Валанцёрства як лад жыцця

22 мая 2017 года, № 7 (1195)

Ведай нашых_к абзацу 1

Валанцёрская дзейнасць для выхаванцаў БДПУ з’яўляецца неад’емнай часткай іх студэнцкага жыцця. З першага курса тысячы будучых педагогаў разам са сваімі выкладчыкамі бескарысліва падтрым ліваюць дзяцей і дарослых, якія маюць у гэтым патрэбу.

Яшчэ адным пацвярджэннем унёску БДПУ ў гуманістычнае выхаванне маладога пакалення стала дабрачынная ак цыя, якая адбылася 11 мая ў рамках ва ланцёрскага праекта «Мы разам». Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта на чале з рэктарам А. І. Жуком завіталі ў ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» з выдатным падарункам — шматфункцыянальнай прыладай. Яна была набыта на сродкі, атрыманыя ад правядзення дабрачыннага канцэрта «Мы разам» падчас Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» (22 снежня 2016 г.).

«З аднаго боку, мы бачым, наколькі важныя для выхаванцаў інтэрната стасункі з дарослымі людзьмі – валанцёрамі. З другога, зносіны з дзецьмі, напоўненыя сардэчнасцю і сумеснай творчасцю, вельмі патрэбныя і нашым студэнтам. Удзел у валанцёрскай працы спрыяе далучэнню будучых спецыялістаў да педагагічнай дзейнасці, фармiраванню ў iх прафесійна значных уменняў і якасцяў, сацыяльнай актыўнасці», – падкрэсліў рэктар БДПУ А. І. Жук.

Мерапрыемства прайшло ў надзвычай цёплай атмасферы. Студэнты-валанцёры ФДА , якія рэгулярна наведваюць выхаванцаў дома-інтэрната, падрыхтавалі ўдзячным гледачам канцэрт, у якім з танцавальнай кампазіцыяй «Анёлы» выступілі выхаванцы ДУА «Яслі-сад № 35 г. Мінска», а таксама займальную анімацыйную праграму з гульнямі і фокусамі, вакальна-харэаграфічнымі нумарамі. Асаблівую радасць дзеткам прынесла сумеснае чаяванне са смачнымі пірагамі – салодкім пачастункам ад БДПУ.


14 лістапада 2016 года, № 13 (1185)

НА ФАКУЛЬТЭЦЕ прыродазнаўства 3 лістапада стартавала дабрачынная акцыя «Падаруй радасць дзецям!». На працягу месяца ў дэканаце факультэта будзе ажыццяўляцца збор дзіцячых кніг, настольных гульняў, канцылярскіх прылад, цацак. Падарункі студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ арганізатары перададуць дзеткам з абмежаванымі магчымасцямі 3 снежня ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Партызанскага раёна г. Мінска.

%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d1%86%d1%91%d1%80c%d1%82%d0%b2%d0%b0_%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0-3

ВАЛАНЦЁРЫ клуба «Добрае сэрца» факультэта дашкольнай адукацыі пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай правялі тэатралізаванае прадстаўленне «Хораша быць добрым!» у ДУА «Дзіцячы дом-інтэрнат для інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Разам са студэнтамі ФДА ў арганізацыі і правядзенні свята ўдзельнічалі прадстаўнікі фізіка-матэматычнага факульэта нашага ўніверсітэта.

%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d1%86%d1%91%d1%80%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b0_%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0-2

УДЗЕЛЬНІКІ валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» Інстытута інклюзіўнай адукацыі (кіраўнік – выкладчык кафедры алігафрэнапедагогікі К. М. Рагель) правялі майстар-клас для дарослых з разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі. Студэнты азнаёмілі работнікаў сацыяльных майстэрняў прыходу іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» з тэхнікай стварэння кампазіцый са скручаных у спіраль папяровых палосак і дапамаглі ім зрабіць яркія арыгінальныя паштоўкі для сваіх блізкіх.

Акрамя таго, валанцёры першага і чацвёртага курсаў правялі канцэртна-забаўляльныя праграмы «Ух, восень – пара залатая» ў ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат № 2 для пажылых і інвалідаў г. Мінска».


12 чэрвеня 2014 года, № 11 (1146)

1_500x313

На імя рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука прыйшла падзяка ад галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі А. М. Якаўлева. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: «Адміністрацыя ўстановы аховы здароўя выказвае ўдзячнасць намесніку старшыні Савета жанчын БДПУ Д. М. Ярыга і кіраўніку народнага ансамбля народнай музыкі, танца і песні «Рэй» В. С. Васіленю ў сувязі з правядзеннем святочнага веснавога канцэрта для пацыентаў, што знаходзяцца на рэабілітацыі ў нашым цэнтры, і іх матуль. Жадаем Вам і калектыву работнікаў вашай установы здароўя, творчага гарэння і аптымізму».

2_500x398

«Н»-даведка. У перыяд з 15 па 22 красавіка студэнты і работнікі БДПУ праводзілі акцыю «Велікодныя дні міласэрнасці», у рамках якой былі арганізаваны канцэрты народных ансамбляў «Рэй» і «Ярыца», а таксама гульнявыя праграмы валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» для выхаванцаў сталічных дзіцячых дамоў № 4 і 5, пацыентаў Мінскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі за-хворваннямі. Верыцца, што добры настрой, які студэнты падаравалі дзеткам, застанецца з імі надоўга.


10 красавiка 2014 года, № 5 (1140)

ВЫПАДКОВАСЦІ – НЕ ВЫПАДКОВЫЯ

Кожная падзея ў нашым жыцці здараецца не проста так: адна чамусьці вучыць, другая прымушае задумацца і ў выніку натхняе на нейкі ўчынак, трэцяя пакідае трывалы след у душы. Адной з такіх знакавых падзей у маёй біяграфіі стаў удзел у валанцёрскім праекце “Дзеці сталіцы”. Яшчэ зусім нявопытная першакурсніца, я вырашыла паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе дзейнасці. І ў мяне атрымалася! Праца з дзецьмі – гэта бясцэнны ўзаемаабмен вопытам і чалавечымі якасцямі, гэта – творчасць.

Праект “Дзеці сталіцы” арыентаваны на “цяжкіх” падлеткаў. Кожнаму дзіцяці, незалежна ад асаблівасцей характару і паводзін, неабходны клопат, увага і цеплыня. Сакрэт нашай работы заключаецца ў тым, каб стаць для сваіх падапечных сябрам, своечасова падаць руку дапамогі.

У сумеснай працы раскрываецца асобасны патэнцыял не толькі дзяцей, але і саміх студэнтаў-валанцёраў. Кожны новы дзень – гэта новае здзяйсненне, развіццё сябе як асобы і як будучага педагога. Стварэнне творчых майстэрань, гурткі, гульні, трэнінгі, тэсціраванне – усё гэта толькі малая частачка таго, што робяць валанцёры на працягу месяца. Вечарамі студэнты прыдумваюць новыя конкурсы, распрацоўваюць віктарыны, сваімі рукамі шыюць касцюмы, каб рэалізоўваць задуманае разам з дзецьмі. “Быць валанцёрам – гэта не проста работа, гэта стан душы”, – скажа любы ўдзельнік “Дзяцей сталіцы”.

Адпрацаваўшы два гады ў праекце, я зразумела, што ён шмат чаму мяне навучыў. Акрамя мноства сяброў я набыла і карысныя прафесійныя навыкі. Падчас узаемадзеяння з дзецьмі мы вучымся гуманнасці, цярплівасці, уважлівасці, што так важна для будучай педагагічнай дзейнасці.

Заканчэнне праекта – гэта заўсёды сумны час для яго ўдзельнікаў: развітанне з дзецьмі даецца нялёгка, ніколі не абыходзіцца без слёз… Аднак мы не кажам сваім выхаванцам “Бывай!”, а толькі “Да сустрэчы”. І ў ліпені ўжо ў адзінаццаты раз мы пераканаемся ў магіі гэтых слоў, калі дзверы валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы” адчыняцца зноў!

Таццяна ЗЯМЦОВА, студэнтка ФБіРФ


6 сакавiка 2014 года, № 3 (1138)

ДАБРЫНЯ – ТАКСАМА ТВОРЧАСЦЬ!

