторыі пра свой шлях ад курсанта лётнага вучылішча да касманаўта, камандзіра экіпажа. Жывы і эмацыйны расказ госць дапоўніў прэзентацыяй са шматлікімі відэа- і фотаматэрыяламі, у тым ліку і зробленымі на міжнароднай касмічнай станцыі. Парашутная падрыхтоўка, курс выжывання ў экстрэмальных умовах, касмадром «Байканур», заняткі спортам на МКС, неверагодныя выявы Зямлі з космасу – усё гэта стала яркай ілюстрацый да слоў Алега Навіцкага.

4_500x372

Пасля заканчэння падрыхтоўкі касманаўт спачатку стаў камандзірам дубліруючага складу міжпланетнай экспедыцыі, а неўзабаве – і асноўнага. У кастрычніку 2012 г. ён упершыню змог убачыць планету Зямля праз ілюмінатар МКС.

Экіпаж Навіцкага правёў на арбіце амаль 5 месяцаў – 144 дні. На працягу гэтага тэрміну Алег Віктаравіч займаўся навуковымі эксперыментамі і абслугоўваннем карабля, аднак у вольныя хвіліны ўсё ж знаходзіў час на адно з любімых захапленняў – фатаграфаванне.

5_500x332

Пасля прэзентацыі Алег Віктаравіч з гатоўнасцю адказаў на пытанні аўдыторыі, якіх аказалася нямала. Тычыліся яны ў асноўным быту на станцыі. Зацікавілі прысутных таксама традыцыі і прыкметы касманаўтаў. Госць пацвердзіў, што ўсе яны дакладна выконваюцца. Напрыклад, абавязковым перад стартам з’яўляецца прагляд фільма рэжысёра У. Я. Матыля «Белае сонца пустыні».

Першы прарэктар А. І. Андарала пацікавіўся, якія планы ў Навіцкага пасля завяршэння кар’еры касманаўта, і прапанаваў яму пасаду выкладчыка нашага ўніверсітэта: «Вы маглі б вучыць студэнтаў і стаць камандзірам нашых зорных атрадаў». Госць паабяцаў падумаць над прапановай і паведаміць пра сваё рашэнне

У прысутных склалася ўражанне пра Алега Навіцкага як чалавека жыццярадаснага, з выдатным пачуццём гумару, гатовага да новых стартаў, якія, дарэчы, плануюцца пасля 2016 г. Ганаровы госць пакінуў запіс у Памятнай кнізе, наведаў універсітэцкі планетарый. Па ўсім было відаць, што касманаўту спадабалася сустрэча, ён паабяцаў яшчэ не раз зазірнуць да нас у госці. Пасля невялікай фотасесіі ён развітаўся з БДПУ, пакінуўшы ва ўсіх нас адчуванне дакранання да цуда.

Елісей БАРАНАЎ, студэнт факультэта прыродазнаўства


16 студзеня 2014 года, № 1 (1136)

«ПАЧЫНАЕЦЦА ЎСЁ З ЛЮБОВІ…»

Факультэт беларускай і рускай філалогіі традыцыйна адзначае юбілеі і круглыя даты нашых знакамітых пісьменнікаў літаратурнымі вечарынамі і іншымі мерапрыемствамі. Адна з такіх імпрэз, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц, адбылася напрыканцы мінулага года. Ініцыятарам літаратурнай гасцёўні стала дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Н.В. Заяц, а арганізавалі мерапрыемства студэнты 402-й групы. Ва ўтульнай аўдыторыі № 382 сабраліся аматары творчасці «палескай ластаўкі»: выкладчыкі, студэнты і маладыя паэты.

6_500x354

Урачыстае адкрыццё імпрэзы распачалося вершам Я. Янішчыц «Ты пакліч мяне. Пазаві…» у пранікнёным выкананні Ксеніі Грудкоўскай. Дзякуючы прэзентацыі, падрыхтаванай Ганнай Кіслушчанкай і Ксеніяй Піўневай, прысутныя ўзгадалі цікавыя факты з жыцця паэтэсы. Наталля Кашлач і Святлана Маслава прадставілі ўвазе ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства відэафрагмент дэкламацыі верша «Вячэрнія радкі» студэнтамі-філолагамі.

Увогуле, паэтычнае слова Яўгеніі Янішчыц – лірычнае, шчымлівае, глыбокае – было ў цэнтры ўвагі прыхільнікаў яе творчасці. Падчас мерапрыемства ўсе жадаючыя атрымалі магчымасць прачытаць любімыя творы пісьменніцы. А ў выкананні Карыны Пацко нават прагучалі песні, напісаныя на вершы паэтэсы. Вельмі дарэчы прыйшлася і выстава кніг Я. Янішчыц.

Сваё майстэрства прысутным прадэманстравала маладая, але таленавітая студэнтка Святлана Кукуць. Асобна хочацца адзначыць, што ў якасці ганаровай госці была запрошана загадчыца аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Ірына Чарняўская. Яна парадавала нас цудоўнымі вершамі, а таксама падзялілася некаторымі сакрэтамі напісання сваіх твораў.

