Выхаванне: традыцыі, інавацыі

14 красавіка 2017 года, № 5 (1193)

СЯМ’Я – КАШТОЎНАСЦЬ МІЖНАРОДНАЯ

«Усе мы родам з дзяцінства», і менавіта ад сям’і ў першую чаргу залежыць, якім будзе наша станаўленне, наша развіццё. Разуменне выключнай ролі сямейнага выхавання ў фарміраванні асобы падштурхнула выкладчыкаў факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій да стварэння студэнцкага клуба «Сям’я» ў рамках рэалізацыі сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». Яго задачы простыя і адначасова вельмі важныя: сцвярджэнне сямейных каштоўнасцей, фарміраванне ў будучых педагогаў адказных адносін да шлюбу… Адзін са спосабаў іх вырашэння – пашырэнне ўяўленняў студэнтаў аб сямейна-бытавых традыцыях сусветнай культуры. Гэтай тэме было прысвечана чарговае пасяджэнне клуба – «Сямейныя традыцыі ў культурах свету».

Сям'я

У Рэсурсным цэнтры сацыяльна-педагагічных тэхналогій сабраліся студэнты, магістранты і стажоры з Германіі, Карэі, Кітая, Расіі, Туркменістана, якія вучацца ў БДПУ і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. Прысутныя расказалі пра традыцыі народаў розных краін, абмяняліся думкамі наконт важнасці сямейных стасункаў для гарманічнага развіцця асобы. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанне: ці можна спалучаць штодзённыя клопаты з прафесійнай і творчай самарэалізацыяй, актыўным грамадскім жыццём? Ксенія Бухгольц і Рэната Гусман з Берлінскага ўніверсітэта перакананы ў тым, што спачатку трэба стаць на ногі – атрымаць адукацыю, зацвердзіцца ў сацыяльным статусе, а потым ужо ўступаць у адказны шлюб. А студэнцкая сямейная пара з Туркменістана Айнур Пудакова і Ыхлас Канябаеў – бацькі двух дзяцей – на ўласным прыкладзе прадэманстравалі супрацьлеглы падыход да ўдалага спалучэння сямейных радасцей і паспяховай кар’еры. Упэўненасць у тым, што галоўнае ў жыцці – гэта каханне і паразуменне ў сям’і, а таксама творчая самарэалізацыя ў прафесіі, выказалі музыкант Чжао Сіньянь, мастачка-каліграфіст Ван Шаофан і выкладчык мангольскага танца Чжан Ананцзія з Кітая. Яны пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы са сваімі надзіва прыгожымі сямейнымі альбомамі – пазнавальнымі і цікавымі прэзентацыямі сямейнага побыту і звычаяў. Пра духоўна-маральныя традыцыі, заснаваныя на хрысціянскіх каштоўнасцях, распавялі студэнткі ФСПТ Марылітоўскай дыяспары ў Гродзенскай вобласці. На іх думку, шчасце ў шлюбе залежыць не толькі ад унутрысямейных адносін, але і ад сацыяльнага служэння грамадству, імкнення зрабіць свет багацейшым духоўна.

У ходзе гутаркі высветлілася, што для туркменаў шчасце – гэта «сям’я-цытадэль», дзе муж – галава; моцны і дужы, ён цалкам бярэ на сябе адказнасць за дабрабыт яе членаў і нават не дапускае думкі пра магчымасць разводу або перапынення цяжарнасці жонкі. Кітайскае грамадства не такое катэгарычнае ў адносінах да прыватнага жыцця сваіх суайчыннікаў, аднак жыхары Паднябеснай таксама не схільныя да паводзінаў, якія вядуць да крызісу сям’і. Яны цэняць утульны дом і трывалы шлюб, заснаваны на вернасці, узаемнай павазе і падтрымцы адзін аднаго ў самарэалізацыі. Нямецкія дзяўчаты шануюць у адносінах перш за ўсё свабоду. Для расіян і літоўцаў адносіны ў сям’і – гэта духоўнае адзінства, давер і прыняцце партнёра, заснаваныя на ўзаемным каханні і сувязі пакаленняў. Такім чынам, удзельнікі гутаркі пераканаліся, што, нягледзячы на адрозненні ў культурных традыцыях і звычаях, істотнымі для сучасных маладых людзей з розных краін з’яўляюцца агульначалавечыя каштоўнасці: каханне, сям’я, шлюб, супрацоўніцтва, узаемная дапамога і павага.

У абмеркаванні актыўны ўдзел прымалі і прадстаўнікі беларускага студэнцтва – Уладзіслава Лук’янава (вядучая сустрэчы), Ларыса і Дзмітрый Крукавы, Крысціна Зубачова, Надзея Сівакова, іншыя. На традыцыйнай «Хвілінцы паэзіі» прагучалі вершы ў выкананні студэнткі 1-га курса ФСПТ Марыі Дунец.

Сям'я 2

Сустрэча маладых людзей з розных краін, арганізаваная клубам, паспрыяла ўмацаванню іх дружбы і ўзаемаразумення. На развітанне Ван Шаофан падаравала клубу «Сям’я» і Рэсурснаму цэнтру ФСПТ свае каліграфічныя карціны з надпісам па-кітайску: «Я люблю цябе, Мінск!»

Ала РУСЕЦКАЯ, кіраўнік студэнцкага Клуба «Сям’я», дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій


31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)

АРЫЕНЦІР НА ПЕДАГАГІЧНУЮ ПРАФЕСІЮ

Праблема прафесійнага самавызначэння – адна з самых актуальных для сённяшніх старшакласнікаў. Наша задача – дапамагчы ім выбраць будучую сферу дзейнасці ў адпаведнасці з асабістымі інтарэсамі, жаданнямі і здольнасцямі. Найбольш эфектыўны спосаб выяўлення і падрыхтоўкі вучняў, матываваных на педагагічную працу, заключаецца ў сістэмнай і ўзгодненай прафарыентацыйнай рабоце школ і педагагічных ВНУ.

%d0%bd%d0%b0-4_%d0%ba%d0%b0%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d1%86_%d0%b0%d1%80%d1%8b%d0%b5%d0%bd%d1%86%d1%96%d1%80

Зладжаныя сумесныя дзеянні настаўнікаў СШ № 147 і № 153 г. Мінска і выкладчыкаў кафедры педагогікі БДПУ далі свой плён. З 1 верасня гэтага года на базе СШ № 147 адкрыўся педагагічны клас, на базе СШ № 153 – педагагічная група.

Напярэдадні Дня настаўніка вучні разам з класнымі кіраўнікамі наведалі БДПУ. Дацэнт кафедры педагогікі Л. А. Казінец правяла для старшакласнікаў экскурсію па ўніверсітэце, расказала пра гістарычнае мінулае навучальнай установы, яе дасягненні на сучасным этапе, пазнаёміла з жыццёвым і творчым шляхам вядомых беларускіх вучоных, якія працавалі раней і працуюць сёння ва ўстанове адукацыі. Для будучых настаўнікаў Лідзія Аляксандраўна прачытала лекцыю на тэму «Педагагічная прафесія і яе асаблівасці».

Пасля першай сустрэчы з БДПУ школьнікі ахвотна дзяліліся ўражаннямі: «Адчуваецца, што кіраўніцтва ўніверсітэта клапоціцца пра сваіх студэнтаў». «Відаць, тут прыемна вучыцца», «Зразумела, што і педагогі любяць сваю справу…», «На лекцыі Лідзіі Аляксандраўны ўсур’ёз задумалася пра прызначэнне Настаўніка, пра ролю гэтай прафесіі ў жыцці кожнага чалавека» (Кацярына Рыжмакова, вучаніца педагагічнага класа СШ № 147). «Пагутарыўшы з вучонымі БДПУ, пераканалася, што зрабіла правільны жыццёвы выбар. Вучоба ў педагагічнай групе дапаможа глыбей пазнаёміцца з прафесіяй настаўніка, раскрыць свае здольнасці, ацаніць прыдатнасць да абранай дзейнасці» (Аляксандра Снапко, дзесяцікласніца СШ № 153).

Выказваем словы шчырай падзякі дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенку, загадчыку філіяла кафедры педагогікі Л. А. Казінец, адказнаму сакратару прыёмнай камісіі С. І. Васільцу за арганізацыю сустрэчы будучых педагогаў у БДПУ.

П. А. МЯЛАНІЧ, дырэктар СШ № 147 г. Мінска, М. І. ПАЛЯШЧУК, дырэктар СШ № 153 г. Мінска


31 кастрычніка 2016 года, № 12 (1184)

СПАСЦІГАЕМ ПРЫГОЖАЕ РАЗАМ

Сумесныя творчыя праекты студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ з вучнямі школ – адзін з дзейсных метадаў забеспячэння практыкаарыентаванай падрыхтоўкі будучых педагогаў-музыкантаў. Гэта добра разумеюць прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі, якія актыўна ўдзельнічалі ў Тыдні музыкі, што праводзіўся ДУА «Сярэдняя школа № 168 г. Мінска». Ініцыятарам гэтых сустрэч сталі дэкан факультэта І. І. Рыжыкава і дырэктар школы М. М. Восіпава.

%d0%bd%d0%b0-4_%d1%87%d0%b0%d1%80%d0%bd%d1%8f%d0%ba_3

Лекцыю-канцэрт «Карціны прыроды ў музычных гуках» для навучэнцаў 4–7 класаў падрыхтавала аўтар гэтага артыкула разам са студэнтамі групы 44а. Прагучалі інструментальныя творы для фартэпіяна, скрыпкі, гітары, акардэона і цымбалаў кампазітараў розных краін. Кожнаму папярэднічаў расказ пра эпоху і кампазітара, а таксама пра сродкі музычнай выразнасці, дзякуючы якім школьнікі, па іх словах, «сярод лета пераносіліся ў зіму, чулі звон сакавіцкага капяжу, спеў жаўрука, шум дажджу».

Для старшакласнікаў свае дзверы расчыніў лекторый «Духоўная музыка. Ад класікі да сучаснасці», падрыхтаваны сумесна кафедрай музычна-педагагічнай адукацыі і загадчыкам аддзела бібліятэкі БДПУ А. В. Белавусавай пры ўдзеле студэнтаў групы 14а. Класічная музыка адпаведным чынам уздзейнічае на слухачоў, знаходзіць водгук у глыбінях душы, фарміруе добры густ. Яе гучанне ў выкананні спевакоў, прызнаных у свеце, – Анрэа Бачэлі, Марціна Харкенса, Б’ёнс, Селін Дзіён і інш. – дапаўнялася мастацкім відэарадам: рэпрадукцыямі палотнаў Рафаэля і Тыцыяна.