Колькі твораў айчыннага і сусветнага мастацтва прысвечана жанчынам! Пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў заўжды натхнялі прыгажосць, чуласць, самаахвярнасць – рысы і якасці, уласцівыя прадстаўніцам чароўнай паловы чалавецтва. Ды і кожная жанчына сама па сабе – ужо дасканалы і завершаны твор мастацтва. Асабліва калі ў яе вачах свецяцца дабрыня, пяшчота і любоў… Менавіта да такіх думак і разважанняў напярэдадні самага чаканага вясновага свята падштурхнула мяне гутарка са студэнткай выпускнога курса факультэта прыродазнаўства (спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды») Дар’яй РОСКАЧ. Даша ў ліку траіх прадстаўнікоў БДПУ атрымала напрыканцы мінулага года прэмію Мінгарвыканкама. Асабіста я вылучыла б для яе асобную намінацыю – «Дабрыня».

3_500x667

Студэнтка выпускнога курса факультэта прыродазнаўства Дар’я Роскач з першых дзён навучання ва ўніверсітэце акунулася ў грамадскую дзейнасць – яе захапіла валанцёрства. Хоць да паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына і не займалася дабрачыннасцю, але жаданне дапамагаць людзям у яе было заўжды. «Па стане здароўя я шмат часу праводзіла ў розных санаторыях, рэабілітацыйных цэнтрах і бачыла, як да дзетак прыходзілі валанцёры – калі не памыляюся, гэта былі студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі нашага ўніверсітэта. На той момант я вучылася ў старшых класах і ўжо вырашыла паступаць у БДПУ на спецыяльнасць «Геаграфія. Ахова прыроды». Таму думка пра тое, што адразу пасля паступлення стану валанцёрам, узнікла яшчэ ў школе».

Дар’я прыйшла ў клуб «Міласэрнасць» і ўжо пяты год працуе з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Сёння яна – намеснік старасты. Студэнты-актывісты некалькі разоў на ты-дзень наведваюць выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра «Востраў надзеі» і інтэрната для дзяцей з АПФР, што ў Навінках, арганізуюць іх вольны час, дапамагаюць выхавацелям. Дар’я разам з сябрамі праводзіць дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да розных свят, супрацоўнічае з Беларускім дзіцячым фондам і г. д.

«Я вельмі лёгка знаходжу агульную мову з дзеткамі, што маюць асаблівасці ПФР, – расказвае дзяўчына. – Мне з імі весела і цікава. Тыя, хто ўпершыню прыходзяць да такіх дзяцей, толькі спачатку заўважаюць спецыфічную знешнасць, нейкія фізічныя асаблівасці. Аднак пасля разумеюць, што яны – самыя добрыя на свеце, не здольныя кагосьці пакрыўдзіць, без благіх думак і намераў. Нашае грамадства, на жаль, яшчэ цалкам не гатова да ўсведамлення таго, што людзі з АПФР – яго паўнавартасныя члены. Быў выпадак, калі, убачыўшы нашых выхаванцаў на вуліцы, адзін чалавек сказаў: «Навошта вы іх вывелі? Яны псуюць людзям настрой!» А нашы дзеці ўсё разумеюць, у іх ёсць інтэлект… Нават не ўяўляю, як крыўдна ім было чуць гэтыя словы!

Радуе тое, што заўжды знаходзяцца студэнты, якія свядома становяцца валанцёрамі, адчуваюць унутраную патрэбу займацца дабрачыннасцю. Прычым гэта не значыць, што яны не любяць адпачываць, хадзіць на канцэрты, у клубы і г. д. Пытанне ў прыярытэтах, на што ты гатовы патраціць свой час у першую чаргу».

Дар’я мае вопыт не толькі валанцёрскай дзейнасці – пэўны час яна працавала памочнікам выхавацеля ў адным з мінскіх цэнтраў карэкцыйнага развіцця. Праўда, работу было складана сумяшчаць з вучобай, часу катастрафічна не хапала, а таму прыйшлося звольніцца. Тым больш што Дар’я не адмовілася ад сваёй дзіцячай мары: яна па-ранейшаму хоча быць настаўніцай геаграфіі ў школе.

«Валанцёрства дапамагае раскрываць здольнасці і таленты, схаваныя ў чалавеку. Гэта вельмі патрэбна ў першую чаргу для настаўніка, які проста абавязаны быць творчай асобай. Таму валанцёрская дзейнасць з’яўляецца важным складнікам прафесійнай падрыхтоўкі педагога. Дарэчы, зараз шмат інтэграваных класаў, таму вопыт працы з дзецьмі з АПФР можа аказацца карысным для кожнага студэнта. Асабіста я сама развівала ў сабе акцёрскія здольнасці, вучылася маляваць – цяпер вось пішу сябрам іх партрэты. Не шэдэўры, вядома, але ведаю, што ім прыемна.

Мне хочацца пажадаць усім людзям, каб яны часцей смяяліся, дарылі дабрыню і маленькія радасці тым, хто побач. Памятайце: Інтэрнэт не павінен замяняць жывых зносін з тымі, хто знаходзіцца ад вас на недалёкай адлегласці. Часцей сустракайцеся з сябрамі і роднымі, хадзіце ў госці, дасылайце папяровыя, а не віртуальныя паштоўкі, пішыце чарнілам лісты. Паспрабуйце адправіць іх зусім незнаёмым людзям – гэта ж так цікава! Для гэтага не патрэбна шмат грошай і часу, а толькі ваша жаданне дзяліцца пазітывам і добрым настроем. Трэба выкарыстоўваць магчымасці, якія дае нам жыццё, максімальна. Як валанцёр я кожны дзень бачу людзей, якія не могуць гэтага рабіць. Таму цаніце тое, што вам дадзена, не губляйце часу, жывіце актыўна, насычана, ярка!»

Вераніка МАНДЗІК

16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)


ЗАХАВАЦЬ ВЕРУ Ў ДАБРЫНЮ

З 11 снежня 2013 г. па 10 студзеня 2014 г. у краіне праходзіла навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Асноўная яе задача – аказаць дапамогу і падтрымку тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі і мае патрэбу ў асаблівым клопаце з боку дзяржавы і грамадства.

4_500x418

Наш універсітэт – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскага дабрачыннага руху. Так, сёлета ў рамках каляднага праекта студэнты БДПУ наведалі выхаванцаў 8 устаноў сталіцы: дапаможных школ-інтэрнатаў № 5, 7 і 11, ДУА «Дзіцячы дом № 4», УАЗ «Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі», УАЗ «Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі», Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна, Мінскі гарадскі ЦКРНіР.

Каб стварыць для дзяцей атмасферу сапраўднага зімовага свята, удзельнікі акцыі падрыхтавалі яркія канцэртныя нумары і навагоднія сюрпрызы – мяккія цацкі, кнігі і, канешне ж, прысмакі. Свой талент і святло гарачых сэрцаў юным гледачам падаравалі творчыя калектывы БДПУ: народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні «Рэй», народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», хор «Гаўдэамус», а таксама члены валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць».

Новы год і Каляды – казачнае свята і для дзяцей, і для дарослых. Усе мы пачынаем верыць у цуды і здзяйсненне самых запаветных мараў. Дзякуючы намаганням валанцёраў самыя маленькія жыхары Беларусі хаця б на нейкі час змаглі адчуць сябе шчаслівымі. Будучыя педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб вера ў дабрыню і міласэрнасць стала рэальнасцю.

Надзея САЛАДУХА, каардынатар валанцёрскага сектара цэнтра студэнцкай творчасці


30 мая 2013 года, № 8 (1126)

ПРАФЕСІЯ «ДАБРАДЗЕЙ»

Да паступлення ў БДПУ ніколі не думала, што звяжу сваё жыццё са сферай сацыяльнай работы. Па першай адукацыі я ўвогуле ветэрынар… Шчыра кажучы, перад першай азнаямляльнай практыкай у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў вельмі хвалявалася: мне здавалася, што я маральна не падрыхтавана да працы, што не атрымаецца наладзіць кантакт з будучымі выхаванцамі. Аднак хутка мае страхі зніклі, а сумненні развеяліся.

5_500x339

Па сваёй прыродзе я чалавек з празмерна развітым пачуццём эмпатыі, менавіта гэта і перашкаджала мне працаваць па спецыяльнасці. Моцна перажываючы чужое гора, не заўжды магу справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі ж я ўпершыню прыйшла ў цэнтр, то зразумела: тут няма месца жалю, слязам і адчаю. Дзеці адразу далі зразумець, што іх не трэба шкадаваць і «зацыклівацца» на хваробах.