Мерапрыемства, што праходзіла ў нязмушанай цёплай атмасферы, дазволіла нам яшчэ раз узгадаць творчую спадчыну знакамітай пісьменніцы, адзначыць яе важкі ўнёсак у айчынную літаратуру, атрымаць асалоду ад судакранання з высокім паэтычным мастацтвам. Радкі Я. Янішчыц «Пачынаецца ўсё з любві, Нават самая простая ява» ўжо сталі крылатымі. А пацвярджэнне іх актуальнасці – наша імпрэза, з’яўленню якой паспрыяла таксама любоў – любоў да паэзіі

Вікторыя ГАБРУСЕВІЧ, студэнтка 402-й групы ФБіРФ


30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)

НЕЗВЫЧАЙНАЯ ГАСЦЁЎНЯ

Што аб’ядноўвае нас, студэнтаў і выкладчыкаў матфака? Вядома ж, шчырая зацікаўленасць і любоў да галоўнай навукі нашага жыцця. Мы знаходзім сапраўднае задавальненне ў спазнанні ўсё новых і новых яе таямніц, у рашэнні самых складаных задач і галаваломак. І адбываецца гэты працэс не толькі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, але і за іх межамі. Так, у інтэрнаце № 8 БДПУ мы правялі матэматычную гасцёўню «Матэматыка вакол нас».

7_500x719

Студэнты-арганізатары старанна рыхтаваліся, праяўлялі сваю фантазію і творчасць. Узнікла мора ідэй, як прадставіць матэматыку з розных бакоў. Мы праявілі максімум самастойнасці, аднак гэта не азначае, што нас пусцілі ў вольнае плаванне. Каб студэнцкі карабель не збіўся з курсу, яго ўвесь час накіроўвала старшы выкладчык Людміла Леанідаўна Тухолка.

Матэматычная гасцёўня па сваёй атмасферы нагадвала свецкі раўт: у зале гучала джазавая музыка, усе ўдзельнікі мерапрыемства былі святочна апрануты, гасцей частавалі пячэннем у форме лічбаў і матэматычных знакаў, працавала інтэлектуальнае казіно… Засумаваць проста не было магчымасці: столькі цікавых і разнапланавых конкурсаў і творчых нумароў падрыхтавалі арганізатары! Дарэчы, на ўваходзе кожны з гасцей атрымаў уласны нумар, дзякуючы чаму ўсе прысутныя паўдзельнічалі ў самых розных інтэлектуальных спаборніцтвах. Вядучыя выцягвалі з мяшэчка бочачкі з нумарамі, і выпадак вырашаў, хто ў якім конкурсе будзе прымаць удзел.

Пачалося мерапрыемства з тэатралізаванай віктарыны «Хто б гэта мог быць?», падчас якой дзяўчаты паказвалі кур’ёзныя выпадкі з жыцця матэматыкаў, а гледачы называлі імёны вучоных. Адбылося шмат інтэлектуальных конкурсаў, разнастайных па форме і тэматыцы: «Жывыя задачы», гульня «Ці верыце вы, што…», «Адзін супраць усіх», «Шэрлак Холмс і чорная скрыня», віктарына «Жанчыны ў матэматыцы». У шоу «Інтуіцыя» патрабавалася суаднесці імёны нашых выкладчыкаў з падзеямі з іх жыцця. Актуальныя праблемы навукі раскрылі інсцэніроўкі «Матэматыка ў школе ўчора, сёння і заўтра», «Навука ў жыцці». Запомніліся матэматычныя фокусы, ілюзіі і нават рэп. «Разынкай» вечара стала відэавіктарына «Задачы ад выкладчыкаў», у якой прагучалі пытанні ад рэктара БДПУ і дэкана матэматычнага факультэта. Асаблівыя ўражанні пакінуў танец «Аптычная ілюзія».

Напрыканцы мерапрыемства былі падве-дзены вынікі працы інтэлектуальнага казіно, узнагароджаны пераможцы.

Асаблівасць мерапрыемства заключалася ў тым, што мы, студэнты, былі гасцямі і гаспадарамі адначасова. Гэта яшчэ больш аб’яднала нас. Шмат сіл і намаганняў было прыкладзена, каб усё атрымалася. І не дарма: мы выдатна правялі час і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што матэматыка – самая лепшая з навук!

Ганна ГУЛІЦКАЯ, студэнтка 404-й групы матэматычнага факультэта


9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)

НАТХНІЦЬ. ЗДЗІВІЦЬ. ЗАЧАРАВАЦЬ

Творчая сустрэча рэжысёра-пастаноўшчыка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Барыса Іванавіча Луцэнкі са студэнтамі БДПУ адбылася ў сценах нашай alma mater 25 кастрычніка. Прызнацца, да гэтага асабіста мне ніколі не даводзілася прысутнічаць на падобных мерапрыемствах, тым больш з удзелам такога вядомага і заслужанага чалавека, вядучага рэжысёра, які паставіў на сцэнах нашай краіны і за мяжой больш за сто спектакляў

Завітаўшы ў залу, я быў крыху здзіўлены: перад намі стаяў звычайны чалавек, якіх мы часта сустракаем у паўсядзённым жыцці. Проста апрануты, сівавалосы, з адкрытым светлым поглядам… Усведамленне значнасці гэтай унікальнай асобы прыйшло да мяне пазней, пасля прагляду аўтабіяграфічнага фільма «Споведзь акцёра». Толькі тады я зразумеў ролю творчасці Барыса Луцэнкі для грамадства, для кожнага з нас. Госць распавядаў нам і пра сваё дзяцінства ды юнацтва, і пра мару стаць акцёрам, і пра тое, як трапіў у тэатр, стаў рэжысёрам, і пра спектаклі, якія ставіў… Мне асабліва запала ў душу ідэя «Тэатра пад купаламі», бо пакуль мы маладыя, мы нават не задумваемся над тым, што будзе пасля.

