Алімпійскі марафон

 

21 мая 2015 года, № 7 (1162)

Дыпламантам II Міжнароднага конкурсу навукова-даследчых праектаў «Разумець. Прымаць. Дапамагаць», арганізатарам якога выступіў Курскі дзяржаўны ўніверсітэт, стала магістрантка кафедры аліга-фрэнапедагогікі БДПУ Ксенія Пчолка. Індывідуальнае даследаванне, якое дзяўчына выканала пад кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук А. А. Лемех, было адзначана дыпломам ІІ ступені. Мерапрыемства праходзіла ў рамках рэалізацыі праграмы міжнароднага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі партнёрамі «Адкрытае грамадства для ўсіх».

Дыпломам за І месца на IV Міжнароднай алімпіядзе па асновах педагогікі і псіхалогіі «Асоба ў гульні» ўзнагароджана каманда нашага ўніверсітэта «7Я». Мерапрыемства праходзіла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і сабрала 21(!) каманду з розных устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Студэнты БДПУ, выступленне якіх ацэньвалася ў падгрупе каманд педагагічных спецыяльнасцей, былі лепшымі ў практычным і творчым турах алімпіяды, а таксама ў шэрагу намінацый. Падрыхтавацца да ўдзелу ў мерапрыемстве прадстаўнікам нашага ўніверсітэта дапамаглі дацэнт кафедры педагогікі Л. М. Цімашкова і выкладчык гэтай жакафедры І. У. Каравай.

Vivat Academia! Vivant professores!

P. S. Па выніках алімпіяды ў катэгорыі «Псіхалагічныя спецыяльнасці» ганаровае 3-е месца заняла яшчэ адна каманда БДПУ – «Persona Ludus».


 

30 красавіка 2015 года, № 6 (1161)

ПРЫЗНАННЕ – ВЫНIК ПРАЦЫ I НАТХНЕННЯ

Шлях да ведаў заўсёды патрабуе намаганняў, энергіі, асабістага высілку. Як жа на гэтай дарозе не стаміцца, не згубіць даследчы запал, ажыццявіць творчыя ідэі? Добрым стымулам становяцца разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы, дзе можна не толькі праверыць на практыцы свае веды і ўменні, але і адкрыць для сябе новыя прафесійныя гарызонты. Каманда маладых даследчыкаў з БДПУ сёлета адправілася на пошукі навуковага натхнення ў Санкт-Пецярбург. Менавіта ў гэтым горадзе ў Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А.І. Герцэна з 21 па 25 красавіка праходзіла ІХ Герцэнаўская алімпіяда аспірантаў па педагагічных навуках «Навуковая творчасць». Выступілі на ёй прадстаўнікі нашай alma mater бліскуча: прывезлі ў Мінск ажно 10 дыпломаў (трэцюю частку ад агульнай колькасці!). Аднак самай вялікай перамогай удзельнікі лічаць прызнанне расійскіх калег, якія адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі аспірантаў БДПУ.

1_3

Сапраўдны фурор зрабіла выступленне аспірантаў БДПУ ў асноўным конкурсе алімпіяды – «Калектыўным праекце». Эксперты – аўтарытэтныя вучоныя ў галіне педагагічнай думкі – перш за ўсё былі ўражаны навуковай глыбінёй, аргументаванасцю меркаванняў, творчым запалам беларускай каманды. За тэарэтычнае абгрунта-ванне і навукова-метадычнае забеспячэнне арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў структуры бесперапыннай педагагічнай практыкі каманда БДПУ атрымала вышэйшую ўзнагароду міжнароднай алімпіяды – дыплом І ступені. І гэта заслужаная перамога маладых вучоных нашага ўніверсітэта. Месяц сістэматычнай працы над стварэннем навукова-даследчага праекта ў рамках Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2015–2020 гг. – «Валанцёрская дзейнасць як сродак фарміравання матывацыі студэнтаў да педагагічнай прафесіі» – самі аспіранты называюць майстар-класам па метадалогіі педагагічнага даследавання. Мудрае кіраўніцтва прарэктара па навуковай рабоце Ганны Васільеўны Торхавай, падтрымка навуковых кіраўнікоў, жаданне дастойна прадставіць сваю краіну і плён сумеснай навуковай творчасці дазволілі ўмацаваць веру аспірантаў у свае сілы, што ў сваю чаргу і прывяло да перамогі!