Заключны акорд Тыдня музыкі – лекцыя-экскурсія для навучэнцаў «Беларуская мастацкая культура: традыцыі і сучаснасць», якую правяла выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыіН. А. Давідовіч у сценах нашага факультэта. Школьнікам у займальнай форме расказалі і паказалі работу майстэрань, дзе яны пазнаёміліся з рознымі відамі народных рамёстваў (ткацтва, кераміка, саломапляценне, вышыўка, народны строй).

%d0%bd%d0%b0-4_%d1%87%d0%b0%d1%80%d0%bd%d1%8f%d0%ba_4

Для педагогаў удзел у гэтых мерапрыемствах стаў яшчэ адной магчымасцю пашырыць межы прафарыентацыйнай работы, для студэнтаў – атрымаць практычныя навыкі лектарскага майстэрства, арганізацыі пазашкольнай працы, для вучняў – узбагаціць свае веды ў сферы музычнай культуры і дакрануцца да Прыгожага.

Здаецца, зусім нядаўна мы падводзілі вынікі мінулага навучальнага года, узгадвалі навукова-практычныя канферэнцыі і мерапрыемствы, якія ствараюць на факультэце асаблівую атмасферу творчасці, дазваляюць раскрыцца кожнаму студэнту. Новы навучальны год абяцае быць яшчэ больш цікавым і плённым. Адна са значных падзей восені – правядзенне на базе ФЭА БДПУ 26–27 кастрычніка педагагічнага форуму па эстэтычнай адукацыі. Яго галоўнай мэтай стала забеспячэнне якасці выкладання дысцыплін эстэтычнага цыкла, развіццё навукова-даследчага патэнцыялу і метадычнай культуры настаўнікаў і выкладчыкаў, стварэнне ўмоў для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі.

Валянціна ЧАРНЯК, дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі ФЭА


30 красавіка 2016 года, № 6 (1178)

ЗАЙМАЦЦА НАВУКАЙ НІКОЛІ НЕ РАНА

Адна з асаблівасцей сёлетняй Дэкады студэнцкай навукі заключаецца ў тым, што яна ахапіла ўсе ўзроўні і ступені бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Так, разам са студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымалі навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія праявілі сябе падчас навуковай алімпіяды па педагогіцы і студэнцкай на вукова-практычнай канферэнцыі. Вучні сталічнай гімназіі № 20 падзяліліся з «Н» поспехамі і ўражаннямі.

* * *

Германовіч 1

Вучоба ў педагагічным класе – гэта вельмі займальная дзейнасць, якая дазваляе кожнаму з нас выконваць розныя ролі. Сёння ты – вучань, а заўтра выступаеш у ролі настаўніка малодшых школьнікаў. Сёння табе прада стаўляецца магчымасць паўдзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі, а заўт ра – у педага гічным КВЗ. У красавіку нам, на вучэнцам педагагічных класаў, прапанавалі паўдзельнічаць у Рэспубліканскай алімпіядзе па педагогіцы на базе Беларускага дзяр жаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Я вырашыла праверыць свае магчымасці і набытыя за паўгода ў профільным класе веды па педагогіцы.

Цікава, што алімпіяда праходзіла ў форме ды станцыйнай дзелавой гульні «Сумоўе», арганізаванай у фармаце вэбінара з анлайн удзелам на вучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Прыемна, што перад пачаткам гульні нас, пераможцаў абласных этапаў алімпіяды, прывітаў рэктар БДПУ А. І. Жук. Нам неабходна было ўявіць сябе ў ролі выпускнікоў педагагічнага ўніверсітэта, якія прыйшлі на сумоўе ў школу для атрымання працоўнага месца. У сваім выступленні мы павінны былі прадэман страваць веды па педагогіцы, псіхалогіі, этыцы ўзаемаадносін.

Мне давялося прачытаць шмат літаратуры, паразважаць над крытэрыямі паспяховага настаўніка, якога хацела б бачыць у педагагічным ка лектыве школьная адміністрацыя. Рыхтуючыся да алімпіяды, я нібыта збоку назірала за сваімі педагогамі і пераконвалася зноў і зноў, што нам вельмі пашчасціла з настаўнікамі. Падчас вэбінара крыху хва лявалася, аднак ведала, што за мяне перажываюць і мае аднакласнікі, і педагогі. Таму ўдалося справіцца з эмо цыямі і ўпэўнена адказаць на ўсе пытанні. Як вынік – стала пераможцай у намінацыі «Педагагічная эрудыцыя»! Прыемна, што мае намаганні былі не дарэмнымі. Я ведаю, што маім поспехам ганарацца не толькі бацькі, але і педагогі гімназіі

Лізавета ГЕРМАНОВІЧ, вучаніца 10 «В» філалагічнага класа педагагічнай накіраванасці гімназіі № 20 г. Мінска

* * *

Балакло Николай 9ИТ2 класс

ДУА «Гімназія № 20 г. Мінска» плённа супрацоўнічае з БДПУ ў рамках праграмы «Школа-лабараторыя вучэб на-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай аду кацыі». Адным з важных вынікаў парт нёрства стаў удзел навучэнцаў 10 «А» фізіка-матэматычнага класа педагагічнай накіраванасці Дар’і Самардак і Кірыла Голубева, а таксама вучня 9ІТ2 класа Мікалая Балакло ў рабоце секцыі фізіка-матэматычных навук, інфарматыкі і методыкі іх выкладання Рэспубліканскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучага», якая праходзіла 26–28 красавіка ў рамках Дэкады сту дэнцкай навукі ў БДПУ.

Падчас падрыхтоўкі да канферэнцыі было арганізавана ўзаемадзеянне навучэнцаў, студэнтаў, настаўнікаў гімназіі і выкладчыкаў універсітэта. Сумесная даследчая дзейнасць дазволіла наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва, садзейнічала раскрыццю творчага патэнцыялу і павышэнню матывацыі ўсіх удзельнікаў праекта. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі БДПУ прафесара В. Р. Собаля і намесніка дэкана фізіка-матэматычнага факультэта па навуковай рабоце дацэнта С. А. Васілеўскага студэнты-старшакурснікі і навучэнцы гімназіі здолелі ў кароткі тэрмін абагульніць вывучаны матэрыял і паспяхова прадставіць вынікі сваёй работы на канферэнцыі. Даклады «Матрычныя ме тады ў разліку ланцугоў пастаяннага току», «Аб магчымасцях прыцягнення з’явы інтэрферэнцыі для ўзмацнення асветленасці», «Магні тасупраціў ленне і канстанта Хола правадніка ў набліжэнні сферычнай ізаэнерге тычнай паверхні» заслужана атрымалі высокую ацэнку слу хачоў.

Наш кар.


17 сакавіка 2016 года, № 3 (1175)

ГУМАННАЯ ПЕДАГОГІКА: АД ІДЭІ ДА РЭАЛІЗАЦЫІ

5–6 сакавіка на базе нашага ўніверсітэта прайшоў навучальны курс «Мастацтва сямейнага выхавання: як выкарыстоўваць гуманную педагогіку і дасягнуць гармоніі ў сям’і». У якасці вядучых выступілі аўтарытэтныя спецыялісты, кіраўнікі Міжнароднага цэнтра гуманнай педагогікі Паата АМАНАШВІЛІ і Марына ТАРГАКОВА.

_dddggg3_tif

Кантакты беларускай грамадскасці са знакамітымі педагогамі, якія адстойваюць ідэю гуманна-асобаснага падыходу ў навучанні і выхаванні дзяцей, пачаліся яшчэ ў кастрычніку 2015 г. Менавіта тады ў Мінску адбыўся першы ў Рэспубліцы Беларусь адукацыйны семінар з удзелам Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі, прафесара, доктара псіхалагічных навук, класіка гуманнай педагогікі. Нароўні з настаўнікамі, якія склалі асноўную частку аўдыторыі слухачоў, на семінары можна было заўважыць і прадстаўнікоў звычайных беларускіх сем’яў: бацькоў, якія ўспрымаюць гуманную педагогіку як аснову сямейнага выхавання. Менавіта дзякуючы ініцыятыве заці каўленых татаў і мам і адбылася гэтая сапраўды чаканая сустрэча. Знакавым, на наш погляд, з’яўляецца той факт, што яна прайшла ў сценах вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны – БДПУ – з удзелам супрацоўнікаў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

_dfg2_tif

Нягледзячы на сціс лыя тэрміны правядзення семінара (хоць фармат гэтай сустрэчы нагадваў хутчэй размову), вядучыя паспелі не толькі падрабязна разгледзець актуальныя пытанні выхавання дзіцяці ў сучаснай сям’і, але і прадаставіць магчымасць удзельнікам семінара задаць пытанні і атрымаць вычарпальныя адказы ад практыкуючага сямейнага псіхатэрапеўта Марыны Таргаковай і дзіцячага псіхолага, педагога Пааты Аманашвілі. Хочацца адзначыць атмасферу даверу, паважлівых адносін да кожнага прысутнага, якую ўдалося стварыць лектарам. Думаецца, што многім слухачам навучальнага курса давялося яшчэ і адчуць на сабе тую гуманна-арыентаваную бацькоўскую пазіцыю, якой шчодра дзяліліся Марына і Паата. Вось чаму ўдзельнікі сустрэчы маглі быць да канца адкрытымі ў прызнанні асабістых стэрэатыпаў сямейнага выхавання, шчырымі ў рэфлексаванні ўласнага вопыту, у выказванні думак і пачуццяў. Многія ўжо ў ходзе семінара гаварылі аб зменах у сваім разуменні прынцыпаў выхавання, пра гатоўнасць укараняць ідэі гуманнай педагогікі ў сяменае жыццё. Калі гэта сапраўды так, то можна з упэўненасцю сказаць, што павышэнне кваліфікацыі бацькоў адбылося!

Вікторыя ГРАКАВА, дацэнт кафедры прыватных методык ІПКіП БДПУ, удзельнік семінара


17 верасня 2015 года, № 11 (1166)

1_5

ПЕРШАГА верасня, у Дзень ведаў, ва ўніверсітэце пачалася дабрачынная акцыя «Дапаможам дзецям хоспіса». Калі вярстаўся нумар, сабраная студэнтамі і выкладчыкамі сума дасягнула 21 млн руб.


21 мая 2015 года, № 7 (1162)

ВЫХАВАННЕ – НА САМЫМ ВЫСОКІМ УЗРОЎНІ

Па выніках працы ХVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая праходзіла ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» 28–29 красавіка ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі, БДПУ ўзнагароджаны дыпломам I ступені. Аргкамітэт адзначыў высокі навукова-метадычны ўзровень падрыхтоўкі і сістэмнае прадстаўленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў нашым універсітэце.