Як аказалася, усе нашы выхаванцы надзвычай таленавітыя і жыццярадасныя, яны ахвотна дзеляцца пазітыўнай энергетыкай з тымі, хто знаходзіцца побач. Мяне, напрыклад, яны навучылі не перажываць з-за дробных праблем, а шанаваць жыццё і быць удзячнай за кожнае падараванае імгненне шчасця. Я ніколі яшчэ не бачыла такіх усмешлівых і адкрытых хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны шчыра жадалі стаць для нас сябрамі, з энтузіязмам і стараннем адгукаліся на ўсе нашы прапановы па сумеснай творчай дзейнасці, з дзіцячай непасрэднасцю радаваліся дасягнутаму поспеху. Гэта вельмі цешыла і натхняла, падагравала жаданне працаваць актыўна і з задавальненнем. Натхнёная іх ініцыятыўнасцю і пазітывам, я імкнулася выкарыстаць як мага больш цікавых напрацовак са сваёй метадычнай скарбонкі: сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, творчыя заданні і г. д. На працягу ўсёй практыкі я знаходзілася ў няспынным пошуку чагосьці лепшага, яшчэ больш карыснага і займальнага. І, вядома, была вельмі рада, калі гэта падабалася дзецям.

Дагэтуль я ніколі не сутыкалася з падобнымі педагагічнымі задачамі, нават не ўяўляла, як арганізаваць творчую працу на карысць кожнаму. Аднак у такім дружным дзіцячым калектыве можна адкрыць у сабе новыя здольнасці і таленты. Так, я для сябе адзначыла, што магу пісаць вельмі някепскія сцэнарыі мерапрыемстваў, праводзіць псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, арганізоўваць дзяцей розных узростаў для сумеснай дзейнасці і знаходзіць з імі кантакт. Увогуле ж практыка навучыла мяне выкарыстоўваць у самастойнай працы тэарэтычныя веды, якія мы, студэнты, набываем падчас лекцый і семінараў.

Ведаеце, што было самым складаным? Развітанне. Ніхто не мог стрымаць слёз, нашы выхаванцы наперабой выказвалі словы падзякі. Толькі я ніяк не магла зразумець: за што? Асабіста для мяне гэта быў час прыемных зносін з самымі адкрытымі і шчырымі дзецьмі на Зямлі. Яны навучылі мяне галоўнаму: любіць жыццё, прымаць яго такім, якое ёсць, радавацца ўсяму, што яно прапануе. І гэтыя першыя крокі ў свет сацыяльнай работы для мяне застануцца самымі важнымі і запамінальнымі.

Лілія СЕМЧАНКА, студэнтка 1-га курса ФСПТ, спецыяльнасць «Сацыяльная работа»


17 мая 2013 года, № 7 (1125)

ЛЕТА З ВАЛАНЦЁРСКІМ АТРАДАМ «ДЗЕЦІ СТАЛІЦЫ»

Мабыць, ніхто не стане спрачацца з тым, што сумяшчаць прыемнае з карысным – гэта цудоўна. Доказам маіх слоў можа паслужыць дзейнасць валанцёрскага атрада «Дзеці сталіцы» БДПУ, які паспяхова працуе вось ужо на працягу дзевяці гадоў

6_500x310

Нашай задачай з’яўляецца арганізацыя вольнага часу вучняў школ, якія падчас вакацый па розных прычынах не змаглі паехаць у летнік, за горад ці на мора. Як правіла, гэта «цяжкія» падлеткі, дзеці з праблемных або малазабяспечаных сем’яў.

Пасля заканчэння першага курса, адпрацаваўшы ў валанцёрскім атрадзе «Дзеці сталіцы» ўсю змену, я прыйшла да высновы, што кепскіх дзяцей не бывае. У большасці выпадкаў ім проста не хапае цеплыні і пяшчоты, упэўненасці, што яны некаму патрэбны. Мы імкнуліся раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, павысіць яго самаацэнку і дапамагчы паверыць у сябе.

Атрад працаваў на базе школ Маскоўскага раёна сталіцы з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. На працягу месяца мы арганізоўвалі для іх гульні, разам малявалі крэйдай на асфальце, ляпілі з пластыліну, складвалі пазлы, праводзілі розныя віктарыны і конкурсы, разгадвалі загадкі, ладзілі спартландыі і проста размаўлялі. Трэба адзначыць, што ў нас не існуе пазіцыі «важаты–вучань»: наадварот, на працягу месяца ўдзельнікі праекта імкнуцца як мага больш зблізіцца. Самае галоўнае – гэта знайсці ў дзіцяці сябра, даць зразумець, што табе можа давяраць і ў любую хвіліну знайсці падтрымку.

Самая дарагая ўзнагарода для валанцёра – усмешка дзіцяці, яго добры настрой. Вельмі прыемна чуць удзячныя словы бацькоў, якія рады таму, што іх дзеці становяцца лепшымі, вучацца чамусьці цікаваму і карыснаму, знаходзяць новых сяброў.

«Дзеці сталіцы» – праект, у якім не толькі валанцёры дапамагаюць дзецям, але і наадварот. Працуючы ў атрадзе, я навучылася цаніць кожнае імгненне жыцця, пераканалася, як добра мець сяброў, пераканалася, што дзіцячы смех – лепшы лекар!

Вядома, у кожнага з нас сваё ўяўленне пра шчасце, аднак калі дзелішся ім з іншымі, яно, безумоўна, памнажаецца!

Таццяна ЗЯМЦОВА, студэнтка ФБіРФ


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

ВЕКТАРЫ ЗНОСІН

Валанцёрскае аб’яднанне з гаваркой назвай «Роўнасць» існуе на факультэце спецыяльнай адукацыі толькі пяць гадоў, хоць традыцыі дабрачыннай студэнцкай дзейнасці, вядома ж, узніклі значна раней. Стварэнне такога калектыву аднадумцаў дазволіла аб’яднаць намаганні асобных валанцёраў-ініцыятараў у адзіную сістэму і тым самым зрабіць нашу працу больш арганізаванай і эфектыўнай. Мы разглядаем валанцёрства як сумесную творчую дзейнасць, у якой на роўных прымаюць удзел і студэнты, і выкладчыкі, і асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Менавіта гэтая ідэя пакладзена ў аснову праекта «Мы розныя, але роўныя», які быў намі прадстаўлены на міжнародным студэнцкім конкурсе «Мас-Медыя Перспектыва: «Валанцёрства: дапамагаючы іншым, дапамагаеш сабе» (Санкт-Пецярбург, лістапад 2011 г.). Наша дзейнасць была высока ацэнена прафесійным журы, і ў намінацыі «Рэалізаваныя праекты» мы занялі ганаровае другое месца.

7_500x375

Конкурс «Мас-Медыя Перспектыва» ў сёмы раз праводзіла Вышэйшая школа журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш чым дзвесце маладых людзей з пятнаццаці рэгіёнаў Расіі і краін СНД. Усяго на конкурс было прадстаўлена 56 студэнцкіх прац. У short-list увайшлі аўтары дванаццаці лепшых работ, у тым ліку і прадстаўніцы БДПУ Надзея Сігай, Яна Шарамецьева і Лідзія Шабунько. Увогуле ж у СПбДУ сабралася больш за трыццаць студэнтаў, якія на адкрытай абароне прадставілі на суд журы рэалізаваныя і нерэалізаваныя праекты, а таксама серыі журналісцкіх матэрыялаў. Прэзентацыі фіналістаў ацэньвалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расійскай Федэрацыі, дабрачынных таварыстваў, друкаваных СМІ і інш.

Наш праект з’яўляецца своеасаблівай «самарэвізіяй» дзейнасці валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць». На сённяшні дзень мы можам гаварыць пра дакладна адрэгуляваную сістэму працы калектыву: набыты вопыт добраахвотнай дзейнасці дазваляе акордна вызначыць, што, як і навошта трэба арганізоўваць для нашых падапечных. Асноўныя напрамкі работы аб’яднання можна назваць вектарамі зносін, кожны з якіх мае сваю вузкаспецыялізаваную задачу, форму, змест і спецыфіку рэалізацыі ў залежнасці ад аўдыторыі.