Аднак пра ўсё па парадку. Арганізатарам алімпіяды стала кафедра педагогікі РДПУ. Паколькі 2015 год Расійскай Федэрацыі аб’яўлены Годам літаратуры, конкурсная праграма нагадвала стварэнне цікавай кнігі. Над яе напісаннем, акрамя прадстаўнікоў БДПУ, рупліва працавалі яшчэ 14 каманд-удзельніц з розных расійскіх універсітэтаў (Пермскага, Пскоўскага, Саратаўскага і інш.).

Рэцэнзентам выступіла каманда экспертаў, у склад якой уваходзілі дактары педагагічных навук з розных устаноў вышэйшай адукацыі Расіі. Атмасферу братэрства на працягу пяці этапаў алімпіяды стварала каманда цьютараў – аспірантаў першага года навучання.

Падчас рэгістрацыі ўдзельнікаў падзялілі на чатыры групы, кожная з якіх атрымала пэўны маршрут па горадзе на тэму «Літаратурны Пецярбург» і жанр для напісання ўласнага твора – легенду, быліну, трагедыю або аповесць. Крыніцай натхнення стала экскурсія – падарожжа па вуліцах, звязаных з жыццём і творчасцю Пушкіна, Ясеніна, Чайкоўскага, Глінкі.

2_1

Яшчэ адзін лейтматыў алімпіяды – 70-годдзе Вялікай Перамогі. Так, падчас конкурсу «Навуковая эрудыцыя» ўдзельнікі ўзгадвалі імёны знакамітых педагогаў і псіхолагаў, лёс якіх быў апалены Айчыннай вайной.

Незвычайным можна назваць этап алімпіяды пад назвай «Навуковая прадукцыя». Умовы яго такія: напісаць твор асаблівага жанру – сінопсіс (сціслы агляд) аўтарскай кнігі, прысвечанай педагагічнай праблеме. Найбольш цікавыя сінопсісы атрымаліся ў Святланы Шаркевіч (кафедра педагогікі вышэйшай школы і СВТ, дыплом ІІ ступені) і Вольгі Драздовай (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, дыплом III ступені).

Сапраўдным іспытам на ўменне доказна выкладаць свае думкі стаў конкурс «Навуковая аргументацыя». Важна было не толькі лагічна выказаць меркаванне па прапанаваных пытаннях, але і пацвердзіць крэатыўную пазіцыю навуковымі даследаваннямі. Упэўнена з пастаўленай задачай справілася аўтар гэтых радкоў Інга Кіжло (факультэт спецыяльнай адукацыі, дыплом ІІІ ступені).

У наступным этапе – «Вусным выступленні» – патрабавалася вельмі ёміста і цікава расказаць пра навуковую літаратуру, якая стала вытокам дысертацыйнага даследавання. Зацікавіць калег і экспертаў аратарскім май-стэрствам змаглі Вольга Драздова і Святлана Шаркевіч (дыпломы ІІ ступені).

Сапраўднай узнагародай для ўдзельнікаў алімпіяды стала «залатая лекцыя» доктара педагагічных навук, прафесара, практыка і мэтра ў сваёй галіне Аляксея Міхайлавіча Каменскага.

Удзел у семінарах-практыкумах, праблемных лабараторыях дазволіў пазнаёміцца з вядучымі навукоўцамі РДПУ імя А.І. Герцэна. Асаблівай увагі заслугоўвае цырымонія закрыцця алімпіяды, падчас якой каманды ўдзельнікаў, цьютары, арганізатары і нават эксперты прадстаўлялі творчыя нумары ў межах вызначанага жанру: спявалі песні, расказвалі легенды, быліны. Выказваліся словы падзякі кожнаму, хто ствараў цікавую кнігу пад назвай «Навуковая творчасць».

Абсалютнымі пераможцамі алімпіяды сярод прадстаўнікоў БДПУ сталі Кацярына Рагель (ФСА) і Маргарыта Вакула (кафедра педагогікі вышэйшай школы і СВТ) – першае месца; Аксана Куніцкая (ФСПТ) і Кацярына Рэйт (ФДА) – другое.

Каманда выказвае ўдзячнасць рэктару БДПУ прафесару А.І. Жуку за магчымасць удзелу ў алімпіядзе, аказаны давер і падтрымку. Мерапрыемства падаравала аспірантам сапраўды зорныя хвіліны, звязаныя з поспехам, дапамагло раскрыць творчы і навуковы патэнцыял, а галоўнае – натхніла на руплівую працу.