2_1

На працягу мерапрыемства выстава БДПУ працавала ў інтэнсіўным рэжыме: кожныя 40 хвілін адбываліся майстар-класы і невялічкія імпрэзы для наведвальнікаў экспазіцыі. У першы дзень госці маглі ўбачыць выступленне народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», пасля чаго студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі прадэманстравалі калекцыі гістарычных гарадскіх касцюмаў.

2_4

Шэраг майстар-класаў распачаў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій з інтэрактыўнай праграмай «Здароўе і здаровы лад жыцця студэнтаў як сацыяльна-педагагічная каштоўнасць», падчас якой наведвальнікі выставы атрымалі карысныя парады накожны дзень. Прэзентацыя праекта полікультурнага выхавання моладзі ў выкананні студэнтаў факультэта беларускай і рускай філалогіі дазволіла прысутным пазнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі туркменскага народа. Прыўдзеле выхаванцаў спартыўнага клуба каратэдо «Эверэст» адбылася інтэрактыўная прэзентацыя дзейнасці педагагічнага атрада «Сузор’е».

2_2

Другі дзень працы выставы БДПУ быў не менш насычаным: тэатралізаваная інсталяцыя творчага праекта «Адраджэнне традыцый Батлейкі», шматлікія майстар-класы – па роспісе хной, каліграфіі, па мастацкім сурдаперакладзе песень… Валанцёрскае аб’яднанне «Філантроп» факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій правяло WORKSHOP з фрагментамі інтэрактыўных методык з цыкла навучальных заняткаў «Урокі валанцёрскага майстэрства». Птушыныя галасы распазнавалі ўдзельнікі конкурсу «Мудры пугач», які рэалізуецца ў рамках доўгатэрміновага адукацыйнага праекта «Экалогія і дзеці». Вопытам работы падзяліўся ўніверсітэцкі валанцёрскі педагагічны атрад «Дзеці сталіцы», які прадставіў праект «Гэта можа кожны!». Завяршыў праграму экспазіцыі БДПУ майстар-клас па займальнай псіхалогіі.

2_3

Правядзенне выставы накіравана на ўдасканаленне форм і метадаў грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, прыцягненне кадраў да распрацоўкі яго навукова-метадычнага забеспячэння, прэзентацыю новых падыходаў у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ва ўстановах адукацыі, а таксама папаўненне банка дадзеных і анатаванага каталога педагагічнага вопыту па выхаваўчай рабоце.

Таццяна БОРТНІК, метадыст сектара ідэалагічнай работы УВРзМ


24 красавiка 2014 года, № 6 (1141)

БУДУЧЫМ ПЕДАГОГАМ – ВОПЫТ ЛЕПШЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

Пачынаючы з 1995 г. у нашай краіне ажыццяўляецца інтэграванае навучанне і выхаванне дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Як паказвае практыка, педагогі агульнаадукацыйных устаноў усё часцей сутыкаюцца з праблемай пабудовы адэкватных узаемаадносін з дзецьмі, што маюць асаблівасці ў развіцці. Публічная лекцыя прафесара Іва Сельнера «Міфы і факты аб людзях з разумовымі абмежаваннямі», прысвечаная дадзенаму пытанню, адбылася ў нашым універсітэце і была прымеркавана да Міжнароднага дня чалавека з хваробай Даўна.

1_500x375
Іва Сельнер нарадзіўся ў Чэхіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў г. Астрава па спецыяльнасці «Педагогіка і лінгвістыка» атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў галіне лячэбнай педагогікі і лячэння залежнасцей. З 1985 г. жыве і працуе ў Аўстрыі. Доўгі час пацыентамі доктара Іва Сельнера з’яўляліся людзі з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, парушэннямі паводзін, сіндромам аўтызму. Мае шматгадовую практыку ў якасці кансультанта і саветніка па пытаннях выхавання, педагогікі і псіхалогіі; праводзіць семінары для спецыялістаў і бацькоў у розных краінах; з’яўляецца дацэнтам-кансультантам у сферы сацыяльных прафесій ва ўніверсітэце і Вышэйшай сацыяльнай школе «Карытас» г. Аламоўц (Чэхія).

2_500x347
У ходзе лекцыі выступоўца даў канкрэтныя метадычныя рэкамендацыі па працы з людзьмі, што маюць разумовыя абмежаванні. Асаблівую ўвагу прафесар засяродзіў на праблеме знаходжання адэкватнай формы зносін педагогаў з «асаблівымі» дзецьмі і дарослымі, прывёў цікавыя прыклады з уласнай практыкі. Так, у Аўстрыі ў рамках рэалізацыі праграмы інтэграцыі людзей з асаблівасцямі ў развіцці паступова скарачаецца колькасць спецыяльных сацыяльных устаноў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Госць назваў таксама спосабы ўздзеяння на дзіця, якія спрыяюць засваенню прынятых у грамадстве нормаў і правілаў, падкрэсліў ролю невербальнай камунікацыі. Шырокую дыскусію выклікала праблема сацыялізацыі асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Прафесар Сельнер расказаў, як складаецца жыццё людзей з сіндромам Даўна, калі яны з ранняга ўзросту атрымліваюць неабходную медыцынскую і псіхолага-педагагічную дапамогу. У якасці прыкладаў ён прывёў гісторыі трох выхаванцаў інтэрната, у якім працаваў раней.

Прачытаная лекцыя стала яшчэ адной рэальнай магчымасцю падрыхтаваць студэнтаў нашага ўніверсітэта да вырашэння азначанай праблемы. Яна дапамагла нацэліць будучых педагогаў на фарміраванне пазітыўнага ўспрымання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Анастасія ГАУРЫЛЮС, дацэнт кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ГУЧЫЦЬ «ЖЫВОЕ СЛОВА»

Так склалася гістарычна, што некаторыя мовы дзякуючы вялікай колькасці носьбітаў квітнеюць і развіваюцца. Большасць жа моў свету або вядомыя вельмі абмежаванаму колу карыстальнікаў, або ўвогуле знаходзяцца на мяжы знікнення. Таму 21 лютага абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародным днём роднай мовы. З гэтай нагоды настаўнікі сталічнай школы № 21 імя М. Ф. Гастэлы (у пераважнай большасці выпускнікі БДПУ) запрасілі ў госці народны тэатр нашай alma mater «Жывое слова», каб пачуць сакавітае беларускае маўленне ва ўсёй яго прыгажосці і мілагучнасці.

3_500x318
Напачатку імпрэзы Алесь Мойскі, артыст народнага літаратурнага тэатра, аспірант кафедры беларускай літаратуры і культуры, пазнаёміў гледачоў з гісторыяй калектыву. «Жывое слова» было заснавана ў 1966 г. Андрэем Андрэевічам Калядой у МДПІ імя А. М. Горкага спецыяльна для будучых настаўнікаў. Безумоўна, кожны педагог павінен мець добрую дыкцыю і багаты лексічны запас, а філолагам проста неабходна дэманстраваць вучням узорнае маўленне. Акцёрскія ўменні і навыкі спатрэбяцца і пры ўдзеле ў прафесійных конкурсах, і пры арганізацыі школьных мерапрыемстваў. У мінулым годзе народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін выдаў зборнік хуткамовак «Воз вёз лёс», а ідэю аўтару падалі «жыва-слоўцы», якія лічаць, што скорагаворак – выдатных маўленчых трэнажораў – недастаткова ў беларускай мове. Адразу адчулася, што тэатр не толькі выступае на роднай мове, а і карыстаецца ёю ў жыцці. Разам акцёры адзначаюць святы, віншуюць адзін аднаго са знамянальнымі датамі і проста цікава бавяць час. Так з’яўляюцца новыя крэатыўныя ідэі і арыгінальныя спектаклі. З пастаноўкай паводле твораў Рэя Брэдберы «Злавіць будучыню» восенню «Жывое слова» выступала на міжнародным фестывалі «Тэатральны куфар», а пасля падрыхтавала адмысловую вечарыну ўласнай творчасці «Атрасіны». Гэта традыцыйнае мерапрыемства, калі ўдзельнікі тэатра атрасаюць, як дрэвы лісце, свае творчыя здабыткі за год. «Жывое слова» – вандроўны калектыў. У Віцебскай вобласці, напрыклад, няма ніводнага раёна, дзе не выступалі б артысты, а ў Мінску зусім мала школ, у якія яшчэ не завітала «Жывое слова».

4_500x372
Канцэртная праграма, якую падрыхтавалі тэатралы, па-добраму здзівіла разнастайнасцю і багаццем музычных, паэтычных твораў на беларускай мове. Жывое слова захапляла і аб’ядноўвала прысутных. Са сцэны лілася гаворка знакамітых Васіля і Ганны з мележаўскіх «Людзей на балоце»; як звычайна, з гумарам лаяліся суседкі, не падзяліўшы курэй; радкамі з вершаў беларускіх аўтараў прызнаваліся ў каханні сціплыя юнакі і дзяўчаты; гучалі бардаўскія песні, шчымлівыя і пранікнёныя. Удала прыкмецілі акцёры, што роднае слова абуджае нашу самасвядомасць і робіць нас лепшымі ў адносінах адзін да аднаго. Даспадобы гледачам прыйшліся сучасныя пастаноўкі пра стомленага кантралёра і вынаходлівых пасажыраў, добрага прафесара і хітрых студэнтак. Фінальная песня гучала пад акампанемент апладысментаў. Доўга не сціхалі авацыі, вучні з задавальненнем размаўлялі з акцёрамі, дзякавалі за ўдала праведзенае свята роднай мовы.

Нездарма і сёння так упэўнена гучаць паэтычныя радкі, напісаныя калісьці з верай у лепшае: «Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім…» А Рыгор Барадулін даходліва тлумачыць, у чым павінна быць сапраўднасць душы кожнага беларуса:

Быць Беларусам –

Гэта значыць,

Свайго ні гуку не забыць,

Усё чужое перайначыць,

Каб Беларусі вечнай быць!

Што ж, нам сапраўды патрэбна імкнуцца да сапраўднасці – звярнуцца да вытокаў мовы і яе нялёгкага шляху, каб зразумець, што яна даказала сваю вартасць стагоддзямі і заслужыла ўдзячных і беражлівых адносін.