Галоўнае ў нашым узаемадзеянні – гэта душэўны кантакт, эмацыйная падтрымка (не толькі людзей, з якімі працуем, але і нас саміх). Кожны валанцёр ведае, што чым больш ты даеш, тым больш атрымліваеш: падорыш адну ўсмешку, а ў адказ заззяюць ажно дзесяць. Ведаеце, насамрэч можна многаму навучыцца ў людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Студэнты адзначаюць: першае, што набываецца, – гэта ўменне (як ні дзіўна) радавацца жыццю, цаніць кожны яго момант. Ды і ўвогуле, большую каштоўнасць і значнасць набываюць такія чалавечыя якасці, як шчырасць, самаахвярнасць, праўдзівасць… Сёння ў склад аб’яднання «Роўнасць» уваходзіць шэсць перманентных і пяць дынамічных валанцёрскіх груп. Сярод іх ёсць «старажылы», якія працуюць больш за чатыры гады і маюць пастаянны склад добраахвотнікаў. Кожная такая крэатыў-група дзейнічае з улікам спецыфікі тыпу ўстановы і ўзросту падапечных. Студэнт-валанцёр самастойна вызначае, як і ў якім аб’ёме будзе працаваць, зыходзячы з асабістых псіхалагічных магчымасцяў і наяўнасці вольнага часу.

Склад і лакалізацыя дзейнасці дынамічных груп можа вар’іравацца ў залежнасці ад патрабаванняў праекту і жадання добраахвотніка быць удзельнікам той ці іншай акцыі. Гэта, так бы мовіць, своеасаблівы «бонус» для валанцёра за штодзённую дзейнасць на працягу навучальнага года. Склад такой групы вызначаюць самі студэнты, для якіх гэта яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць свае асобасныя і прафесійныя якасці.

За час існавання валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць» яго ўдзельнікі правялі шэраг дабрачынных акцый, якія з’яўляюцца дзейсным інструментам прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца некалькі разоў на год. Усе жадаючыя могуць прымаць у іх удзел і тым самым рабіць свой унёсак у гісторыю развіцця валанцёрства на факультэце спецыяльнай адукацыі.

Раскажу пра некаторыя формы працы нашага аб’яднання. У аснову дзейнасці сэнсарнага тэатра «Адлюстраванне» пакладзена ідэя Л. С. Выгоцкага пра важнасць пачуццёвага развіцця для пазнавальнай дзейнасці і актыўнасці індывіда. Асноўная задача нашага тэатра – суаднесці словы, учынкі, характары з пачуццёвым разуменнем, устанавіць гэтую адпаведнасць з апорай на прыроднае разуменне ісціны.

У арт-гасцёўні «Жыццёвыя мудрасці» мы спрабуем рабіць «стоп-кадры» пэўных момантаў, эпізодаў, якія вызначаюць каштоўнасць, чалавечнасць, глыбіню нашай існасці. Запрашаем на такія сустрэчы людзей, якія жывуць у спецыяльных установах, і разам з імі спрабуем адказаць на хвалюючыя пытанні, слухаем, спрачаемся, імправізуем. Напрыклад, спрабуем вызначыць, што можа зрабіць нашыя дні больш светлымі, як гэта – быць дарослым. Тэматыку нашых сустрэч вызначае само жыццё.

Ужо пабачылі свет восем выпускаў стэндавай газеты «Сезонны калейдаскоп», якая разглядаецца намі як найважнейшы элемент рэфлексіі студэнцкай аўдыторыі на дабрачынную дзейнасць валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць». Газета выпускаецца штосезонна і ўяўляе сабой своеасаблівую справаздачу за квартал. Такі метад дазваляе візуалізаваць і падсумаваць зробленае, прыцягнуць да валанцёрскай дзейнасці нашага аб’яднання новых добраахвотнікаў.

Склаліся ў нас ужо і факультэцкія традыцыі – правядзенне штогадовага «Восеньскага прызыву», супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі г. Мінска, узнагароджанне лепшых валанцёраў-выпускнікоў.

Немагчыма ў рамках аднаго артыкула расказаць пра ўсе якасці і справы валанцёраў нашага аб’яднання. Многае застаецца «за кадрам». Асабліва такія «дробязі», якія студэнты нават не афішуюць, але без якіх цяжка ўявіць сабе валанцёрскую працу: напяклі пірагоў і пачаставалі сваіх падапечных, перадалі памперсы ў дом немаўляці, прыехалі на дзень нараджэння да сябра ў інтэрнат, запісалі для яго дыск з любімай музыкай… Сярод удзельнікаў аб’яднання «Роўнасць» няма спаборніцтва, няма пераможцаў і пераможаных. Валанцёрства для іх – стан душы, спосаб жыцця і сталая грамадзянская пазіцыя. Магчыма, менавіта таму і пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце яны застаюцца вернымі аднойчы абранаму вектару зносін.

Святлана ПЯТРОЎСКАЯ, настаўнік валанцёрскага аб’яднання «Роўнасць», старшы выкладчык кафедры сурдапедагогікі


31 студзеня 2011 года, № 1 (1102)

СВЕТ ДАБРЫНІ АДКРЫТЫ ДЛЯ КОЖНАГА

Сёння на базе БДПУ створана 12 валанцёрскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі. Спіс добрых спраў нашых педагогаў-валанцёраў такі вялікі, што, здаецца, іх атрады існуюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Аднак на самой справе летапіс валанцёрскага руху нашай alma mater бярэ свой адлік з 1996 года. Менавіта тады, пятнаццаць год таму, на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій нашага ўніверсітэта была створана «Суполка міласэрнасці». Спачатку яна ўдзельнічала ў праектах грамадскага таварыства «Чырвоны Крыж». Але ў хуткім часе маладыя актывісты адчулі ў сабе жаданне і сілы дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, самастойна і працягнулі займацца валанцёрствам ужо як незалежная арганізацыя. Іх дзейнасць не засталася незаўважанай, і шэрагі валанцёраў сталі папаўняцца добраахвотнікамі з іншых факультэтаў. Гэта паспрыяла таму, што па прапанове кіраўніцтва ўніверсітэта суполка пераўтварылася ў валанцёрскі клуб «Міласэрнасць».

На думку членаў клуба, хворыя людзі не павінны жыць у ізаляцыі, асобна ад іншых. Таму валанцёры паставілі перад сабой мэту інтэграцыі здаровых і хворых людзей у грамадстве, да дасягнення якой упэўнена набліжаюцца. Першыя арганізацыі, з якімі пачала супрацоўнічаць «Міласэрнасць», – адаптацыйна-аздараўленчае прадпрыемства «Востраў надзеі» (грамадская арганізацыя, якую стварылі бацькі хворых дзяцей), равеснік валанцёрскага клуба, і дзяржаўная арганізацыя Першы дом дзіцяці. Усе пятнаццаць год свайго існавання нашы валанцёры клапоцяцца пра дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, якія знаходзяцца ў гэтых установах. Акрамя таго, на працягу дзесяці год «Міласэрнасць» дапамагае дзіцячаму анкагематалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах і інтэрнату для дзяцей з цяжкімі псіхафізічнымі захворваннямі ў Навінках. Хворым дзецям асабліва патрэбна падтрымка, адчуванне таго, што яны не адны, і кожны прыход валанцёраў – не толькі сапраўднае свята для выхаванцаў гэтых устаноў, але і дадатковыя рукі, значная дапамога для выхавацеляў.

8_500x421

Сёння «Міласэрнасць» – гэта арганізацыя, дзе кожны, хто хоча быць карысным, можа ім стаць. Асноўная дзейнасць клуба звязана з рэгулярнай штодзённай дапамогай хворым дзецям. Справа гэта нялёгкая, яна патрабуе і часу, і фізічных сіл, і, вядома, псіхалагічнай вытрымкі. «Навічкам» дапамагаюць вопытныя валанцёры. Аднак не ўсе, аднойчы пераступіўшы парог палаты хворага дзіцяці, знаходзяць у сабе сілы зноў туды вярнуцца. Затое кожны з іх можа выбраць сабе іншую ролю: хтосьці піша сцэнарыі святочных канцэртаў, а хтосьці ў іх удзельнічае, хтосьці малюе, а хтосьці рыхтуе разнастайныя акцыі і г. д. Напрыклад, аднойчы валанцёры клуба арганізавалі акцыю «Размалюем свет разам», падчас якой з абодвух бакоў размалявалі плот вакол Дома дзіцяці № 1. Дзякуючы нашым студэнтам, якія прыводзілі з сабой сваіх братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых з іншых ВНУ, мерапрыемства стала па-сапраўднаму агульнагарадскім. У хуткім часе шэрыя бетонныя пліты пераўтварыліся ў прыгожыя яркія карціны, па якіх дзецям сталі распавядаць самыя розныя казачныя гісторыі. Эксперымент быў такі ўдалы, што выпадковыя прахожыя нават падумалі, што гэта праца будучых прафесійных мастакоў. На самой жа справе далёка не ўсе ўдзельнікі акцыі ўмелі маляваць! Адным словам, было б жаданне, а карысны занятак знойдзецца.