Пасля прагляду фільма студэнтам была прадастаўлена ўнікальная магчымасць задаць Барысу Іванавічу свае пытанні і пагутарыць на розныя тэмы, якія хвалююць кожнага з нас: пра жыццё, вучобу, творчасць, каханне… Многім запомнілася выказванне госця: «Самае страшнае злачынства, якое можа здзейсніць чалавек, – забіць каханне».

Я ніколі не лічыў сябе аматарам тэатральнага мастацтва, але пасля знаёмства з гэтым вялікім чалавекам у мяне з’явілася жаданне не толькі глядзець спектаклі, але і нават запісацца ва ўніверсітэцкі тэатральны калектыў. Хто ведае, магчыма, ува мне таксама хаваецца талент акцёра або рэжысёра…

Барыс ІВАНІСАЎ, студэнт 14-й групы факультэта прыродазнаўства


9 лістапада 2012 года, № 14 (1115)

ПУЦЯВІНАМІ ЖЫЦЦЯ МАКСІМА ТАНКА

У першы дзень лістапада народны літаратурны тэатр «Жывое слова» аднавіў Клуб творчых дыялогаў, які не збіраўся ўжо больш за 5 гадоў. Сімвалічна, што пасяджэнне Клуба было прысвечана 100-годдзю Максіма Танка, якое наш універсітэт з годнасцю працягвае святкаваць. На сустрэчу з паэзіяй класіка мы запрасілі кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Анатоля Вераб’я, аўтара шматлікіх навуковых прац, звязаных з жыццём і творчасцю юбіляра, сярод якіх – манаграфія «Максім Танк і польская літаратура».

Анатоль Верабей – часты госць на разнастайных канферэнцыях БДПУ, і ў «Жывое слова» ён нярэдка завітваў. Гэтым разам яго ўразіла праграма, падрыхтаваная артыстамі тэатра. Ён лічыць, што ў «жываслоўцаў» атрымалася паказаць новага Танка, адрознага ад таго, што мы ведаем па школьных падручніках. Пераважала філасофская паэзія. Дзякуючы шырокаму ўжыванню антытэзы і аксюмарана ў апошніх зборніках Максім Танк стварае фігуры кантрасту, супрацьпастаўляе з’явы рэчаіснасці, задае вечныя філасофскія пытанні пра жыццё і смерць, дабро і зло, вайну і мір і г. д. Увогуле, Максім Танк – шматгранны паэт, які дазваляе чытачам і натхніцца змагарскай паэзіяй, і атрымаць асалоду ад інтымнай лірыкі, і пранікнуцца болем вайны…

Анатоль Леанідавіч расказаў пра свае сустрэчы з Яўгенам Іванавічам Скурко, паказаў фотаздымкі, кнігі з аўтографамі. Нам цікава было даведацца, што Максім Танк заўсёды прасіў не ўжываць адносна яго слоў «знакаміты», «вядомы», «вялікі» і інш.

«Жываслоўцы» падрыхтаваліся да сустрэчы, таму яна аказалася зусім не сумнай, як гэта часам бывае на літаратурных вечарынах. У тэатралаў з БДПУ знайшлося шмат пытанняў да госця, які лічыць, што беларусы мала чытаюць і паэтычныя вечарыны могуць быць разлічаны толькі на элітарную аўдыторыю. Разам з даследчыкам удзельнікі мерапрыемства прасачылі амаль усё жыццё Максіма Танка. Імпрэза была знітавана з вершаў паэта, некаторыя з якіх пакладзены на музыку «жываслоўцамі». Прагучаў аўдыёзапіс голасу класіка, былі зачытаны літаратурныя дзённікі Максіма Танка, якія выйшлі ў новым зборы твораў. Нездарма вечарына называлася «Пуцявінамі жыцця Максіма Танка», бо тэма шляху заўжды прысутнічае ў танкаўскай паэзіі, а дарог ён прайшоў нямала:

Каб лягчэй было ў дарозе,

Трэба на ўсіх указальніках

Замест кіламетраў

Напісаць:

«Ідзіце!

Не аглядайцеся,

Бо жыццё яшчэ

Перад вамі».