Жадаем маладым навукоўцам – аспірантам і суіскальнікам – смела крочыць наперад па абраным шляху. Няхай ён будзе напоўнены цікавымі сустрэчамі, незабыўнымі ўражаннямі, яскравымі перамогамі!

Інга КІЖЛО, аспірант кафедры лагапедыі


27 сакавіка 2015 года, № 4 (1159)

Вясна – час масавага старту ўніверсітэцкіх алімпіяд. Першымі на дыстанцыю выходзяць прадметныя інтэрнэт-алімпіяды, якія БДПУ праводзіць для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і агульнаадукацыйных устаноў сістэмы адукацыі краіны. Затым у інтэлектуальную барацьбу ўключаюцца студэнты alma mater. Заслужанымі ўзнагародамі тым, хто прадэманструе найбольш трывалыя веды, стануць дыпломы вышэйшай ступені вартасці. На завяршальным этапе алімпійскага марафону – міжнародным – да зборнай знаўцаў далучацца аспіранты. Так, ужо сёння сфарміравана група з васьмі маладых навукоўцаў, якім належыць абараняць гонар БДПУ на алімпіядзе па педагогіцы ў Санкт-Пецярбурзе. Спаборніцтвы, якія адбудуцца ў Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А. І. Герцэна, прадугледжваюць распрацоўку каманднага праекта, выкананне індывідуальных заданняў, выступленне з аналітычным аглядам навуковай літаратуры па тэме даследавання. Танкаўцы! Мы верым у вашу перамогу!


 

17 лютага 2015 года, № 2 (1157)

АЛІМПІЯДА – ГЭТА СВЯТА!

Вядомы французскі філосаф Вальтэр пісаў: «Поспехі навукі – справа часу і смеласці розуму». Менавіта
смеласць розуму здолелі прадэманстраваць удзельнікі III этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і
літаратуры, які праходзіў 13–16 студзеня на базе ДУА «Гімназія № 24 г. Мінска». Іх поспехі ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ.

str4_1

Старшакласнікі мінскіх гімназій і школ – а гэта 138 чалавек – паказалі сваё веданне рускай мовы і літаратуры і, безумоўна, любоў да філалогіі. Удзельнікам алімпіяды давялося напісаць водгук на лірычны твор, выканаць комплексную работу, якая ўключала 8 пытанняў па рускай мове і 4 па рускай літаратуры, а таксама выступіць з вусным выказваннем на прапанаваную тэму.

Найбольш цяжкімі, але і найбольш цікавымі аказаліся заданні комплекснай работы. Напрыклад, трэба было «скласці» з двух іншамоўных элементаў слова, якое актыўна выкарыстоўваецца ў рускай мове; назваць прыём моўнай гульні ў вершы; знайсці «чужога» сярод «сваіх»; выканаць міні-тэст па марфалогіі; выправіць памылкі, зробленыя вучнямі пры дзяленні слоў на марфемы; даказаць, што назоўнік можа быць любым членам сказа; згуляць у сінтаксічную гульню «Дзівосныя ператварэнні»; прыгадаць верш па апорных словах адной страфы; па азначэнні пазнаць персанажа, чыё ўласнае імя стала агульным; здагадацца, пра якіх «калумбаў» рускай літаратуры ідзе гаворка, і г. д. Цікава, ці адкажа чытач: як адным словам сказаць «хлебныя вушкі»? Якім адным словам можна назваць: 1) від бальнага танца; 2) сорт слівы; 3) куртку з высокай таліяй і нашытымі папярочнымі шнурамі? Якія назвы твораў (і хто іх аўтар) увайшлі ў склад назвы артыкула Д. Быкава «Записки сумасшедшего охотника из подполья мертвого дома»?

Зразумела, не ўсе заданні былі выкананы, не на ўсе пытанні былі знойдзены адказы, але ж гэта алімпіяда, якая патрабуе высокага ўзроўню ведаў, гнуткасці розуму, а таксама моўнага чуцця і агульнага кругагляду, што і паказалі пераможцы алімпіяды. Першае месца па колькасці ўзнагарод падзялілі Цэнтральны і Ленінскі раёны горада Мінска, і ўпершыню ў гісторыі правядзення алімпіяды ўручаны два пераходныя кубкі.