Яшчэ адно адкрыццё клуба – арганізацыя на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Спадарожнік» летніка для дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. А з нядаўняга часу актывісты «Міласэрнасці» асвоілі і такую форму работы, як распрацоўка і правядзенне трэнін­гаў па рэпрадуктыўным здароўі «Прафілактыка СНІДу» і «Прафілактыка наркаманіі» ў студэнцкіх аўдыторыях і школах.

Напрыканцы снежня 2011 года валанцёрскі клуб «Міласэрнасць» адсвяткаваў сваё 15-годдзе, і павіншаваць яго прыйшло вельмі многа гасцей: кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэтаў, кіраўнікі арганізацый, якім дапамагаюць нашы студэнты, педагагічны атрад «Ветразь», самадзейныя калектывы, валанцёры-выпускнікі і многія іншыя. Сёння дзейнасць клуба ацэнена шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, граматамі БДПУ і інш. А ў мінулым годзе пра валанцёрскі клуб БДПУ даведаліся ажно на другім баку свету: па рэкамендацыі Міжнароднага дзіцячага фонду нязменнага кіраўніка клуба Людмілу Леанідаўну Лазарчук запрасілі ў Амерыку для абмену вопытам у галіне валанцёрства. Дзякуючы гэтаму пра шчырую самаадданую працу нашых студэнтаў сёння ведаюць і ў Вашынгтоне, і ў Сан-Францыска, і ў Нью-Ёрку, і ў многіх-многіх іншых гарадах. Жадаем клубу далейшага росквіту, новых адданых валанцёраў і дасягнення ўсіх мэтаў!

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ


21 чэрвеня 2011 года, № 9 (1093)

УПЭЎНЕНАСЦЬ ПРЫХОДЗІЦЬ З ВОПЫТАМ

Сёлета ўжо ў чацвёрты раз пачаў сваю работу валанцёрскі педагагічны атрад «Роўнасць» факультэта спецыяльнай адукацыі. Зноў 30 самых актыўных студэнтаў накіраваліся ў летнік «Сонечны», які працуе на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у якасці выхавацелей дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

9_500x632

Штогод атрад папаўняецца новымі валанцёрамі, якія прыходзяць на змену былым байцам. Адбор праводзіцца на конкурснай аснове, таму ў лік шчасліўчыкаў трапляюць самыя адказныя, актыўныя і творчыя студэнты.

Для валанцёраў, якія ўвайшлі ў атрад, былі арганізаваны майстар-класы і лекцыйныя заняткі. Праводзілі іх і выкладчыкі ФСА, і педагогі Мінскага гарадскога ЦКРНіР, якія дзяліліся з намі вопытам, расказвалі пра формы і метады работы. Гэтыя веды аказаліся вельмі запатрабаванымі, бо сёлета валанцёрам упершыню давялося працаваць з дзеткамі з аутызмам. Спачатку ў нас, вядома, узнікалі цяжкасці, аднак зараз, калі прайшла палова змены і валанцёры вядуць работу бойка і ўпэўнена, можна смела сказаць: усё прыходзіць з вопытам.

Адкрыццё летніка адбылося ў аграсядзібе «ВеЛюНа». Арганізатарамі свята пры падтрымцы шматлікіх спонсараў было падрыхтавана захапляльнае шоу. Можна было пачаставацца блінамі з мёдам ці юшкай, прыгатаванай «піратамі», самім налавіць рыбы, наведаць міні-заапарк… У канцэртнай праграме прынялі ўдзел зоркі беларускай эстрады. А ўсе працоўныя моманты ляглі на плечы нашых валанцёраў: мы і ў тэатралізаваных прадстаўленнях выступалі, і дзяцей суправаджалі, і ў конкурсах удзельнічалі. За што напрыканцы мерапрыемства атрымалі сардэчныя падзякі.

Самі валанцёры не могуць спакойна гаварыць пра сваю работу, эмоцыі проста перапаўняюць. Нягледзячы на стомленасць, мы не можам дачакацца сваёй наступнай змены. Так прыемна зноў узяць за руку дзіця, убачыць бляск і ўдзячнасць у яго вачах…

За гэтыя дні мы сталі не проста валанцёрскім педагагічным атрадам, а сапраўднай дружнай сям’ёй, дзе ва ўсіх адзіная мэта, дзе кожны спяшаецца на дапамогу іншаму.

Юлія Красоўская, 207-я група ФСА


16 верасня 2010 года, № 11 (1078)

ТРЫЦЦАЦЬ ДВА АДВАЖНЫЯ ВАЛАНЦЁРЫ ФСА

Адвага – дабрачыннасць, па прычыне якой

людзі робяць добрыя справы.

Арыстоцель

У большасці з нас існуюць стэрэатыпы наконт людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, яны маюць неабходнасць у пастаянным наглядзе, фізічнай і псіхалагічнай дапамозе. Аднак той, хто зазірнуў за адваротны бок медаля, набыў упэўненасць, што асаблівае дзіця не толькі патрабуе клопату, увагі і любові, але і можа стаць самым сапраўдным і верным сябрам.