Галіна СТРАЛЬЧУК, аспірантка кафедры беларускага мовазнаўства


28 лiстапада 2013 года, № 15 (1133)

АДАПТАЦЫЯ СТУДЭНТА — КЛОПАТ АГУЛЬНЫ

Семінар для куратараў акадэмічных груп і выхавальнікаў інтэрнатаў, прысвечаны адаптацыі замежных студэнтаў да ўмоў навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі, прайшоў у сценах нашага ўніверсітэта 14 лістапада. Тэма мерапрыемства, безумоўна, надзвычай актуальная для БДПУ: з кожным годам да нас паступае ўсё больш і больш замежных грамадзян. Праца з такімі студэнтамі патрабуе асаблівага падыходу перш за ўсё з боку куратараў. А каб ажыццяўляць яе як мага больш эфектыўна, неабходна абменьвацца вопытам і кансалідаваць намаганні ўсіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Падчас навучання ў іншай краіне студэнтам з замежжа даводзіцца затрачваць вельмі шмат часу на адаптацыю ў новым асяроддзі. Адначасова перад педагогамі ВНУ, дзе яны вучацца, паўстае складаная, аднак, як паказвае практыка, цалкам пасільная задача: максімальна скараціць і палегчыць гэты працэс. Замежны студэнт павінен стаць часткай вучэбнага калектыву і авалодаць усімі аспектамі абранай прафесіі. У ходзе семінара ўзнімаліся розныя тэмы: і праблема моўнага бар’еру, і аналіз магчымых і найбольш удалых форм узаемадзеяння са студэнтамі, і іншыя. Прычым свае думкі выказвалі не толькі куратары, але і выкладчыкі, псіхолагі, студэнты.

Так, начальнік сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра БДПУ Т.А. Кузёмкіна раскрыла сацыяльна-псіхалагічныя аспекты адаптацыі замежных студэнтаў да новых умоў навучання і пражывання. «На сённяшні дзень у БДПУ навучаецца 478 замежных грамадзян, і ўсе яны – носьбіты розных традыцый, звычаяў, норм, каштоўнасцей. Гэта, безумоўна, істотна ўплывае на працэс адаптацыі», – так пачала сваё выступленне Таццяна Аляксандраўна. Яна расказала, што супрацоўнікі цэнтра правялі даследаванне сярод 130 беларускіх і замежных студэнтаў з гістфака, ФБіРФ, факультэта прыродазнаўства і атрымалі наступныя дадзеныя.

У параўнанні з беларускімі аднагодкамі замежныя студэнты адчуваюць значныя цяжкасці з адаптацыяй да навучання ва ўніверсітэце, перажываюць дастаткова моцныя стрэсы. Найбольш актуальнымі праблемамі для іх з’яўляюцца вялікая загружанасць вучэбнымі заняткамі, цяжкасці пры вусных адказах і падчас успрымання лекцыйнага матэрыялу. У гэты спіс таксама трапляюць высокая плата за навучанне, кепскае веданне рускай мовы, высокі кошт пражывання ў Мінску. Трэць студэнтаў, у тым ліку і нашы суайчыннікі, пакутуе з-за таго, што не можа ездзіць дадому так часта, як хацелася б. Страта і недахоп звыклых сацыяльных сувязяў, цяжкасць у пошуку новых сяброў прыводзяць да зніжэння вынікаў паспяховасці, нервовых расстройстваў і дэпрэсіі. У гэтай сітуацыі замежныя студэнты ў працэсе адаптацыі часцей звяртаюцца па дапамогу да выкладчыкаў,куратараў і прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта, а беларускія – да сяброў і аднакурснікаў.

Пераважная большасць замежных студэнтаў задаволены ўзроўнем выкладання вучэбных дысцыплін, арганізацыяй працы дэканата, узаемаадносінамі са студэнтамі і ўмовамі пражывання ў інтэрнаце. «Для больш паспяховага працэсу адаптацыі студэнтаў неабходна, на наш погляд, зладжаная работа выклад-чыкаў, адміністрацыі, куратараў студэнцкіх груп, выхавацеляў інтэрнатаў і педагогаў-псіхолагаў. У рамках рэалізацыі комплексу мер, накіраваных на ўдасканаленне работы з замежнымі грамадзянамі, супрацоўнікі СПЦ БДПУ распрацавалі і ажыццяўляюць праграму псіхалагічнага суправаджэння вучэбна-выхаваўчага працэсу на працягу ўсяго перыяду навучання», – рэзюміравала сваё выступленне Т.А. Кузёмкіна.

Цікава было выслухаць і меркаванне саміх замежных студэнтаў, якія як ніхто іншы ведаюць пра цяжкасці адаптацыі. Грамадзянін Туркменістана Гуванч Тайлыеў (ФБіРФ), зыходзячы з асабістага вопыту навучання ва ўніверсітэце, выказаў свае прапановы па па-ляпшэнні якасці падрыхтоўкі замежных студэнтаў. Яны заключаюцца ў наступным.

Большасць замежнікаў вучацца спачатку на падрыхтоўчым аддзяленні, дзе авалодваюць рускай мовай. Пасля яны вучацца ў групах разам з беларускімі студэнтамі. Узровень ведання мовы ў іх розны, таму прадстаўнікі Туркменістана, напрыклад, адчуваюць сябе некамфортна, на практычных занятках часта адмоўчваюцца. На думку Гуванча, іх хаця б да трэцяга курса трэба вылучаць у асобныя групы. Гэта дазволіць студэнтам на практычных занятках больш гаварыць, а выкладчыкам дасць магчымасць кантраляваць іх маўленне, карэкціраваць яго. Таксама студэнт прапанаваў пры засяленні ў інтэрнаты ў блоках размяшчаць па двое замежнікаў сумесна з беларусамі – зноў жа дзеля моўнай практыкі.

«На жаль, і сярод нашых студэнтаў сустракаюцца такія, хто паказвае сябе не з лепшага боку: моладзь без бацькоўскага кантролю часам адчувае залішнюю свабоду, – адзначыў Гуванч. – Раю пры парушэнні правілаў паводзін паведамляць пра такія выпадкі бацькам, бо ў адпаведнасці з нашымі звычаямі іх аўтарытэт для нас вельмі вялікі. А яшчэ прапаную стварыць ва ўніверсітэце зямляцтвы замежных студэнтаў, якія працавалі б сумесна са Студэнцкім саветам БДПУ. Гэта дасць магчымасць яго членам больш эфектыўна ўплываць на сваіх суайчыннікаў, якія маюць праблемы ў вучобе і паводзінах», – завяршыў Гуванч.

Асабіста я працую куратарам у групах беларускіх студэнтаў ужо тры гады. Зыходзячы са свайго прафесійнага досведу, сёння з упэўненасцю магу сказаць: многія праблемы, якія абмяркоўваліся на семінары, актуальныя і ў працы з нашымі суайчыннікамі. Гаварыць пра спецыфіку можна і неабходна, аднак не варта забывацца, што задачы працы куратара акадэмічнай групы як беларускіх, так і замежных студэнтаў агульныя.

Меркаванне пра тое, што куратар – самы неабходны і карысны чалавек ва ўніверсітэце, цалкам апраўдана. Для студэнта-першакурсніка гэта несумненна так. Куратар – гэта і мама, і старэйшы брат, і лепшы сябар, і настаўнік, і пасрэднік у зносінах з адміністрацыяй факультэтаМеркаванне пра тое, што куратар – самы неабходны і карысны чалавек ва ўніверсітэце, цалкам апраўдана. Для студэнта-першакурсніка гэта несумненна так. Куратар – гэта і мама, і старэйшы брат, і лепшы сябар, і настаўнік, і пасрэднік у зносінах з адміністрацыяй факультэта

У нашай ВНУ працуе шэраг грамадскіх арганізацый выхаваўчай накіраванасці. Таму сцвярджаць, што куратар «змагаецца» адзін, у корані няправільна. На нашым факультэце, да прыкладу, існуе такая традыцыя: старшакурснікі курыруюць малодшых студэнтаў. Такім чынам, першакурснік знаходзіцца пад апекай куратара-педагога і куратара-студэнта адначасова. На мой погляд, гэта добры вопыт, які варта ўзяць на ўзбраенне іншым факультэтам, асабліва ў працы з замежнымі студэнтамі.

Пажаданні, заўвагі, рэкамендацыі, выказаныя ўдзельнікамі семінара, павінны дапамагчы арганізаваць вучэбна-выхаваўчы працэс з замежнымі грамадзянамі так, каб іх адаптацыя да новых умоў праходзіла сапраўды хутка і як мага больш лёгка.

Наталля ТАЎГЕНЬ, выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства ФПА , куратар акадэмічнай групы 1-га курса


30 мая 2013 года, № 8 (1126)

ДЭМАНСТРУЕМ НАПАКАЗ ВОПЫТ І ВЫСОКІ КЛАС

З 16 па 18 мая БДПУ прымаў актыўны ўдзел у XV рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі «Я – грамадзянін Беларусі», якая прайшла на базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа»

5_500x461
У першы дзень работы выстаўкі стэнды ўдзельнікаў наведаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіч. Сяргей Аляксандравіч зацікавіўся багатай і разнапланавай экспазіцыяй нашай alma mater, пазнаёміўся з інавацыйным вопытам, назапашаным педагагічнымі работнікамі ўніверсітэта, а таксама з лепшымі дыпломнымі праектамі студэнтаў.

У павільёне БДПУ дэманстраваліся манаграфіі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, матэрыялы канферэнцый і іншыя друкаваныя выданні. Увагу прысутных прыцягвалі студэнцкія дыпломныя працы па ткацтве, роспісе, саломапляценні, вышыўцы. Факультэт эстэтычнай адукацыі арганізаваў прэзентацыю народных мастацкіх промыслаў Беларусі і суседніх краін, а таксама віртуальную экскурсію па гістарычных мясцінах і архітэктурных помніках нашай Радзімы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Увогуле трэба адзначыць, што да сёлетняй выстаўкі БДПУ падрыхтаваў вельмі насычаную праграму. Падчас майстар-класаў па роспісе, вырабе гліняных цацак і саломапляценні ад ФЭА наведвальнікі маглі не толькі далучыцца да вытокаў рамёстваў беларусаў, але і ўласнымі рукамі стварыць прыгожыя вырабы. Эстафету падхапіў ФСПТ, які прэзентаваў праект «Горад майстроў» у рамках «Школы важацкага майстэрства». Факультэт дашкольнай адукацыі арганізаваў тэатралізаваную інсталяцыю «Адраджэнне традыцый батлейкі ў сучасным адукацыйным працэсе». У ходзе прэзентацыі гледачам прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні батлеечных лялек, а таксама паказалі інсцэніроўку.

6_500x707
Другі дзень работы экспазіцыі БДПУ пачаўся з прэзентацыі праекта ФФВ «Беларусіяда», падчас якой наведвальнікі маглі прыняць удзел у беларускіх народных гульнях. Матэматычны факультэт правёў майстар-клас па афармленні старонкі сайта, якая адлюстроўвае інфармацыю пра мерапрыемствы грамадзянскапатрыятычнай накіраванасці. ФСА прапанаваў цыкл майстар-класаў «Беларусь: для нас кожны важны!» па арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Студэнты гістфака прэзентавалі праект «Школа маладога экскурсавода» ў рам­ках дзейнасці гісторыка-краязнаўчага клуба «Дыярыуш».