Віншуем пераможцаў III этапу і жадаем бачыць іх сярод студэнтаў БДПУ! Таксама словы ўдзячнасці мы адрасуем настаўнікам, якія самааддана працуюць з адоранымі дзецьмі і тым самым дапамагаюць адбывацца такому філалагічнаму святу, як алімпіяда па рускай мове і літаратуры.

Галіна КАМЛЕВІЧ,
дацэнт кафедры агульнага
і рускага мовазнаўства,
старшыня журы


16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)

ЛЕПШЫЯ ПСІХОЛАГІ – ГЭТА МАТЭМАТЫКІ!

Чарговая міжвузаўская алімпіяда па псіхалогіі для студэнтаў няпрофільных факультэтаў БДПУ і іншых ВНУ сталіцы адбылася ў сценах нашай alma mater. Сёлета яна была прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння вядомага вучонага-псіхолага А.М. Лявонцьева

Мерапрыемства распачалося афіцыйнай часткай, падчас якой удзельнікі пазнаёміліся з арганізатарамі і членамі журы, а таксама ўбачылі прэзентацыю, прысвечаную жыццю і дзейнасці А.М. Лявонцьева.

Спаборніцтва ўключала ў сябе два туры, якія праходзілі адначасова. У першым – індывідуальным – бралі ўдзел тры чалавекі ад кожнай каманды. Ім неабходна было выканаць камп’ютарныя тэсты. Вынік гэтага выпрабавання ішоў як у індывідуальны, так і ў агульнакамандны залік. У другім туры – «Брэйн-рынгу» – таксама ўдзельнічалі па трое прадстаўнікоў ад кожнай з каманд. На пошук правільнага адказу на пытанне давалася ўсяго адна хвіліна, але аматарам псіхалагічных задач адведзенага часу хапіла!

Пасля правядзення двух тураў удзельнікі зноў сабраліся разам на творчую прэзентацыю ўсіх адзінаццаці каманд, каб прадэманстраваць ужо ўласныя таленты. А вынік спаборніцтва наступны. Каманда матэматычнага факультэта БДПУ «FM.Псіхолагі», падзяліўшы першае месца ў «Брэйн-рынгу» з прадстаўнікамі гістфака, святкавала перамогу.

Мы, студэнты матфака, выказваем шчырую падзяку нашым выкладчыкам псіхалогіі Але Міхайлаўне Гадзілія і Марыне Аляксандраўне Хомчык, якія не толькі на працягу 1–2 курсаў працавалі з намі на лекцыях і практычных занятках, але і насамрэч здолелі зацікавіць сваім прадметам!

Ад імя каманды «FM.Псіхолагі» студэнтка 202-й групы матэматычнага факультэта Любоў САРДЭЧНАЯ


16 студзеня 2014 года, № 18 (1136)

АЛIМПIЯДА, ЯКАЯ НАС АБ’ЯДНАЛА

На працягу двух снежаньскіх дзён факультэт спецыяльнай адукацыі БДПУ прымаў удзельнікаў V Рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды з міжнародным удзелам па карэкцыйнай педагогіцы і спецыяльнай псіхалогіі. Мерапрыемства дало магчымасць маладым інтэлектуалам не толькі праверыць і паглыбіць свае веды, але і абмяняцца вопытам, атрымаць новыя ўражанні.

1_500x338

Алімпіяда праходзіла ў два этапы. На першым удзельнікі з розных гарадоў і краін дэманстравалі сваю эрудыцыю, выконваючы тэставыя заданні. Пасля напружанай працы для студэнтаў былі арганізаваны экскурсіі па БДПУ з наведваннем музея, планетарыя і аддзела рэдкай кнігі.

На другі дзень студэнты прадстаўлялі свае навукова-метадычныя праекты па спецыяльнай псіхалогіі ці карэкцыйнай педагогіцы, у якіх звярталася ўвага на актуальныя праблемы гэтых дысцыплін, а таксама прапаноўваліся ідэі для іх вырашэння. Абарона работ праходзіла ў цёплай добразычлівай атмасферы, выступоўцы падтрымлівалі і падбадзёрвалі адзін аднаго. Узнагародай удзельнікам за напружаную працу стаў майстар-клас «Карэкцыя парушэнняў псіхафізічнага развіцця сродкамі выяўленчай дзейнасці», які праводзіла бліскучы лектар і даследчык Т.А. Федарэнка.