Правучыўшыся год ва ўніверсітэце на факультэце спецыяльнай адукацыі, я атрымаў магчымасць бліжэй пазнаць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Я працаваў валанцёраму дзіцячым летніку на базе Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна_развіваючага навучання і рэабілітацыі, прымаў удзел у арганізацыі адпачынку дзяцей, правядзенні разнастайных мерапрыемстваў… Мы з разуменнем і радасцю адгукнуліся на заклік падараваць цяпло сваіх сэрцаў дзецям. У летніку адпачывала 35 дзяцей рознага ўзросту. Камусьці з іх было складана рухацца, нехта з цяжкасцю гаварыў. Але ўсіх аб’ядноўвала імкненне дапамагчы адзін аднаму і «свайму» валанцёру. Яны адчувалі, калі табе маркотна або нешта турбуе. І, як гэта ні дзіўна, заўсёды былі гатовы прыйсці на дапамогу шчырым позіркам, ціхім дотыкам, патрэбным словам. Мне, вядома ж, хацелася спадабацца дзецям, зацікавіць іх, захапіць. Крыху паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што буду кантактаваць з імі на роўных. І вось ён, першы дзень працы дзіцячага летніка на тэрыторыі аграсядзібы «Навінка», што пад Мінскам. Адкрыццё змены супала з Днём абароны дзяцей, у святкаванні якога ўдзельнічалі зоркі беларускай эстрады, знакамітыя тэлевядучыя, заслужаныя танцавальныя калектывы. Для жадаючых працавалі разнастайныя майстар класы, прапаноўвалася адшукаць скарб на востраве, палавіць рыбу, зрабіць ікебану, сфатаграфавацца ў нацыянальным адзенні народаў свету і шмат іншага. Тут былі і святочны канцэрт, і частаванне салдацкай кашай, і знаёмства з дзецьмі. А яшчэ шмат эмоцый…» Я вельмі хвалявалася, калі ўпершыню трапіла ў летнік. Перажывала, што магу не спадабацца, што ў мяне нічога не атрымаецца, што не буду ведаць, як правільна сябе паводзіць. Напэўна, такія сумненні заўсёды будуць папярэднічаць знаёмствам. Аднак у чарговы раз я пераканалася, што гэтыя дзеці незвычайныя. Яны надзвычай жыццярадасныя, ветлівыя, адкрытыя да зносін і ўсяго новага. Не паспяваеш апамятацца, а яны тут жа пытаюцца: «Як цябе завуць?» Пачынаюць знаёміцца, паказваюць свае любімыя рэчы. Расказваюць, што рабілі ўчора і чым збіраюцца заняцца заўтра. І, безумоўна, гучыць дзіцячае «Давай пагуляем!» Яны вельмі даверлівыя, слухаюць кожнае тваё слова, памятаюць усе твае абяцанні, чакаюць, калі ты зможаш удзяліць ім увагу. Вядома, як у любой справе, мы сутыкнуліся з цяжкасцямі. Першай перашкодай на шляху ўсталявання маіх кантактаў з На дзяй было яе «паглыбленне ў сябе». Раптам, без усялякай прычыны, яна пачынала глядзець у адну кропку і нават не міргала. Пачынаеш яе ўгаворваць, прасіць, каб «апрытомнела»… Аднак з гэтым мы справіліся. Проста, як заўважу прыкметы «самапаглыблення», бяру дзяўчынку за руку і спакойна, гледзячы ёй прама ў вочы, гавару: «Надзя, не трэба так рабіць, спыніся». Не паверыце, у нас атрымалася! Другой «цяжкасцю» стала харчаванне. Дзіця адмаўлялася есці тыя стравы, што гатавалі ў сталовай. Змесціва маленькага партфеля дзяўчынкі палохала: чыпсы, вялікая колькасць шакаладных цукерак, пячэнне, жавальныя гумкі і г. д. Бацькі самі хваляваліся, што дачка не пагаджалася есці нічога, акрамя гэтага. Кожны сняданак, абед, падвячорак пачынаўся аднолькава: «Надзейка, сонейка, зайчык, ну з’еш кавалачак!» У адказ было чутно ціхае, але ўпэўненае «Не». Але і тут маленькая перамога! Пасля доўгіх угаворванняў Надзя пакрысе пачала есці садавіну і піць кампот. Вы запытаецеся, чаму мы называем сябе адважнымі? Па той простай прычыне, што сярод байцоў атрада было васямнаццаць першакурснікаў, якія вырашылі акунуцца ў прафесію і пайсці на непасрэдны кантакт з дзецьмі. Паверце, гэта няпроста. Былі і такія, хто сышоў з дыстанцыі, не змог перамагчы псіхалагічны бар’ер. А ў чым адвага студэнтаў старэйшых курсаў? Ды ў тым, што, перажыўшы «баявое хрышчэнне» раней за нас, яны свядома і безагаворачна зноў прыйшлі на дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыйшлі, каб весці іх няхай да маленькіх, але перамог.Працоўны семестр быў вельмі насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі, у якіх прымалі ўдзел усе – дзеці, валанцёры, адміністрацыя, бацькі. Ніхто не змог застацца абыякавым у дзень Няптуна. Дзеці прадэманстравалі свае таленты ў мерапрыемстве «Зорка Галівуда» і знайшлі сваю ідэальную пару! Хацелася б выказаць удзячнасць адміністрацыі гарадскога ЦКРНіР за псіхалагічную і метадычную падтрымку, за разуменне. Працоўная змена аб’яднала і зрабіла сябрамі самых розных студэнтаў усіх курсаў. Зрабіла іх паўнацэннымі членамі студэнцкага руху ФСА «Роўнасць». УРАЖАННІ ў нас былі толькі станоўчыя. Я вельмі моцна палюбіла дзяцей. Лаўлю сябе на думцы, што мне не ўсё роўна, што робіць цяпер маленькі Саша і ці спаў сёння днём Сярожа. Так, гэтыя дзеці сталі маімі сябрамі, бо разам з імі мы на працягу месяца вучыліся адзін у аднаго… жыццю. Застаецца менш за хвіліну да фінальнай песні. Мы з’яўляемся ў ваеннай форме, я выконваю прыгожае сола, Ігар пачынае спяваць, нам падпяваюць. Апладзіруюць, усміхаюцца, нехта нават плача. Я іграю і хачу хоць трошкі прадоўжыць гэтую хвіліну, бо ведаю і разумею, што пасля песні ўсё скончыцца. Адно надае бадзёрасці – мы сталі шчырымі сябрамі…У дзень закрыцця летніка, развітваючыся з Надзеяй, я моцна абняла яе і на вушка сказала «Дзякуй!». Магчыма, мая новая сяброўка да канца не зразумела маіх паводзін. Але я ведаю, чаму я ёй гэта кажу!» Мы дакладна ўпэўнены, што не спынімся на дасягненнях гэтага лета! Мы будзем здзяйсняць маленькія перамогі штодня. Бо, як сказаў Р. Ралан, трэба кожную раніцу пачынаць новую бітву або працягваць учарашнюю.

Сваімі ўспамінамі падзяліліся:

Надзея КАРАНЕЎСКАЯ,

камандзір педатрада

«Роўнасць»,

Дар’я БУЕЛЬ,

Маргарыта МАЛЬКОВА

і Канстанцін ШЭЎЧЫК

10_500x375


27 мая 2010 года, №7 (1075)

СВЕТ ДЗЯЦІНСТВА, У ЯКІМ ЁСЦЬ МЕСЦА І ТАБЕ

Нават цяжка сабе ўявіць, якім бы стала наша жыццё, калі б людзі раптам забылі, што такое чалавечнасць, спагадлівасць і ўзаемападтрымка. Даўно вядома, што самыя лепшыя лекі — прыязнае слова і шчырая ўсмешка. А як яны неабходны дзецям, што маюць цяжкія захворванні! Многія з іх знаходзяцца пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса, дзе апошнім часам частымі гасцямі сталі студэнты нашага універсітэта.

Лечыцца трава ад спёкі ліўнем, Людзі ласкай лечацца людской.

Пімен Панчанка

Чацверакурсніцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Таццяна Каротчанка і Інга Вецяорац упершыню трапілі сюды восенню мінулага года, калі праходзілі педагагічную практыку. Практыка скончылася, а жаданне працаваць з дзецьмі, дапамагаць ім набываць упэўненасць у сваіх сілах толькі ўзрасло. Таму дзяўчаты сталі актыўна супрацоўнічаць з хоспісам у якасці валанцёраў, пры іх непасрэдным удзеле было праведзена шмат самых розных мерапрыемстваў. Дзеці палюбілі сваіх старэйшых сябровак і кожны раз з нецярплівасцю чакаюць новай сустрэчы. Таццяна і Інга адказваюць ім узаемнасцю.

– Дзеці, з якімі мы працуем, маюць даволі абмежаванае кола зносін. Таму нават звычайная, здавалася б, падзея набывае для іх асаблівую важнасць, прыносіць шмат станоўчых эмоцый. Гэта можа быць паход у кінатэатр, заапарк ці невялікая фотасесія… Мы разам малюем, спяваем, паставілі нават мюзікл пад назвай «Музычная краіна». Дзеці з нашай дапамогай ствараюць сцэнічныя касцюмы і дэкарацыі. Гэта патрабуе ад іх вялікіх намаганняў, а кожнае выступленне становіцца хвалюючым і запамінальным момантам іх жыцця. Блізіцца міжнароднае свята — Дзень абароны дзяцей, да якога мы падрыхтавалі лялечны спектакль. Лялек, якія будуць удзельнічаць у пастаноўцы, нашы выхаванцы таксама пашылі самі.

Наша дзейнасць, з аднаго боку, цікавая і займальная, а з другога — яна патрабуе наяўнасці цэлага комплексу псіхолага-педагагічных ведаў. Мы павінны ўмець распазнаваць і карэкціраваць настрой дзіцяці, дапамагаць яму спраўляцца са страхамі і стрэсамі. Кожны выхаванец патрабуе індывідуальнага падыходу, з кожным трэба знайсці агульную мову. Нам здаецца, што тут як нельга лепш можна прымяніць набытыя веды на практыцы.

11_500x375

Дзяўчаты ўпэўнены, што кожны чалавек здольны на добрыя ўчынкі. Прыслухайцеся да сябе, да свайго сэрца — і яно абавязкова скажа вам тое ж самае.

Вераніка МАНДЗІК


 

29 красавіка 2010, № 6 (1073)

«КАЛОЖСКІ БЛАГАВЕСТ»: ЭПІЛОГ

У радасці свая вясна, і калі стане вясновай душа – народзіцца радасць.

М. Стральцоў

Так ужо ўладкавана наша жыццё, што шчасце — не перманентны стан чалавека, а толькі асобныя моманты, імгненні і эпізоды. Шчасце нельга купіць, але кожны з нас у стане падзяліцца сонечным настроем з тым, хто знаходзіцца побач. І зведаць пры гэтым ні з чым не параўнальнае пачуццё радасці. Думаю, пад гэтымі словамі маглі б падпісацца ўсе прадстаўнікі дэлегацыі БДПУ, якая днямі наведала Ждановіцкі дашкольны дзіцячы дом, каб падараваць яго жыхарам кавалачак шчасця.