У рамках выстаўкі была наладжана работа па абмене навуковым і педагагічным вопытам. Так, выкладчыкі БДПУ прадаставілі свае распрацоўкі на завочную навукова-метадычную канферэнцыю «Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах вышэйшай адукацыі: традыцыі і інавацыі». А старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры А. В. Дрыгін нават атрымаў Дыплом I ступені за актыўны ўдзел у панараме педагагічнага вопыту «Інавацыйныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі».

Арганізатары адзначылі плённую, зладжаную працу каманды БДПУ і ўзнагародзілі наш універсітэт за ўдзел у выстаўцы Дыпломам І ступені.


30 красавiка 2013 года, № 6 (1124)

ПАЭЗІЯ ЗБІРАЕ СЯБРОЎ

У студэнцкіх інтэрнатах БДПУ склалася добрая традыцыя – штогод сумесна з кафедрай беларускага мовазнаўства ФБіРФ праводзіць літаратурныя вечарыны. Вось і сёлета ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы і Сусветнаму дню паэзіі, быў наладжаны літаратурна-музычны вечар «Нам засталася спадчына».

7_500x329
На мерапрыемства, што адбылося ў інтэрнаце № 8, прыйшла творчая моладзь – студэнты нашага ўніверсітэта, якія не толькі захапляюцца паэзіяй, але і самі пішуць вершы. У госці да танкаўцаў завіталі: член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, адказны сакратар часопіса «Маладосць» Рагнед Юр’евіч Малахоўскі; лаўрэат прэміі «Залаты Купідон», дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ Мікалай Віктаравіч Шабовіч; пісьменнік, кампазітар, выканаўца песень Дзмітрый Леанідавіч Пятровіч. Распачалася вечарына выступленнем студэнтак ФБіРФ Святланы Кукуць і Веранікі Крывадубскай, якія адразу ж стварылі ў аўдыторыі сапраўдны вясновы настрой. Святлана не проста эмацыйна і пранікнёна прачытала свае вершы, але і перадала слухачам пазітыўны пасыл. Цудоўна, што ў нашым універсітэце вучацца такія сонечныя людзі! Знайшла станоўчы водгук аўдыторыі і паэзія студэнта з Туркменістана Нурсахата Мамедава.

Надзвычай прыязна віталі слухачы выступленні паэтаў Рагнеда Малахоўскага і Міколы Шабовіча. Прысутныя атрымалі сапраўднае эстэтычнае задавальненне і ад лірычных, і ад гумарыстычных вершаў у выкананні гасцей. А Дзмітрый Пятровіч так зачараваў слухачоў песнямі на словы беларускіх паэтаў, што яго не раз вярталі на сцэну апладысментамі і прасілі праспяваць «на біс».

У зале гучалі вершы пра Беларусь, пра каханне, сям’ю, сяброўства, адданасць… Цёплыя, пранікнёныя словы закраналі самыя патаемныя струны душы кожнага з нас. Ва ўнісон ім прагучала і песня «Рэчанька» ў выкананні культарганізатара Т. В. Данілевіч, а таксама меладычныя кранальныя творы «Белы Хода» і «Я па табе сумую», што праспявалі студэнткі ФБіРФ з Кітая Ван Шэн Цзэ і Бай Іцзюнь.

Літаратурная вечарына прайшла ў нязмушанай, цёплай сяброўскай атмасферы. Мы ўпэўніліся, што паэзія можа збіраць вялікую аўдыторыю. Ды гэта і не дзіўна: сярод нас так многа таленавітых і творчых людзей!

Валянціна ІГНАЦЕНКА, выхавацель інтэрната № 8


31 мая 2012 года, № 8 (1109)

ПЕРШЫЯ – ЛЕПШЫЯ!

Наш універсітэт ганарыцца сваёй гісторыяй і з года ў год шануе традыцыі, закладзеныя здаўна. Аднак сіла і моц любой навучальнай установы не толькі ў павазе да мінулага, але і ў дні сённяшнім. Таму мы імкнёмся развівацца, удасканальвацца, жыць цікава і насычана. Думаецца, у хуткім часе чарговай візітоўкай БДПУ стане правядзенне конкурсу, які сёлета толькі дэбютаваў у сценах нашай alma mater, але ўжо заслужыў пільную ўвагу ўсёй педагагічнай сям’і – «Студэнт года БДПУ».

8_500x345
У рамках спаборніцтва 45 студэнтаў з розных факультэтаў дэманстравалі здольнасці і таленты ў адной з пяці прапанаваных намінацый. Дарэчы, у кожнай з іх былі свае іспыты і сваё прафесійнае журы. У яго складзе – доктар палітычных навук прафесар В.В. Бушчык, доктар педагагічных навук прафесар І.І. Цыркун, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.М. Круталевіч, кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт Ю.Ю. Захарына, кандыдат псіхалагічных навук дацэнт С.І.  Копцева. Першы этап конкурсу стартаваў яшчэ зімой, і вось пасля трох месяцаў напружанай барацьбы нарэшце сталі вядомыя імёны лепшых студэнтаў БДПУ.

Урачыстую цырымонію ўзнагароджання адкрыў рэктар БДПУ прафесар П.Д. Кухарчык, які, дарэчы, і выступіў ініцыятарам і галоўным арганізатарам такога значнага для нашага ўніверсітэта праекта. Пасля слоў прывітання вядучыя мерапрыемства – Вадзім Грачоў і Дар’я Адаменка – запрасілі на сцэну першых прэтэндэнтаў на званне студэнта года БДПУ. Імі сталі фіналісты ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць». Трэба адзначыць, што на перамогу ў гэтай намінацыі прэтэндавала найбольшая колькасць удзельнікаў – 14. Напачатку іспытаў прафесійнае журы ацаніла анкеты і навуковыя артыкулы студэнтаў. Такім чынам, толькі 7 з іх змаглі працягнуць барацьбу і атрымалі магчымасць выступіць перад журы, студэнтамі і аспірантамі са сваімі навуковымі дакладамі. Па выніках экспертнай ацэнкі выбралі фіналістаў намінацыі. Імі сталі Крысціна Тарановіч, Сяргей Пазухін, Павел Дубовік, Яўгенія Лосік. Менавіта ім быў аказаны давер выступіць са сваім навуковым дакладам на пленарным пасяджэнні VIII універсітэцкай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука як фактар асобаснага і прафесійнага развіцця будучага спецыяліста», што і стала апошнім этапам барацьбы прэтэндэнтаў. Маладую навуковую эліту нашага ўніверсітэта граматамі і прызамі ўзнагароджваў асабіста член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь П.Д. Кухарчык. А перамогу ў названай намінацыі святкаваў Сяргей Пазухін, студэнт факультэта прыродазнаўства.

Свае педагагічныя здольнасці ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» дэманстравалі 8 студэнтаў. На першым этапе іспытаў журы ацэньвала творчыя самапрэзентацыі, у якіх удзельнікі расказвалі пра сябе і дзяліліся сакрэтамі паспяховасці асабістай прафесійнай дзейнасці. Акрамя гэтага, студэнты праявілі свае ўменні знаходзіць правільнае рашэнне ў самых складаных педа­гагічных сітуацыях. У выніку іспытаў фіналістамі намінацыі сталі: Вольга Мішчанчук (ФПА), Вольга Кацуба (ФЭА), Іна Радзівон (ф-т прыродазнаўства). Дарэчы, павіншаваць студэнтаў з выхадам у фінал прыйшлі выпускнікі нашага ўніверсітэта. Так, лепшых у намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» узнагароджваў выпускнік факультэта прыродазнаўства 2003 г., удзельнік дванаццаці «Зорных паходаў», дырэктар СШ № 49 г. Мінска А.В. Шарапаў. Ён выказаў спадзяванне, што сённяшнія намінанты аднойчы заваююць самы галоўны прыз у педагагічнай прафесіі – «Крыштальнага жураўля». Ну а перамагла ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» Вольга Кацуба з факультэта эстэтычнай адукацыі.

За права звацца Студэнтам года ў чарговай намінацыі – «Мастацка-творчая дзейнасць» – змагаліся 9 студэнтаў. Але толькі 8 з іх здолелі выступіць перад журы з творчымі самапрэзентацыямі. У далейшай барацьбе прымалі ўдзел 4 таленавітыя студэнткі: Марына Загорская і Таццяна Сянько (ФЭА), Вераніка Вароніна (ФДА) і Юлія Трахімчык (ФСА). Яны і прадставілі на суд журы і гледачоў свае творчыя майстэрні. Гледзячы на выключна жаночы склад фіналістаў у гэтай намінацыі, запрошаны выпускнік фізічнага факультэта 1998 г., радыё- і тэлевядучы Глеб Давыдаў зазначыў: «У наш час хлопцы таксама многае маглі. Спадзяюся, што ў наступным годзе на сцэне будзе стаяць хаця б палова прадстаўнікоў моцнай часткі чалавецтва». Што ж, магчыма, у хуткім часе гэтае пажаданне спраўдзіцца, а сёлета пераможцай стала дзяўчына – студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Вераніка Вароніна.

Няпростым быў шлях да фіналу і ў прэтэндэнтаў на званне лепшага ў намінацыі «Фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць». У рамках іспытаў удзельнікі конкурсу за 13 хвілін павінны былі наладзіць сапраўднае спартыўнае шоу, правесці займальную эстафету для групы студэнтаў. За званне пераможцы тут змагаліся ўсяго дзве студэнткі: Надзея Ермаловіч (факультэт прыродазнаўст­ва) і Любоў Жылінская (ФФВ), але барацьба ад гэтага не была менш напружанай. Падтрымаць абедзвюх удзельніц у БДПУ завітала выпускніца факультэта народнай культуры, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 г. у групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы Алеся Бабушкіна. Аднак пераможца можа быць толькі адзін, і ў выніку лепшай была прызнана Любоў Жылінская.

У першым туры намінацыі «Сацыяльна значная дзейнасць (маладзёжнае лідарства) 10 удзельнікаў прэзентавалі сябе судзейскай калегіі як маладых лідараў, знаёмілі са сваімі дасягненнямі. Наступным этапам, у якім прымалі ўдзел ужо толькі 5 студэнтаў, стала публічная абарона сацыяльнага праекта, актуальнага для БДПУ, а затым – правядзенне мерапрыемства па рэалізацыі асабістага праекта. Па выніках усіх выпрабаванняў прафесійнае журы вызначыла чацвёрку фіналістаў – яркіх лідараў БДПУ. Імі сталі: Ганна Корань (ФЭА), Надзея Саладуха (ФЭА), Аляксей Юдзінец (гістарычны факультэт), Таццяна Бортнік (ФСПТ). Фіналістаў у гэтай намінацыі віншаваў выпускнік БДПУ 2000 г., намеснік старшыні ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Р.В. Дапіра. Раман Восіпавіч выказаў шкадаванне з той прычыны, што такая выдатная традыцыя не была закладзена раней, а фіналістаў падбадзёрыў наступнымі словамі: «Студэнт-лідар – гэта пераможца і ва ўсіх іншых намінацыях, бо сапраўдным лідарам можа стаць толькі паспяховы ў розных сферах чалавек». Адчуць радасць гэтай перамогі пашчасціла Ганне Корань, студэнтцы факультэта эстэтычнай адукацыі.