І вось прыйшоў доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў алімпіяды. Для прадстаўнікоў БДПУ яна стала сапраўды плённай – 16 прызавых месцаў з 24! Лепшымі ў рашэнні тэставых заданняў былі М. Ткачэнка, К. Дрык, К. Дзернакова, Д. Кананенка, Л. Ефіменка, А. Жэбіт, К. Стукачова, А. Бандарык, В. Янкун. У абароне навукова-метадычных праектаў вызначыліся В. Бяляева, М. Кірычава, А. Мельнікава, Т. Міхайлоўская, Л. Петрасян, В. Янкун, К. Дзернакова. Прыемна, што ў нас вучыцца столькі здольных і працавітых студэнтаў!

Прадстаўнікі іншых ВНУ ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад алімпіяды і наведвання нашага ўніверсітэта. Так, студэнты Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна (Расія) адзначылі прафесіяналізм і высокі ўзровень арганізацыі і правядзення інтэлектуальнага спаборніцтва. Удзельніцам з НПУ імя М.П. Драгаманава (Кіеў) і Камянец-Падольскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Агіенкі (Украіна) спадабалася насычаная культурная праграма, якая дазволіла ім адчуць шчырасць людзей, што вучацца і працуюць у БДПУ. Госці з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава падкрэслілі важнасць спалучэння навукова-практычных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Прадстаўнікі Уральскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Расія) заўважылі, што ў БДПУ цэняцца мэтанакіраванасць, працавітасць і імкненне да ведаў.

Асобныя словы падзякі ад гасцей прагучалі ў адрас нашых актывістаў. Сапраўды, яны сустракалі іншагародніх удзельнікаў на вакзале, праводзілі да месца пасялення, дапамагалі адчуваць сябе камфортна як у сценах універсітэта, так і па-за імі.

Канцэрт, падрыхтаваны сіламі студэнтаў факультэта спецыяльнай адукацыі, стаў заключным акордам алімпіяды і падарункам для ўсіх яе ўдзельнікаў. Ад’язджаючы дадому, нашы новыя сябры паабяцалі расказаць пра візіт у БДПУ тым, хто рыхтуецца да ўдзелу ў алімпіядзе-2014. А мы, у сваю чаргу, з радасцю чакаем у госці самых таленавітых, мэтанакіраваных, дапытлівых і творчых гасцей – студэнтаў новага пакалення!

Інга КІЖЛО, выкладчык кафедры лагапедыі ФСА, аспірант кафедры лагапедыі


29 лістапада 2012 года, № 15 (1116)

СПАБОРНІЦТВА ДЛЯ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ

Алімпіяда па псіхалогіі для другакурснікаў няпрофільных факультэтаў БДПУ, а таксама студэнтаў некаторых іншых сталічных ВНУ адбылася ў  сценах нашай alma mater 23 лістапада. Сёлета ўдзел у інтэлектуальным спаборніцтве, прысвечаным 110-годдзю з дня нараджэння вядомага вучонага Э. Эрыксана, прымалі каманды сямі факультэтаў нашага ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі БДАТУ, БДЭУ, КІІ МНС РБ і БДУФК. Ужо не першы год арганізатар алімпіяды – кафедра псіхалогіі БДПУ – робіць усё неабходнае для таго, каб дасягнуць галоўнай мэты мерапрыемства: папулярызацыі псіхалагічных ведаў сярод студэнцкай моладзі.

2_500x455

З прывітальнымі словамі перад удзельнікамі алімпіяды выступілі прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце С.І. Копцева, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення В.А. Зайцаў і загадчык кафедры псіхалогіі М.Ф. Бакуновіч. Прысутныя з цікавасцю праслухалі выступленне прафесара кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Я.Л. Каламінскага, прысвечанае асобе Э. Эрыксана і яго ўнёску ў сусветную навуку, а таксама сучасным пытанням псіхалогіі. Уступная частка мерапрыемства змянілася непасрэдна спаборніцвам, якое адбывалася ў напружанай, але ў той жа час пазітыўнай атмасферы.