На развітанне госць адзначыў: «Мяне заўсёды здзіўляла, чаму няма даследчыка танкаўскай паэзіі з БДПУ? Спадзяюся, што сярод юнакоў і дзяўчат з «Жывога слова» знойдуцца і тыя, каго Максім Танк натхніць на грунтоўныя навуковыя працы». Анатоль Верабей паабяцаў наведаць і наступную канцэртную праграму, якая адбудзецца 29 лістапада а 19-й гадзіне ў 500-й аўдыторыі другога корпуса і будзе называцца «Атрасіны». Гэта традыцыйная штогадовая вечарына ўласнай творчасці. Уваход на яе будзе вольны, і «Жывое слова» рада запрасіць студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ.

Алесь МОЙСКІ


12 красавiка 2012 года, № 5 (1106)

УЛАДЗІМІР САВІЦКІ: «ТЭАТР – ГЭТА САМО ЖЫЦЦЁ»

Для кожнага творцы – і прафесіянала, і аматара – важна ўдасканальвацца, расці ў сваім майстэрстве. Для гэтага трэба заўсёды раўняцца на лепшых, на вопытных і дасведчаных калег. І студэнтам нашага ўніверсітэта прадастаўляецца такая магчымасць. Так, 5 красавіка ў сценах БДПУ адбылася творчая сустрэча рэжысёра Тэатра юнага гледача Уладзіміра Савіцкага з удзельнікамі творчых калектываў БДПУ.

Мерапрыемства прайшло ў форме сяброўскай гутаркі. Любы жадаючы мог задаць пытанне, якое яго цікавіць, і атрымаць разгорнуты адказ. Сустрэча доўжылася ўсяго гадзіну, але нават за гэты час мы паспелі абмеркаваць далёка не адну тэму. У тым ліку закранулі і такое глабальнае пытанне: ці патрэбен сёння тэатр? Адказ быў адназначны: «Калі тэатр будзе працаваць са сваім гледачом, то і жыць таксама будзе!».

Не абышлі госця і асабістыя пытанні. Высветлілася, што нічым, акрамя абранай прафесіі, Уладзімір Канстанцінавіч займацца не можа. Па яго словах, тэатр – гэта само жыццё. А ў барацьбе з творчым крызісам беларускаму рэжысёру дапамагае добрая кніга. Што да «чужых» пастановак, то іх ён ацэньвае прафесійным вокам: «Калі разумею, што сам магу зрабіць не горш, то мне становіцца нецікава. У адваротным жа выпадку – атрымліваю сапраўдную асалоду ад прагляду». Дарэчы, апошні спектакль, які па-сапраўднаму «зачапіў» Уладзіміра Савіцкага – гэта «Жаніцьба» паводле М. В. Гогаля, зрэжысіраваны Маркам Захаравым.

Адказваючы на пытанне, які новы спектакль хутка ўбачаць юныя гледачы, наш госць спаслаўся на акцёрскія прыкметы і тым самым толькі распаліў інтарэс. Так што нам застаецца з нецярплівасцю чакаць цікавых прэм’ер у сценах ТЮГа і не менш цікавых і карысных сустрэч у БДПУ!

Карына ПАЦКО, студэнтка 2-га курса факультэта беларускай і рускай філалогіі


30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

НАС АБ’ЯДНАЎ МАСКОЎСКІ РАЁН

Сёння госць «Н» – начальнік аддзела культуры адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ 1996 г. А.А. Бялоў. А нагодай для размовы паслужыла падрыхтоўка да святкавання 35-годдзя раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца наш універсітэт.

– Андрэй Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва, якое склалася паміж адміністрацыяй Маскоўскага раёна і БДПУ.

– Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка – вядучая педагагічная ВНУ рэспублікі, і мяне радуе, што мы не толькі суседзі, але і калегі: наша плённае супрацоўніцтва доўжыцца ўжо шмат гадоў. Прыемна адчуваць у гэтым зацікаўленасць і ініцыятыўнасць абодвух бакоў. Для мяне як начальніка аддзела культуры асабліва заўважна ўзаемадзеянне ў сферы творчасці. БДПУ заўсёды быў багаты на таленты, пра што сведчаць шматлікія перамогі студэнтаў-танкаўцаў у шэрагу праектаў Маскоўскага раёна. Пацвярджэнне гэтаму – чарговы фестываль патрыятычнай песні, які нарадзіўся, дарэчы, у сценах нашай alma mater. Сёлета адразу два прадстаўнікі педуніверсітэта – Іван Собалеў і Анастасія Луцко – сталі яго лаўрэатамі і будуць прадстаўляць Маскоўскі раён на гарадскім конкурсе патрыятычнай песні. Аддзел культуры ладзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы. Гэта і традыцыйны фальклорны фэст «Край беларускі, край самабытны», і фестываль тэатральнага мастацтва, і праект «Неа-тапёр» (сучаснае асэнсаванне нямога кіно), і каляндарныя святы. У многіх з іх студэнты БДПУ – чаканыя госці і ўдзельнікі. Папулярнасцю ў гледачоў таксама карыстаюцца конкурсы фотаработ, на адным з якіх, дарэчы, першае месца заняў Аляксей Веснячок, сёння ўжо выпускнік БДПУ.

Не застаюцца ўбаку будучыя настаўнікі і ад спартыўнага жыцця Маскоўскага раёна. Мы рэгулярна праводзім зімовыя выязныя спартакіяды, у якіх спаборнічаюць каманды прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, традыцыйныя летнія турзлёты, дзе педуніверсітэт прымае актыўны ўдзел. Прыемна, што ў розныя гады студэнты-танкаўцы трапляюць у лік лепшых. Асобна варта адзначыць работу тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны БДПУ. Менавіта яна ў многім забяспечвае парадак на канцэртных пляцоўках падчас правядзення масавых раённых і гарадскіх мерапрыемстваў. Такая дапамога вельмі важная.

8_500x667

– Як вядома, на тэрыторыі Маскоўскага раёна знаходзяцца яшчэ тры ўстановы вышэйшай адукацыі…

– Так. Сёння, калі мы ацэньваем творчыя праекты тэрытарыяльна нашых ВНУ, то бачым відавочнае творчае саперніцтва паміж імі. Студэнцкі клуб БДПУ – гэта вельмі моцная каманда са сваімі традыцыямі, з багатым вопытам работы, вялікім творчым патэнцыялам. І, дарэчы, са значнай колькасцю клубных фарміраванняў, дзевяць з якіх маюць званні народных і ўзорных. Натуральна, такіх «зорак» мы заўсёды рады бачыць і часта запрашаем у якасці ўдзельнікаў на самыя разнастайныя раённыя акцыі і канцэрты.

– Як Вы лічыце, чым вызначаецца сённяшняе студэнцтва?

– Сучасная моладзь вельмі развітая. Выпускнікам мінулага стагоддзя, напэўна, цяжка было б скласці ёй канкурэнцыю ў плане дасведчанасці, інфармаванасці. Ды і магчымасці ў яе большыя. Сваю задачу я бачу ў тым, каб своечасова заўважыць талент, паспрыяць яго развіццю і, што вельмі важна, пры гэтым даць магчымасць маладым людзям выйсці на якасна новы ўзровень. Працаваць са студэнтамі заўсёды прыемна і адказна адначасова: яны тонка адчуваюць нашу падтрымку і клопат. Мы заўсёды імкнёмся скіраваць іх да развіцця і пакарэння ўсё больш і больш высокіх творчых вяршыняў.

– Раскажыце, калі ласка, якія мерапрыемствы прымеркаваны да 35-годдзя раёна.

– І напярэдадні юбілею, і непасрэдна ў яго дзень (8 красавіка), а таксама на працягу ўсяго 2012 г. у раёне будзе рэалізавана шмат самых розных акцый і праектаў. Дваццаць першага красавіка пройдзе раённае свята ў скверыку па праспекце Газеты «Праўда», дваццаць пятага – урачысты сход і канцэрт у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, а на наступны дзень святочныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў мікрараёне «Брылевічы». Таксама да юбілею ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы прымеркавана рэалізацыя цікавага праекта «Віртуальны музей». Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але раю ў хуткім часе завітаць на сайт ЦДБ. Вядома, стварыць добры настрой на святочных пляцоўках дапамогуць і студэнты БДПУ. Мы ніколі не выпускаем іх з поля зроку і заўсёды рады будзем бачыць не толькі ў якасці запрошаных гасцей, але ў перспектыве – і калег.

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


22 верасня 2011 года, № 11 (1095)

СТАНОЎЧЫ ПРЫКЛАД – ЛЕПШЫ ПРЫКЛАД!

Днямі па запрашэнні кафедры беларускай літаратуры і культуры да студэнтаў-філолагаў завітала ў госці выпускніца нашага ўніверсітэта (2005 г.), член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Таццяна Сівец. Нягледзячы на малады ўзрост, яна ўжо выразна заявіла пра сябе ў літаратуры, паспяхова рэалізавалася ў журналістыцы, а таму мела што расказаць будучым калегам: пачынаючым філолагам, журналістам, пісьменнікам. У прысутнасці сваіх былых выкладчыкаў малады рэдактар «маладога» беларускага часопіса сціпла папрасіла называць яе проста Таццянай і па-студэнцку шчыра адказала на ўсе пытанні.

9_500x375

Напэўна, кожны прысутны хацеў пачуць ад госці сакрэт поспеху: далёка не ўсім шчасціць за невялікі прамежак часу так удала выявіць свае здольнасці і талент у розных сферах. Шлях да поспеху Таццяны Сівец – школа, факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ, аспірантура Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, праца на радыё і, нарэшце, пасада рэдактара папулярнага часопіса. «Палову шляху вы ўжо прайшлі, скончыўшы школу і паступіўшы на філфак, – жартавала яна, звяртаючыся да студэнтаў, – засталося нямнога». Але, безумоўна, расказаць пра гэты шлях значна лягчэй, чым прайсці. Любыя дасягненні немагчымыя без цяжкай працы і поўнай самааддачы, што і даказала сваім прыкладам Таццяна.