Нагод для такой сустрэчы было больш чым дастаткова. Па-першае, мы прывезлі з сабой падарунак — тэлевізар. Але, як адзначыла прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С.І. Копцева, ён не зусім звычайны: зводны хор нашага універсітэта «Натхненне» атрымаў гэты тэле­візар за перамогу ў конкурсе праваслаўных спеваў «Каложскі благавест». Вось чаму наш падарунак можна лічыць сімвалам дабрыні, душэўнай цеплыні і спагады. Ідэя перадачы тэлевізара ў дзіцячы дом выспела ў саміх студэнтаў, была падтрымана рэктаратам і ўзгоднена з начальнікам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.І. Данілевіч. А ганаровая місія ўскладзена на народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», які да таго ж падрыхтаваў свой уласны сюрпрыз. Выступленне ансамбля стала для дашкалят сапраўдным святам: ужо пасля першай песні многія сталі падпяваць і падтанцоўваць, а пад задзірыстую і вясёлую польку з прыпеўкамі, забыўшыся пра сарамлівасць, разам з дзяўчатамі ў нацыянальных касцюмах пусціліся ў скокі. У вачах дзяцей свяцілася непадробная радасць — тая самая, вясновая і шчырая — і гэта, у сваю чаргу, стала падарункам для нас, прысутных. А яшчэ хлопчыкі падрыхтавалі невялічкі канцэрт: то, як бравыя салдаты, спявалі пра гатоўнасць абараняць Радзіму, то, як вясёлыя маракі, танцавалі пад знакамітае «Яблочко».

Дырэктар дзіцячага дома Тамара Васільеўна Красоўская выказала ўдзячнасць і артыстам, і рэктарату БДПУ за тое, што адным шчаслівым момантам у жыцці дзетак стала больш. «Яны надоўга запа­мінаюць такія мерапрыемствы, захоўваюць станоўчыя эмоцыі. Бо самае важнае для нашых выхаванцаў (а ўсе яны сацыяльныя сіроты) — зносіны з новымі людзьмі, атмасфера радасці і весялосці. Прыязджайце да нас часцей, дзеці будуць вас чакаць».

12_500x349

Дарэчы, многія супрацоўнікі дзі-цячага дома — нашы выпускнікі, ды і сама Тамара Васільеўна мае ажно тры (!) дыпломы БДПУ: філалагічнага факультэта, ФДА і ФСА. Яна з такой любоўю расказвала пра сваю працу, выхаванцаў дзіцячага дома, што я ў чарговы раз упэўнілася: наша alma mater можа ганарыцца спецыялістамі, якім дае пуцёўку ў прафесію. А яшчэ я зразумела, што ўсе мы робім адну вельмі важную справу: дапамагаем зрабіць свет дзяцінства яркім і непаўторным.

Вераніка МАНДЗІК


12 лістапада 2009, № 15 (1064)

ВЕЧНАЯ ВЯСНА

Я майстар распавядаць розныя гісторыі. Самае складанае для мяне — вылучыць, якую ж расказаць гэтым разам. Напэўна, лепш пачаць з замалёвак — яркіх, жыццёвых. І тады ўсё, што патрабуецца ад чытача, — гэта ўключыць уяўленне і прасякнуцца маёй ідэяй.
Як вядома, жыццё не стаіць на месцы, усё развіваецца і ўдасканальваецца. Напрыклад — кінематограф. Бываюць моманты, калі нам складана вызначыць, дзе пачатак, што знаходзіцца ля вытокаў, але мы сапраўды ведаем, што канца гэтай з’яве быць не можа. Уявіце, што мы ўсе ў вялізнай зале: цяжкія шчыльныя шторы не даюць дзённаму святлу пракрасціся ў памяшканне, промень пражэктара высвятляе адзін за другім кадры нямога кіно. На гледача з экранаў пранікліва глядзіць дзяўчына з арыгінальнай прычоскай. Акампаніятар грае вясёлую музыку, гераіня ўсміхаецца. Ага, па зале прабег шум: гэта ж Даша ЯСКЕВІЧ. Субтытры перадаюць яе словы: «Я не добраахвотнік, я вязень прыроджанага пачуцця сацыяльнай справядлівасці. Валанцёрства дазваляе заставацца чалавекам. Вучыць любіць насамрэч. Дапамагае бачыць і прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Гэтага досыць».
Добраахвотніцкая дзейнасць на факультэце спецыяльнай адукацыі існавала заўсёды, але, як любы працэс, яна мае пераломны перыяд. Гэта можна параўнаць з сітуацыяй, калі адзін з харыстаў раптам вырашае выступіць з сольнай партыяй, каб надаць песне дасканаласць і элемент прафесіяналізму. Так-так, вы пра-вільна думаеце, я вяду размову пра Дар’ю. У 2005 годзе, падчас навучання на трэцім курсе ФСА, сваю дзейнасць яна характарызавала так: «Я працую ў псіханеўралагічным інтэрнаце №3 (Навінкі). Чым мы з сябрамі займаемся? На першым месцы, вядома, мастацкая майстэрня «Хата». Пасля — гульнёвая андрагогіка. Гэта неверагодна весела, дазваляе самому заставацца ў дзяцінстве. Што да арганізацыі летнікаў, то тут мы робім усё: ад заключэння дагавораў з адміністрацыяй да забеспячэння догляду за дзецьмі».
Яна праводзіла гутаркі са студэнтамі малодшых курсаў нашага факультэта, паказвала сутнасць дзейнасці валанцёраў, запрашала супрацоўнічаць, падтрымлівала тых, хто жадаў і не рашаўся…
Стоп камера. Запалілі святло. Працаўнікі сцэны адправілі музыку ў залу, перанеслі фартэпіяна за кулісы, чым здзівілі публіку, і зноў патушылі лямпы. З усіх бакоў пачуўся скрыгат і лёгкі шум. Паступова памяшканне стала напаўняцца гукамі. Новы кадр.
— Усё ўзялі, нічога не забыліся? — пытаецца светлавалосая дзяўчына ў маладога чалавека, які хутка апранае світэр.
— Оля, я ўжо некалькі разоў праверыў. Узялі ўсё.
Куды ж збіраецца маладая сямейная пара ў нядзельную раніцу? На рынак па агародніну? Да сваякоў на сняданак? Можа, проста на шпацыр? Не здагадаецеся! А едуць яны ў горад Рэчыца да дзяцей, з якімі Вольга ПШАНІЧНІК пазнаёмілася ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Пціч», дзе яна працавала ў якасці валанцёра педагагічнага атрада «Роўнасць» улетку 2008 года. За два апошнія гады дзяцей наведвала не толькі Вольга, але і яе родныя, знаёмыя, сябры. Яны купляюць фарбы і фламастары, бяруць з сабой караоке і вялікай вясёлай кампаніяй едуць да дзетак. На фірме мужа калегі таксама не засталіся абыякавымі, яны актыўна дапамагаюць фінансава. Па тэлефоне я дапытвалася ў Олі: «Чаму для цябе так важна валанцёрства?». Яна думала-думала і раптам гаворыць: «Аднойчы ў мяне моцна змерзлі рукі, і калі Таня (дзяўчынка-інвалід з Рэчыцкага інтэрната) дакранулася да іх, я сказала: «Ты што, Танечка, у мяне рукі вельмі халодныя». Дзяўчынка зірнула на мяне і сціснула іх у сваіх маленькіх цёплых далоньках яшчэ мацней». Вось так — не бываюць рукі халоднымі ў людзей з гарачым сэрцам…
Антракт. Амаль як у тэатры. Натоўп выходзіць прагуляцца да буфета, абмеркаваць убачанае. Дзяўчына з сонечнай кучаравай галавой усміхаецца шырока, адкрыта. Некаторыя з прысутных ведаюць яе — гэта Наташа ЖДАНОВІЧ. Яна — лідэр добраахвотнай групы студэнтаў, якая наведвае цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Тут навучаюцца дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, многія з якіх маюць ДЦП. Валанцёры арганізуюць іх вольны час, аказваюць дапамогу педагагічнаму персаналу, падтрымліваюць бацькоў. За гэтыя гады яны сталі адной сям’ёй, таму студэнты не маглі не скарыстаць магчымасці разам з дзецьмі павіншаваць дарагіх матуль з іх святам. І, пэўна, Наташа так прамяніста ўсміхаецца таму, што абмяркоўвае разам з Аленай ЗУБРЫЦКАЙ і іншымі студэнтамі сцэнарый Новага года, які яны плануюць правесці. Алена — праменьчык нашага вялікага агульнага сонца ў добраахвотным аб’яднанні «Роўнасць».

13_500x375
Ну вось, пачуўся апошні званок, гледачы ў прадчуванні новых уражанняў вяртаюцца на свае месцы. Акрамя гуку, на іх абвальваецца яркая вясёлка колераў. На экране хол 7-га корпуса нашага універсітэта. І там адбываецца нешта сапраўды ўражлівае. Прабрацца да цэнтра падзей вельмі складана. Студэнты, што спазняюцца на заняткі, аўтаматычна запавольваюць крок і зварочваюць не направа, да ліфтаў, а ў процілеглы бок — да групы пакупнікоў. Нават свежыя булачкі не здольныя выклікаць такую цікавасць, як выстава-продаж прац майстэрняў БелАДДІіМІ (Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам). Усе разглядаюць тавар, радзяцца, удакладняюць кошт, вырашаюць, які выраб набыць — той або іншы, і ў выніку пазычаюць у сяброў грошы да стыпендыі, забіраючы абодва. А выбар цудоўны: тут і запісныя кніжачкі, і выдатныя карціны, і чахлы для мабільных тэлефонаў, і саламяныя кветкі, ёсць нават торбы для ноўтбукаў і капялюшыкі. А самае галоўнае – усё зроблена сваімі рукамі. Асноўны кансультант Лідзія ШАБУНЬКО. Выкладчыкі таксама не стаяць убаку, выбіраючы нешта для сябе ці для сяброў. З розных куткоў Беларусі прыязджаюць да нас выдатныя вырабы, каб прынесці ў наша жыццё маленькі цуд. Таму што, разумеючы, з якой дбайнасцю і стараннасцю выканана кожная дэталь, колькі ўкладзена ў выраб душы, немагчыма прайсці міма.
Варта дадаць пару слоў пра Лідзію Шабунько. Яна з’яўляецца кіраўніком усяго добраахвотнага руху на нашым факультэце. А ў склад адной толькі «Роўнасці» ўваходзяць дзевяць груп! Нядаўна Лідзія разам з іншымі далучылася да выдатнага нямецка-беларуска-ўкраінскага праекту: «18+», удзельнікі якога плануюць выпусціць газету пра жыццё людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Курыруе працу выкладчык кафедры сурдапедагогікі Святлана Яўгенаўна ПЯТРОЎСКАЯ.
Валянцін Катаеў заўсёды шукаў вечную вясну. Валанцёры апынуліся на крок наперадзе — яны знайшлі яе. Вечная вясна глядзіць на нас вачыма дзіцяці, якое сваімі далонькамі сагравае нечыя душы. Глядзіць лістамі і паштоўкамі, што пішуць дзеткі, глядзіць вачамі Лідзіі Рыгораўны СЯЧКОЎСКАЙ, у якой за ўсё баліць сэрца. Глядзіць вялізным вечным сонцам, якое кожную хвіліну нараджае праменьчык, каб асвятліць ім новага чалавека, запаліць новага валанцёра.

Наталля ХРАНОЎСКАЯ

______________________________________________________________________________________________________

29 кастрычніка 2009, № 14 (1063)

ВАЛАНЦЁРЫ — РЫЦАРЫ НОВАГА ПАКАЛЕННЯ

20 кастрычніка ў Мінскай гарадской ратушы прайшло ўзнагароджанне лепшых студэнцкіх атрадаў горада Мінска. У студэнцкім руху было задзейнічана каля 70 тысяч чалавек. Узнагароды атрымалі лепшы будаўнічы, педагагічны, валанцёрскі, сельскагаспадарчы, сервісны атрады. Па выніках працы ў летні перыяд пераможцам у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад» прызнаны атрад факультэта спецыяльнай адукацыі нашага універсітэта «Роўнасць».

Калі нехта 1 ліпеня нясмела выцягваў экзаменацыйны білет з думкай «пашанцуе ці не», то Вольга ПШАНІЧНІК хвалявалася зусім з іншай нагоды. Экзамены былі ўжо здадзены, і першы летні месяц яна вырашыла правесці з карысцю не толькі для сябе… Амаль што кожнаму студэнту ФСА вядомы адрас: вул. Гая, 7. А для тых, хто ў разгубленасці спрабуе прыгадаць, дзе ж ён яго чуў, нагадаю: менавіта там размясціўся Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі

Савецкага раёна сталіцы. Вольга ў ліку 20 студэнтаў праходзіла там практыку ў складзе валанцёрскага педагагічнага атрада «Роўнасць». Сваімі ўражаннямі яна ахвотна падзялілася: «Складана перадаць словамі ўсе эмоцыі. Напэўна, гэта нават немагчыма. Пачуццяў шмат, часта яны ўзаемадапаўняльныя. Спачатку мне здавалася, што 26 дзён — гэта вельмі доўга, а пасля здзівілася: як хутка праляцеў час… Валанцёры працавалі, не шкадуючы сіл, імкнуліся знайсці нешта новае, падысці да ўсяго з крэатывам. Дзеткі былі з цяжкімі парушэннямі ў развіцці — у асноўным з цэрэбральным паралічам. Мы знаходзіліся побач з імі з васьмі раніцы да шасці гадзін вечара. Разам наведвалі ЛФК, танцклас, спартклуб, арганізоўвалі забаўляльныя мерапрыемствы, развівалі маторыку ў кабінеце эргатэрапіі, наладжвалі незабыўныя фотасесіі. Тут спрацавала прымаўка: «Чым больш спраў — тым больш паспяваеш». Вечарам прыходзіла дадому, валілася з ног ад стомы, а засынала з усмешкай, бо ведала: кожны дзень пражыты з карысцю. Было вельмі лёгка аддаваць любоў, дзяліцца радасцю, удзяляць увагу, таму што ўсё гэта вярталася. І калі спачатку, прыязджаючы ў цэнтр, дзеці глядзелі на новых людзей насцярожана, то ўжо праз пару дзён, убачыўшы нас праз акно, яны расцвіталі ўсмешкамі, самымі дарагімі на свеце. У такія хвіліны ў іх вачах чыталася шчырая радасць проста ад таго, што мы разам. І, адганяючы непатрэбныя сумненні, старыя крыўды, дробныя нелады, першаму сустрэчнаму хочацца сказаць: «І ўсё ж светам кіруе любоў»…

Наталля ХРАНОЎСКАЯ


3 верасня 2009, № 11 (1060)

ПРЫГАЖОСЦЬ СТВАРАЕМ САМІ. І ДУШОЮ, І РУКАМІ

Непрыкметна прабеглі паўтара гады з таго часу, як я стала кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска. Сумяшчаць вучобу і працу пачала па ўласным жаданні, тым больш што гэта было гарантам адпаведнага размеркавання. З праблемай інваліднасці я была знаёмая праз жыццёвыя сітуацыі і валанцёр­скую дзейнасць, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай сферы.

Для мяне праца — гэта спалучэнне маіх жыццёвых інтарэсаў: псіхалогіі, сацыяльнай работы і творчасці. Кожны занятак у гуртку не падобны да папярэдняга, бо ўдзельнікі прыхо­дзяць з розным настроем, рознымі праблемамі і не заўсёды жадаюць працаваць. Наш дзень пачынаецца з абмеркавання ўчарашніх падзейі планаў на сёння. Занятак выбіраем у адпаведнасці з творчым настроем, сярод самых любімых — флорадызайн, паперапластыка, праца з салёным цестам, прыродным матэрыялам, роспіс па кераміцы, шкле і тканіне, калажы, аплікацыі і інш. Часта ствараем тэматычныя малюнкі, падарункі да сямейных, дзяржаўных і асабістых святаў. Раз на месяц рыхтуем невялікую тэматычную выставу нашых прац, і штогод — выніковую, якая заўсёды ператвараецца ў вялікую імпрэзу з гасцямі, канцэртам і падарункамі.

Я задаволена нашай працай і лічу, што змагла рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял. Веру, што і вам гэта пад сілу! Поспехаў!

Таццяна НЕКРАШЭВІЧ,
выпускніца факультэта
сацыяльна-педагагічных тэхналогій