Урачысты настрой удзельнікаў і гасцей мерапрыемства на працягу ўсяго свята яркімі канцэртнымі нумарамі падтрымлівалі лепшыя артысты і мастацкія калектывы нашага ўніверсітэта. Думаецца, што першыя пераможцы праекта «Студэнт года БДПУ» папоўняць шэраг выпускнікоў, якімі будзе ганарыцца наш універсітэт. Менавіта такія актыўныя, ініцыятыўныя і таленавітыя студэнты абавязкова стануць выдатнымі спецыялістамі, сапраўднымі прафесіяналамі.

Пра шлях да поспеху дзвюх фіналістак конкурсу «Студэнт года БДПУ» чытайце ў рубрыцы «Дошка гонару».

Ірына Чарняўская


30 красавiка 2012 года, № 6 (1107)

АРЫЕНЦІР НА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Амаль два гады назад кафедра педагогікі БДПУ арганізавала свой філіял на базе гімназіі № 22 г. Мінска. Яго дзейнасць накіравана на ажыццяўленне прынцыпу сувязі тэорыі з практыкай, больш інтэнсіўную адаптацыю студэнтаў да прафесіі: знаёмства з перадавым вопытам, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, актуальнымі праблемамі школы. Адметна тое, што настаўнікі гімназіі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні заняткаў па педагогіцы. Вопыт такога супрацоўніцтва прадэманстравала cваім калегам загадчык філіяла дацэнт Л.А. Казінец: 16 красавіка пад яе кіраўніцтвам адбыўся семінар на тэму «Гамадзянскае выхаванне вучняў». У мерапрыемстве, што праходзіла у форме круглага стала, прынялі ўдзел студэнты-першакурснікі гістарычнага факультэта, настаўнікі-практыкі i выкладчыкі кафедры педагогікі

9_500x333
Студэнты Н. Зямлянік i Я. Ясюкевіч падрыхтавалі для ўдзельнікаў круглага стала выстаўку літаратуры па праблеме грамадзянскага выхавання. Д. Арцюх, Ю. Бялькевіч. A. Нікіценка выступилі з паведамленнямі, у якіх адлюстравалі погляды мысліцеляў i педагогаў розных гістарычных эпох на праблему выхавання грамадзяніна.

Хто ён, сапраудны грамадзянін? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць Д. Гальчук i Я. Шэўчык. Яны высветлілі, што старшакласнікі сталічных школ i студэнты гістарычнага факультэта БДПУ лічаць сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь высокамаральнага законапаслухмянага чалавека, які добра ведае свае правы i абавязкі, любіць Бацькаўшчыну, імкнецца добрасумленна працаваць на яе карысць.

Фарміраваць грамадзянскую пазіцыю вучняў можа толькі педагог-патрыёт. Да такой высновы прыйшлі студэнты А. Ільюшчыц, Я. Карачун, В. Рудкоўская, В. Сушкевіч. Яны прывялі канкрэтныя прыклады з вопыту работы настаўнікаў-лідараў В.А. Гербутава, У.М. Дзядкова. У.М. Здановіча, В.В. Гінчук, I.Р. Клявец i iнш.

10_500x333
Дырэктар гімназіі № 174 г. Мінска Л.М. Давыдзік, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Крыштальны журавель-2001″, у сваім выступленні спынілася на асноўных шляхах i сродках фарміравання грамадзянскасці вучняў у сярэдняй агульна адукацыйнай навучальнай установе. Яна засяродзіла ўвагу будучых настаўнікаў на ролі зместу вучэбных праграм i выхаваўчай працы. Настаўніца гісторіі гэтай жа гімназіі Л.Л. Пешкур падзялілася ўласным вопытам работы па дадзенай праблеме, расказала пра арганізацыю навукова-даследчай дзейнасці старшакласнікаў у навучальнай установе.

З вялікай зацікаўленасцю праслухалі студэнты выступленне настаўніка гісторыіі гімназіі № 22 г. Miнскa А.Э. Свідзінскага. Творчы педагог прадставіў свой інтэрнэт-праект па гістарычным краязнаўстве сталіцы, пазнаёміў студэнтаў з вынікамі яго рэалізацый на розных узроўнях сталічнай адукацыі.

Напрыканцы круглага стала настаўнікі-практыкі адказалі на пытанні студэнтаў.

Наш кар.


30 сакавiка 2012 года, № 4 (1105)

МАЙСТАР-КЛАС АД ФПА

У сістэме прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў ідэалагічная і выхаваўчая работа мае выключна важнае значэнне. Сучасны настаўнік – гэта не толькі высакакласны спецыяліст, але і творчая, ініцыятыўная, усебакова развітая асоба. Як захапіць сваіх выхаванцаў агульнай справай, аб’яднаць іх у сапраўдны дружны калектыў, павесці за сабой? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць педагогі факультэта пачатковай адукацыі, які заняў другое месца ў конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўніверсітэце (2009 г.). Таму сёлета менавіта на базе ФПА быў праведзены выязны семінар па абмене вопытам для намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце і старшыняў саветаў куратараў факультэтаў. Дваццаць другога сакавіка яны сабраліся ў вучэбным корпусе № 7, каб атрымаць майстар-клас ад сваіх калег.

11_500x361
Увазе гасцей былі прадстаўлены выставы метадычных распрацовак і творчых работ студэнтаў, а таксама тэматычныя экспазіцыі, якія адлюстроўваюць дзейнасць факультэцкіх калектываў і аб’яднанняў. У фае ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: віктарына і крыжаванка «Што Вы ведаеце пра факультэт пачатковай адукацыі». За кожны правільны адказ уручалася сардэчка-арыгамі. Гэта своеасаблівы сімвал факультэта, студэнты і выкладчыкі якога кіруюцца запаветам В. Сухамлінскага – аддаваць сваё сэрца дзецям.

12_500x333
Праграма семінара прадугледжвала правядзенне дзвюх адкрытых куратарскіх гадзін: «Брэнд ФПА – гэта…» (выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства В.Ю. Лазарава) і «Нажніцы рэдактара» (старшы выкладчык гэтай жа кафедры А.С. Васілеўская). Падчас першага мерапрыемства быў вызначаны змест паняцця «брэнд» у адносінах да адукацыі, студэнты працавалі над рэкламнымі праектамі для свайго факультэта (дэвіз, плакат, буклет і інш.), выказвалі прапановы па стварэнні яго фірменнага стылю. У выніку прыйшлі да высновы, што брэнд ФПА – гэта перш за ўсё камандны факультэцкі дух, які аб’ядноўвае студэнтаў і выкладчыкаў у іх імкненні да самаўдасканалення, да навуковых і творчых здзяйсненняў. Тэма другой куратарскай гадзіны была звязана з тым, што 2012 год аб’яўлены «Годам кнігі». Вызначыўшы ролю чытання ў сучасным грамадстве, студэнты пад кіраўніцтвам куратара паспрабавалі сябе ў ролі рэдактараў і стварылі ўласную газету. Варта адзначыць, што ў наладжаны паміж куратарамі і студэнтамі дыялог і творчы працэс былі ўцягнуты і запрошаныя госці, якія прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў, ахвотна выказвалі свае думкі на прапанаваныя тэмы.

13_500x333
Вынікі семінара былі падведзены падчас круглага стала «Асаблівасці арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы на факультэце пачатковай адукацыі». Дэкан ФПА Н.У. Ждановіч расказала пра дзейнасць калектываў і аб’яднанняў (валанцёрская група «Крылы», педатрад «Данка», тэатр «Надзея», літаратурная студыя «Ліра», вакальная група «Кансананс», лінгвістычны гурток «Lingua orbis» і інш.) і раскрыла іх ролю ў выхаванні актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі сваіх падапечных. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што менавіта ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў выхаваўчага працэсу дазваляе гадаваць факультэцкіх лідараў і нават будучых калег. Так, мінулагодняй выпускніцы і сённяшняй магістрантцы, байцу педатрада «Данка» Алене Салодкай даверылі пасаду выхавальніцы інтэрната № 4, і дзякуючы набытаму падчас работы ў атрадзе вопыту дзяўчына спраўляецца са сваімі няпростымі абавязкамі.

14_500x333
Вядома, у рамках гэтага артыкула немагчыма расказаць пра ўсе цікавыя моманты семінара. Відавочна адно: такія мерапрыемствы надзвычай карысныя для пераймання вопыту эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, каардынацыі сумесных дзеянняў з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.

Вераніка МАНДЗІК


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

СВЕТ ДАБРЫНІ АДКРЫТЫ ДЛЯ КОЖНАГА

Сёння на базе БДПУ створана 12 валанцёрскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі. Спіс добрых спраў нашых педагогаў-валанцёраў такі вялікі, што, здаецца, іх атрады існуюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Аднак на самой справе летапіс валанцёрскага руху нашай alma mater бярэ свой адлік з 1996 года. Менавіта тады, пятнаццаць год таму, на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій нашага ўніверсітэта была створана «Суполка міласэрнасці». Спачатку яна ўдзельнічала ў праектах грамадскага таварыства «Чырвоны Крыж». Але ў хуткім часе маладыя актывісты адчулі ў сабе жаданне і сілы дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, самастойна і працягнулі займацца валанцёрствам ужо як незалежная арганізацыя. Іх дзейнасць не засталася незаўважанай, і шэрагі валанцёраў сталі папаўняцца добраахвотнікамі з іншых факультэтаў. Гэта паспрыяла таму, што па прапанове кіраўніцтва ўніверсітэта суполка пераўтварылася ў валанцёрскі клуб «Міласэрнасць».

На думку членаў клуба, хворыя людзі не павінны жыць у ізаляцыі, асобна ад іншых. Таму валанцёры паставілі перад сабой мэту інтэграцыі здаровых і хворых людзей у грамадстве, да дасягнення якой упэўнена набліжаюцца. Першыя арганізацыі, з якімі пачала супрацоўнічаць «Міласэрнасць», – адаптацыйна-аздараўленчае прадпрыемства «Востраў надзеі» (грамадская арганізацыя, якую стварылі бацькі хворых дзяцей), равеснік валанцёрскага клуба, і дзяржаўная арганізацыя Першы дом дзіцяці. Усе пятнаццаць год свайго існавання нашы валанцёры клапоцяцца пра дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, якія знаходзяцца ў гэтых установах. Акрамя таго, на працягу дзесяці год «Міласэрнасць» дапамагае дзіцячаму анкагематалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах і інтэрнату для дзяцей з цяжкімі псіхафізічнымі захворваннямі ў Навінках. Хворым дзецям асабліва патрэбна падтрымка, адчуванне таго, што яны не адны, і кожны прыход валанцёраў – не толькі сапраўднае свята для выхаванцаў гэтых устаноў, але і дадатковыя рукі, значная дапамога для выхавацеляў.

15_500x421
Сёння «Міласэрнасць» – гэта арганізацыя, дзе кожны, хто хоча быць карысным, можа ім стаць. Асноўная дзейнасць клуба звязана з рэгулярнай штодзённай дапамогай хворым дзецям. Справа гэта нялёгкая, яна патрабуе і часу, і фізічных сіл, і, вядома, псіхалагічнай вытрымкі. «Навічкам» дапамагаюць вопытныя валанцёры. Аднак не ўсе, аднойчы пераступіўшы парог палаты хворага дзіцяці, знаходзяць у сабе сілы зноў туды вярнуцца. Затое кожны з іх можа выбраць сабе іншую ролю: хтосьці піша сцэнарыі святочных канцэртаў, а хтосьці ў іх удзельнічае, хтосьці малюе, а хтосьці рыхтуе разнастайныя акцыі і г. д. Напрыклад, аднойчы валанцёры клуба арганізавалі акцыю «Размалюем свет разам», падчас якой з абодвух бакоў размалявалі плот вакол Дома дзіцяці № 1. Дзякуючы нашым студэнтам, якія прыводзілі з сабой сваіх братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых з іншых ВНУ, мерапрыемства стала па-сапраўднаму агульнагарадскім. У хуткім часе шэрыя бетонныя пліты пераўтварыліся ў прыгожыя яркія карціны, па якіх дзецям сталі распавядаць самыя розныя казачныя гісторыі. Эксперымент быў такі ўдалы, што выпадковыя прахожыя нават падумалі, што гэта праца будучых прафесійных мастакоў. На самой жа справе далёка не ўсе ўдзельнікі акцыі ўмелі маляваць! Адным словам, было б жаданне, а карысны занятак знойдзецца.

Яшчэ адно адкрыццё клуба – арганізацыя на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Спадарожнік» летніка для дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. А з нядаўняга часу актывісты «Міласэрнасці» асвоілі і такую форму работы, як распрацоўка і правядзенне трэнін­гаў па рэпрадуктыўным здароўі «Прафілактыка СНІДу» і «Прафілактыка наркаманіі» ў студэнцкіх аўдыторыях і школах.

Напрыканцы снежня 2011 года валанцёрскі клуб «Міласэрнасць» адсвяткаваў сваё 15-годдзе, і павіншаваць яго прыйшло вельмі многа гасцей: кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэтаў, кіраўнікі арганізацый, якім дапамагаюць нашы студэнты, педагагічны атрад «Ветразь», самадзейныя калектывы, валанцёры-выпускнікі і многія іншыя. Сёння дзейнасць клуба ацэнена шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, граматамі БДПУ і інш. А ў мінулым годзе пра валанцёрскі клуб БДПУ даведаліся ажно на другім баку свету: па рэкамендацыі Міжнароднага дзіцячага фонду нязменнага кіраўніка клуба Людмілу Леанідаўну Лазарчук запрасілі ў Амерыку для абмену вопытам у галіне валанцёрства. Дзякуючы гэтаму пра шчырую самаадданую працу нашых студэнтаў сёння ведаюць і ў Вашынгтоне, і ў Сан-Францыска, і ў Нью-Ёрку, і ў многіх-многіх іншых гарадах. Жадаем клубу далейшага росквіту, новых адданых валанцёраў і дасягнення ўсіх мэтаў!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)

ТРАДЫЦЫЯ НАРАДЖАЕЦЦА СЁННЯ

Ідэалагічная і выхаваўчая работа з’яўляецца адным з важных складнікаў прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў. Не сакрэт, што сёння ў школах чакаюць не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і людзей крэатыўных, ініцыятыўных, здольных павесці за сабой. І гэтаму вучаць у нашым універсітэце. Кожны факультэт мае багаты вопыт у гэтай галіне, аднак па выніках конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы лепшым быў прызнаны факультэт спецыяльнай адукацыі. Неўзабаве Саветам універсітэта было прынята рашэнне аб правядзенні выязных семінараў па абмене вопытам для намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце. Першы з іх адбыўся днямі на базе ФСА і, па словах прысутных, аказаўся вельмі цікавым і карысным. Сваімі ўражаннямі дзеляцца прадстаўнікі розных факультэтаў.

16_500x375
Семінар паказаў важнасць стварэння адзінай выхаваўчай прасторы і адзіных падыходаў у выхаваўчай дзейнасці. Вельмі спадабалася форма яго правядзення: відэаролікі, дзелавая гульня, дыскусія, круглы стол. Трэба адзначыць цікавы, насычаны і пазнавальны змест семінара, атмасферу шчырасці і супрацоўніцтва, якая на ім панавала. Атрыманы вопыт адразу хочацца ўкараняць у выхаваўчы працэс на сваім факультэце, а гэта ўжо паказчык.

Валянціна МАКРАЦОВА, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФП;
Вольга ІГНАЦКАЯ, старшыня савета куратараў ФП

17_500x750
Мы змаглі пераканацца, што адміністрацыя, усе кафедры і грамадскія арганізацыі факультэта не толькі працуюць па адзіным, дакладна прадуманым плане выхаваўчай работы, але і з’яўляюцца аднадумцамі і партнёрамі ў працэсе развіцця асобасных і прафесійных якасцей студэнтаў. Яркія ўражанні пакінула куратарская гадзіна «Валанцёр + дзейнасць = актыўная грамадзянская пазіцыя». Куратар С.Я. Пятроўская ўмела спалучала розныя формы работы са студэнтамі і здолела не проста актывізаваць удзельнікаў, а павесці іх за сабой. Мы даведаліся, што на факультэце дзейнічае восем валанцёрскіх клубаў. Таксама хочацца адзначыць, што куратарская гадзіна мела дакладную прафесійную накіраванасць.

Н. САМСОНАВА,намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФДА;
М. МАЗОЎКА, старшы выкладчык кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі

18_500x333
Куратары студэнцкіх груп і кіраўніцтва факультэта (у прыватнасці, дэкан С.Я. Гайдукевіч, а таксама намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Л.Р. Сячкоўская) распавялі нам пра работу, якая вядзецца на ФСА. Пасля ад слоў перайшлі да справы – мы атрымалі магчымасць назіраць за правядзеннем дзвюх куратарскіх гадзін: «Свая справа ў адукацыі: магчымасці, варыянты, стратэгіі» і «Валанцёр + дзейнасць = актыўная грамадзянская пазіцыя». Хочацца адзначыць, што ў наладжаны паміж куратарамі і студэнтамі дыялог былі ўцягнуты і мы, запрошаныя госці. Было цікава выказваць свае думкі на прапанаваную тэму.

Вынікі семінара падвялі падчас круглага стала «Якасць выхаваўчага працэсу як вынік узаемадзеяння адміністрацыі факультэта, выпускаючых кафедраў і куратараў студэнцкіх груп». На наш погляд, менавіта такое ўзаемадзеянне і дазволіла факультэту дасягнуць высокага ўзроўню ў справе выхавання маладога пакалення. Вопыт работы калег варта выкарыстоўваць у арганізацыі выхаваўчай работы ўсіх факультэтаў БДПУ.

А. КАНОЙКА, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта;
В. ФЕДАРАСАВА, старшыня Савета куратараў гістарычнага факультэта

Аналізуючы семінар, хацелася б адзначыць работу загадчыкаў кафедраў факультэта спецыяльнай адукацыі не толькі ва ўніверсітэце, але і ў інтэрнаце. З такім запалам і энтузіязмам расказваць пра сваю дзейнасць могуць толькі апантаныя агульнай справай людзі. Увогуле, іначай і быць не магло, бо намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце ФСА Лідзія Рыгораўна Сячкоўская – чалавек крэатыўны, творчы, адным словам, душа факультэта.

У. СТАНКЕВІЧ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце фізічнага факультэта

Адзначыў для сябе, што на ФСА вельмі добра пастаўлена выхаваўчая работа на факультэцкіх кафедрах. Дакладна прасочваецца ўзаемадзеянне ў рабоце паміж адміністрацыяй факультэта, кафедрамі, куратарамі акадэмічных груп, студэнтамі, што спрыяльна адбіваецца на якасці выхаваўчага працэсу.

Вялікую павагу выклікае дзейнасць студэнтаў-валанцёраў, якія паказваюць усім нам прыклады адданасці сваёй справе, стараннасці, цярплівасці.

Д. ІГНАТОВІЧ, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце матэматычнага факультэта

У рамках семінара праходзіла выстава навукова-метадычнай літаратуры, у выглядзе прэзентацый дэманстраваліся метады і формы выхаваўчай і ідэалагічнай работы на факультэце, праводзіліся куратарскія гадзіны.

Уражанні ад семінара толькі станоўчыя. Відавочна, што ў арганізацыі і ажыццяўленні выхаваўчага працэсу задзейнічаны ўсе структурныя падраздзяленні факультэта: ад дэканата і кафедраў да саміх студэнтаў (валанцёрскае аб’яднанне «Роўнасць», студэнцкае выданне «З аптымізмам» і інш.). Куратарская гадзіна, на якой мне давялося прысутнічаць, праходзіла ў форме бізнес-інкубатара, дзе студэнты імкнуліся прадэманстраваць свае дзелавыя якасці ў стварэнні бізнес-планаў па аказанні паслуг у сферы адукацыі. Варта адзначыць высокі прафесійна-педагагічны ўзровень куратара А.С. Брыкавай.

Такога кшталту семінары спрыяюць эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, каардынацыі сумесных дзеянняў з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.

П. ТРУБЧЫК, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі

19_500x333
Усе прысутныя адзначылі высокі ўзровень нагляднай інфармацыі, якая аператыўна адлюстроўвае асноўныя падзеі, што адбываюцца на факультэце. Спадабалася афармленне тэматычных экспазіцый удзельнікаў выяўленчай студыі, арганізаванай на факультэце.