За гадзіну з вуснаў адной госці прагучалі вершы тонкай паэтэсы, парады прафесійнага журналіста, сакрэты смелага рэдактара і пажаданні шчырага і адкрытага чалавека. Напрыканцы сустрэчы Таццяна Сівец параіла ўсім, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, не баяцца, верыць у сябе і, натуральна, прыносіць свае творы ў «Маладосць». Упэўнена, што, убачыўшы ўвачавідкі маладую, паспяховую і перспектыўную выпускніцу, студэнты стануць смялей будаваць творчыя і прафесійныя планы. Што ж, маладыя і таленавітыя, станоўчы прыклад ёсць – засталося на яго раўняцца!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


17 сакавіка 2011 года, № 3 (1087)

***

Любіць сваю Бацькаўшчыну, цаніць мірнае неба над галавой, шанаваць памяць тых, хто аддаў уласнае жыццё ў лакальных войнах і канфліктах – сапраўдны ўрок мужнасці, які атрымалі студэнты і выкладчыкі ФСПТ на сустрэчы з ветэранамі вайны ў Афганістане, членамі ГА «АІВА». Кадры дакументальнай хронікі, музейныя экспанаты, аповеды відавочцаў, аўтарскія песні ў выкананні Юрыя Бельскага, пераможцы конкурсу патрыятычнай песні, дазволілі ўсім нам усвядоміць каштоўнасць кожнага мірнага дня.

10_500x375

Прыемнай нечаканасцю для прысутных стала ўручэнне пяцікурсніцы ФСПТ, валанцёру асацыяцыі Надзеі Валошынавай медаля «За заслугі ў патрыятычным выхаванні моладзі».

Наш кар.

***

Вышэйшая адукацыя ў Ізраілі і працэс глабалізацыі» – на такую тэму перад студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ выступіла Соф’я Коцэр, каардынатар акадэмічных праграм Канцылярыі Прэм’ер-міністра Ізраіля, навуковы асістэнт Тэль-Авіўскага ўніверсітэта, лектар курсаў Адкрытага ўніверсітэта (факультэт міжнародных адносін).

11_500x333

Спадарыня Коцэр распавяла пра задачы, якія стаяць перад сістэмай вышэйшай адукацыі ў гэтай краіне. Са слоў лектара прысутныя даведаліся пра асаблівасці навучальнага працэсу ў найбольш буйных ВНУ Ізраіля, у тым ліку пра Адкрыты ўніверсітэт, дзе для абітурыентаў не існуе ўзроставых абмежаванняў: нават вучань школы пры ўмове здачы іспытаў можа атрымоўваць тут вышэйшую адукацыю. Настаўнікаў жа рыхтуюць у педагагічных каледжах, якіх у Ізраілі сёння налічваецца дваццаць чатыры.

Таццяна Бохан

***

У цэнтры літуаністыкі БДПУ адбылася сустрэча студэнтаў факультэта беларускай і рускай філалогіі з археолагамі, гісторыкамі і музыказнаўцамі – удзельнікамі літоўскай этнаграфічнай экспедыцыі.

Народная музыка, танцы, песні, звычаі Гервяцкага краю маюць і беларускія, і літоўскія карані. Увагу даследчыкаў прыцягнуў народны вясельны танец: вобразна яго можна назваць «полечка пад платочкам». Ручнік, з якім танцуюць сталыя жанчыны, – атрыбут Багіні Наканаванасці, якая павінна адмераць ад яго долю новай сям’і. Семантычна гэты абрад вельмі падобны да сучаснага беларускага, паводле якога на вяселлі б’юць посуд. А вось другі звычай, што вельмі спадабаўся прысутным, рэдка сустракаецца ў беларускай культуры. Раніцай пасля вяселля падымаецца гамана, маўляў, сват падмануў усіх прысутных: і жаніх не той, і нявеста не тая. Госці збіраюцца… вешаць хлусніка! Маладыя ж павінны выратаваць небараку.

Як заўважыў доктар Вікінтас Вяйткявічус, многія абрады транфармаваліся пад сучаснае жыццё, але гэта лепш, чым яны зніклі б наогул. Большасць людзей нават не разумее, чаму трэба выконваць тое ці іншае дзеянне, але яго важнасць адчуваецца падсвядома, на генетычным узроўні. На жаль, з кожным новым пакаленнем гэтая сувязь усё слабее. Так, у Гервятах засталося ўсяго некалькі чалавек, якія крыюць свой дах саломай. Асаблівая схема пакрыцця, замест вяроўкі выкарыстоўваецца лаза… У выніку атрымліваецца не горш за сучасныя тэхналогіі! Але ці зможа наступнае пакаленне паўтарыць гэта? Зараз важна фіксаваць кожную дэталь, бо праз дзесятак год менавіта яна можа стаць сапраўдным набыткам гісторыі.

12_500x333

Вынікі даследавання плануецца прадставіць на міжнародным міждысцыплінарным семінары, да ўдзелу ў якім запрошаны і студэнты факультэта беларускай і рускай філалогіі нашага ўніверсітэта.

Ганна БАГУМІНСКАЯ

 


27 мая 2010 года, №7 (1075)

БРАВА, ГДУ! АБО ГОМЕЛЬСКАЯ ФЕЕРЫЯ

Нядаўна дзверы БДПУ імя Максіма Танка шырока расчыніліся для гасцей — мы сустракалі выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках абмену вопытам паміж ВНУ. Ад канцэрту, які падрыхтавалі гамяльчане, усе чакалі чагосьці незвычайнага, але прадстаўленыя ў актавай зале нумары пераўзышлі самыя смелыя чаканні…

Мерапрыемства пачалося з выступлення яго ініцыятара — Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькова. Ён падкрэсліў вялікае значэнне падобных сустрэч у развіцці сферы адукацыі: яны будуць садзейнічаць не толькі абмену вопытам, але і ўзбагачэнню творчага патэнцыялу названых навучальных устаноў. Сваё слова выказалі і рэктары абедзвюх ВНУ.

Першыя хвіліны дзеяння, якое адбывалася на сцэне, хочацца без долі сумнення назваць сярэдневяковай танцавальна-тэатральна-літаратурна-феерычнай пастаноўкай. Нават не адразу прыйшло разуменне таго, што адбываецца за заслонай прыглушанага святла. Аднак больш здзівіла тое, што выступоўцы ў адным нумары здолелі адлюстраваць цэлую эпоху!

«Сказанне аб Скарыне» — гэта фрагмент тэатральна-харэаграфічнай кампазіцыі, за якую ў 2008 годзе ансамбль «Радзімічы» стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу студэнцкай творчасці «Арт-вакацыі». Рэжысёр пастаноўкі Аляксандр Лысянкоў выконваў галоўную ролю — нашага першадрукара Францыска Скарыны. І зусім не здзіўляе той факт, што глядач знаходзіўся ў стане кагнітыўнага шоку ў лепшым сэнсе гэтага слова: Скарына, выяву якога мы не раз бачылі у кнігах, апынуўся перад намі на сцэне. Задуменная поза, эмацыйная прамова, друкарскі станок, шэсце з велізарнай Бібліяй па зале… Ад праўдзівасці дзеяння па скуры пабеглі мурашкі.

Дарэчы, ансамбль «Радзімічы» завяршаў канцэртную праграму карцінай з музычна-харэаграфічнага спектакля «Палеская ваколіца». «Незвычайныя заручыны» — менавіта так называлася карціна — проста захапілі глядацкую аўдыторыю. Цікава, колькі часу спатрэбілася ўдзельнікам калектыву, каб аддыхацца пасля такіх задзірыстых танцаў? На жаль, немагчыма знайсці словы, каб зрабіць камплімент выканаўцам. Сказаць, што іх праца таленавітая, захапляльная, з удала інтэрпрэтаванымі народнымі танцамі — гэта не сказаць нічога, а проста канстатаваць факт. Нумар стаў не кропкай канцэртнага выступлення, а паставіў шэраг клічнікаў ва ўражаннях гледачоў.

Аднак паміж першым і апошнім нумарамі было шмат іншых цікавых выступленняў, пра якія хацелася б расказаць тым, хто не меў магчымасці прысутнічаць у той момант у зале.

Сваімі вакальнымі здольнасцямі гледачоў парадавала і здзівіла народная капэла «Дзянніца» пад кіраўніцтвам дырыжора Мікалая Казлова. Гэты калектыў з’яўляецца лаўрэатам Міжнародных фестывалей у Польшчы, Галандыі, Германіі. Уразіла не толькі высокая ступень прафесіяналізму ў акапэльным выкананні музычных твораў, выдатнае валоданне партытурамі, але і акцёрскія здольнасці ўдзельнікаў калектыву, уменне захапіць слухача адным толькі позіркам, які прымушае застыць у чаканні нечага незвычайнага. Рэпертуар капэлы даволі разнастайны: царкоўная музыка, народныя матывы, класічныя спевы. Сваёй харызмай, экспрэсіўнасцю прыцягвае ўвагу дырыжор капэлы Мікалай Казлоў. Па ўзмаху яго рукі «Дзянніца» адразу ж ажывае: спявае, танцуе, ператвараецца ў адзіны механізм, дзякуючы майстэрству якога трапляеш у дзівосны свет музыкі.

«Запаліла» залу выступленне лаўрэаткі Рэспубліканскага фестывалю творчасці студэнтаў замежных краін «Ф-АРТ бай» Джылды Гелашвілі, якая выканала песню «I’l survive» з рэпертуару Глорыі Гейнер. Склалася ўражанне, што на сцэне тая самая спявачка, пад песні якой некалі танцавалі і плакалі амерыканцы.

Па ўсім было відаць, што гамяльчане выкладваліся на сцэне на ўсе сто працэнтаў, каб здзівіць і парадаваць прысутных сваім майстэрствам, і гэта ў іх атрымалася. Кожны нумар, кожнае выступленне захапляла і ўражвала, было запамінальным. У верасні адбудзецца яшчэ адна сустрэча нашых універсітэтаў, толькі гаспадар і госць памяняюцца месцамі. Няма сумневу, што БДПУ ўдасца не толькі падтрымаць зададзеную планку, але і пераўзысці яе.

13_500x334

Дні ГДУ у нашым універсітэце не абмежаваліся толькі канцэртнай праграмай. Перад студэнтамі БДПУ выступілі з лекцыямі вядучыя прафесары гомельскай ВНУ: загадчык кафедры беларускай літаратуры І. Ф. Штэйнер, члены-карэспандэнты НАН Беларусі Л. А. Шамяткоў і А. М. Сердзюкоў.

Уражаннямі падзяліліся Эла ВУСІК, Святлана МАМАЙ


29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

«АКАЛДАВАНЫ» БДПУ

alt

Мерапрыемства выклікала ажыятаж, індыкатарам якога служылі натоўпы, што сабраліся ля дзвярэй. Я не быў сведкам су-стрэчы з першым касманаўтам, але калі артыст выйшаў на сцэну, магчыма, адбылося нешта падобнае: зала абрушылася сцяной апладысментаў, паўтарыўшы іх па завяршэнні фронт-трэку. Калдун вельмі камунікабельны выканаўца: адразу ўступіў у кантакт з публікай, аб’явіўшы канцэрт «хатнімі пасядзелкамі». Георгій растлумачыў, што ідэя падобных сустрэч узнікла ў яго вясной гэтага года пасля гастроляў па «сінявокай». Паўза паміж другой і трэцяй кампазіцыямі паказала, што Калдун можа трымаць публіку ў сваіх руках на сто працэнтаў: ён быў натуральны ў сваіх актыўных зносінах з залай, адкрыта расказваў пра сітуацыі з асабістага вопыту, адказваў на самыя разнастайныя запіскі. І планка была ўтрымана да самага завяршэння канцэрта. Назіраючы гэта, становіцца зразумелым, чаму артыст, акрамя іншага, працуе ў якасці вядучага. Падобны настрой, працавітасць і самааддача выклікаюць павагу, улічваючы, што Георгій знаходзіўся на сцэне ў хворым стане і часам быў вымушаны пакідаць яе, каб выпіць кубачак гарбаты. Гэтыя паўзы паспяхова запаўнялі музыканты групы «Hush», выконваючы інструменталы, каверы і ўласныя песні. Рэпертуар Калдуна ў большасці сваёй складаўся з рамантычных, шчымлівых кампазіцый. Гэта цяжка было суаднесці з ашаламляльным пачуццём гумару, якое дэманстравалі артысты на сцэне, прычым у рэчышчы самаіроніі.Адпачыўшы хвілін 10—12, Георгій Калдун ва ўсё тым жа рэжыме вольнага кантакту пагаварыў з карэспандэнтам «Н» пра сваё педагагічнае мінулае і сёння. Так, спявак расказаў, што час, які ён правёў некалі ў якасці школьнага настаўніка, стаў для яго станоўчым вопытам, пасля якога засталіся, несумненна, добрыя ўспаміны і моцныя эмоцыі. На пытанне пра педагагічны сакрэт Калдуна-старэйшага Георгій сціпла адказаў: «Я не так доўга працаваў у школе, каб фармуліраваць рэцэпты паспяховага настаўніка і тым больш агучваць іх насельніцтву БДПУ. Па-мойму, ёсць два тыпы педагогаў: настаўнікі і ўрокадаўцы. Каб не апынуцца ў шэрагу другіх, трэба любіць сваю прафесію, што і рабілі заўсёды мае бацькі, якія ўсё жыццё працавалі школьнымі настаўнікамі». У канцы гутаркі спявак і ўсё ж наш калега павіншаваў педагагічны універсітэт з 95-годдзем, пажадаў нашым студэнтам часцей сустракаць на сваім шляху «моцных» і таленавітых выкладчыкаў, а таксама дадаў: «Набывайце болей сапраўдных, карысных у будучым ведаў. І правядзіце час ва універсітэце так, каб ён застаўся ў вашай памяці максімальна насычаным, цікавым і пазітыўным!»P. S. Георгій Калдун, як і абяцаў у час канцэрта, выйшаў да нашых студэнтаў, сваіх слухачоў, на самы адкрыты кантакт, якога ён зусім не баіцца і не пазбягае. Я ж, праходзячы па дажджлівых і халодных вуліцах вячэрняй сталіцы, быў сагрэты хвалямі чароўнай атмасферы, якую стварыў наш госць.Не паспела яшчэ актавая зала астыць ад учарашняга (праект «З восені ў лета»), як на яе зноў перакулілі цэбар кіпячага мастацтва. 22 кастрычніка госцем педагагічнага універсітэта стаў Георгій КАЛДУН, які павіншаваў нас з 95-годдзем alma mater. У нашых пенатах Калдун-старэйшы апынуўся невыпадкова. Ён таксама педагог: у 1997 годзе атрымаў чырвоны дыплом БДУ і працаваў некалькі гадоў па спецыяльнасці — настаўнікам геаграфіі. Акрамя таго, ужо з дзесятак гадоў адзін месяц спявак праводзіць у летніку ў якасці важатага. Сёлета Георгій Аляксандравіч, як называюць яго дзеці, таксама «правёў» змену. Аднак гэта не перашка¬джае яго дзейнасці на музычнай ніве: Калдун працягвае даваць канцэрты і выпускае студыйны альбом. Дыск з яго запісамі вы можаце знайсці і праслухаць у любы час, а вось канцэрт — справа унікальная, пра яго гаворка і пойдзе.

АЛЯКСЕЙ Н. КАВАЛЕНКА