Крэатыўнасць і дасведчанасць – так можна вызначыць асноўныя складнікі алімпіяды, якая праходзіла ў тры этапы. Свае творчыя здольнасці канкурсанты змаглі праявіць у першым туры – самапрэзентацыі каманд. Найбольш арыгінальныя выступленні атрымаліся ў прадстаўнікоў факультэта прыродазнаўства і  эстэтычнай адукацыі, а таксама гасцей з БДАТУ: яны не толькі ярка і артыстычна прадставілі свае візітоўкі, але і здолелі паказаць узаемасувязь спецыфікі факультэтаў з рознымі галінамі псіхалогіі. Другі этап уяўляў сабой індывідуальнае першынства – праграмаваны апытальнік па ўзроставай псіхалогіі. Найбольш поўныя і дакладныя адказы далі прадстаўнікі факультэтаў прыродазнаўства і ФЭА. У групавым спаборніцтве – «Брэйн-рынгу» – найлепшым чынам сябе праявілі каманды фізічнага, матэматычнага факультэтаў і ФБіРФ.

Перад членамі журы пад старшынствам М.Ф. Бакуновіч стаяла адказная задача: вызначыць тройку пераможцаў. Прыняўшы пад увагу вынікі ўсіх этапаў алімпіяды, судзейская калегія размеркавала прызавыя месцы наступным чынам: дыплом трэцяй ступені дастаўся камандзе фізічнага факультэта, другую прыступку інтэлектуальнага п’едэсталу падзялілі прадстаўнікі факультэта эстэтычнай адукацыі і БДЭУ, а перамогу святкавала каманда факультэта прыродазнаўства.

Юлія ПЯТКЕВІЧ, студэнтка ФБіРФ


28 красавіка 2011 года, № 6 (1090)

СПАБОРНІЦТВА ДЛЯ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ

Правядзенне алімпіяд стала традыцыйным на кафедры педагогікі. Да арганізацыі сёлетняга мерапрыемства падключыліся новыя адукацыйныя структуры: філіял кафедры педагогікі ў гімназіі № 22 г. Мінска (загадчык – Л.А. Казінец) і лабараторыя педагогікі і педагагічных інавацый (загадчык – К.М. Арцямёнак).

3_500x333

З прывітальным словам да студэнтаў звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце В.В. Бушчык. Ён пажадаў усім удзельнікам інтэлектуальнага спаборніцтва (а гэта прадстаўнікі дзесяці факультэтаў) творчых поспехаў і добрых вынікаў.

Пераможца конкурсу «Крыштальны журавель-97», кандыдат педагагічных навук В.В. Гінчук у сваім выступленні падкрэсліла важнасць псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі ў станаўленні настаўніка-прафесіянала. А настаўнік гісторыі гімназіі № 22 А.Э. Свідзінскі падзяліўся са студэнтамі педагагічным вопытам і расказаў, што толькі ў мінулым годзе яго вучні 22 разы перамагалі на раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіядах.

Каманды спаборнічалі ў двух конкурсах – тэарэтычным і творчым. Падчас першага студэнты выконвалі тэставыя заданні па дыдактыцы, тэорыі выхавання і гісторыі конкурснага руху педагагічных работнікаў. Творчы конкурс заключаўся ў напісанні эсэ на тэму «Сітуацыя, якая прадугледжвае ператварэнне набыткаў педагагічнай культуры ў эфектыўную педагагічную дзейнасць».

Лепшыя вынікі ў тэарэтычным конкурсе паказалі: К. Дзернакова (факультэт спецыяльнай адукацыі), В. Давідовіч (факультэт дашкольнай адукацыі), Т. Долгач (гістарычны факультэт), Д. Кавалёва (факультэт пачатковай адукацыі), В. Марчанка (факультэт эстэтычнай адукацыі), К. Пяткевіч (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій), В. Пугачова (матэматычны факультэт), А. Флісак (факультэт беларускай і рускай філалогіі), С. Шышпаронак (гістарычны факультэт).

Пераможцамі творчага конкурсу сталі студэнтка гістарычнага факультэта К. Тарановіч і студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Я. Сярдзюк.

Па выніках алімпіяды першае каманднае месца занялі прадстаўнікі гістарычнага факультэта, другое – факультэта беларускай і рускай філалогіі і ФДА, трэцяе – матэматычнага факультэта, ФСА і ФСПТ.

Пераможцы конкурсу, а таксама каманды, якія занялі І–ІІІ месцы, узнагароджаны граматамі.

Кафедра педагогікі віншуе пераможцаў і жадае ім новых творчых здзяйсненняў!