Адкрытая куратарская гадзіна «Свая справа ў адукацыі: магчымасці, варыянты, стратэгіі» дазволіла па-новаму разгледзець аспекты ўзаемадзеяння куратара і студэнцкай групы. Крэатыўнасць мыслення сучаснай моладзі і сацыяльная накіраванасць іх праектаў па арганізацыі цэнтраў, якія займаюцца сацыяльнай адаптацыяй дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, былі высока адзначаны прадстаўнікамі нашага факультэта. Неабходна падкрэсліць, што ўзаемасувязь вучэбнага і выхаваўчага працэсаў дапамагае станаўленню сучаснага педагога, садзейнічае яго інтэграцыі ў інфармацыйнае асяроддзе, якое хутка развіваецца.

Практыка правядзення такіх семінараў павінна стаць традыцыяй у нашым універсітэце.

А. ЛАПАТКО, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта прыродазнаўства


31 сакавіка 2011 года, № 4 (1088)

ВЫХОЎВАЕМ ПАТРЫЁТАЎ

Наш універсітэт прыняў актыўны ўдзел у рабоце XIV Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і дзіцячай творчасці «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: вопыт і перспектывы», якая праходзіла ў НВЦ «БелЭкспа». На працягу трох дзён мы дэманстравалі навуковыя і творчыя здабыткі ў гэтай сферы. Стэнд БДПУ быў адным з самых яркіх, прапаноўваў разнапланавую інфармацыю і прыцягваў да сябе павышаную ўвагу і цікавасць наведвальнікаў.

20_500x333
Урачыстае адкрыццё выставы, якая, дарэчы, упершыню праводзілася па-за сценамі Міністэрства адукацыі, адбылося ў сераду, 16 сакавіка. У ім прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, намеснік Міністра адукацыі Віктар Якжык і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Ігар Бузоўскі.

21_500x333
БДПУ можа па праву ганарыцца традыцыйнымі мерапрыемствамі, якія спрыяюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню студэнцтва. Асаблівае месца сярод іх займаюць славутыя Зорныя паходы. З самымі цікавымі момантамі студэнцкіх вандровак, а таксама з незабыўнымі эпізодамі Дня здароўя наведвальнікаў азнаёмілі відэаролікі і фотарэпартажы. На экспазіцыі БДПУ можна было ўбачыць шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў, распрацовак, сцэнарыяў, праектаў, прадастаўленых факультэтамі, агульнаўніверсітэцкімі кафедрамі, упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю, студэнцкім саветам і студгарадком.

22_500x333
Непаўторны каларыт нашаму павільёну надавалі яго экспанаты: вырабы з саломкі і гліны, лялькі, жывапісныя палотны, самая сапраўдная батлейка. Усе яны — творчыя працы студэнтаў факультэта эстэтычнай адукацыі.

Наведвальнікаў віталі дзяўчаты і хлопцы ў беларускіх народных, а таксама ў шляхецкіх і магнацкіх строях. У рамках работы выставы адбылося відэапрадстаўленне творчых дыпломных праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці студэнтаў ФЭА, а таксама майстар-клас «Рэалізацыя патрыятычнага выхавання дашкольнікаў сродкамі традыцыйнага лялечнага тэатра «Батлейка» ад факультэта дашкольнай адукацыі.

У трэці, заключны дзень працы выставы стэнд БДПУ наведаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч. Па выніках правядзення выставы наш універсітэт быў узнагароджаны дыпломам першай ступені. Акрамя таго, асобнымі дыпломамі былі адзначаны Н.С. Самсонава, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі, і кафедра мастацкай і педагагічнай адукацыі ФЭА (загадчык — Георгій Валянцінавіч Лойка).

Вераніка МАНДЗІК


18 сакавіка 2010 года, №4 (1071)

АД ПРЫЗВАННЯ ДА ПРЫЗНАННЯ

Днямі БДПУ прымаў гасцей з усіх куткоў Беларусі: адбыўся першы ў гісторыі Рэспубліканскі злёт педагагічных дынастый. Гэта сапраўды унікальнае мерапрыемства дазволіла выказаць шчырую ўдзячнасць не проста асобным людзям, а цэлым сем’ям, якія прысвяцілі сваё жыццё выхаванню, адукацыі, педагогіцы, навуцы і асвеце.
Распачаў сустрэчу Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў, які ў прывітальным слове да ўдзельнікаў злёту разважаў над тым, што ж такое педагагічная дынастыя і чым кіруюцца людзі, якія з пакалення ў пакаленне выбіраюць прафесію настаўніка.
— Мне здаецца, адказаць на гэта пытанне дапаможа адна гісторыя. Акцёр Ралан Быкаў звярнуўся аднойчы да свайго настаўніка і калегі С. К. Масквіна: «Я ведаю, што акцёр павінен мець надзвычай глыбокую інтуіцыю, працаваць на падсвядомасці. А ці можна яе неяк развіваць?» На што атрымаў адказ: «Што такое падсвядомасць — я не ведаю. Але думаю, што трэба развіваць свядомасць, і тады пад ёй што-небудзь знойдзецца». Відаць, і сапраўды ў аснове кожнай педагагічнай дынастыі ляжыць свядомы выбар прафесіі яе заснавальнікам.
Дарэчы, блізкасць настаўніцкай і акцёрскай прафесій падчас мерапрыемства падкрэслівалася неаднойчы. Не выпадковым, відаць, быў і выбар вядучых сустрэчы. Імі сталі народны артыст Беларусі, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Вітальевіч Гарбук і актрыса гэтага ж тэатра, выканальніца галоўнай ролі ў фільме «Анастасія Слуцкая» Святлана Зелянкоўская.
«Мы ўвесь час падкрэсліваем, — працягвае сваю думку Аляксандр Міхайлавіч, — што школа не можа забяспечыць якаснае развіццё асобы без узаемадзеяння з сям’ёй — і наадварот. Мне здаецца, што педагагічныя дынастыі — найбольш яркі і ўдалы прыклад перасячэння гэтых дзвюх ліній. Варта проста ўдумацца ў сэнс слоў «сям’я педагогаў», каб зразумець, якія ў іх закладзены багатыя традыцыі, паважлівыя адносіны да сваёй справы, прафесіі, свайго роду… Я вельмі рады, што вы згадзіліся прыняць удзел у злёце, расказаць пра свае дынастыі. Дзякуй, што паказваеце нам прыклад, узор, на які трэба раўняцца».
На злёт сабралася дзевяць педагагічных дынастый. Рыхтуючыся да сустрэчы, іх прадстаўнікі старанна вывучалі гісторыю свайго роду, складалі радавод. Так, у сям’і Марыны Вячаславаўны Станішэўскай, выкладчыка жывапісу, малюнка і кампазіцыі ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі дакладную гісторыю роду ведаюць ажно з 1743 года. Радавое дрэва настаўніцкай сям’і дырэктара СШ №22 г.Віцебска Паўла Фёдаравіча Коршакава было «пасаджана» ў 1915 г. і мае 12 моцных парасткаў. Прадстаўнікі роду працавалі і працуюць у С.-Пецярбурзе, Маскве, Рызе, Полацку, Віцебску… Пачала дынастыю Ганна Мікалаеўна Слабава, якая выкладала яшчэ на нядзельных рабочых курсах. Што цікава — разам з Надзеяй Крупскай. Калі б можна было сабраць прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі Зубковых-Дабравольскіх з Магілёўскай вобласці ўсіх разам, атрымаўся б калектыў невялікай школы.
У сям’і Піпко з Маларыцкага раёна адразу шасцёра мужчын абралі педагагічную прафесію! З’ява, згадзіцеся, унікальная. Мікалай Цімафеевіч, выкладчык працоўнага навучання і фізічнага выхавання, стаў прыкладам для трох сыноў, якія свядома пайшлі бацькавым шляхам і перадалі эстафету сваім дзецям — Эдуарду і Сяргею. Мужнасць, разважлівасць, здаровы прагматызм — такімі якасцямі валодаюць мужчыны з дынастыі Піпко. А яшчэ яны сапраўды адданыя сваёй прафесіі.
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік Беларусі Дз.А. Касценіч больш за сорак гадоў адпрацаваў у Вяляціцкай школе Барысаўскага раёна. Яны з жонкай паходзяць з сем’яў, з якіх выйшлі 26 настаўнікаў. У Вяляцічах закладзены парк народнай славы, працуе музей «Сялянская хатка», адчынена карцінная галерэя і нават ёсць… сваё зорнае неба! Дзмітрый Аляксандравіч здзейсніў даўнюю мару: разам з вучнямі стварыў з валуноў унікальную карту зорнага неба. Урокі астраноміі праходзяць надзвычай цікава!
Кожны настаўнік ганарыцца сваімі выпускнікамі. Ніна Васільеўна Пінчук з Петрыкаўскага раёна можа пахваліцца сваімі «зорнымі» выхаванцамі, сярод якіх дыпламат Ніна Мазай, пісьменніца Святлана Алексіевіч, прызёр Алімпійскіх гульняў Наталля Стасюк. Аднак, лічыць настаўніца, неабавязкова, каб вучні хапалі з неба зоркі — больш важнай, каб сталі добрымі людзьмі…
Уручаючы педагагічным дынастыям Беларусі памятныя падарункі, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі
А.А. Бойка выказаў падзяку рэктару БДПУ, прафесару П.Дз. Кухарчыку і ўсім, хто прымаў
удзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства. Сапраўды, прыклад, які нам паказваюць цэлыя настаўніцкія сем’і, натхняе, захапляе, а галоўнае — даказвае, што быць педагогам прэстыжна. Мне здаецца, такія злёты варта праводзіць як мага часцей і запрашаць на іх выпускнікоў сталічных школ — гэта была б самая лепшая прафарыентацыйная работа.
23_500x334
Вераніка Мандзік

29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

СВЯТЛО СЭРЦАЎ

Легендарнага Данка і гісторыю пра яго самаахвярнасць ведаюць усе. Не дзіўна, што студэнты аднайменнага зводнага педагагічнага атрада факультэта пачатковай адукацыі вылучаюцца асабліва цёплымі адносінамі да сваіх выхаванцаў.

Дзіця можа забыць словы, сказаныя важатым, але назаўжды запомніць клопат і падтрымку — эмацыйная памяць больш трывалая. Таму байцы «Данка» імкнуцца стаць для школьнікаў перш за ўсё сапраўднымі сябрамі, дарадчыкамі.
Наш педатрад актыўна працуе не толькі летам. На працягу апошніх двух гадоў мы ажыццяўляем выхаваўчую работу з дзецьмі-сіротамі дапаможнай школы-інтэрната № 7 г. Мінска. У кожным класе, з трэцяга па восьмы, мы праводзім разнастайныя мерапрыемствы творчага і пазнаваўчага характару. Штогод 19 мая байцы «Данка» запрашаюць вучняў чацвёртых класаў інтэрната да сябе ў госці — у музей гісторыі БДПУ.

Н. ПАРЧАНКА, камісар педатрада «Данка»