8 красавіка 2010 года, №5 (1072)

ПЕДАГОГIКА — ЦАРЫЦА НАВУК

Думаю, што будучыя настаўнікі наўрад ці стануць аспрэчваць гэтае сцвярджэнне. Прынамсі, з ім дакладна пагодзяцца студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі, якія на працягу тыдня прымалі ўдзел у педагагічнай алімпіядзе. Прадэманстраваць свае здольнасці пажадалі як першакурснікі, якія падчас зімовай сесіі здавалі першы іспыт па гэтай дысцыпліне, так і студэнты 2—3 курсаў, якім ужо давялося прымяніць набытыя веды на практыцы.

У чым заключаецца сапраўднае майстэрства педагога? На гэтае пытанне паспрабаваў адказаць старшыня журы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі Генадзь Іванавіч Якубель. У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў алімпіяды ён абгрунтаваў выбар кожнага этапу.

Па-першае, цяжка ўявіць сабе настаўніка, які не ўмее належным чынам арганізаваць вучэбна-выхаваўчы працэс. Таму першым заданнем сталі дыдактычныя тэсты па педагогіцы сучаснай школы і па гісторыі адукацыі і педагагічнай думкі. Педагог-майстар павінен мець уласную філасофію, ідэалогію выхавання, асабістыя перакананні, прынцыпы. Кожны ўдзельнік алімпіяды атрымаў магчымасць адлюстраваць свае погляды ў педагагічным эсэ, тэму якога можна было выбраць і абдумаць загадзя. Большасць канкурсантаў спынілася на тэме «Якасць адукацыі — якасць жыцця», магчыма, таму, што 2010 г. аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. Гэта нагода яшчэ раз сур’ёзна задумацца над тым, што такое якасная адукацыя і якімі шляхамі яна дасягаецца.

Сапраўдны настаўнік — гэта яшчэ і акцёр, і рэжысёр… Таму на трэцім — заключным — этапе канкурсанты выступалі па тэме дамашняга задання. Напрыклад, што рабіць, калі вам дастаўся «цяжкі» клас? Амаль кожны настаўнік перажыў хвіліны расчаравання і сумненняў у выбары прафесіі толькі таму, што не наладзіў стасункі з класам, у якім тон задае група недысцыплінаваных, дзёрзкіх, эгаістычных цінэйджэраў. З чаго пачынаць працу з такім класам? Як заслужыць аўтарытэт і давер? Універсальнага рэцэпту не існуе. Вучоныя-педагогі раяць, выбіраючы шляхі і сродкі ўзаемадзеяння з класам, улічваць заканамернасці развіцця калектыву, асаблівасці канкрэтнай групы, яе нефармальных лідэраў, а таксама ўласныя магчымасці і схільнасці…

А калі сітуацыя такая: «У маім класе ёсць незвычайны вучань»? Спачатку трэба высветліць, якое дзіця мы можам назваць незвычайным. Часцей за ўсё — тое, якое стварае дадатковыя клопаты педагогу і не заўсёды знаходзіць кантакт з аднакласнікамі. Гэта можа быць выхаванец з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, гіперактыўны або агрэсіўны вучань, а магчыма — і звышадораны, які сваімі пытаннямі ставіць педагогаў у тупік. Або нефармал, што шакіруе экстравагантнай знешнасцю, жаргонам, паводзінамі… Варыянтаў шмат, але праблема адна: знайсці індывідуальны падыход, адшукаць аптымальны шлях выхаваўчага ўздзеяння, абаперціся на станоўчыя якасці выхаванца, гарманізаваць яго адносіны з калектывам.

У гэтым туры ўдзельнічалі дзесяць студэнтаў, якія па выніках папярэдніх этапаў набралі найбольшую колькасць балаў. Выступленні былі даволі арыгінальнымі — напрыклад, у форме сачынення выхаванца дапаможнай школы-інтэрната, інсцэніроўкі з далучэннем аднакурснікаў, распрацоўкі выхаваўчых мерапрыемстваў, мультымедыйнай прэзентацыі з каментарыямі аўтара. Усе работы атрымалі высокую ацэнку журы, барацьба вялася нават за дзесятыя долі бала. Пасля афіцыйнага падвядзення вынікаў алімпіяды і вызначэння пераможцаў усе ўдзельнікі другога тура разам з членамі журы правялі рэфлексію па выніках мерапрыемства.

Кацярына СОТНІКАВА, выкладчык кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі